Ноччу ў Беларусь заляцела не менш за восем расійскіх беспілотнікаў
Мінімум восем дронаў зайшлі ўначы ў Беларусь — адзін «шахед» знаходзіўся за 70 км ад мяжы з Літвой.
За ноч з 6 на 7 верасня 2024 года на тэрыторыю Беларусі заляцелі не менш за сем дронаў-камікадзэ тыпу «шахед» і, як мяркуецца, упершыню зайшоў таксама адзін выведвальны расійскі БПЛА тыпу Supercam. Пра гэта распавядае маніторынгавы тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн».
Першы «шахед» зайшоў з Чарнігаўскай вобласці Украіны ў напрамку Лоева каля 23:20 і ўжо праз 40 хвілін вылецеў назад ва Украіну ў напрамку Кіеўскага вадасховішча.
Далейшыя заходы «шахедаў» былі прыкладна ў 02:45, 03:37, 03:49, 05:16, 05:54. А каля 08:13 у Беларусь заляцеў выведвальны БПЛА тыпу Supercam.
Акрамя заходаў у Гомельскую вобласць, мінулай ноччу адзін з «шахедаў» заляцеў і ў Брэсцкую вобласць каля 05:16 у раёне Пінска і працягнуў рух на поўнач. Дадзены «шахед» зайшоў у Гродзенскую вобласць (упершыню за ўвесь маніторынг) і даляцеў да самых Карэлічаў і Навагрудка, трымаючы курс у напрамку мяжы з Літвой. Дадзены шахед мог праляцець над Беларуссю на поўнач каля 200 кіламетраў. Што з ім здаралася далей — невядома.
На працягу ўсёй ночы ў небе над Беларуссю працавалі знішчальнікі і верталёты лукашэнкаўскіх ваенна-паветраных сіл. Усяго, паводле дадзеных тэлеграм-канала, знішчальнікі ВПС РБ узляталі з аэрадрома Баранавічы чатыры разы, а верталёты з Мачулішчаў падымаліся двойчы. Авіяцыя была заўважаная не толькі на поўдні краіны, але таксама і на самай поўначы — у раёне Астраўца і Вілейкі, што можа казаць пра тое, што да поўначы краіны мог даляцець не адзін, а два шахеды.
Нагадаем, расійскія дроны апошнім часам рэгулярна залятаюць у Беларусь. Лукашэнка і яго прапагандысты звычайна пра гэта маўчаць.
У ноч на 5 верасня мяжу Беларусі зноў парушылі расійскія беспілотнікі. Гэтым разам яны былі знішчаныя, пра што заявіла Мінабароны Беларусі. Праўда, у ведамстве пасаромеліся паведаміць, што дроны былі расійскія.
Маніторынгавыя тэлеграм-каналы тады паведамлялі, што ноччу і раніцай у Беларусь заляцелі некалькі дронаў тыпу «Шахед», якія Расія выпусціла па Украіне. У паветра паднялі знішчальнікі — гучалі выбухі, тушылі пажары.
Два беспілотнікі, якія перасеклі мяжу і накіроўваліся да Гомеля, былі збітыя і ўпалі анўпрост у горад. Пра два выбухі са спасылкай на гамяльчан паведаміла выданне «Флагшток». Сцвярджалася, што за ноч Беларусь падняла ў паветра як мінімум тры знішчальнікі.
Паводле звестках журналістаў, у выніку падзення абломкаў у горадзе ўзнікла два невялікія пажары, якія хутка патушылі. Таксама тэлеграм-канал адзначыў, што сістэма абвесткі, якая пастаянна тэстуецца з 2022 года, у Гомелі не спрацавала.