«Ябацькі спалохаліся, што да іх прыляцела». Што ў Гомелі кажуць пра выбух «Шахеда» над горадам
Выбухі ад збітых расійскіх беспілотнікаў над гомельскім небам выклікалі вялікі рэзананс у СМІ. Але больш за ўсё падзея ўразіла мясцовае насельніцтва, якое, хоць і прызвычаілася з 2022 года жыць з усведамленнем небяспекі, але ўсё адно не бачыла вайну так блізка.
Паводле паведамленняў СМІ, у ноч з 4 на 5 верасня ў паветраную прастору Беларусі трапілі да 8 расійскіх дронаў-камікадзэ. Два з іх былі збітыя непасрэдна на Гомельшчыне, абломкі аднаго са збітых беларускай авіяцыяй лятальных апаратаў упалі на склад у гомельскай Навабеліцы, у выніку чаго адбылася ўзгаранне.
Як рэагавалі на начныя выбухі гомельцы? Чытачы «Штодня» дзеляцца сваімі назіраннямі.
«Цэлы дзень (5 верасня) людзі ў Гомелі абмяркоўвалі наступствы начной акцыі па збіцці БПЛА. Гавораць, што гукі выбухаў было добра чуваць у ваколіцах “Крышталя” на Навабеліцы. Па цэнтры раёна так бабахнула, што ажно сям-там шкло вылятала, дзверы трэсліся.
На раёне “Фестывальны” людзі чулі таксама, што нешта здарылася. У пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў у Гомелі таксама чуваць было, як перамяшчаюцца вялікія транспартныя самалёты, знішчальнікі. Калі цяжкія ваенныя летакі праносіліся ў небе, стаяў гул такі страшны. Таму многія мясцовыя навучыліся па гуку адрозніваць вайсковыя самалёты. Карацей, тут “весела”, але “шахеды” яшчэ не ляталі…»
«Цікава, што беларускія ваенныя ў афіцыйных каментарах нічога канкрэтнага не гаварылі. Маўляў, пэўна, што гэта былі БПЛА і ўсё. А вось прапагандысты з БТ, паказваючы навіны, сказалі ў такім рэчышчы: “Раней з боку Украіны дроны таксама заляталі. Гэта не першы выпадак, бла-бла-бла.” Карацей, Украіна ў іх дакладна вінаватая. Гэта спецыяльна робіцца, каб нашыя людзі злыя былі на Украіну. Але ж у Гомелі дзіўны настрой: нават вата закаранелая не каментуе, хто гэта зрабіў. Яны ходзяць і распавядаюць, як бабахнула, як страшна ім было. Пакуль няма высноваў, што гэта адныя ці іншыя. А нармалёвыя людзі па зразумелай прычыне маўчаць. І такіх вельмі шмат…»
«На дзяржаўных прадпрыемствах ідэолагі прамываюць працоўным мазгі, што не трэба давяраць неафіцыйным крыніцам. А слухаць толькі заявы Мінабароны. У чатах заводаў распаўсюджваюць паведамленні супраць распаўсюду чутак пра здарэнне… Але тэма ўсё адно актыўна прагаворваецца. Я і ў грамадскім транспарце чуў, і ў крамах. Я спецыяльна не падслухоўваў, але паўсюль выбухі абмяркоўваюць. Пакуль адмашку не далі ўсім аматарам РФ крычаць, што Украіна БПЛА адпраўляе, то ніхто гэта і не гаворыць.
Прыхільнікі рэжыму спалохаліся не таму, што каментаваць асабліва нельга, але яны “абасраліся”, што да іх прыляцела. Вайна ж “далёка”, а тут, аказваецца, побач. Добра, што не трапіла ў жылы будынак, а на склад мэблевай фабрыкі, якая даўно не існуе. Няма там больш фабрыкі, дык яшчэ і дроны падаюць. А каб, не дай Божа, у жылы будынак трапіла?! Карацей, вайна сапраўдная страшная, калі яе бачыш на свае вочы, а не на экране ТБ»...