Пуцінская «падстава» або банальная недапрацоўка? Чаму дроны залятаюць у Беларусь
Сітуацыя са збітым над Гомелем расійскім беспілотнікам узбударажыла грамадскасць. Гэтым разам дрон збілі. А што калі наступным разам празяваюць?
Парушэнне паветранай прасторы Беларусі расійскімі «шахедамі» пры атацы РФ на рэгіёны Украіны 5 верасня — далёка не першы падобны выпадак. Апошнія месяцы расійскія беспілотнікі рэгулярна залятаюць у Гомельскую вобласць: многія ідуць транзітам, а некаторыя, прыляцеўшы з тэрыторыі РФ у Чарнігаўскую вобласць, трапляюць з яе ў Беларусь і больш не вяртаюцца ва Украіну.
Лёс усіх папярэдніх «зніклых» у Беларусі расійскіх БПЛА невядомы. Цяпер, дзякуючы таму, што беспілотнікі збівалі над Гомелем (сведкамі сталі гараджане), факт збіцця схаваць не ўдалося.
Падборку версій, чаму расійскія дроны залятаюць у Беларусь, рабіла BBC са спасылкай на экспертаў, піша гомельскае выданне «Флагшток».
Версія першая: новая тактыка
Адной з першых гіпотэз стала тое, што расійцы свядома пачалі накіроўваць «шахеды» ў памежныя з Украінай раёны Беларусі, каб на час выводзіць іх з-пад пагрозы ўкраінскага СПА і РЭБ (і, магчыма, перадаваць выведданыя без перашкод). А потым вяртаць назад ва Украіну.
Гэтай логіцы, напрыклад, адпавядаюць два выпадкі транзітных пралётаў «шахедаў» — калі яны заляталі ў Беларусь з Украіны, а неўзабаве разгортваліся і сыходзілі ва ўкраінскую прастору.
Пры гэтым расійцы маглі папярэджваць беларускія ваенна-паветраныя сілы і войскі СПА пра магчымыя маршруты. Таму, напрыклад, перад першым транзітным заходам «шахеда» 11 ліпеня ў неба Беларусі, паводле звестак «Беларускага гаюна», ужо паднялі ўдарны верталёт Мі-24 і знішчальнік ВПС Беларусі.
Але часам не ўсё магло ісці па плане. «Зеркало» расказвала пра мадыфікацыі «шахедаў» з радыёмадэмамі, якімі стала магчыма кіраваць на адлегласцях да 70 км (пра гэта раней паведамляў Сяргей «Флэш»).
«Аднак выкарыстанне радыёмадэмаў для сувязі паміж "шахедам" і яго аператарам робіць БПЛА больш уразлівым для ўкраінскіх сродкаў РЭБ, чым стары паўаўтаномны робат без новай сістэмы кіравання. Можна меркаваць, што расійцы цяпер адчуваюць магчымасці такіх кіраваных БПЛА ў памежных з Беларуссю раёнах Украіны», — адзначае «Зеркало».
А ўкраінскі ваенны эксперт Аляксандр Каваленка дапускае, што ніякіх папярэджанняў ад расійцаў беларусам не было.
Мяркую, з улікам рэакцыі ваенна-паветраных сіл РБ, што "Шахед-136" у беларускім небе не зусім чаканыя госці, а таму па іх працавала не толькі авіяцыя, але і іншыя комплексы, напрыклад РЭБ».
«Цалкам магчыма, што нявопытныя аператары беларускіх РЭБ збівалі з курсу "Шахед-136" і праграмны збой перанакіроўваў іх у паўночным кірунку на Віцебск».
Версія другая: украінская РЭБ
Яшчэ адной версіяй з'яўляецца ўплыў на «шахеды» менавіта новых украінскіх сродкаў РЭБ.
«Можна меркаваць, што апошнім часам УСУ абзавяліся нейкімі перадавымі сродкамі РЭБ. Гэта дазволіла б украінцам збіваць з курсу частку "шахедаў" і выводзіць з-пад удару свае гарады і іншыя аб'екты», — піша ў тым жа артыкуле «Зеркало».
Зрэшты, украінскія эксперты такую версію не падтрымліваюць. Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў у каментары ўкраінскай службе «Бі-Бі-Сі» гаворыць, што адлегласці, на якія заляталі расійскія «шахеды» ўглыб Беларусі, занадта вялікія для ўкраінскай РЭБ.
«Мы не можам над тэрыторыяй Беларусі ўплываць на антэнныя сістэмы "шахедаў". Гэта немагчыма — далёка і тэхнічна нерэальна», — тлумачыць ён.
Падобнае меркаванне выказвае і ўкраінскі авіяцыйны эксперт і намеснік гендырэктара кампаніі па вытворчасці сродкаў РЭБ Анатоль Храпчынскі.
Думаю, тут сінэргія выпадкаў. Пачынаючы ад сродкаў РЭБ, якія могуць рабіць так званы "спуфінг", падмену каардынат, да праблем якасці расійскіх вырабаў. Але ўсе ж разумеюць, што калі б мы "спуфілі", то [накіроўвалі б] на тэрыторыю РФ», — кажа Храпчынскі.
Версія трэцяя: тэхнічны збой мадыфікаваных «шахедаў»
Сяргей «Флэш» таксама згадвае пра магчымыя праблемы з тэхнічнай якасцю расійскіх беспілотнікаў, але спалучае гэтую акалічнасць з пастаяннымі мадыфікацыямі «шахедаў».
«Не варта шукаць нейкія падводныя камяні. Лепш пайсці па прынцыпе "брытвы Окама" і выказаць здагадку, што гэтыя праблемы ў іх адбываюцца, таму што расійцы ў Елабузе эксперыментуюць з новымі сістэмамі навігацыі. Таму што ў іх ёсць пэўныя праблемы з імпартам і санкцыямі», — працягвае Сяргей «Флэш».
Паводле яго слоў, на трафейных «шахедах» пастаянна выяўляюць ўдасканаленыя модулі і новыя камплектуючыя.
«Таму, магчыма, яны цяпер паставілі нейкую іншую партыю навігацыйнай сістэмы, якая альбо праходзіць тэставанне, альбо непрацоўная і прыводзіць да збою "шахеда". Хутчэй за ўсё, прычына толькі ў гэтым, і неўзабаве яны яе дапрацуюць і ліквідуюць», — лічыць украінскі інжынер.
А Анатоль Храпчынскі не выключае, што праблемы з «залётамі» расійскіх «шахедаў» працягнуцца:
«Прычына ў халатнасці інжынераў. Ёсць памылкі, і з прычыны гэтых памылак "шахеды" будуць яшчэ далей залятаць. Дзіўна, што яны яшчэ не заляцелі ў Польшчу».