Афіцэр ЦАХАЛ: ХАМАС не напаў бы на Ізраіль без згоды Крамля
Расійскаму кіраўніцтву вайна Ізраіля з ХАМАС стратэгічна патрэбная, каб адцягнуць увагу сусветнай супольнасці ад іх злачынстваў ва Украіне. Раман Гольдман распавёў украінскай службе РБК пра вайну ў Ізраілі і ва Украіне, службу ў ЦАХАЛ і пра тое, як жыве краіна пад пастаяннай пагрозай тэрактаў.
Прайшло амаль два месяцы з таго часу, як 7 кастрычніка тэрарысты ХАМАС уварваліся ў Ізраіль.
Тэрарыстычны напад на Ізраіль быў беспрэцэдэнтным: па краіне выпусцілі тысячы ракет, баевікі ўварваліся ў кібуцы і гарады паблізу сектара Газа, жорстка забівалі мірных жыхароў (не менш за 1400 ізраільцян) і ўзялі ў палон больш за 200 закладнікаў.
Гэтымі днямі Ізраільская дзяржава працягвае ваенную аперацыю на поўначы Газы. У першыя дні маштабнага нападу на Ізраіль туды накіраваліся тысячы добраахвотнікаў з розных краін. Сярод іх Раман Гольдман, заснавальнік украінска-ізраільскай місіі валанцёраў-медыкаў «Фрыда». Медыкі гэтага праекта аказвалі дапамогу тысячам украінцаў у прыфрантавой зоне. Прапануем урывак з размовы ўкраінскіх журналістаў з афіцэрам ЦАХАЛ.
— Ізраіль змог мабілізаваць беспрэцэдэнтную колькасць добраахвотнікаў. Бараніць краіну прыехалі рэзервісты з усяго свету. Гэта людзі розных прафесій з розных краін. З першых дзён вайны, усяго за некалькі дзён, ізраільская армія павялічылася да 300 тысяч чалавек. Як вы лічыце, як так атрымалася?
— Гэтыя лічбы сапраўды ўражваюць: мы змаглі мабілізаваць 360 тысяч рэзервістаў. Ставілася задача набраць 300 тысяч. Але яшчэ 60 тысяч прыйшлі на ваенныя базы і сказалі: мы застаёмся, мы тут начуем, мы ўсім дапаможам. Гатовы да любой працы.
Я б назваў гэта феноменам. Вы бачыце, што межы ў Ізраіля не закрыты. Кожны можа паляцець куды хоча. У Ізраілі няма бежанскай тэндэнцыі. Людзі масава не ўцякаюць, не ляцяць у іншыя краіны. Рэйсы адмянілі практычна ўсе замежныя авіякампаніі: засталася толькі ізраільская. Яны праводзяць эвакуацыйныя рэйсы ў супрацоўніцтве з Еўропай.
— Калі казаць пра Ізраіль, то, наколькі мы разумеем, ніхто дакладна не можа сказаць, калі скончыцца вайна. На вашу асабістую думку, якога развіцця чакаць у бліжэйшы час?
— Кожную хвіліну мы гатовы да любога развіцця вайны. Цяпер нашы найлепшыя браты выконваюць важную місію ў сектары Газа.
Асабіста я лічу, што самы жахлівы страх, які мы мелі наконт уваходу войска ў Газу, мінуў. Большая частка лідараў ХАМАС ужо ліквідавана, ужо нанесены моцны ўдар па інфраструктуры тэрарыстаў, па штабах кантролю за ўсёй іх дзейнасцю. Ліквідавана матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне — ад інтэрнэту да пастаўкі паліва. З-за гэтага ў кіраўніцтве ХАМАС вялікі хаос. І ўсё гэта ўжо дае пэўны вынік спецаперацыі.
— Як ізраільскае грамадства ставіцца да таго, што Расія фактычна заняла антыізраільскую пазіцыю ў гэтай вайне? Пуцін абвінаваціў Ізраіль і ЗША, у Маскве дэманстратыўна прымалі дэлегацыю баевікоў ХАМАС — пасля візіту яны падзякавалі Пуціну за пазіцыю. У самой РФ пракацілася хваля антыізраільскіх акцый, а ў Дагестане справа дайшла да штурму агрэсіўна настроеным натоўпам аэрапорта ў Махачкале.
— Што тычыцца Расіі, то з іх боку мы бачым абсалютна поўную падтрымку тэрарыстаў ХАМАС, а не Ізраіля. Мы бачым глабальную геапалітычную гульню, у якой расійскаму кіраўніцтву гэтая вайна стратэгічна патрэбная, каб адцягнуць увагу сусветнай супольнасці ад іх злачынстваў ва Украіне. Мы ведаем, што ХАМАС з'яўляецца стопрацэнтным саюзнікам Ірана і Іран з'яўляецца іх фінансавым донарам. Мы ведаем з адкрытых крыніц, што Расія з'яўляецца саюзнікам Ірана.
Як ізраільцянін, я ўпэўнены, што такога маштабу вайны, калі каля 3 тысяч тэрарыстаў ХАМАС напалі на Ізраіль, не было б без згоды Крамля.
Магу таксама сказаць адназначна: усё ізраільскае грамадства разумее, што адбываецца ва Украіне, і не падтрымлівае Расію ні ў якіх адносінах. У цэлым паміж Украінай і Ізраілем склаліся цёплыя адносіны. Гэта таксама і гісторыя, якая нас аб'ядноўвае, таму што ва Украіне была адна з самых вялікіх яўрэйскіх абшчын. Ізраіль быў заснаваны ўкраінцамі, якія прыехалі з Харкава ў канцы XVIII стагоддзя.
Кіраўнікі Ізраіля — ад Голды Мэір да Меіра Дызенгофа, першага мэра Тэль-Авіва — выхадцы з Украіны. Вайна толькі ўмацавала нашы цёплыя адносіны. Калі і былі супярэчнасці ў палітычным плане, то Ізраіль заўсёды падтрымліваў Украіну на міжсяброўскім узроўні.
— У часы ўварвання Расійскай Федэрацыі Украіну часта называлі «Еўрапейскім Ізраілем». Бо ва Украіны, як і ў Ізраіля, вораг заўсёды побач, па той бок мяжы. А небяспека заўсёды застаецца. Ці згодны вы з гэтай метафарай, і як Украіне навучыцца суіснаваць з краінай-агрэсарам?
— Ведаеце, гэта так! Але ўсё роўна вельмі важна сказаць, што ступень агрэсіі, ступень умяшання, якую перажывае сёння Ізраіль, усё яшчэ не параўнальныя з той ступенню агрэсіі, якую перажыла Украіна. Важна правільна абазначыць гэтую сітуацыю.
Украіна апынулася ў сітуацыі, з якой не сутыкалася ні адна краіна Еўропы, у тым ліку Ізраіль, за апошнія 50 гадоў. Над Ізраілем не пралятаюць самалёты, да нас не прыязджаюць танкі і няма такой колькасці салдат, якія атакуюць. Вораг Ізраіля пячорны і прымітыўны, але гэта ўсё ж іншая вайна.
Украінская нацыя будуецца менавіта цяпер. У краіне спее пачуццё справядлівасці, людзі разумеюць, што ідуць абараняць сваю краіну. Калі Украіна працягне развівацца як цывілізаваная еўрапейская краіна, гэта будзе гарантыяй поспеху ва ўсіх аспектах. Калі ўсе ўкраінцы зразумеюць, што трэба ісці абараняць свой дом і выконваць свой абавязак перад краінай.
Паводле ўкраінскай службы РБК, пераклад «НЧ»