Шрэк, Высоцкі і Яблычны сідр. Святлане Ціханоўскай у дзень народзінаў прапанавалі запоўніць дзіцячую анкету
Які яна чалавек — Святлана Ціханоўская? «Белсат» скарыстаўся метадам з дзяцінства: анкетай з простымі пытаннямі.
Святлана Ціханоўская нарадзілася 11 верасня 1982 года – сёння ў яе дзень народзінаў, ёй спаўняецца 42 гады.
Больш як чатыры гады таму яна пайшла кандыдаткай у прэзідэнты замест зняволенага мужа Сяргея Ціханоўскага. Паводле дадзеных грамадскай кампаніі «Голас», яна перамагла ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў (што пацвярджае аналіз сфатаграфаваных бюлетэняў і пратаколаў), але замест прызнання паразы рэжым Аляксандра Лукашэнкі выдварыў Ціханоўскую з краіны і распачаў масавыя рэпрэсіі.
З таго часу Ціханоўская дала безліч інтэрв’ю, шмат расказвала пра сваю дзейнасць. Вакол яе склалася шырокая кааліцыя дэмакратычных сілаў, аб якой таксама вядома нямала.
Ды Ціханоўская – не толькі цэнтр дэмакратычнай кааліцыі, але і жывы чалавек. Каб даведацца, які менавіта чалавек, «Белсат» склаў анкету, падобную да тых, што ці не ўсе мы рабілі для сяброў у школах і дзіцячых садках. Пытанні і адказы такія:
Імя: Святлана Ціханоўская.
Дзень народзінаў: 11.09.1982.
Рост: 168.
Колер вачэй: Карыя.
Колер валасоў: Цёмныя.
Улюбёны колер: Белы.
Найлепшы сябар: Сяргей Ціханоўскі.
Самая важная рыса характару ў людзях: Сумленне.
Улюбёны горад: Вёска Сінкевічы (месца дзяцінства).
Улюбёная ежа: Катлеты )), бабулін суп рэзанкі.
Улюбёны напой: Яблычны сідр.
Улюбёнае надвор’е: Калі глядзець кіно, то пад дождж, а калі кудысьці ісці, то цёплае, камфортнае летняе надвор'е.
З якой кветкай асацыюеш сябе: Сябе з кветкай не асацыюю, а ўлюбёныя кветкі – белыя пралескі.
Улюбёны прадмет у школе: Усе. Калі вылучаць адзін – матэматыка.
Улюбёны фантастычны персанаж: Шрэк.
Улюбёны гістарычны персанаж: Кастусь Каліноўскі.
Кнігі, якія ўсім варта прачытаць: «Зэкамерон» Максіма Знака.
Улюбёны паэт і / або верш: Уладзімір Высоцкі «Ён не вярнуўся з бою».
Улюбёны фільм / серыял: Шмат. «1+1».
Улюбёны актор / улюбёная акторка: Кевін Спэйсі.
Улюбёная музыка – песні / гурт, спявак ці спявачка: «Naviband», уся беларуская музыка.
Улюбёная крыніца навінаў: СДЖ, «Зеркало».
Улюбёны спосаб адпачынку цяпер: Супольны прагляд мультфільмаў з дзецьмі.
Якім быў бы ідэальны адпачынак: Ляжачы + актыўны – 50 на 50.
Якія хобі цяпер: Самастойна вучуся граць на фартэпіяна.
Якія хобі былі раней: У дзяцінстве збірала фанцікі.
Улюбёны спорт: Няма.
За якую каманду / спартоўца заўзееш: За Беларусь.
Улюбёная мадэль аўта: «Hummer».
Улюбёны брэнд адзення: Я гэтым не вельмі цікаўлюся.
Улюбёная мадэль тэлефона: «Nokia 3310».
Згушчанка – глыбоцкая ці рагачоўская: Не буду вылучаць, а то паб’яцеся.
Некаторыя адказы варта растлумачыць.
«Катлеты» – смех з таго, што праціўнікі Ціханоўскай выкарыстоўваюць супраць яе. На перадвыбарчым мітынгу ў Гомелі 26 чэрвеня 2020 года Ціханоўская казала, што яна не палітык, што не хоча ўлады і што хацела б толькі «мужа, дзяцей і далей смажыць свае катлеты». Праціўнікі як з боку рэжыму Лукашэнкі, так і з «апазіцыі да апазіцыі» пасля яшчэ шмат разоў згадвалі тыя катлеты з намёкам на тое, што «месца Ціханоўскай на кухні».
«1+1» – так у беларускім, расейскім і ўкраінскім пракаце зваўся французская камедыя 2011 года «Intouchables» (даслоўна – «Недатыкальныя»). Пазней выйшла некалькі рэмэйкаў фільму, самы вядомы з якіх – амерыканскі «The Upside» (даслоўна – «Перавага») 2017 года, які ў беларускім, расейскім і ўкраінскім пракаце зваўся «1+1: Галівудская гісторыя».
Любімы акцёр Ціханоўскай Кевін Спэйсі ў 2017 годзе трапіў у шэраг скандалаў: яго вінавацілі ў сексуальным гвалце. Абвінавачванні выглядалі настолькі рэалістычна, што ад Спэйсі адвярнуўся амаль увесь Галівуд. Нават у серыяле «Картачны домік» («House of Cards»), дзе Спэйсі цягам пяці сезонаў выконваў галоўную ролю прэзідэнта Злучаных Штатаў, яго замянілі, выправіўшы персанажа «ў адстаўку». Але Спэйсі апраўдалі ў судах: у 2022 годзе ў Нью-Ёрку і ў 2023-м у Лондане.
СДЖ – «Страна для жизни», медыяпраект Сяргея Ціханоўскага. Найбольш папулярны ў гэтай сетцы – Youtube-канал «Страна для жизни», але праект прадстаўлены таксама ў Telegram, Instagram і іншых сацсетках. Паралельна з медыяпраектам дзейнічае фонд «Краіна для жыцця», які займаецца дапамогай палітвязням і іхным сем’ям, падтрымкай валанцёрскага руху і грамадзянскай супольнасці.
«Hummer» – амерыканскі брэнд аўтамабіляў-пазадарожнікаў на базе вайсковай машыны HMMWV. Гэта можа быць адсылкай да даўняга мэму: не раз жартавалі, што пераможца трыумфальна ўязджае кудысьці ўжо не на белым кані, а на белым «Хамэры» ці на белым танку «Abrams». Тым больш, у 2021 годзе лукашэнкаўская прапаганда распавядала, што праціўнікі Лукашэнкі рыхтавалі напад з Літвы на «150 джыпах з буйнакалібернымі кулямётамі».
«Nokia 3310» – дзве розныя мадэлі тэлефонаў. Класічная мадэль фінскай кампаніі «Nokia» выйшла ў продаж у 2000 годзе і стала адной з самых папулярных у гісторыі: тых класічных «Nokia 3310» прадалі 126 млн апаратаў (рэкорд у іншай мадэлі – пазнейшую «Nokia 1100» прадалі аж 250 млн). Мадэль «3310» славілася надзейнасцю і стала мэмам: жартавалі, што такім тэлефонам можна калоць арэхі. Ды тэлефонны бізнес «Nokia» аказаўся не такім надзейным: не перажыў канкурэнцыі са смартфонамі на iOS і Android, у 2014 годзе тэлефонную частку бізнесу прадалі «Microsoft» (сама кампанія «Nokia» засталася з іншымі напрамкамі дзейнасці ў тэлекамунікацыях). У 2016 годзе пад брэндам «Nokia» сталі выпускаць тэлефоны, распрацаваныя фінскай «HMD Global». У 2017 годзе на рынак выйшаў новы тэлефон пад назвай «Nokia 3310», які меў сучасны дызайн з адсылкамі да класічнай мадэлі «3310» і быў не смартфонам, а менш функцыянальнай «званілкай». Класічныя «Nokia 3310» цяпер можна купіць хіба ў калекцыянераў, а версія 2017 года дагэтуль сустракаецца ў продажы ў звычайных крамах.