На Міколу Дзядка завялі новую крымінальную справу

У 2020 годзе палітвязню прысудзілі 5 гадоў зняволення, ён павінен быў выйсці з турмы 25 красавіка 2025 года. Але рэжым, відаць, не збіраецца выпускаць Міколу з турмы.

Мікола Дзядок падчас судзілішча над ім у 2020 годзе. Фота «НЧ»

Мікола Дзядок падчас судзілішча над ім у 2020 годзе. Фота «НЧ»

На палітзняволенага анархіста, аўтара «Новага Часу» Міколу Дзядка ў турме завялі новую крымінальную справу. Пра гэта «НЧ» паведамілі нашы крыніцы. Крымінальная справа заведзеная па арт.411 Крымінальнага кодэкса — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Па гэтым арыткуле прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да трох гадоў.

У чэрвені Міколу Дзядка і многіх іншых палітзняволеных гродзенскай турмы № 1 адправілі ў ШІЗА. Як нам стала вядома, Мікола выйшаў адтуль толькі ў верасні. Акрамя гэтага, больш за год палітвязня ўтрымліваюць у адзіночнай камеры. За кратамі ён працягвае самаадукацыю, вывучае замежныя мовы, замаўляе кнігі. У Дзядка ёсць праблемы са здароўем: баліць страўнік, бывае галаўны боль.


Глядзіце таксама

Нагадаем, палітвязня затрымалі 11 лістапада 2020 года, падчас затрымання моцна збівалі і катавалі. Па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса яго асудзілі да пяці гадоў зняволення (арт.342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»; арт.361 — «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»; арт.295-3 — «Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў»). Пазней Дзядку ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым. Увесь час у зняволенні на яго аказваецца ціск.


Глядзіце таксама

24 лістапада 2020 года супольнай заявай 11 праваабарончых арганізацый прызналі Міколу Дзядка палітычным зняволеным. У мінулым годзе Міністэрства ўнутраных спраў унесла імя Міколы ў спіс асоб, якія датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці. 

На дадзены момант палітвязень утрымліваецца ў палоне рэжыму ўжо 1401 дзень.