Пытанне бяспекі. Чаму рэжыму не варта было б прыдумляць «тэракты ў Беларусі»
Што было з тым самым пастушком, які ўвесь час крычаў: «Ваўкі, ваўкі»? Гэтую прыпавесць ведаюць усе. Аднак сутнасць прапаганды — у пастаянным паўтарэнні сваіх наратываў і страшылак. Пакуль ім сапраўды ніхто не паверыць. Акрамя самой прапаганды.
Узяць хаця б такі прыём, як «тэракты перад выбарамі». З 2006 года нас спрабуюць пераканаць, што нейкія невядомыя (дарэчы, ужо амаль 20 гадоў як невядомыя — куды глядзяць спецслужбы?) сілы пастаянна планую тэракты перад выбарамі. У 2006-м спрабавалі закінуць пацука ў вадаправод, у 2010-м у гаражы арматуру і зброю закладвалі. У 2015-м джыпы са зброяй рваліся праз украінскую мяжу... Прычым, сам джып, быццам бы, не злавілі, але ведаюць, што ў багажніку была зброя. А ўжо што было ў 2020-м — ну проста жудасць. Дагэтуль разбіраемся.
Наперадзе новая выбарчая кампанія, новыя прэзідэнцкія выбары, і вось ізноў прапагандыст Аляксей Аўдонін паведамляе, што ў 2025 годзе на тэрыторыі Беларусі могуць адбыцца тэрарыстычныя акты. «Захад адмовіўся ад варыянту мяккай рэвалюцыі 2020 года. 2025 год у іх разглядаецца як камбінацыя: гэта будзе непрамая агрэсія — верагоднасць правядзення нейкіх тэрактаў на нашай тэрыторыі. І заўсёды такія дзеянні суправаджаюцца масіраванай інфармацыйнай атакай для дыскрэдытацыі ўлады, паказання яе нікчэмнасці: тэракт адбыўся, улада не змагла справіцца — якія могуць быць выбары?!», — заявіў Аўдонін.
Я, вядома, так далёка як Аўдонін у планы незразумелага Захаду не зазіраю, аднак усе запар аналітыкі, якім можна верыць, маюць адно меркаванне па адным пытанні — пытанні, якое задаў прапагандыст: «Якія могуць быць выбары?» І гэтае кансалідаванае меркаванне ў тым, што перанос або ў прынцыпе ліквідацыя выбараў не выгадныя нікому, акрамя Лукашэнкі.
Выбары — гэта заўсёды кропка напружання ў грамадстве. Пад выбары даводзіцца займацца «сацыялкай», падвышаць пенсіі і заробкі, (хоць улада нам увесь час сцвярджае, што падвышаць ужо няма куды). Пад выбары трэба адпускаць палітвязняў, рабіць амністыі, «жэсты добрай волі», «акты гуманнасці». Трэба прыдумляць новыя абяцанні, напружвацца, фарбаваць бардзюры і класці асфальт. І гэтак далей, далей, далей... Безумоўна, уладам без выбараў было б значна больш утульна, чым з імі.
І вось незразумелы «Захад» мае нейкія варыянты «непрамы агрэсіі»... Каб што? Каб дыскрэдытаваць выбары? Дык лепш, чым нашая ўлада, з гэтым ніхто не справіўся. Перанесці або адмяніць выбары? Навошта?
Дык чаго насамрэч дамагаецца Захад ва ўяўленні спадара Аўдоніна? Цікава, але незразумела.
І нельга сказаць, што мы не рыхтуемся да агрэсіі. Мы ўжо тысячу разоў гатовыя. У нас ужо ёсць сельскагаспадарчае апалчэнне, брыгады пенсіянераў-спецназаўцаў і патрыятычныя гурткі ў дзіцячых садках. Мы ўжо даўно разабраліся з той навалай джыпаў, якія рваліся да нас з паўночнай мяжы. Дарэчы, на тыдні ў гэтым пытанні нам вельмі дапамаглі калегі з Латвіі.
12 верасня Сейм гэтай краіны ў канчатковым чытанні прыняў папраўкі ў закон аб дарожным руху, якія дазваляюць канфіскоўваць аўтамабілі з беларускай рэгістрацыяй. «Зарэгістраваныя ў Беларусі транспартныя сродкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Латвіі, павінны быць вывезеныя або зарэгістраваныя для ўдзелу ў дарожным руху ў Латвіі да 31 кастрычніка. Калі транспартны сродак не будзе перарэгістраваны або вывезены з краіны ў названы тэрмін, яго могуць канфіскаваць», — паведамляе прэс-служба латвійскага Сейма.
Такім чынам мы ўжо разумеем, што калі джып на замежных нумарах — гэта патэнцыйны вораг. За беларускімі нумарамі тут не схаваешся.
Зноў жа на гэтым тыдні чарговую патэнцыйную атаку адрэпетавалі ў Слоніме. Там умоўныя тэрарысты спрабавалі пранікнуць у горад на... кацерах. «Спроба дыверсантаў фарсіраваць водную перашкоду на кацерах была паспяхова спыненая з выкарыстаннем ударных дронаў і іншых сродкаў узбраення», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МУС па выніках вучэнняў.
Можна чакаць, што ў будучыні пройдуць вучэнні па адбіцці атакі мотакавалерыі на самакатах і налёту баявых дырыжабляў.
І так, да гэтых падзей МУС таксама рыхтуецца, вы не думайце. Ведамства вынесла на грамадскае абмеркаванне праект указа па зменах у ПДР. У правілах дарожнага руху карэктуецца паняцце сродкаў персанальнай мабільнасці (электрасамакат, гіраскутар, сігвей, монакола і іншае), устанаўліваецца максімальная тэхнічна дапушчальная хуткасць для іх (25 км/г) і забараняецца рух у пешаходных зонах.
А потым можна абвясціць пешаходнай зонай усе стратэгічна важныя аб'екты, і ўсё — праблема з мотакавалерыяй на самакатах вырашана. Застаецца засяродзіцца на дырыжаблях і паветраных змеях.
У чым праблема мілітарысцкай рыторыкі? Іх нават занадта багата, і таму такія прапагандысцкія размовы вельмі небяспечныя. У чарговы раз падымаючы тэму «тэрактаў падчас выбараў» улады прызнаюць, што не цалкам кантралююць краіну. Што ім даводзіцца баяцца дзеянняў «недружалюбных» апанентаў, — пры гэтым старанна робячы выгляд, што такіх апанентаў у краіне не засталося. «Плюралізм у адной галаве» разрывае звыклую логіку і ставіць пад сумнеў тую самую «стабільнасць», якую нам абяцалі ў час мінулых прэзідэнцкіх выбараў.
Другая праблема — гэта той самы крык «Ваўкі, ваўкі!» Бясконца паўтараючы наратывы пра знешняга ворага і магчымы напад на Беларусь, улады (нават калі гэтага і не хочуць) зніжаюць узровень бяспекі ў беларускім грамадстве. Як прыклад — калі раней выбух баявога беспілотніка над Гомелем выклікаў бы ў грамадстве шок і паніку, то цяпер гэта абмяркоўваецца, як ці не шараговая падзея. Ну, у суседзяў дроны рэгулярна выбухаюць, чым мы горш?
І што самае цікавае: падобнае нагнятанне мілітарысцкага чаду, усе гэтыя «вучэнні» і «тэрарыстычныя акты», якія нібыта рыхтуюцца ў Беларусі нібыта «Захадам», зусім не спрыяюць бяспецы не толькі грамадства, але і самой улады.
Давайце ўявім, што ў РБ сапраўды ўварвалася нейкая ўзброеная групоўка. Што будзе ў першую чаргу? А ў першую чаргу гэтага... ніхто не заўважыць! Як спачатку мы не заўважалі залятаючых у РБ «Шахедаў».
«А горад падумаў — вучэнні ідуць», як спявалася ў старой савецкай песні.
Ну а потым... А потым гэтую ўладу ніхто не будзе абараняць. А навошта? У нас жа ёсць ветэраны спецназа і спецыяльна навучанае апалчэнне, ці не так?
Як у пачатку 1941-га ў СССР спявалі песні пра «непераможную і легендарную Чырвоную армію», а ў канцы таго ж года тая самая непераможная аказалася аж пад Масквой.