Ізраільскія арабы ўмеюць жыць без тэрарызму

Арабы ў Ізраілі складаюць на сёньня 20% насельніцтва. Кожны дзясяты зь іх – хрысьціянін, у парлямэнце ад моманту стварэньня дзяржавы Ізраіль заўжды прысутнічаюць арабскія дэпутаты. Паглядзім на прыклады мірнага суіснаваньня арабаў з габрэямі.

Арабская грамадзянка Ізраіля галасуе на выбарах у Кнэсэт

Арабская грамадзянка Ізраіля галасуе на выбарах у Кнэсэт

Як кажа сацыялёгія, 60% арабскіх грамадзянаў Ізраіля станоўча ставяцца да ізраільскай дзяржавы. Адпаведна 40% ставяцца адмоўна, але ўпарта працягваюць жыць у гэтай краіне.

Ад пачатку

Стварэньне Ізраіля ў 1948 годзе стала выбуховым момантам у гісторыі Блізкага Ўсходу. Для арабаў, якія апынуліся ў межах новай дзяржавы, гэты перыяд азначаў глыбокую перабудову свайго жыцьця. Ізраільскі ўрад увёў ваеннае становішча ў раёнах з пераважна арабскім насельніцтвам да 1966 года, што значна паўплывала на паўсядзённы быт арабскага насельніцтва.

Аднак зь цягам часу Ізраіль пачаў даваць грамадзянства палестынскім арабам, што было як юрыдычным прызнаньнем іх прысутнасьці, так і крокам да больш інклюзіўнага грамадзтва. У 1952 годзе Закон аб грамадзянстве афіцыйна даў ізраільскае грамадзянства арабам, якія пражываюлі ў Ізраілі. Гэты прававы статус, які забясьпечваў пэўныя правы і прывілеі, таксама прыносіў некаторыя выклікі для арабаў у дзяржаве, арыентаванай у першую чаргу на габрэяў.

Зьвярніце ўвагу і параўнайце гэта з тым, што вось ужо восьмае дзесяцігодзьдзе робяць з так званымі палестынскім бежанцамі ў братэрскіх ім арабскіх дзяржавах: ніякага грамадзянства. Нават сёньня, падчас вайны з ХАМАС, Ярданія і Эгіпет адмаўляюцца прыняць на сваёй тэрыторыі іншых арабаў з сектару Газа.

Глядзіце таксама

Арабы ў Кнэсэце

Першыя выбары ў Кнэсэт у 1949 годзе сталі падзеяй, якія заклалі аснову для ізраільскай парлямэнцкай дэмакратыі. Арабскія грамадзяне Ізраіля, хоць і складалі меншасьць, атрымалі права галасаваць і балятавацца на выбарах. У першы Кнэсэт былі абраныя прадстаўнікі двух арабскіх партый: Дэмакратычны сьпіс Назарэта і Партыі сельскай гаспадаркі і разьвіцьця.

Сэйф аль Зубі, арабскі дэпутат першага Кнэсэта ў 1949 годзе

Сэйф аль Зубі, арабскі дэпутат першага Кнэсэта ў 1949 годзе

На працягу 1950-х і 1960-х гадоў арабскае прадстаўніцтва ў Кнэсэце характарызавалася спалучэньнем асобных арабскіх партыяў і арабскіх чальцоў у сіянісцкіх партыях.

У гэты перыяд роля арабскіх дэпутатаў была ў асноўным засяроджаная на задавальненьні надзённых патрэбаў іх супольнасьцяў, такіх як правы на зямлю, грамадзянскія правы і эканамічнае разьвіцьцё.

У канцы ХХ стагодзьдзя назіраўся паступовы зрух у характары арабскага прадстаўніцтва ў Кнэсэце. Рост палестынскага стаў больш прыкметна ўплываць на парадак дня арабскіх парлямэнтарыяў. Стварэньне такіх партый, як Прагрэсіўны сьпіс за мір у 1980-х гадах, вызначыў новую эру палітычнай актыўнасьці сярод арабаў. Яны пачалі больш актыўна выступаць не толькі за грамадзянскія правы ў Ізраілі, але закраналі палестынскае пытаньне.

Значнай падзеяй стала стварэннье ў 2015 годзе Сумеснага сьпісу Раам, палітычнага альянсу некалькіх партый, дзе дамінуюць арабы. Гэты альянс здолеў кансалідаваць арабскае галасаваньне і павялічыць бачнасьць і ўплыў арабскіх прадстаўнікоў у ізраільскай палітыцы.

Арабы ў Кнэсэце

Арабы ў Кнэсэце

Удзел арабскай партыі Раам ва ўрадавай кааліцыі ў 2021 годзе стаў яшчэ адной гістарычнай падзеяй. Немагчыма сабе ўявіць магчымасьць вылучацца габрэям у органы кіраваньня любой з 21 арабскай дзяржавы сёньня. Тым больш немагчыма ўявіць, каб габрэі ў тым ці іншым выглядзе ўдзельнічалі ў складзе ўрада, напрыклад Сірыі альбо Ірака.

У сёньняшнім складзе ізраільскага Кнэсэта са 120 дэпутатаў – 10 арабы.

Праблемы арабаў у Ізраілі сёньня

Палестынскія арабы ў Ізраілі, якія складаюць каля 20% насельніцтва, сутыкаюцца з сацыяльнымі і эканамічнымі праблемамі. Сярод іх вылучаецца больш нізкі ўзровень адукацыі і больш высокі ўзровень беднасьці ў параўнаньні з габрэйскім насельніцтвам Ізраіля. У сферы занятасьці яны часта сутыкаюцца з абмежаванымі магчымасьцямі, пераважна ў нізкааплатных сектарах. Вядома, гэта зьяўляецца наступствам узроўня адукацыі.

Эканамічна ізраільскія арабы ў Ізраілі сутыкнуліся з падвойнай рэальнасьцю. З аднаго боку, яны мелі доступ да новых магчымасьцяў у ізраільскай эканоміцы, асабліва ў такіх сектарах, як сельская гаспадарка, будаўніцтва, а пазьней і ў сферы паслугаў. З іншага боку, яны часта сутыкаліся з сістэмнымі бар'ерамі, якія стрымлівалі іх эканамічны прагрэс.

Урад Ізраіля, асабліва ў 1950-х і 1960-х гадах, ініцыяваў розныя праэкты разьвіцьця, аднак гэтыя праэкты былі ў першую чаргу скіраваныя на інтэграцыю габрэйскіх імігрантаў і ўмацаваньне габрэйскага характару дзяржавы. Але гэта лягічна, асабліва калі ўлічыць, што арабы ад 1948 года адмовіліся ад арабскай дзяржавы на тэрыторыі брытанскай падмандатнай Палестыны.

Будзем шчырымі, значна прасьцей інтэгравацца ў пасьпяховую ізраільскую эканамічную заходнюю мадэль, чым разьвіваць усходне-ісламісцкую квазі-краіну пад назвай Заходні Бераг і сектар Газа.

Некаторыя называюць спрэчным Закон аб нацыянальнай дзяржаве, прыняты ў 2018 годзе, які абвяшчае Ізраіль нацыянальнай дзяржавай габрэйскага народа. Сярод некаторых экспертаў ён выклікаў заклапочанасьць адносна далейшай магчымай маргіналізацыі арабскіх грамадзянаў Ізраіля.

Аіда Сулеймані, арабская дэпутатка Кнэсэта

Аіда Сулеймані, арабская дэпутатка Кнэсэта

Нягледзячы на гэтыя праблемы, павялічваецца тэндэнцыя атрыманьня вышэйшай адукацыі арабамі, з прыкметным павелічэньнем колькасьці арабскіх студэнтаў у ізраільскіх унівэрсітэтах.

Айман Адэх, адзін з кіраўнікоў партыі Аб'яднанага сьпісу, пасьлядоўна выступае за стварэньне двух дзяржаваў і за роўныя правы для арабскіх грамадзянаў у Ізраілі.

ЦАХАЛ

«Я лічу сябе арабам і мусульманінам, але я таксама лічу сябе часткай гэтай краіны», — кажа жаўнер ізраільскай арміі Махмуд Кашуа. «Гэта нашая дзяржава, і мы павінны аддаваць, дапамагаць чым можам дзяржаве, якая нас абараняе».

У Ізраілі каля 20% насельніцтва – арабы, але толькі 1% зь іх служыць у арміі Ізраіля.

Арабскія жаўнеры ізраільскай арміі напярэдадні прысягі ў ЦАХАЛ, якую яны будуць рабіць на Каране.

Арабскія жаўнеры ізраільскай арміі напярэдадні прысягі ў ЦАХАЛ, якую яны будуць рабіць на Каране.

«Некалькі хлопцаў убачылі мяне ў форме і сказалі мне, што я здраднік. Я сказаў ім, што гэта мая асабістая справа, але мяне не хвалюе, што кажуць іншыя», — кажа Махмуд. «Калі я здраднік, то чаму ён жыве ў гэтай дзяржаве?».

У адрозьненьне ад сваіх сяброў, Махмуд атрымлівае добры заробак як жаўнер. І ў адрозьненьне ад габрэйскіх рэкрутаў, ён можа падаць заяву на грант на зямлю для стварэньня ўласнага дома.

Але некаторыя ізраільскія арабскія палітыкі абвінавачваюць урад у хабарніцтве. «Ізраіль шукае для службы ў арміі людзей, якія бедныя і не маюць працы», — кажа адзін з такіх палітыкаў Ханін Заабі.