У некаторых прайшло ўсведамленне. Калі пачнуць раскайвацца?

Калі ў шэрагах апазіцыі ўзнікае чарговы скандал і чарговая спрэчка з нагоды таго, што «мы тут сабачымся, а нашы праціўнікі адзіныя», я заўсёды думаю, што мы не ведаем, ці сапраўды адзіныя нашы праціўнікі. Мы можам меркаваць пра гэта толькі па ўскосных падзеях. І на гэтым тыдні сімптомы вельмі цікавыя.

Фрагмент карціны Арсені Віктор «Пакаянне інака». Крыніца: yandex.by

Фрагмент карціны Арсені Віктор «Пакаянне інака». Крыніца: yandex.by

Вось, напрыклад, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка не выключыў змен у заканадаўства пасля прэзідэнцкіх «выбараў». Паводле яго, многія краіны цяпер прымаюць заканадаўства аб так званых «замежных агентах». «Пагадзіцеся, як можна правесці справядлівыя выбары, калі арганізацыя, якая ўдзельнічае ў выбарах, фінансуецца з-за мяжы і выконвае пэўны заказ тых, хто плаціць гэтай арганізацыі? Гэта ж відавочна. Хутчэй можна задаць пытанне: ці дастаткова таго, што мы прынялі? Не магу сказаць, бо ўсё гэта трэба апрабаваць на практыцы. І практыка пакажа, дзе нам трэба нешта ўдасканаліць», — заявіў Карпенка.

Ідэя прыняць закон аб «замежных агентах» у Беларусі паводле прыкладу Расіі не новая: у 2020 годзе пра гэта казаў дэпутат Андрэй Савіных. Але пасля «зачысткі», якая доўжыцца дагэтуль, узнікаюць пытанні: няўжо ў РБ засталіся арганізацыі, якія не толькі могуць быць «замежным агентам», але і нават умешвацца ў выбары, быць, як сказаў Карпенка, «удзельнікам выбарчага працэсу»?

Каго мае на ўвазе спадар Карпенка? У Беларусі цалкам зачышчаныя нелаяльныя палітычныя партыі, да гэтага часу выкрываюцца «няправільныя» НДА (апошнім часам гэта аматары ровараў і настаўнікі), недзяржаўныя СМІ — спрэс у выгнанні... Дык каго Карпенка лічыць замежным агентам? Няўжо ЛДПБ Алега Гайдукевіча?

Вы здзівіцеся, але, хутчэй за ўсё, — так. Увесь час нам кажуць, што «калектыўны Захад точыць зубы на нашы выбары», і наступныя выбары, дата якіх нават не агучана, не выключэнне. А калі зубы точаць, то трэба знайсці гэтага зубастага, каб прадэманстраваць пільнасць нашых спецслужбаў і моц нашага рэжыму. Ну і, калі ворага няма, трэба яго прызначыць. Можна кагосьці са сваіх, якія «не вельмі свае». 

Не менш сенсацыйную заяву на тыдні зрабіў былы намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі, памочнік Лукашэнкі ў Мінску, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Барсукоў. Ён з парламенцкай трыбуны прызнаў, што сярод затрыманых за пратэсты ў 2020 годзе былі толькі «адзінкі» тых, каго раней судзілі за незаконны абарот наркотыкаў.

Глядзіце таксама

Чатыры гады таму Лукашэнка неаднаразова называў пратэстоўцаў «наркаманамі» і «прастытуткамі», у выніку чаго з’явіўся папулярны мем, і «нармаканам і прастытуткай» сталі называцца з гонарам. А вось Барсукоў на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў падчас абмеркавання паправак у Крымінальны кодэкс заявіў: 

«Тое, што тычыцца 2020 года, і калі прыцягвалі, у тым ліку да адміністрацыйнай адказнасці асоб, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, а я непасрэдна гэтым займаўся, аналізам гэтых усіх, так, я пацвярджаю, што прыкладна каля 12% тых прыцягваемых былі раней судзімыя. Ну, за наркотыкі там быў мінімум, за наркотыкі — у мяне ўсе статыстычныя даныя маюцца. Наогул так. Таму што тое, што дастаўлялася ў ЦІП, вы ведаеце, як беларускага народа, прабачце, гэта быў я. І я гэтым займаўся. Я бачыў гэта ўсё. Таму тут перакручваць, можа быць, і няма неабходнасці такой. Былі за розныя крымінальна караемыя дзеянні прыцягваліся. Але за наркотыкі там, па вялікім рахунку, былі адзінкі», — заявіў Барсукоў.

«Так, яны (затрыманыя) проста казалі, якія раней судзімыя, у тым ліку за цяжкія злачынствы. А чаго вы, хлопцы, вось выступаеце за каляровую рэвалюцыю, вось ва Украіне перамаглі так, каляровая рэвалюцыя — там усё ў аўтарытэце, прыязджаеш, як у 90-я гады, вось мы толькі таму... А не было такога. Я дакладную запіску адпаведную рыхтаваў. Таму перакручваць тут, мне здаецца, няма неабходнасці, таму што гэта можна расцаніць па-іншаму цалкам абсалютна», — сказаў ён.

То-бок, спадар Барсукоў з высокай трыбуны прызнаў, што на пратэст выходзілі ў пераважнай большасці не маргіналы, людзі раней не судзімыя, цалкам сабе законапаслухмяныя, якія не збіраліся ўстанаўліваць у краіне нейкія крымінальныя парадкі… Праўда, Барсукоў не сказаў, чаго сапраўды хацелі гэтыя людзі… Але, пэўна, ён выдатна ведае чаго. 

Але факт — «з таго боку» ўжо прызнаюцца: пратэсты 2020-га не былі «бандыцкімі дзеяннямі». Гэта сапраўды быў народны пратэст. 

Калі Барсукоў прызнаў гэта ў парламенце, то сумна вядомы Яўген Катляроў (ён жа Яўген Какойта і Мікіта Канцавы) усвядоміць свае памылкі ўжо ў турме. Яго будуць судзіць паводле «палітычных» артыкулаў, працэс прызначаны на 30 верасня ў Навабеліцкім судзе Гомеля.

Катляроў вядомы тым, што ўкараніўся ў асяроддзе пратэсных блогераў і правакаваў там розныя канфлікты. Пазней адкрыта выступіў у падтрымку ўладаў, удзельнічаў у правакацыях у «чат-рулетках», па яго даносах было затрымана некалькі чалавек. Ён рассылаў ілжывую інфармацыю незалежным СМІ, але таксама крытыкаваў прапагандыстаў і мясцовыя ўлады, папракаючы іх у неэфектыўнасці. Напрыклад, пасля сустрэчы з намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама Бараноўскім у лістападзе 2023 года ён напісаў, што «змагары мелі рацыю, уладу трэба дзяўбці і дзяўбці».

У студзені 2024 года яму далі штраф за «распаўсюд экстрэмізму». Відэа на канале Катлярова, звязаныя з крытыкай уладаў, зніклі. У сакавіку 2024 года ён напісаў у адміністрацыю Лукашэнкі ліст, каб даведацца, ці законна мець татуіроўку з «Пагоняй» — ён якраз зрабіў сабе такую. Пасля Катляроў заявіў, што ў яго праблемы, ім раптам зацікавіліся сілавікі. Цяпер 48-гадовага гамельчука абвінавачваюць у «дыскрэдытацыі Беларусі» і «абразе прадстаўніка ўлады».

На фоне чарговых «актаў гуманізму» і памілаванняў, пра якія ніхто не прасіў, становіцца зразумела, што «ябацяк» пачало ліхаманіць. Што прывяло да гэтай ліхаманкі, пакуль незразумела, але мы, як дактары, трымаем руку на пульсе. Ці ачуняе пацыент? І якія ў яго яшчэ магчымая сімптомы?