926-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцы ўдарылі па Паўлаградзе — 59 ахвяр

Расійскія войскі атакуюць на Пакроўскім кірунку і ў раёне Вугледара — магчыма, для таго, каб адкрыць дарогу на Пакроўск. У Германіі праходзіць міжнародная сустрэча ў фармаце «Рамштайн» — па пытаннях абароны Украіны. Падчас выступу на ёй Зяленскі заявіў, што УСУ кантралююць 1300 кв. кіламетраў Курскай вобласці.

Ілюстрацыйная выява: bbc.com

Ілюстрацыйная выява: bbc.com

***

Расійскія войскі значна актывізавалі свае наступальныя аперацыі ў раёне Вугледара і пакуль дасягнулі там нязначных тактычных поспехаў. Такім чынам акупанты хочуць узмацніць ціск на ўкраінскіх вайскоўцаў і стварыць умовы для далейшых поспехаў на Пакроўскім кірунку, пішуць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).

Ваенныя аналітыкі лічаць, што намаганні расійскіх войскаў накіраваны на ліквідацыю шырокага ўкраінскага выступу на захад і паўднёвы захад ад Данецка і прасоўванне да трасы Н-15 (Данецк — Запарожжа) і ўздоўж яе. 

ISW адзначыў, што відавочна скаардынаваныя расійскія наступальныя аперацыі з паўднёвага флангу на Пакроўскім кірунку на заходні фланг украінскай абароны вакол Вугледара маюць на мэце ўзмацніць ціск на ўкраінскія сілы, якія абараняюцца на захадзе Данецкай вобласці, і стварыць умовы для далейшых поспехаў на Пакроўскім кірунку.

Актывізацыя расійскіх наступальных аперацый пад Вугледарам, хутчэй за ўсё, не азначае, што іх тэмпы ў іншых месцах на захадзе Данецкай вобласці ў бліжэйшай перспектыве знізяцца. 

Украінская паветрана-дэсантная брыгада, якая дзейнічае на паўднёвы захад ад Данецка, апублікавала 4 верасня відэазапіс таго, як украінскія сілы адлюстроўваюць узмоцненую расійскую механізаваную атаку ў складзе чатырох танкаў і 17 баявых браніраваных машын паблізу Канстанцінаўкі.

Расійскія войскі актывізавалі наступальныя аперацыі пад Вугледарам неўзабаве пасля пачатку пашырэння паўднёвага флангу Пакроўскага выступу, што дазваляе выказаць здагадку, што войскі РФ маюць намер правесці ўзаемаўзмацняльныя наступальныя аперацыі на паўднёвым флангу Пакроўскага кірунку, непасрэдна на захад ад Данецка, уздоўж аўтадарогі 0-0532 і пад Вугледарам. 

Камандаванне расійскіх акупантаў, верагодна, мае на мэце захапіць Курахава і Вугледар, каб дазволіць сваім войскам хутчэй атрымаць тактычныя перавагі да і ўздоўж трасы Н-15, хоць расійскія войскі, верагодна, сутыкнуцца з цяжкасцямі.

Расійскіекамандзіры працягваюць аддаваць прыярытэт наступальных дзеянняў на Пакроўск і, верагодна, будуць разглядаць інтэнсіфікацыю наступу на захадзе Данецкай вобласці як другарадную задачу. 

Верагодна, яны маюць намер з дапамогай гэтых другарадных намаганняў, незалежна ад іх поспеху, замацаваць украінскія сілы ў заходняй частцы Данецкай вобласці і не дапусціць перадыслакацыі ўкраінскіх войскаў для ўзмацнення абароны Пакроўска.

Расійскія войскі не змогуць утрымліваць ініцыятыву на ўсёй тэрыторыі Усходняй Украіны на працягу доўгага часу, а шматразовая актывізацыя наступальных дзеянняў у Данецкай вобласці, у дадатак да пастаяннага аператыўнага ціску, выкліканага ўварваннем Украіны ў Курскую вобласць, верагодна, прывядзе да таго, што расійскія наступальныя аперацыі дасягнуць кульмінацыі раней, чым плануе расійскае ваеннае камандаванне.

***

У ЗША называюць адной з прычын, чаму Украіне не дазваляюць выкарыстоўваць амерыканскую зброю для дальнабойных удараў па Расіі — абмежаваную колькасць ракет «ATACMS».

Пра гэта заявіла намесніца спікера Пентагона Сабрына Сінгх.

Адказваючы на пытанне, ці не даюць ЗША Украіне дазволу наносіць удары па тэрыторыі Расіі дальнабойнымі ракетамі «ATACMS» праз страх перад эскалацыяй, Сінгх заявіла, што існуе абмежаваная колькасць такой зброі, а таму гэта не залішні рэсурс.

«Колькасць "ATACMS" абмежавана. Гэта не той рэсурс, які ёсць у лішку», — падкрэсліла яна.

Таксама намесніца спікера адзначыла, што ЗША заўсёды ацэньваюць рызыкі эскалацыі, што абмяркоўвалася з самага пачатку, а таму «гэта камбінацыя гэтых фактараў».

«Але яны (украінскія Сілы абароны. Заўв. рэд.) вельмі паспяхова выкарыстоўваюць гэтыя сістэмы для таго, каб вярнуць свае тэрыторыі на поўдні і ўсходзе. І мы верым, што яны маюць магчымасці і здольныя сумясціць іх на полі бою», — дадала яна.

Напярэдадні ў Белым доме заявілі, што сцвярджэнне аб тым, што Украіна з дапамогай «ATACMS» зможа ўразіць большасць вайсковай авіяцыі, з якой Расія наносіць удары па ўкраінскай тэрыторыі, з'яўляецца памылковым.

У Пентагоне напярэдадні таксама заяўлялі, што ЗША не мянялі сваёй палітыкі абмежавання выкарыстання прадастаўленай імі зброі для ўдараў у глыбіні расійскай тэрыторыі.

***

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас пасяджэння кантактнай групы па пытаннях абароны «Рамштайн» падвёў вынікі першага месяца аперацыі УСУ ў Курскай вобласці Расіі, якая пачалася 6 жніўня.

«Сёння роўна месяц з пачатку нашай аперацыі ў Курскай вобласці Расіі. Гэта памежжа, з якога Пуцін рыхтаваўся распаўсюдзіць вайну на ўкраінскую тэрыторыю. Ён рыхтаваўся пачаць новы наступ супраць нашага горада Сумы. Мы перавярнулі гульню і выцясняем вайну на тэрыторыю Расіі дзякуючы нашаму контрнаступленню».

Украінскі прэзідэнт расказаў, што на дадзены момант УСУ кантралююць 1300 квадратных кіламетраў у Курскай вобласці, дзе знаходзяцца больш за 100 населеных пунктаў.

«Значная частка гэтай тэрыторыі была проста кінутая расійскімі войскамі. Яны проста ўцяклі, калі ўбачылі набліжэнне нашых войскаў», — сказаў Зяленскі.

Таксама, адзначыў ён, на працягу першага месяца ваеннай аперацыі на Куршчыне расійскія войскі страцілі прыкладна 6 тысяч салдат забітымі і параненымі.

***

Новы міністр абароны Вялікабрытаніі Джон Гілі назваў непахісную падтрымку Украіны сваім «прыярытэтам нумар адзін», а таксама адзначыў, што наступ украінскіх Сіл абароны на Курскую вобласць паставіў кіраўніка Крамля ў тупік — і той яшчэ вырашае, што рабіць у адказ, піша «Politico».

Паводле звестак журналістаў, пра гэта Гілі заявіў, выступаючы на борце самалёта каралеўскіх Ваенна-паветраных сіл на шляху ў Германію, дзе ён возьме ўдзел у пасяджэнні кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны.

«Я ганаруся тым, што Вялікабрытанія аб'ядналася ў падтрымку Украіны, і я быў рашуча настроены, і Кір Стармер быў рашуча настроены працягнуць гэта з лейбарысцкім урадам», — сказаў ён.

Таксама ён адзначыў, што наступ на Курскую вобласць Расійскай Федэрацыі «відавочна паставіў Пуціна ў тупік, бо ён пакінуў часткі сваёй мяжы безабароннымі, і ён усё яшчэ вызначае, што рабіць у адказ, у той час як Украіна ўтрымлівае свае пазіцыі».

Памочнікі міністра расказалі журналістам, што яго амбіцыі заключаюцца ў тым, каб яго лічылі «містэрам Украіна» брытанскага ўрада — роля, якую да нядаўняга часу выконваў яго папярэднік кансерватар Бэн Уолес.

***

Мінабароны Беларусі вырашыла правесці вайсковыя вучэнні ў Гродзенскім і Брэсцкім раёнах, якія мяжуюць з Польшчай і Літвой, — яны будуць доўжыцца да канца верасня, паведамляе маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» у Telegram.

Вучэнні пачаліся 3 верасня. Да 26 верасня ў Гродзенскім раёне пройдуць навучальныя зборы з ваеннаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў. На іх з запасу прызавуць каля 105 рэзервістаў.

Паведамляецца, што ў ходзе збораў запланавана фармаванне асобнага стралковага батальёна тэрытарыяльных войскаў.

Ваеннаабавязаных размесцяць у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Сузор'е» (Гродзенскі раён, каля н.п. Парэчча), які знаходзіцца ў 8 кіламетрах ад мяжы з Літвой.

Таксама з 3 па 27 верасня праводзяцца вучэнні з тэрытарыяльнай абаронай у Брэсцкай вобласці, якая мяжуе з Польшчай.

***

За мінулыя суткі на 11 кірунках фронту было зафіксавана 181 боесутыкненне, 87 разоў расійскія войскі атакавалі Пакроўскі і Курахоўскі кірункі, гаворыцца ў штодзённай зводцы Генштаба УСУ.

У ноч на 6 верасня расійцы атакавалі Украіну кіраванай авіяцыйнай ракетай «Х-59», супрацьрадыёлакацыйнай ракетай «Х-31п» і таксама 44-ма ўдарнымі БпЛА тыпу «Shahed» – 27 варожых дронаў атрымалася збіць, 8 лакацыйна страчаныя, 1 вярнуўся на акупаваную Данеччыну, яшчэ некалькі лётаюць на поўначы краіны.

Паведамляецца, што ракеты захопнікі запусцілі з часова акупаванай Луганшчыны і з Бранскай вобласці РФ, а дроны — з расійскіх гарадоў Курск, Прыморска-Ахтарск і з мыса Чауда, што ў часова акупаваным Крыме.

Да адбіцця паветранага нападу прыцягвалі авіяцыю, зенітныя ракетныя войскі, падраздзяленні РЭБ і мабільныя агнявыя групы Паветраных сіл і Сіл абароны Украіны.

Таксама паведамляецца, што за мінулыя суткі УСУ абясшкодзілі 1 170 захопнікаў, 20 артылерыйскіх сістэм і 7 танкаў. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 06.09.24 арыенціровачна склалі:

  • асабістага саставу — каля 622 720 (+1 170) чалавек;
  • танкаў — 8 631 (+7) адз.;
  • баявых браніраваных машын — 16 878 (+9) адз.;
  • артылерыйскіх сістэм — 17 745 (+20) адз.;
  • РСЗА — 1 178 (+1) адз.;
  • сродкаў СПА — 941 (+1) адз.;
  • самалётаў — 368 (+0) адз.;
  • верталётаў — 328 (+0) адз.;
  • БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 14 732 (+74) адз.;
  • крылатых ракет — 2 587 (+0) адз.;
  • караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
  • падводных лодак — 1 (+0) адз.;
  • аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 24 116 (+72) адз.;
  • спецыяльнай тэхнікі — 3 037 (+13) адз.

***

На поўдні Украіны расійскія акупанты аднавілі інтэнсіўнасць штурмаў і колькасць артылерыйскіх абстрэлаў, паведаміў спікер аператыўнай групоўкі войскаў «Таўрыя» капітан Дзмітрый Ліхавій у эфіры ўкраінскага нацыянальнага тэлемарафона, піша «Украінская праўда».

«Падраздзяленні ў аперацыйнай зоне "Таўрыя" працягваюць вядзенне абарончай аперацыі, наносяць ворагу агнявое паражэнне, прымаюць меры да паляпшэння тактычнага становішча і ўстойлівасці абароны. І гэта не проста словы: удаецца адбіваць некаторыя пазіцыі. Гэта значыць, абарону гэтую можна назваць актыўнай, ёсць пэўныя поспехі, але пра іх падрабязна гаварыць я не буду, каб гэта не стала "ежай" для ворага.

Можна сказаць, што пасля некаторай адноснай паўзы з боку ворага інтэнсіўнасць штурмавых дзеянняў і колькасць варожых абстрэлаў аднавілася да папярэдніх паказчыкаў. Яны крыху меншыя, чым у суседзяў, але мабыць, у гэтым і станоўчая навіна таксама заключаецца — вораг не мае рэсурсу, каб весці штурмавыя дзеянні аднолькавай інтэнсіўнасці.

У некаторых складваецца ўражанне, што калі менш штурмаў, то гэта зацішша. Напраўду гэта не так, бо, напрыклад, аднавілася да ранейшага ўзроўню колькасць артылерыйскіх абстрэлаў. 1500 боепрыпасаў ад ворага нам прылятае штодня па нашых пазіцыях. Акрамя таго, ёсць больш за 20 абстрэлаў населеных пунктаў штодня, і на ўзроўні з артылерыяй працуюць дроны, ударныя беспілотнікі, FPV-дроны і скіды з коптэраў. Вось калі казаць пра ўдарныя беспілотнікі, то расійцы за ўчарашнія суткі ў зоне адказнасці "Таўрыі" ўжылі 243 коптэры з такой мэтай: 241 FPV-дрон і 2 тыпу "Ланцэт". З іх задушана — гэта значыць знішчана — больш за 95%».

***

Байцы 12-й брыгады спецыяльнага прызначэння «Азоў» Нацыянальнай гвардыі Украіны вярнулі пад кантроль Сіл абароны частку пасёлка Нью-Ёрк на Тарэцкім кірунку і дэблакавалі ўкраінскіх вайскоўцаў з расійскага атачэння.

«На момант прыцягнення брыгады да баявых дзеянняў на кірунку сітуацыя на лініі баявога судакранання была катастрафічнай. Але дзякуючы высокаму баявому духу, мужнасці і прафесіяналізму байцоў брыгады "Азову" ўдалося стабілізаваць сітуацыю, вярнуць пад кантроль частку Нью-Ёрка і дэблакаваць сілы абароны, якія знаходзіліся ў варожым асяроддзі».

Але сітуацыя ў Нью-Ёрку застаецца напружанай. За суткі акупанты праводзяць да 15 штурмаў у зоне адказнасці брыгады.

«Вораг неаднаразова заяўляў, што цалкам акупаваў Нью-Ёрк. Аднак гэта чарговая маніпуляцыя акупантаў. Сілы абароны кантралююць частку населенага пункта і робяць усё магчымае для вызвалення ўкраінскіх тэрыторый», — адзначаюць у брыгадзе.

***

У выніку падзення абломкаў збітага «шахеда» паблізу Львова згарэлі 4 грузавыя аўтамабілі, паведаміў кіраўнік Львоўскай вобласці Максім Казіцкі ў Telegram.

«Каля 03:15 гэтай ноччу ў Львоўскім раёне ў прамысловай зоне ўпалі абломкі беспілотніка тыпу "Шахед" — "Герань-2". Загарэліся 4 грузавікі. На месца аператыўна прыбылі пажарныя. За 1,5 гадзіны пажар удалося патушыць. На жаль, машыны рамонту не падлягаюць».

Паводле яго слоў, узгаранне тушылі 32 пажарныя і 6 адзінак спецтэхнікі. 

«Усяго падчас двух паветраных трывог, якія аб'яўлялі на Львоўшчыне гэтай ноччу, вораг атакаваў нашу вобласць трыма ўдарнымі беспілотнікамі. Усё наша СПА абясшкодзіла. Самае важнае: ахвяр або пацярпелых няма», — падсумаваў Казіцкі.

Нагадаем, увечары 5 верасня расійскія войскі запусцілі ўдарныя беспілотнікі з поўдня. Пасля паўночы «Шахеды» даляцелі да Львоўскай вобласці. Пазней расійскія вайскоўцы запусцілі новыя БпЛА з Белгародскай вобласці ў кірунку Сумскай вобласці.

Выбухі гучалі ў Харкаве і на Львоўшчыне. Паведамлялася, што праз падзенне абломкаў «Шахеда» гарэлі складскія памяшканні каля вёскі Малехаў Львоўскай вобласці.

***

Два чалавекі атрымалі раненні, пашкоджаныя 11 жылых дамоў, машыны, лініі электраперадачы і газаправоды ў выніку расійскіх абстрэлаў Днепрапятроўскай вобласці, напісаў кіраўнік рэгіёна Сяргей Лысак у Telegram.  

«З вечара і да позняй ночы расійцы атакавалі некалькі раёнаў Днепрапятроўшчыны. Па Нікапальскім былі беспілотнікамі, цяжкай артылерыяй і РСЗА "Град". У райцэнтры ёсць пацярпелыя. Гэта 62-гадовая жанчына і 65-гадовы мужчына. Пашкоджаны 11 дамоў, гараж, 2 аўто і лодка. Закранула лініі электраперадач і газаправоды».

Ён дадаў, што наступствы варожай агрэсіі ў Марганецкай і Краснагрыгор'еўскай грамадах яшчэ высвятляюць.

Крыварожжа захопнікі атакавалі дронам-камікадзэ — у адным з населеных пунктаў пашкоджаны прыватны дом, але абышлося без ахвяр.

«Гучна было таксама ў Паўлаградскім і Сінельнікаўскім раёнах. Там узнікла некалькі ўзгаранняў. У апошнім знішчаная гаспадарчая пабудова і пашкоджана да дзесяці прыватных дамоў», — падсумаваў Лысак.

***

Трое харкаўскіх ратавальнікаў атрымалі раненні ў Данецкай вобласці, калі прыцягнутая да тушэння пажару аўтацыстэрна наехала на выбухованебяспечны прадмет і падарвалася, паведаміла ДСНС Украіны ў Telegram.

«Трое ратавальнікаў з Харкаўскай вобласці, якія былі прыцягнутыя да ліквідацыі маштабнага ляснога пажару ў Данецкай вобласці, атрымалі раненні. Пажарная аўтацыстэрна, на якой яны працавалі, падарвалася на варожым выбухованебяспечным прадмеце».

Гэта адбылося ўвечары 5 верасня ў в. Крымкі Данецкай вобласці.

Параненых ратавальнікаў шпіталізавалі.

***

6 верасня расійскія вайскоўцы ўдарылі пяццю балістычнымі ракетамі «Іскандэр-М» /KN-23 па Паўлаградзе ў Днепрапятроўскай вобласці, вядома пра 1 загінулага і 58 пацярпелых, сярод іх пяцёра дзяцей. Аварыйна-выратавальныя работы працягваюцца.

Паводле слоў кіраўніка Днепрапятроўскай вобласці Сяргея Лысакау пацярпелых ірваныя і рэзаныя раны, пераломы, удары, чэрапна-мазгавыя траўмы. Трое мужчын 30, 68 і 69 гадоў у цяжкім стане ў бальніцы. Яшчэ трое з іх — дзеці. «Акрамя 9-гадовай дзяўчынкі, праз ракетную атаку на горад пацярпелі хлопчыкі 11-ці і 4 гадоў. Сярод людзей, якія ў бальніцы, двое цяжкіх. Медыкі робяць усё, каб іх выратаваць», – напісаў Лысак.

Таксама ў горадзе ў выніку ракетных удараў ёсць пашкоджанні на некалькіх прадпрыемствах. Пашкоджана больш за 30 шматпавярховак, дзіцячы садок і 27 крам. Знішчана аўто, яшчэ 2 пашкоджаныя.

***

На пытанне ВВС пра тое, ці верыць ён, што Пуцін калі-небудзь апынецца на лаве падсудных у Гаазе, пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (МУС) Карым Хан адказаў, прывёўшы прыклад былой Югаславіі:

«Людзі смяяліся, калі трыбунал па былой Югаславіі дамагаўся ордэраў на арышт Караджыча і Младзіча, не гаворачы ўжо пра Мілошавіча, калі спецыяльны суд па Сьера-Леонэ выдаваў ордэр на арышт былога прэзідэнта Чарльза Тэйлара, але, як паказала гісторыя, гэтыя людзі, якія валодалі ў мінулым вялікай уладай у сябе ў краіне і ў рэгіёне, у выніку апынуліся на лаве падсудных».

Пракурор МУС расказаў, як прымалася рашэнне аб выдачы ордэра на арышт кіраўніка Крамля, піша «Салідарнасць». Ён кажа, што ўварванне Расіі ва Украіну не пакінула яму выбару. Ён не верыў, што Пуцін наважыцца ўварвацца ва Украіну.

«Але калі яны гэта зрабілі, я вырашыў, што ўсё цалкам відавочна і мы павінны пачаць расследаванне.

Я пабываў на месцы падзей, і калі ты чуеш гісторыі, сведчанні, бачыш разбурэнні, чуеш выказванні розных людзей, уключаючы выказванні Уладзіміра Пуціна і [Марыі] Львовай-Бяловай, прымяніць усю строгасць закону было нескладана».