«Дзяжурны адвакат гаварыў, што пасылкі — гэта дапамога "экстрэмісцкім фарміраванням"». Былая палітзняволеная — пра свой досвед пераследу

Не сакрэт, што ў Беларусі людзей пераследуюць не толькі за адкрыта выражаную пазіцыю, адрозную ад дзяржаўнай, але і за данаты, за падтрымку палітзняволеных і нават за лісты, пасылкі і перадачы. Так сістэма спрабуе здушыць салідарнасць.

Сумна вядомы ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Сумна вядомы ІЧУ на Акрэсціна. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Жыхарка Мінска Ганна Аўчыннікава, якая з'яўлялася падазраванай па крымінальнай справы за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», змагла з’ехаць з Беларусі. Яшчэ ў 2020 годзе яна пачала дапамагаць тым, хто выходзіў з акрэсцінскіх ізалятараў, пісала лісты палітвязням, перадавала ім пасылкі. Менавіта за дзве з іх — палітвязню Змітру Дашкевічу і медыку з Гродна Святаславу Удоду — яе і затрымалі. Яна пагадзілася расказаць «Вясне» пра свае ўражанні ад зносінаў з супрацоўнікамі КДБ і РУУС, следчымі і наглядчыкамі ў ІЧУ.

Ганна Аўчыннікава скончыла Мінскі музычны каледж імя Глінкі і Універсітэт культуры, атрымала спецыяльнасць «Камп’ютарная музыка». Апошнім часам яна працавала гукарэжысёрам, разам з мужам выхоўвала сына.

Следчую цікавілі сувязі з «Вясной», «Dissidentby» і «INeedHelp»

Ганну затрымалі 23 студзеня 2024 года па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства за перадачу пасылак палітвязням. Затрыманне адбылося каля станцыі метро «Пралетарская» ў Мінску. Калі яна з мужам ішла да сваёй машыны, з «Джылі», якая стаяла побач, выбеглі трое невядомых у цывільным адзенні. Як пазней выстветлілася — супрацоўнікі КДБ. Яны так спяшаліся, што зачапілі жанчыну дзвярыма аўтамабіля, калі іх адчынялі. Яны паказалі пасведчанні і прадставіліся.


Глядзіце таксама

«Адзін з супрацоўнікаў задаваў пытанні пра сына мужа ад першага шлюбу і прасіў яго тэлефон. Пасля гэтага нас з мужам павезлі дадому ў Сокал для ператрусу: правяралі змесціва камп'ютараў, афармлялі паперы на агляд памяшкання, падпіску аб нявыездзе, наклалі арышт на халадзільнік і тэлевізар. Мой тэлефон і пашпарт супрацоўнікі забралі як рэчавыя доказы. Тады я даведалася, што ў справе фігуравалі пасылкі для Дашкевіча і Удода. Ператрус доўжыўся каля 2,5 гадзін, — расказвае Ганна. — Дзіўна, але калі я папрасіла іх зняць у пакоі абутак, то яны спачатку разгубіліся, але потым ужо хадзілі ў шкарпэтках. Увогуле, стараліся паводзіць сябе карэктна».

Пасля ператрусу Аўчыннікаву адвезлі ў Следчы камітэт Заводскага раёна.Там больш за паўтары гадзіны яна сядзелаў калідоры, чакала, калі вызваліцца следчая. Да яе перыядычна падыходзіў адзін з супрацоўнікаў і задаваў розныя пытанні.

Затым Ганну следчая азнаёміла з матэрыяламі справы па ч.2 арт.361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), па якой яна праходзіла падазраванай. Следчая распытвала, навошта яна адпраўляла пасылкі. Жанчына адказвала, што дапамагала сябрам сям’і. Дзяжурны адвакат, ад якога нельга было адмовіцца, гаварыў, што пасылкі — гэта дапамога «экстрэмісцкім фарміраванням».

Следчая пыталася, каму яна адпраўляла пасылкі, ці адпраўляла лісты ў турмы і калоніі, хто фінансаваў пасылкі, адкуль Ганна даведвалася паштовыя адрасы, ці мае сувязь з «Вясной» і «Dissidentby», распытвала пра «INeedHelp».

«Іншыя супрацоўнікі ў гэты час правяралі змесціва тэлефона, папрасілі ўвайсці ў "Тэлеграм", але я "забылася" пароль ад двухфактаркі. У галерэі знайшлі фота, дзе быў бачны навагодні выступ Святланы Ціханоўскай, некалькі фота з Вільні. Яны пыталіся, ці ўдзельнічала я ў пратэстах, ці была побач з месцамі пратэстаў, чым займаюся па жыцці. У гэты час следчыя паехалі да мужа, распытвалі, ці ведаў ён чым я займаюся, як мы пазнаёміліся, узялі падпіску аб неразгалошванні», — расказвае Ганна.

«Супрацоўнікі на Акрэсціна — проста нелюдзі»

Пасля допыту Ганну на нейкі час у кайданках адвезлі яшчэ ў РУУС, а ўжо потым — на Акрэсціна. Па прыездзе ў ІЧУ на Акрэсціна аўтамабіль стаяў ля варот каля 30 хвілін. Супрацоўнікі гаварылі, што шмат людзей затрымалі ў той дзень. Калі Ганну заводзілі ўнутр памяшкання, ёй забаранялі глядзець па баках і рэзка рухацца. Пасля агляду у жанчыны забралі шалік, куртку і абутак, а яе саму завялі ў «стакан».

Яна чула, як іншыя затрыманыя прасіліся ў прыбіральню, а супрацоўнікі адказвалі адмовай і брудна лаяліся. У «стакане» знаходзіліся чатыры чалавекі, было цесна, і затрыманыя сядзелі па чарзе.


Глядзіце таксама

«Падлога ў "стакане" была бетонная, ўсе мерзлі без верхняй вопраткі, таму мы станавіліся на копіі пратаколаў, каб было лягчэй стаяць. І так доўжылася да самай раніцы. Затым мяне прывялі ў камеру, дзе на 6 месцаў  было 11 затрыманых. Не было пасцельнай бялізны, а святло гарэла пастаянна. У прыбіральні ў камеры дрэнна працаваў змыў, і нам даводзілася радзей карыстацца ёю, але ўсё роўна стаяў моцны пах. Увогуле, супрацоўнікі на Акрэсціна — проста нелюдзі. Напэўна, яны праходзяць вельмі шчыльны адбор, і сярод гэтых пачвар адбіраюцца для працы найбольш страшныя пачвары. І нічога тут не мяняецца гадамі», — апісвае умовы ўтрымання жанчына.

Днём Аўчыннікаву адвезлі у Заводскі РУУС, дзе яе размясцілі ў памяшканні без вокнаў і з бетоннымі лаўкамі — гэтак званы «акварыум». Там было чалавек пяць. Ганну зноў дапыталі аператыўнікі і адвялі на фатаграфаванне і дактыласкапію. Аўтазак на Акрэсціна прыехаў толькі а 23-й гадзіне, таму яна зноў засталася галоднай.

«У камеры я пазнаёмілася з маці Вольгі Такарчук. Я ніколі не забудуся, як яна падзялілася са мной шкарпэткамі, у якіх пазней я бегла з Беларусі. Нас на Акрэсціна перыядычна выводзілі на калідор, дзе мы павінны былі стаць уздоўж сцяны, паклаўшы на яе рукі тыльным бокам далоні, з нагамі, расстаўленымі шырока. У адзін момант ад трывожных думак і перажыванняў я пачала нават задыхацца», — кажа Ганна.


Глядзіце таксама

26 студзеня Ганну зноў павезлі ў РУУС, дзе адбылася дзесяціхвілінная сустрэча са следчай і адвакатам. Ёй паведамілі, што яна вызваляецца з-пад варты, ёй далі падпіску аб нявыездзе і вярнулі рэчы, якія забралі, акрамя пашпарта. Пасля вызвалення амаль два тыдні Ганна спрабавала вярнуць свой пашпарт, але яе пасылалі з кабінета ў кабінет — быццам бы яны не ведалі ў каго ён знаходзіцца.

У сярэдзіне сакавіка 2024 года Аўчыннікава прыняла рашэнне пакінуць Беларусь, хаця без дакументаў гэта было зрабіць складана. Таму спачатку выехала сям'я. Цяпер яна ў бяспецы разам з сям’ёй і спрабуе легалізавацца ў адной з еўрапейскіх краін.