«Лукашэнка заўсёды робіць супярэчлівыя заявы, у якіх шукаць сэнс ці логіку — справа гіблая»
Лукашэнка 10 верасня правёў нараду аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях і падрыхтоўцы да правядзення палітычных кампаній. Колькі пафасу, але ў выніку — пшык.
«Выбары выбарамі, мы іх праводзілі не аднойчы. І гэтыя правядзем. Але трэба рыхтавацца па-сапраўднаму да наступнай пяцігодкі. З 2026 года пачынаецца новая пяцігодка. Таму мы павінны (я так мяркую) у пачатку будучага года правесці чарговы Усебеларускі народны сход. Мы павінны прадставіць людзям стратэгію на пяцігодку і вызначыць асноўныя напрамкі нашага развіцця». Вось, мабыць, і ўсё, што сказаў кіраўнік аб кампаніях.
Вядома ж, Лукашэнка не мог не ўкалоць палітычных апанентаў:
«Я проста хачу, як заўсёды, ім параіць: калі яны хочуць перавярнуць краіну і ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, даказваць сваю правату ці яшчэ нешта, ім трэба прыходзіць і змагацца на прэзідэнцкіх выбарах. Без вуліцы, без кулямётаў, без аўтаматаў і без санкцый. Людзям трэба прыйсці і растлумачыць, чаму вы так «клапоціцеся» пра Беларусь і чаму вы ваюеце супраць яе. Чаму вы плануеце ўзброенае ўварванне на тэрыторыю Беларусі».
Кожную электаральную кампанію суправаджаюць казкі дзядулі Лукашэнкі пра «перавароты», «каляровыя рэвалюцыі», «узброеныя ўварванні». І гэтым разам Лукашэнка не змяніў сабе.
Пра сэнс маючых адбыцца кампаній выданне bgmedia.site пагаварыла з палітычным аглядальнікам, гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.
— Лукашэнка мае традыцыю: заўсёды праводзіць Усебеларускі народны сход пад выбары.
Наогул нарада, якую Лукашэнка склікаў 10 верасня, выклікае здзіўленне: напусцілі туману, але нічога не сказалі. Маглі ж правесці такую сходку вузкім колам, але вырашылі зладзіць шоў. Як мне здаецца, гэта пасланне перш за ўсё тым, хто знаходзіцца за мяжой, дэмакратычным сілам.
— А чаго пасылаць «беглым»? Сказана: давайце без аўтаматаў. З аўтаматамі бегаюць Лукашэнка, а не яго палітычныя апаненты.
— Пустая рыторыка Лукашэнкі: прыходзьце і змагайцеся за ўладу — нават не заслугоўвае ўвагі. Гэта чыстай вады папулізм.
У мяне склалася ўражанне, што гэта рэакцыя Лукашэнкі. Мабыць, усё ж такі яму кладуць на стол агляды дэмакратычнай прэсы — ён рэагуе. А калі рэагуе, ён не можа стрымацца, яму трэба публічна адказаць. Тым самым ён падкрэслівае, што што ўсё чытае і назірае.
Бо пра што ён разважаў? Ён разважаў пра тое, што «збеглыя» прыпісалі сабе вызваленне палітвязняў і пра тое, што прэзідэнцкая кампанія пройдзе 23 лютага 2025 года. Але дзяржаўная прапаганда пра ўсё гэта не піша, а людзі, якія не чытаюць «экстрэмісцкія» выданні, нават не ў курсе, што такія размовы ходзяць. Але Лукашэнка вырашыў палемізаваць: мабыць, закранула.
Насамрэч нічога новага не прагучала. Нават не сказана, калі павінна адбыцца «прэзідэнцкая кампанія». Але мяркуючы з таго, што нарада праведзеная цяпер, трэба рыхтавацца да «прэзідэнцкай кампаніі» сапраўды зімой.
— У чым жа тады складаецца пасланне дэмакратычным сілам?
— А пасланне простае: «выбары» правяду як захачу, а з вамі буду змагацца да канца. Вы засталіся там, за мяжой, вяртайцеся — будзем з вамі змагацца. Але гэта чыста папулісцкія, здзеклівыя развагі. «Памілаваннем» палітвязняў яму трэба паказаць, што ў Беларусі ён гаспадар, што ён вырашае, што ніхто на яго не можа націснуць.
— Але Лукашэнка так і не патлумачыў, чаму ён вызваляе палітвязняў…
— Усё тлумачыцца актам гуманізму. Ну і вядома ў канцы Лукашэнка абвясціў, што ўсе вызваленыя знаходзяцца пад поўным кантролем МУС. Сказаў, што выпускаюць хворых, ледзь жывых, амаль інвалідаў — напіраў на гуманітарную кампаненту. І прыплюсаваў яшчэ сюды эканамічныя меркаванні: навошта за дзяржаўны кошт утрымліваць зняволеных? Гэта гучыць наогул абсурдна: міліцэйскі кантроль за вызваленымі каштуе, магчыма, значна больш, чым утрыманне чалавека ў турме.
— Значыць, увесь гуманізм Лукашэнкі ўрэшце зводзіцца да таго, што ён адпусціў палітвязняў паміраць на ўмоўнай свабодзе?
— Ці пад хатні арышт. Лукашэнка, як заўсёды, робіць супярэчлівыя заявы, у якіх шукаць нейкі сэнс ці логіку — справа гіблая. Кажа ўсё, што хоча сказаць: імправізуе, прыдумляе на хаду.
— Якія высновы можна зрабіць з чарговай гаварыльні? Лукашэнка ідзе на чарговую кампанію, і працягне ісці датуль, пакуль будуць ногі трымаць?
— Лукашэнка не казаў, што пойдзе на «прэзідэнцкую кампанію». Але пойдзе і, напэўна, хочуць правесці гэтыя «выбары» крыху раней, лепш у зімовы час, можа быць, ранняй вясной. З летам у яго звязаны негатыўны вопыт: успомнім гарачае лета 2020 года.
Больш за тое, цяперашняя стабільнасць у эканоміцы невядома чым можа абярнуцца ў сярэдзіне лета. І самае галоўнае — ніхто не ведае, які стан яго здароўя: цяпер ён як бы ў форме, але ніхто не ведае, што стане праз месяц-другі. І чацвёрты фактар — вайна ва Украіне.
— Значыць, задача Лукашэнкі — як мага раней перапрызначыцца, а там хоць трава не расці?
— Чым раней правядзе, тым спакайней будзе.
— А што ён збіраецца рабіць з палітвязнямі?
— Думаю, невялікімі партыямі палітвязняў можна вызваляць і далей, каб «перагарнуць старонку» ў нейкім сэнсе. Але наўрад ці палітвязняў стануць вызваляць сотнямі. Больш за тое, знакавых фігур яму няма сэнсу вызваляць, пакуль ён не дамовіўся з Захадам. Магчыма, гаворка можа ісці пра тое, што пэўную колькасць палітвязняў вызваляць «пад выбары». Потым Лукашэнка правядзе так званыя «выбары», якія ніхто не прызнае. Паўстане пытанне: як выбудоўваць з Лукашэнкам адносіны? Тады ён нагадае, маўляў, цыкл прайшоў, Давайце перавернем старонку канчаткова. І тут магчымыя дамоўленасці з Захадам: Лукашэнка вызваляе кагосьці са знакавых фігур — Захад нешта размарожвае.
Тэарэтычна такі сцэнар магчымы. Але вызваленне сваіх асабістых «ворагаў», якімі Лукашэнка лічыць сваіх палітычных апанентаў, да «выбараў» малаверагодна.
— Кулуарныя перамовы з Захадам-гэта рэальнасць ці фальшыўка?
— Цяжка сказаць. Але мяркуючы па інсайдах, нейкія кансультацыі могуць праходзіць. Аднак выніку не відаць.