Вырвацца з лап КДБ. З Беларусі эвакуяваная маці былой палітзняволенай
Людміла Класкоўская — маці нашай калегі, былой палітзняволенай журналісткі Вольгі Класкоўскай. 23 студзеня жанчыну затрымаў КДБ — у рамках масавай аблавы на сваякоў палітвязняў па так званай «справе е-дастаўкі».
Пенсіянерку абвінавацілі ў атрыманні дапамогі «ад экстрэмісцкіх арганізацый»: у кватэры Людмілы прайшоў ператрус, а яе саму прымусілі падпісаць падпіску аб неразгалошванні.
Пасля мардоўнага допыту 67-гадовую жанчыну выпусцілі, але сказалі чакаць позву ў суд.
Цяпер Людміла Класкоўская ў бяспецы і разам са сваёй дачкой. У бліжэйшы час яна сама падрабязна распавядзе, што азначае быць сваяком палітвязня і ўвесь час сутыкацца праз гэта з ціскам з боку сілавікоў. Вялікае інтэрв’ю Людмілы Класкоўскай — неўзабаве на старонках «Новага Часу».