Хронікі рэпрэсій, 11 верасня. У Брэсце за «ўдзел у масавых беспарадках» судзяць адразу сем чалавек
Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк этапавалі назад у СІЗА Гомеля. Там яе адразу ж змясцілі ў карцар. Распавядаем галоўнае, што стала вядома пра беларускіх палітвязняў сёння.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў ПЦ "Вясна".
За татуіроўкі затрымалі жыхара Барысава
Мужчына меў татуіроўкі нацысцкай свастыкі, БЧБ-сцяга са словам «Жыве», а таксама абрэвіятуру «АСАВ».
На «пакаяльным відэа» затрыманага прымусілі прасіць прабачэння ў міліцыянтаў і ветэранаў.
За ўдзел у акцыях пратэсту затрыманы жыхар Гродна
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што затрыманы прытрымліваўся анархісцкіх поглядаў.
На «пакаяльным відэа» гарадзенца прымусілі сказаць, што «ў 2025 годзе ён нікуды не будзе выходзіць».
У Гомеле за каментары і ўдзел у акцыях пратэсту мужчыне пагражае да 5 гадоў калоніі
У Гомельскім абласным судзе 11 верасня распачаўся суд на Дзмітрыем Сідарэнкам. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушае грамадскі парадак), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Мужчыне пагражае да пяці гадоў калоніі.
Справа адразу разглядаецца ў закрытым рэжыме. Працэс вядзе Вадзім Бобыраў.
Палітзняволеную Таццяну Канеўскую перавялі з турмы ў гомельскую калонію
Таццяна — актывістка ініцыятывы “Матчын рух 328”. Змагалася за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. У траўні 2021 года яе асудзілі да 6 гадоў калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) і арт. 292 (захоп будынкаў).
У калоніі Таццяну змяшчалі ў ШІЗА і ў ПКТ. У студзені 2022 года Таццяне ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым, дзе на яе аказвалі ціск.
Тэрмін турэмнага рэжыму скончыўся, таму палітзняволеню перавялі ў жаночую калонію № 4.
Месца ўтрымання: ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3, Таццяна Васільеўна Канеўская.
У Брэсце за «ўдзел у масавых беспарадках» судзяць адразу сем чалавек
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 11 верасня распачаўся масавы суд паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Па справе праходзяць адразу сем чалавек: Сяргей Філімонаў, Ігар Варановіч, Аляксандр Штык, Уладзіслаў Піскуновіч, Віталь Гіра, Яўген Мельнічук, Дзмітрый Поснікаў. Ім пагражае да васьмі гадоў калоніі. Усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе.
Раней па гэтым артыкуле у Брэсце асудзілі ажно 70 чалавек, цяпер берасцейцаў судзяць паводле арт. 342 КК.
Пра затрыманне некаторых з іх справаздачыліся праўладныя тэлеграм-каналы. Так, 25 сакавіка апублікавалі відэа затрымання Ігара Варановіча — у кватэру да яго прыйшлі як мінімум пяцёра сілавікоў са зброяй, у бронекамізэльках і шлемах. Мужчыну ў адной бялізне павалілі на падлогу.
На «пакаяльным відэа» ад 4 красавіка Яўген Мельнічук «прызнаўся» ў тым, што падчас акцыі «махаў рукой» натоўпу, кажучы «атачайце АМАП», і кідаў камяні.
Працэс вядзе сумнавядомы суддзя Яўген Брэган, на рахунку якога лічыцца мінімум 24 асуджаных паводле палітычных матываў.
Палітзняволеную Паліну Шарэнда-Панасюк этапавалі назад у СІЗА Гомеля. Там яе адразу ж змясцілі ў карцар
Як паведаміў муж Паліны Андрэй Шарэнда, па чарговай справе па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) супраць Паліны ўжо скончыліся следчыя дзеянні. І сёння стала вядома, што жанчыну перавялі з ІЧУ Рэчыцы ў СІЗА Гомеля.
І калі блізкія патэлефанавалі ў гомельскае СІЗА, каб даведацца наконт здароўя палітзняволенай і магчымасці перадаць перадачу — ім адказалі, што Паліна змешчана ў карцар на 10 дзён, піша "Берасцейская Вясна".
Нагадаем, што палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк была затрымана 3 студзеня 2021 і з таго часу ўвесь час знаходзіцца ў няволі. Два разы ёй ужо працягвалі тэрмін па арт. 411 КК. 21 траўня 2024 года жанчына мусіла выйці на волю, але яе перавялі ў гомельскае СІЗА і ўжо ў трэці раз абвінавацілі ў «непадпарадкаванні». На волі жанчыну чакае двое сыноў — Славамір і Стах.
Палітвязня Алега Яфрэменку трэці раз будуць судзіць за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"
У судзе Барысаўскага раёна 23 верасня будзе разгледжана чарговая справа супраць палітвязня Алега Яфрэменкі. Яго трэці раз абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).
Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым: у верасні 2021 Алега перавялі на турэмны рэжым, а пазней двойчы дадавалі па году калоніі за "непадпарадкаванне адміністрацыі". Алега ўтрымліваюць у зняволенні ўжо чатыры гады.
Мужчыну затрымалі за ўдзел у акцыях пратэсту і негатыўныя каментары ў сацсетках
Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што за аналагічныя дзеянні брат мужчыны ўжо знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі.