ХАМАС тры гады рыхтаваўся да нападу на Ізраіль

Тэрарысты ХАМАС вучыліся захопліваць закладнікаў і праводзіць рэйды ў кібуцах, прычым вучэнні праходзілі за кіламетр ад мяжы тройчы з 2020 года. 

З 2020 года палесцінскія ўзброеныя групоўкі праводзілі сумесныя ваенныя вучэнні. Фота ВВС

З 2020 года палесцінскія ўзброеныя групоўкі праводзілі сумесныя ваенныя вучэнні. Фота ВВС

Баевікі ХАМАС як мінімум на працягу трох гадоў рыхтаваліся да нападу на Ізраіль і правялі некалькі сумесных вучэнняў з дзесяццю палесцінскімі групоўкамі, высветліла ВВС

Першыя трэніроўкі прайшлі яшчэ ў 2020 годзе. На іх тэрарысты адпрацоўвалі захоп закладнікаў, рэйды на суседнюю тэрыторыю і прарыў абароны ізраільцян. 

Вучэнні праходзілі менш чым за адзін кіламетр ад мяжы сектара Газа з Ізраілем, а відэа трэніровак баевікі выкладвалі ў сваіх сацсетках. Журналісты BBC Arabic і BBC Verify, якія вывучылі фота і відэа тэрарыстаў, распавялі, як ХАМАС рыхтаваўся да вайны з Ізраілем.

Агулам баевікі ХАМАС правялі чатыры этапы вучэнняў пад назвай «Моцная апора», у якіх разам з імі ўдзельнічалі прадстаўнікі яшчэ дзесяці палесцінскіх груповак. Іх журналісты адрознівалі па павязках на галовах і эмблемах. 

Пра першыя вучэнні, якія прайшлі 29 снежня 2020 года, абвясціў лідар ісламісцкага руху Ісмаіл Ханія, які кантралюе сектар Газа. Ён назваў іх «моцным пасланнем і знакам адзінства» паміж рознымі ўзброенымі групоўкамі Газы, якія да гэтага не ўзаемадзейнічалі паміж сабой настолькі шчыльна.

Кадры першых вучэнняў, якімі кіравалі камандзіры ў масках, пачыналіся з залпа ракет. Затым узброеныя баевікі нападалі на макет танка з ізраільскім сцягам, затрымлівалі аднаго чалавека з экіпажа і адводзілі яго ў палон. 

Такую ж тактыку, як вынікае з відэа і расказаў відавочцаў, ХАМАС выкарыстаў 7 кастрычніка 2023 года пры ўварванні ў Ізраіль.

Другія вучэнні прайшлі амаль праз год, 26 снежня 2021 года. Як сцвярджаў камандуючы ваеннага крыла ХАМАС — брыгад «Із ад-Дын аль-Касам» — Айман Нафаль, гэтыя трэніроўкі павінны былі прадэманстраваць суперніку, што яго не змогуць абараніць сцены і інжынерныя збудаванні на межах сектара Газа з Ізраілем. 

Аналагічныя — ужо трэція вучэнні — прайшлі яшчэ праз год. На фота, датаваных снежнем 2022-га, баевікі трэніраваліся ў зачыстцы будынкаў і абгоне танкаў у месцы, падобным на копію вайсковай базы.

Апошнія вучэнні ХАМАС правёў 12 верасня 2023 года — менш чым за месяц да нападу на Ізраіль. На відэа, як піша ВВС, баевікі перамяшчаліся ў белых пікапах Toyota — такія ж выкарыстоўваліся пры атацы на кібуцы на поўдні Ізраіля. 

Аўтамабілі, на якіх баевікі ХАМАС уварваліся на тэрыторыю кібуца Беэры ў Ізраілі, 11 кастрычніка 2023 года. Фота: Atef Safadi / EPA / Scanpix / LETA

Аўтамабілі, на якіх баевікі ХАМАС уварваліся на тэрыторыю кібуца Беэры ў Ізраілі, 11 кастрычніка 2023 года. Фота: Atef Safadi / EPA / Scanpix / LETA

Тэрарысты адпрацоўвалі рэйды па жылых дамах, стралялі па муляжах унутры макетаў, а таксама трэніраваліся штурмаваць пляж з дапамогай лодкі і дайвераў.

Перад атакай ХАМАС не публікаваў відэа трэніровак на матацыклах і парапланах, з дапамогай якіх баевікі прарывалі мяжу з Ізраілем 7 кастрычніка. Аднак праз тры дні пасля нападу ў іх сацсетках з'явіўся яшчэ адзін ролік, на якім тэрарысты трэніраваліся прызямляцца на парапланах на тэрыторыі макета, які імітуе ізраільскі кібуц. 

Гэты запіс, як устанавілі журналісты, быў зроблены незадоўга да 25 жніўня 2022 года і захоўваўся пад імем «Eagle Squadron» — так ХАМАС называе сваё паветранае падраздзяленне. 

Такім чынам, можна меркаваць, што тактыка выкарыстання парапланаў распрацоўвалася больш за год, пішуць ВВС.

Трэніроўкі баевікоў праходзілі на 14 пляцоўках у дзевяці раёнах сектара Газа. Макет ізраільскай вайсковай базы, на якім ХАМАС адпрацоўваў штурм у 2022 годзе, быў размешчаны за 2,6 кіламетра ад кантрольна-прапускнога пункта Эрэз на мяжы сектара Газа і Ізраіля — і ўсяго за 800 метраў ад сцяны, якая аддзяляе анклаў. 

Як адзначае ВВС, макет быў пабудаваны ў катлаване, таму ён мог заставацца незаўважным для наземных патрулёў ЦАХАЛ, аднак дым ад выбухаў на месцы трэніроўкі напэўна павінны былі засекчы ізраільскія вайскоўцы, якія выкарыстоўваюць назіранне з паветра.

Яшчэ адна з пляцовак, дзе праходзілі трэніроўкі, размяшчалася менш чым за 1,6 кіламетра ад размеркавальнага цэнтра агенцтва ААН па аказанні дапамогі.

Ізраільскія вайскоўцы, сцвярджае ВВС, не маглі не сачыць за вучэннямі, пра якія баевікі паведамлялі публічна. У красавіку 2023 года ЦАХАЛ разбамбіў месца, дзе праводзіліся першыя вучэнні. 

За некалькі тыдняў да нападу ХАМАС жанчыны-вайскоўцы Арміі абароны Ізраіля, якія ажыццяўлялі назіранне за мяжой, заўважылі павышаную актыўнасць дронаў і патэнцыйную трэніроўку баевікоў непадалёк. 

Як пісалі ізраільскія СМІ, яны перадалі адпаведную інфармацыю свайму кіраўніцтву, але гэтыя паведамленні былі праігнараваны. 

На думку суразмоўцы ізраільскай газеты «Гаарэц», сваю ролю ў гэтым адыграў сексізм з боку мужчын, старшых афіцэраў. «Няма сумневаў, што калі б за гэтымі экранамі сядзелі мужчыны, усё было б па-іншаму», — сказаў ён.

Брыгадны генерал Амір Авіві, былы намеснік камандуючага ЦАХАЛ у сектары Газа, заявіў ВВС, што ў Арміі абароны Ізраіля было шмат разведвальных даных пра вучэнні. Але, хоць вайскоўцы і ведалі пра трэніроўкі, яны «не бачылі, да чаго рыхтаваліся баевікі», адзначыў ён.

Прадстаўнікі Арміі абароны Ізраіля ў каментары журналістам сказалі, што яны сканцэнтраваны на ліквідацыі пагрозы з боку ХАМАС, а пытанні аб любых патэнцыйных няўдачах «будуць разгледжаны на больш познім этапе».

З дзесяці палесцінскіх груповак, якія ўдзельнічалі ў вучэннях, пяць далучыліся да баевікоў ХАМАС падчас атакі на Ізраіль, піша ВВС. Тры з іх — «Ісламскі джыхад», «Брыгады маджахедаў» і «Брыгады Аль-Насер Салах ад-Дзін» — сцвярджаюць, што разам з ХАМАС захапілі ў палон ізраільскіх закладнікаў. Усяго баевікі захапілі больш за 240 чалавек. 

Пасля заключэння здзелкі аб абмене закладнікаў на палесцінскіх зняволеных дадому вярнуліся ўжо больш за 50 ізраільцян. У большасці гэта жанчыны і дзеці, мужы і бацькі многіх з іх застаюцца ў палоне.

Пра тое, што ХАМАС два гады таемна рыхтаваў напад на Ізраіль, раней таксама распавядалі журналісты «Reuters». Крыніца, блізкая да баевікоў, сцвярджала, што ў рамках падрыхтоўкі да нападу ХАМАС пабудаваў у Газе макет ізраільскага паселішча, дзе адпрацоўваў высадку вайсковага дэсанта і штурм.

Пазней газета «The New York Times», якая пагаварыла з дзясяткам ізраільскіх, арабскіх, еўрапейскіх і амерыканскіх чыноўнікаў, паведамляла, што падраздзяленне ізраільскай радыёэлектроннай разведкі за год да атакі ХАМАС спыніла праслухоўванне рацый баевікоў, паколькі палічыла гэта «пустым марнаваннем намаганняў».

Паводле ВВСmeduza.io