Як М’янма дэмакратызавалася наадварот
Кожная дыктатура толькі робіць выгляд, што ідзе сваім шляхам, але ж насамрэч таталітарныя захады ў розных краінах вельмі падобныя. У гэтым сэнсе ўзровень свабоды слова і стан журналістыкі — найлепшыя маркёры сітуацыі, прычым што ў Беларусі, што ў М'янме.
На пачатку 2021 года да ўлады ў М’янме прыйшла ваенная хунта. Некаторы час здавалася, што рэжым стабілізаваўся. Аднак гэта не так. За апошні месяц баявыя дзеянні актывізаваліся, супраць дыктатуры аб’ядналіся некалькі паўстанцкіх груповак, якія пры падтрымцы насельніцтва дасягнулі пэўных поспехаў, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Сітуацыя ў гэтай краіне нечым нагадвае беларускае становішча, але што тычыцца медыяў і ціску на свабоду слова — супадзенняў яшчэ больш. Журналіст Мрат К’яў Ту, які жыве ў выгнанні, на канферэнцыі ў Вільні распавёў, што адбываецца на яго радзіме.
«Ты адлюстроўваеш падзеі і неўзабаве яднаешся з рэвалюцыяй»
Кожная дыктатура толькі робіць выгляд, што ідзе сваім шляхам, але ж насамрэч таталітарныя захады ў розных краінах вельмі падобныя. У гэтым сэнсе ўзровень свабоды слова і стан журналістыкі — найлепшыя маркёры сітуацыі.
Цяпер у М’янме затрыманыя 67 журналістаў. Краіна, насельніцтва якой, па грубых ацэнках, складае прыкладна 52 мільёны чалавек, займае 173 з 180 месцаў у Індэксе свабоды прэсы (для параўнання: Беларусь на 157-м месцы).
Многія незалежныя медыя цяпер працуюць у выгнанні, і гэта яшчэ адна асаблівасць, якая нагадвае беларускую сітуацыю. Так, Мрат К’яў Ту жыве ў Іспаніі. Але большасць яго калег пераехалі ў Тайланд. Інфармацыю журналісты атрымліваюць таемна, ад грамадзянскіх крыніц.
— З 2021 года я не магу пазбавіцца ад пачуцця віны. Такое ўражанне, нібыта зараз я жыву лёгкае жыццё, — расказаў Мрат К’яў Ту, на акаўнт якога ў Facebook падпісаныя каля мільёна чалавек. — Ты адлюстроўваеш падзеі і неўзабаве яднаешся з рэвалюцыяй. Немагчыма застацца ў баку, калі ведаеш, што адбываецца кожны дзень і наўпрост цяпер.
«Смак свабоды цягнуўся каля дзесяці гадоў»
У нейкі момант здавалася, што М’янма пачала дэмакратызавацца. У 2015 годзе прайшлі першыя свабодныя выбары, краіну ўзначаліла былы апазіцыянер, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Аўн Сан Су Чжы (цяпер знаходзіцца пад арыштам, прызнаная палітзняволенай).
— Гэта быў смак свабоды, які цягнуўся каля дзесяці гадоў — з 2010-га па 2020-ы, — згадаў Мрат К’яў Ту. — У краіну прыйшлі замежныя інвестыцыі з ЗША, Вялікабрытаніі, Іспаніі, Нарвегіі, Швейцарыі. М’янму наведалі Барак Абама (у 2012-м) і Папа Рымскі Францішак (у 2017-м).
Адно з незалежных медыяў, якое было заснавана ў Нарвегіі ў 1990-я — «Дэмакратычны голас Бірмы» (DVB). Знаходжанне ў эміграцыі дазваляла журналістам рабіць радыё- і тэлеперадачы без цэнзуры. На хвалі дэмакратызацыі, у 2012-м, тэлеканал вярнуўся ў М’янму і вельмі хутка стаў адным з найбольш паважаных галасоў свабоды.
Але былі і трывожныя званочкі. У 2017 годзе ўрад М’янмы пачаў аперацыю супраць прадстаўнікоў народа рахінджа, якія з'яўляюцца мусульманамі. Паводле ААН, гэта быў класічны этнічны генацыд. У выніку каля паўмільёна чалавек былі вымушаныя бегчы ў Бангладэш.
Такія маштабныя падзеі не могуць ігнаравацца грамадствам і прэсай. Гэта выклікала шэраг публікацый, якія ўлада не магла не заўважаць. У выніку супрацоўнікі медыя сутыкнуліся наўпрост з супрацьдзеяннем.
— Самым вялікім ударам стаў арышт у 2018 годзе двух журналістаў Reuters, якія расследавалі масавыя забойствы рахінджа, — адзначаюць «Рэпарцёры без межаў». — Адбыўся фіктыўны суд. Супрацоўнікі інфармагенцтва правялі ў зняволенні больш за 500 дзён, пакуль не былі памілаваныя. Прысуд стаў папярэджаннем для ўсіх журналістаў, якія зразумелі, што ім давядзецца двойчы падумаць, перш чым праводзіць якія-небудзь расследаванні, што могуць паставіць урад у няёмкае становішча.
«Прыхільнікі ваеннай хунты падтрымліваюць пераслед апанентаў»
У 2021 годзе ў М’янме адбыўся ваенны пераварот, які выклікаў масавыя пратэсты. Яны былі задушаныя. Сілавікі затрымалі больш за 12 500 чалавек, уключна 240 дзяцей. Вядома пра масавыя катаванні ў турмах. У працэсе рэпрэсій загінулі больш за 1600 чалавек, 350 з іх — у зняволенні.
Жахліва думаць, што ў Беларусі сітуацыя не самая горшая ў свеце, але ж праўда ў тым, што ў сучасным свеце ўлады могуць абыходзіцца са сваімі грамадзянамі яшчэ больш бязлітасна.
Рэпрэсіі закранулі і супрацоўнікаў СМІ: 171 журналіст пасля перавароту трапіў за краты. Дагэтуль у месцах несвабоды застаюцца 67 супрацоўнікаў медыя.
— Калі штосьці рэпартуеш з краіны, то становішся тым, на каго рэжым накіроўвае нянавісць людзей, — адзначыў Мрат К’яў Ту. — Прыхільнікі ваеннай хунты падтрымліваюць пераслед апанентаў. Яны накідваюцца на нас у сацсетках, у абмеркаваннях пад відэаролікамі на YouTube. Абвінавачваюць у тым, што мы прыдумляем фэйкавыя навіны.
Усе гэтыя прыёмы добра знаёмыя беларускім журналістам. Прапаганда Лукашэнкі рэгулярна выкарыстоўвае сваіх аднадумцаў, каб атрымаць падтрымку і дыскрэдытаваць незалежныя медыя (узгадаць хаця б гомельскага правакатара Яўгена Катлярова).
— Вайскоўцы былі нацэленыя на маё затрыманне, — журналіст асабіста зазнаў пераслед. — Яны назвалі маё імя, паказалі мае фатаграфіі. Але мне пашанцавала, і я паспеў з’ехаць.
Фактычна незалежныя медыя вярнуліся ў стан да 2010 года, калі многія працавалі ў выгнанні. «Дэмакратычны голас Бірмы» зноў вядзе эфір з-за мяжы. А яго дзейнасць у М’янме была забароненая ў сакавіку 2021 года. Як тут не правесці аналогію з «Белсатам»! (Хоць яго супрацоўнікі нават у адлігу былі вымушаныя працаваць напаўлегальна.)
У выніку медыяландшафт вельмі нагадвае сітуацыю ў Беларусі. З аднаго боку існуюць кантраляваныя ўрадам М’янмы СМІ — гэта прапагандысцкія крыніцы, якія не змаглі заваяваць давер насельніцтва. З другога — незалежныя медыі ў выгнанні. А паміж гэтымі двума палюсамі — жменька СМІ, якія спрабуюць ісці па далікатным шляху паміж спробай інфармаваць суграмадзян і неабходнасцю не пакрыўдзіць ваенную хунту.
— Працаваць у выгнанні цяжка, — прызнаў Мрат К’яў Ту. — Даволі складана вызначыць сваю працу як 100% прафесійнага журналіста, калі не знаходзішся на месцы.
Тыя ж выклікі — у беларускіх незалежных СМІ. Рэжым Лукашэнкі з усіх сіл спрабуе павялічыць гэп паміж грамадствам і медыямі. Аднак паўнавартасна гэта не атрымліваецца, пра што сведчаць звесткі сацыёлагаў. Па-ранейшаму вялікая частка аўдыторыі чытае «забароненыя» сайты і глядзіць YouTube-каналы, нягледзячы на крыміналізацыю.
Краіна стала адной з найбуйнейшых у свеце турмаў для журналістаў
Калі ж працягваць параўнанні, то атрымліваецца, што М’янма не паспявае за беларускім рэжымам. Толькі некалькі тыдняў таму хунта ўнесла папраўкі ў закон без абмеркавання, каб узяць пад свой кантроль Савет па тэлерадыёвяшчанні — орган, які адказвае за нагляд за тэлебачаннем і радыё. У новай рэдакцыі закона цяпер прадугледжанае аўтаматычнае прызначэнне ваенных кадраў хунты ў савет.
Хоць многія незалежныя журналісты з’ехалі, але заставаліся тыя, хто спрабаваў асвятляць іншыя падзеі. Аднак і яны сутыкнуліся з ціскам. У прыватнасці, напрыканцы кастрычніка 2023 года рэпарцёр анлайн-СМІ Development Media Group быў арыштаваны падчас асвятлення культурнага фестывалю. Праз некалькі гадзін ваенныя ўварваліся ў офіс рэдакцыі, арыштавалі ахоўніка, астатнія супрацоўнікі здолелі ўцячы. Без тлумачэнняў офіс апячаталі, канфіскавалі некалькі фотаапаратаў і ноўтбукаў.
— Мой калега, фотажурналіст выдання Myanmar Now Сай Заў Тайке, якому 40 гадоў, асвятляў у верасні 2023 года наступствы цыклона, — узгадаў яшчэ адзін прыклад Мрат К’яў Ту. — Яго арыштавалі, абвінавацілі ў дэзінфармацыі і падбухторванні да мяцяжу і прысудзілі 20 гадоў турэмнага зняволення з катаржнымі працамі.
Прыкладна такія ж нязграбныя фармулёўкі
выкарыстоўваюцца ў судах Мінска, Гомеля, Віцебска, калі адбываюцца т. зв.
працэсы над журналістамі.
— Журналістыка з’яўляецца надзвычай небяспечнай прафесіяй у М'янме, дзе існуюць значныя рызыкі трапіць у турму, падвергнуцца катаванням альбо быць забітым, — папярэджваюць «Рэпарцёры без межаў». — Гэта краіна стала адной з найбуйнейшых у свеце турмаў для журналістаў, саступаючы толькі Кітаю. Нешматлікія сведчанні, якія паступілі з месцаў несвабоды, кажуць аб надзвычай суровых ўмовах і сістэматычным прымяненні катаванняў.
Савет дзяржаўнага кіравання, як афіцыйна называецца хунта, аднавіў сістэму папярэдняй цэнзуры і не дазваляе СМІ асвятляць шматлікія парушэнні правоў чалавека. А кіраўнік хунты генерал Мін Аўнг Хаінг адкрыта прапагандуе палітыку тэрору ў дачыненні да «непаслухмяных» журналістаў.
Але цяпер у генерала — больш актуальныя справы. Краіна ахопленая грамадзянскай вайной. У большасці правінцый адбываюцца баі. Неўзабаве хунта можа згубіць уладу.