Хронікі рэпрэсій за 12 верасня: Для Еўрапарламента тэма беларускіх палітзняволеных — сярод прыярытэтаў
Еўрапарламент 18 верасня абмяркуе сітуацыю з беларускімі палітвязнямі. На аўтараў і гасцей шоу «План:Б» заведзена крымінальная справа. У верасні за салідарнасць з палітвязнямі судзяць мінімум 16 жанчын.
Разгляд пытання “Цяжкае становішча палітвязняў у Беларусі” ўнесены ў парадак дня першай сесіі новага складу Еўрапарламента (ЕП) у Страсбургу (Францыя). Пасяджэнні ў ЕП пачнуцца 16 верасня, піша “Позірк”. Абмеркаванне сітуацыі з палітвязнямі ў Беларусі запланаванае на 18 верасня.
Дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька заявіў “Парламенцкаму каналу”, што рэзалюцыі Еўрапарламента па пытанні беларускіх палітвязняў “нададзены характар тэрміновага дакумента”.
Паводле яго слоў, “гэта азначае, што ЕП разглядае тэму палітычных зняволеных як адзін са сваіх прыярытэтаў”. “Характар рэзалюцыі прадугледжвае сцісласць дакумента, але гэта вельмі ясны і зразумелы пасыл як беларускаму грамадству, так і рэжыму”, — адзначыў Лябедзька.
- У верасні за салідарнасць з палітвязнямі судзяць мінімум 16 жанчын
У Беларусі ўжо чатыры месяцы праходзяць суды над жанчынамі, якіх затрымалі падчас студзеньскага рэйду КДБ за салідарнасць з палітвязнямі. Толькі ў верасні, паводле «Вясны», запланаваны мінімум 16 судоў над палітзняволенымі, яшчэ чатырох жанчын будуць судзіць у кастрычніку. Большасць з тых, хто патрапіў у студзені пад пераслед — жанчыны і сваякі палітвязняў.
Частку з іх асудзілі паводле адміністрацыйных справаў за «выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 24.15 КаАП) і прызначылі вялікія штрафы і з кампенсацыяй дапамогі, а супраць некалькі дзясяткаў чалавек узбудзілі крымінальныя справы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Паводле інфармацыі «Вясны», каля 30 чалавек цяпер утрымліваюцца пад вартай у СІЗА. Амаль усе — жанчыны, большасць з якіх ва ўзросце больш за 50 гадоў. Супраць затрыманых узбуджаныя крымінальныя справы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Па гэтым артыкуле затрыманым пагражае да сямі гадоў калоніі.
Нягледзячы на тое, што яны рабілі гэта па ўласным жаданні і з уласных грашовых сродак, іх абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Сутнасць абвінавачвання ў тым, што яны нібыта бралі інфармацыю аб палітвязнях на рэсурсах, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Гаворка ідзе пра інтэрнэт-рэсурсы праваабарончых арганізацый і ініцыятываў, якія публікавалі заклікі да падтрымкі палітвязняў.
Так, за студзеньскі рэйд ужо асудзілі Ірыну Такарчук, Алесю Сяргеенку, Алену Дземянчук, Надзею Лескавец, Юлію Краўцову, Наталлю Харытонаву-Крыжэвіч. Жанчынам прызначаюць да трох гадоў калоніі.
У верасні за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» судзяць, у тым ліку былую супрацоўніцу Нацыянальнай бібліятэкі Ксенію Сушу, гомельскую актывістку Алену Тоцкую, маці былога палітвязня Дзяніса Давыдуліна — Наталлю, салігарчанку Ірыну Клезовіч, Таццяну Сцепу, Кацярыну Мендрык, Марыну Гацуру, Інну Плахатнюк і медсястру Алену Бобр.
Акрамя гэтага, у кастрычніку таксама будуць судзіць лекарку-дэрматалагіню Алесю Дзернакоўскую, псіхалагіню Наталлю Варабей, Марыну Алісеенку і Алену Ляснеўскую.
- Функцыянера гомельскага праўладнага прафсаюза судзілі за «распаўсюд экстрэмізму»
Учора ў судзе Добрушскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да Мікалая Талейкі. У віну Мікалаю ставілі «распаўсюд экстрэмізму» (ч. 2 арт 19.11 КаАП). Судовы працэс праводзіў суддзя Алег Васюкоў. Вынік пасяджэння высвятляецца.
Мікалай Талейка — галоўны прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва. Гэты прафсаюз уваходзіць у практычна дзяржаўную Федэрацыю прафсаюзаў, піша «Гомельская Вясна».
Гэта ўжо другі кіраўнік праўладнага прафсаюза, якога прыцягваюць за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў. У снежні 2023 года паводле ч. 2 арт 19.11 КаАП судзілі Таццяну Хацкову — старшыню Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў. Яе тады арыштавалі на 15 сутак і потым звольнілі з пасады.
- У Дзяржынску праходзяць адразу тры суды за ўдзел у пратэстах
У судзе Дзяржынскага раёна 12 верасня распачаліся паралельна тры суды паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). Сёння судзяць Андрэя Байдака, Вікторыю Яшушкевіч і Вольгу Радзюк. Іх справы разглядаюць Сяргей Крупец і Раман Крыловіч (дзве справы) адпаведна.
Адзначым, што да гэтага часу жыхароў 18-ці тысячнага Фаніпаля затрымліваюць масавымі рэйдамі і судзяць у крымінальным парадку за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Так, на гэтым тыдні агулам судзіць шэсць чалавек, на мінулым — пяць чалавек.
- Праваабаронцы: як мінімум 15 асуджаных на хатнюю хімію пераводзяць у калоніі
З чэрвеня як мінімум 15 чалавек, асуджаных на хатнюю хімію паводле пратэстных артыкулаў, ужо перавялі або пераводзяць у калоніі, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».
- У Мінску распачаўся суд над Інай Плахатнюк: Верагодна, за салідарнасць з палітвязнямі
Іну Плахатнюк абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса. Судзіць жанчыну пачалі 12 верасня ў Мінскім абласным судзе. Справу разглядае суддзя Алена Бачышча.
«Вясна» знайшла жанчыну ў сацсетках, пра якую, верагодна, ідзе гаворка. Іне 49 гадоў, яна з Салігорску. Апошні «лайк» у Аднакласніках быў напачатку студзеня, якраз перад масавым рэйдам КДБ.
- Былога лідскага міліцыянта будуць завочна судзіць за «здраду дзяржаве»
Гродзенскі абласны суд прызначыў дату завочнага працэсу па крымінальнай справе Юрыя Махнача. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК (Здрада дзяржаве). Пачатак працэсу прызначаны на 23 верасня, Махначу прапаноўваюць з’явіцца ў будынак абласнога суду. Паводле згаданага артыкулу, Юрыю могуць прысудзіць ад 7 да 15 гадоў зняволення з штрафам ці без штрафу.
Юрый Махнач — былы падпалкоўнік міліцыі Лідскага РАУС, камандзір роты ППС. У жніўні 2020 году ён публічна расказаў пра падрыхтоўку міліцыі да карных «зачыстак», збіванні затрыманых. Тады ж, 18 жніўня, ён падаў у адстаўку са службы ў міліцыі. А пазней з-за небяспекі пераследу пакінуў Беларусь і выехаў у Польшчу.
- На аўтараў і гасцей белсатаўскага шоу «План:Б» заведзена крымінальная справа
Сілавікі ладзяць ператрусы ў сваякоў удзельнікаў і ціснуць на іх ужо некалькі месяцаў. Цяпер стала вядома, што Гомельскі СК завёў яшчэ і крымінальную справу за дзве праграмы «План:Б», якія выйшлі ў сакавіку гэтага года, піша @belsat.
Нагадаем, ток-шоу выходзіла ў эфіры з 2022 года. Апошні сезон скончыўся ў траўні 2024-ага. Ці будзе працяг — пакуль невядома.
- ГУБАЗіК пагражае беларускім кіроўцам, якія ў краінах ЕС ездзяць з налепленымі на нумарах нацыянальнымі сцягамі ці «Пагоняй»
Літва, Латвія і Польшча ўводзяць абмежаванні для машын з беларускімі нумарамі — уладальнікам такіх аўто трэба ці перарэгістраваць іх, ці выехаць на іх у Беларусь.
Сёння ГУБАЗіК апублікаваў нумары некаторых машын, якія нібыта ездзяць у ЕС з налепленымі на нумарах нацыянальнымі сцягамі ці «Пагоняй». Сцвярджаецца, што гэтыя машыны нібыта сфатаграфавалі людзі, якія жывуць у гэтых краінах.
- У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Instagram-старонку «childfree_myway»
Адпаведнае рашэнне прынятае судом Савецкага раёну Мінска 11 верасня.
Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапіла TikTok-старонка «about_belarus» і яе лагатып.
- Айцішніка, які прыехаў з ЗША, абвінавачваюць у садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці
33-гадовага айцішніка Артура Мемеха, які прыехаў з ЗША, абвінавачваюць у садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці (Частка 1 і 2 артыкула 361-4 КК), паведамляе «Наша Ніва».
У 2013 годзе Мемех скончыў БДУІР. Ён уладкаваўся на працу ў EPAM і вясной 2020 года рэлакаваўся ў ЗША. Апошні раз ён быў у сацсетках у канцы восені 2023 года.
Першае пасяджэнне над Лемехам прызначанае на 23 верасня ў Мінскім гарадскім судзе.