Хронікі рэпрэсій за 13 верасня: новая справа супраць Міколы Дзядка і прысуд Ігару Мельнікаву

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі апошнія навіны пра палітычны пераслед у Беларусі.

hroniki_represij2_6.png

***

Аўтары «Новага Часу» Мікола Дзядок і Дзяніс Івашын ужо больш за тысячу дзён знаходзяцца за кратамі. Мікола ўтрымліваецца ў палоне рэжыму 1401 дзень, Дзяніс — 1281

***

На палітзняволенага анархіста, аўтара «Новага Часу» Міколу Дзядка ў турме завялі новую крымінальную справу. Пра гэта «НЧ» паведамілі нашы крыніцы. Крымінальная справа заведзеная па арт.411 Крымінальнага кодэкса — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Па гэтым артыкуле прадугледжана пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да трох гадоў.

У чэрвені Міколу Дзядка і многіх іншых палітзняволеных гродзенскай турмы № 1 адправілі ў ШІЗА. Як нам стала вядома, Мікола выйшаў адтуль толькі ў верасні. Акрамя гэтага, больш за год палітвязня ўтрымліваюць у адзіночнай камеры.

***

Гісторыка Ігара Мельнікава прысудзілі да 4 гадоў калоніі. Пра гэта паведамляе Генпракуратура. Яе прэс-служба адзначыла, што 26 студзеня 2022 года гісторык, знаходзячыся ў Польшчы, даў інтэрв'ю «Еўрарадыё».

На падставе ч.1 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») суд прызначыў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 4 гады з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

***

На аўтараў і гасцей белсатаўскага шоу «План:Б» заведзена крымінальная справа. Сілавікі ладзяць ператрусы ў сваякоў удзельнікаў і ціснуць на іх ужо некалькі месяцаў. Цяпер стала вядома, што гомельскі СК завёў яшчэ і крымінальную справу за дзве праграмы «План:Б», якія выйшлі ў сакавіку гэтага года, піша «Белсат».

Ток-шоу выходзіла ў эфіры з 2022 года. Апошні сезон скончыўся ў траўні 2024-га. Ці будзе працяг — пакуль невядома.

***

На праваабаронцу Сержука Сыса завочна завялі крымінальную справу. Пра гэта ён расказаў «Радыё Свабода». Яго абвінавачваюць па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.2 арт.361-4 КК).

«Мне паведамілі, што быў званок з крымінальнага вышуку, пра мяне пыталіся. Сказалі, што мяне ўжо і ў вышук абвясцілі», — расказаў выданню праваабаронца.

Паводле слоў Сыса, па гэтай справе разам з ім праходзяць 12 чалавек, сярод якіх — і рэдактар партала Orsha.eu Ігар Казмерчак. Справа заведзеная праз удзел у праграме «План Б» на тэлеканале «Белсат», які ўлады прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Гаворка ідзе пра выпускі праграмы, якія выйшлі 25 сакавіка і 1 красавіка 2024 года.

Сяржук Сыс пакінуў Беларусь у сярэдзіне 2021 года пасля ператрусаў і арыштаў у актывістаў праваабарончага цэнтра «Вясна», цяпер ён жыве ў Вільні.

***

Супраць салігарчука, які зняў з будынка Капыльскага тэрытарыяльнага цэнтра сацабслугоўвання чырвона-зялёны сцяг, распачалі крымінальную справу, паведамляе Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз.

Прадстаўнік адміністрацыі цэнтра сацабслугоўвання расказаў міліцыі, што з будынка знік чырвона-зялёны сцяг. Спецыяліст выявіў след рукі на вадасцёкавай трубе. Паводле вынікаў праверкі аказалася, што след пакінуў жыхар Салігорска 1994 года нараджэння.

Міліцыянты затрымалі салігарчука. Ён сказаў, што «хацеў зрабіць на памяць фотаздымак са сцягам».

***

Палітвязню ўкраінскага паходжання ўжо прысудзілі калонію. А цяпер судзяць яшчэ па пяці палітычных артыкулах, піша «Наша Ніва».

Сяргей Белы родам з украінскага Херсона, але амаль усё жыццё пражыў у Беларусі. Яму 51 год. Усё жыццё працаваў на розных рабочых спецыяльнасцях. У яго двое непаўналетніх дзяцей. 

Белага затрымалі ў лютым 2023 года. На міліцэйскім відэа ён кажа, што пакідаў каментары ў Telegram і «прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога». Першы раз яго прысудзілі да пазбаўлення волі ў кастрычніку 2023 года. Тады яго абвінавачвалі ў «распальванні варожасці» (ч.1 арт.130 КК).

Наступны судовы працэс над Сяргеем пачынаецца 27 верасня 2024 года ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў: «Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні» (ч.3 арт.361-1 КК), «Распальванне варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «Абраза прадстаўніка ўлады» (арт.369 КК) і «Абраза Лукашэнкі» (ч.1 арт.368 КК). Палітвязню пагражае да пяці гадоў калоніі ў дадатак да папярэдняга тэрміну.

***

Функцыянера гомельскага праўладнага прафсаюза судзілі за «распаўсюд экстрэмізму», піша «Вясна».

Учора ў судзе Добрушскага раёна разглядалася адміністрацыйная справа ў дачыненні да Мікалая Талейкі. У віну Мікалаю ставілі «распаўсюд экстрэмізму» (ч.2 арт.19.11 КаАП). Судовы працэс праводзіў суддзя Алег Васюкоў. Вынік пасяджэння высвятляецца.

Мікалай Талейка — галоўны прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі «Беларускага прафесійнага саюза работнікаў гандлю, спажывецкай кааперацыі і прадпрымальніцтва». Гэты прафсаюз уваходзіць у дзяржаўную «Федэрацыю прафсаюзаў».

Гэта ўжо другі кіраўнік праўладнага прафсаюза, якога прыцягваюць за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». У снежні 2023 года паводле ч.2 арт.19.11 КаАП судзілі Таццяну Хацкову — старшыню Гомельскай абласной арганізацыі «Беларускага прафсаюза банкаўскіх і фінансавых работнікаў». Яе тады арыштавалі на 15 сутак і потым звольнілі з пасады.

***

Сілавікі затрымалі дваіх брэстаўчан за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, Відэа з імі апублікаваў праўладны тэлеграм-канал.

«Медыязона» знайшла старонкі затрыманых у сацсетках. Там адзін з іх падпісаны як Дзмітрый Жаўнярук, другі — як Мікіта Мяргасаў.

На відэа сілавікоў Мікіта Мяргасаў кажа, што ў 2020 годзе быў на пратэстах і назіраў, як іншыя «выварочваюць брук і кідаюць лавачкі ў супрацоўнікаў міліцыі». Дзмітрый Жаўнярук кажа, што быў затрыманы за ўдзел у мітынгах разам з сябрам і што раней сілавікі затрымалі яшчэ аднаго іх прыяцеля. Ён, паводле слоў Змітра, «ужо адбывае пакаранне».

***

Суд Брэсцкага раёна вынес прысуд 11 мясцовым жыхарам, іх абвінавацілі паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» (арт.342 КК) праз удзел у пратэстах 10 жніўня 2020 года. Пра гэта са спасылкай на прэс-рэліз суда піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Мікалая Місюка суд прысудзіў да года калоніі, Міхаіл Верамчук атрымаў 2 гады «хатняй хіміі», Зміцер Салавейка — 2,5 гады.

Іллю Сабко, Аляксандра Зайцава, Мікалая Каплюка, Кірыла Яўтушыка, Артура Зарэмбу, Дзмітрыя Лысюка, Алега Бандарчука, Дзяніса Якавенку прысудзілі да паўтара года калоніі.

Праваабаронцам вядома пра 48 асуджаных паводле артыкула аб «грубым парушэнні парадку» за пратэсты ў Брэсце 10 жніўня 2020 года. Раней 70 чалавек асудзілі па артыкуле аб «масавых беспарадках» (арт.293 КК) — за тыя ж падзеі.

***

Мінскую мастачку затрымалі за каментары, піша «Вясна». Яна нібыта абражала міліцыянтаў, а таксама ўлады Беларусі і Расіі. Акрамя таго, жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна дасылала інфармацыю ў чат-бот «Чорнай кнігі Беларусі».

Таксама за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту сілавікі затрымалі інжынера-электроніка. На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што ў 2020 годзе «не менш за 5 разоў хадзіў на масавыя мерапрыемствы». Раней мужчыну затрымлівалі за «негатыўныя каментарыі» ў Telegram.

***

У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 40 чалавек — цяпер у ім 4436 прозвішчаў.

13 верасня МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці», паведамляюць праваабаронцы.

Сярод іншых, у спіс дадалі завочна асуджанага журналіста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча, палітзняволеную Наталлю Крук, якая адмовілася адказваць на пытанні прапагандыста Азаронка, а таксама музыку і прадпрымальніка Глеба Дудко.

А ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» дадалі Instagram-старонку «childfree_myway». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Савецкага раёна Мінска 11 верасня. Таксама ў «экстрэмісцкі» спіс трапіла TikTok-старонка «about_belarus» і яе лагатып.

***

На сённяшні дзень няма аніякіх звестак ад самых вядомых палітзняволеных: Марыі Калеснікавай — 589 дзён, Максіма Знака — 583 дні, Мікалая Статкевіча — 580 дзён, Ігара Лосіка — 571 дзень, Віктара Бабарыкі — 509 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 439 дзён, Уладзіміра Гундара — 402 дні.

***

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у беларускіх турмах утрымліваюцца 1344 чалавекі.

У спісах ініцыятывы «Dissidentby» знаходзяцца 1442 чалавекі. Сярод іх — 177 жанчын і 4 непаўнагадовых. 21 палітвязень адпраўлены на прымусовае лячэнне.