947-мы дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: У Курскай вобласці ваюе... ФСБ?
Расія працягвае абстрэльваць мірныя тэрыторыі Украіны. У выніку сённяшняга ўдару па ўкраінскіх гарадах і мястэчках загінулі мірныя жыхары, у тым ліку дзеці.
***
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі завершыць візіт у ЗША без дазволу на выкарыстанне заходніх дальнабойных ракет для ўдараў углыб тэрыторыі Расіі, піша брытанская газета «The Times».
Выданне адзначае, што падчас свайго візіту ў Злучаныя Штаты Зяленскі прасіў прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і віцэ-прэзідэнтку Камалу Харыс зняць абмежаванні на выкарыстанне ракет «Storm Shadow» і «ATACMS» для ўдараў па расійскіх ваенных цэлях, размешчаных глыбока на тэрыторыі Расіі.
«Аднак не было абвешчана пра змену пазіцыі Вашынгтона ў дачыненні да выкарыстання ракет далёкага радыусу дзеяння, і гэта адбылося менш чым праз 24 гадзіны пасля таго, як Пуцін папярэдзіў, што маштабная паветраная атака на Расію з боку Украіны, якую падтрымлівае Захад, можа справакаваць ядзерны адказ».
Нягледзячы на гэта, Байдэн пацвердзіў далейшую падтрымку Украіны, абвясціўшы пра пакет ваеннай дапамогі на суму каля 8 мільярдаў долараў, які ўключае першыя пастаўкі высокадакладных бомбаў «JSOW» для паражэння расійскіх сіл на адлегласці да 112 кіламетраў.
Зяленскі таксама абмеркаваў неабходнасць надання Украіне дазволу на выкарыстанне ракет далёкага радыусу дзеяння з амерыканскімі сенатарамі, уключаючы Ліндсі Грэма, які падтрымаў гэтую просьбу.
***
Амерыканская выведка мяркуе, што ў выпадку выдачы Украіне дазволу на выкарыстанне ракет далёкага дзеяння для ўдараў па тэрыторыі РФ Расія можа адказаць больш агрэсіўнымі дзеяннямі. Гэта можа ўключаць атакі супраць ЗША і іх саюзнікаў, паведамляе «The New York Times».
Ацэнка выведкі, пра якую раней не паведамлялася, таксама перамяншае ўплыў, які ракеты вялікай далёкасці будуць мець на ход канфлікту, паколькі ўкраінцы пакуль маюць абмежаваную колькасць зброі і незразумела, колькі яшчэ і калі наогул могуць даць заходнія хаўруснікі.
Атрыманыя звесткі могуць часткова растлумачыць, чаму Байдэну было так цяжка прыняць гэтае рашэнне, і прадэманстраваць унутраны ціск на яго, праз які Байдэн адмовіў Зяленскаму ў просьбе. Амерыканскія чыноўнікі, якія гаварылі на ўмовах ананімнасці, сказалі, што застаецца незразумелым, што Байдэн вырашыць зрабіць.
Кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін часта звяртаўся да пагроз, каб утрымаць Злучаныя Штаты і іх партнёраў па кааліцыі ад прадастаўлення больш сучасных сістэм узбраення ўкраінцам.
Крытыкі Байдэна і яго дарадцаў кажуць, што іх занадта лёгка запалохаць варожай рыторыкай Пуціна і што паступовы падыход Адміністрацыі да ўзбраення ўкраінцаў паставіў іх у нявыгаднае становішча на полі бою. Прыхільнікі іх падыходу кажуць, што ён быў у значнай ступені паспяховым у прадухіленні жорсткага расійскага адказу.
Брытанскія кіраўнікі былі больш схільныя да рызыкі. Яны выказаліся за тое, каб дазволіць украінцам выкарыстоўваць ракеты далёкага радыюсу дзеяння, якія яны далі, для нанясення ўдараў у глыбіні Расіі, але яны чакалі пазыцыі Байдэна па гэтым пытанні, перш чым санкцыянаваць удары, паколькі патэнцыйны адказ Расіі можа мець наступствы для бяспекі кааліцыі ў цэлым.
У дакладзе выведкі апісаны шэраг магчымых дзеянняў Расіі ў адказ на пастанову дазволіць удары на вялікія адлегласці ракетамі амерыканскай і еўрапейскай вытворчасці — ад актывізацыі падпалаў і дыверсій на аб'ектах у Еўропе да патэнцыйна смяротных нападаў на амерыканскія і еўрапейскія вайсковыя базы.
Амерыканскія афіцыйныя асобы заяўляюць, што ГРУ, расійская вайсковая выведка, нясе адказнасць за большасць актаў сабатажу ў Еўропе, якія адбыліся да гэтага часу. Калі Пуцін вырашыць пашырыць ценявую кампанію ў адказ на выкарыстанне амерыканскіх і еўрапейскіх ракет у глыбіні Расіі, амерыканскія чыноўнікі лічаць, што расійцы будуць працягваць рабіць гэта таемна, а не ажыццяўляць адкрытыя атакі на амерыканскія і еўрапейскія аб'екты і базы, каб зменшыць рызыку больш шырокага канфлікту.
***
Федэральная служба бяспекі Расіі (ФСБ) ваюе ў Курскай вобласці і спрабуе каардынаваць баявыя задачы з расійскімі вайскоўцамі, паведамляюць аналітыкі амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW).
Расійскае апазіцыйнае выданне «Новая газета. Еўропа» паведаміла, што ідэнтыфікавала вайскоўца спецназа ФСБ, які загінуў у баях у Курскай вобласці ў жніўні 2024 года, пацвердзіўшы, што элементы спецназа ФСБ ваююць у Курскай вобласці.
«Новая газета. Еўропа» са спасылкай на афіцэра ФСБ паведаміла, што ФСБ паставіла перад спецназам, уключаючы элементы груп «Альфа» і «Вымпел», задачу выявіць і знішчыць украінскія дыверсійна-выведвальныя групы ў Курскай вобласці.
Афіцэр ФСБ заявіў, што гэтыя групы дрэнна прыстасаваныя для вядзення камбінаваных баёў з ужываннем цяжкай тэхнікі супраць рэгулярных Узброеных сіл. Спецназ ФСБ звычайна праводзіў контртэрарыстычныя аперацыі супраць невялікіх тэрарыстычных груп і, верагодна, не мае дастатковай падрыхтоўкі і абсталявання, неабходнага для рэагавання на ўкраінскія падраздзяленні, якія праводзяць камбінаваныя атакі.
Іншая крыніца, блізкая да расійскіх спецслужбаў, паведаміла «Новай газеце», што Цэнтр спецыяльных аперацый ФСБ не мае «агульнай сувязі» з расійскімі вайсковымі часткамі і што дагэтуль не існуе агульнага штаба для каардынацыі баявых задач паміж ФСБ і расійскімі вайскоўцамі.
Уладзімір Пуцін даручыў ФСБ правесці контртэрарыстычную аперацыю ў Белгародскай, Бранскай і Курскай абласцях 9 жніўня пасля пачатку ўкраінскай аперацыі 6 жніўня, але затым працягнуў даручаць дублюючыя задачы Міністэрству абароны (МА), ФСБ і Расгвардыі Расеі.
Крэмль і расійскае вайсковае камандаванне спрабавалі стварыць зладжаную і эфектыўную структуру камандавання і кіравання, каб адрэагаваць на аперацыю ў Курскай вобласці, і застаецца незразумелым, якія абавязкі адносяцца да кампетэнцыі контртэрарыстычнай аперацыі ФСБ і Каардынацыйнага савета МА РФ.
Паводле папярэдняй ацэнкі ISW, дубляванне задач і слабыя структуры, хутчэй за ўсё, і ў далейшым будуць ствараць праблемы паміж ФСБ і МА РФ.
***
Калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі наведаў ЗША ў снежні 2022 года, яго сустракаў вялікі натоўп людзей, бурныя авацыі і пакет дапамогі на суму амаль 50 мільярдаў долараў. Але вайна зацягваецца — і прэзідэнт Украіны атрымлівае значна больш спакойны прыём у Вашынгтоне і сутыкаецца з гнеўнымі пытаннямі з боку некаторых рэспубліканцаў, піша выданне «The New York Times».
«Зяленскі лічыцца самым пераканаўчым адвакатам Украіны, адораным здольнасцю прарывацца скрозь заангажаванасць Кангрэса заклікамі да паскарэння паставак зброі і іншай дапамогі Кіеву. Але па меры таго, як вайна супраць Расіі зацягваецца, яго зорная сіла ў Вашынгтоне заўважна згасае, што мае патэнцыйна жудасныя наступствы для будучай ваеннай дапамогі Украіне з боку ЗША».
Выданне піша, што гэта паказаў прыём Зяленскага ў ЗША ў чацвер, 26 верасня, — ён быў значна больш прыглушаным. З Зяленскім за зачыненымі дзвярыма сустрэліся некалькі дзясяткаў заканадаўцаў, а спікер Палаты прадстаўнікоў ігнараваў украінскага прэзідэнта.
NYT нагадвае, што цяпер Украіна атрымлівае ваенную дапамогу ад ЗША ў рамках пакета на суму амаль 61 мільярд долараў, які Кангрэс ухваліў вясной. 26 верасня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абвясціў, што Амерыка дашле Украіне ўзбраенне на суму 8 мільярдаў долараў, уключаючы планерныя бомбы, ракеты СПА і дадатковую батарэю «Patriot».
«Але калі гэтая ваенная дапамога скончыцца, лёс Украіны зноў у значнай ступені будзе залежаць ад гатоўнасці Кангрэса прадаўжаць папаўняць ваенны куфар Зяленскага», — падкрэслівае выданне.
NYT нагадвае, што ў чацвер Зяленскі правёў дзве сустрэчы ў Капітоліі: спачатку адказаў на пытанні двухпартыйнай групы з блізу 20 сенатараў, у тым ліку дэмакрата з Нью-Ёрка, лідара большасці Чака Шумера і рэспубліканца з Кентукі, лідара меншасці Мітча Макконэла, затым ён сустрэўся з двухпартыйнай групай з блізу дзясятка чальцоў Палаты прадстаўнікоў, у тым ліку з Хакімам Джэфрысам.
Выданне адзначае, што Зяленскаму, які 25 верасня выступаў з прамовай на Генеральнай Асамблеі ААН, не пашчасціла прыбыць на Капіталійскі ўзгорак пасля таго, як абедзве палаты Кангрэса абвясцілі перапынак на час перадвыбарчай кампаніі. Гэта стала прычынай таго, што мерапрыемствы з удзелам украінскага прэзідэнта мелі нізкую наведвальнасць.
«Лідары Кангрэса не прыклалі намаганняў для таго, каб прыцягнуць увагу да яго візіту: ні Шумер, ні Макконэл не звярнуліся да СМІ асабіста або праз электронную пошту, як гэта адбывалася падчас папярэдніх візітаў Зяленскага, гэтак жа, як і Джэфрыс», – піша NYT.
Выданне адзначае, што амаль кожны заканадаўца, які прысутнічаў на пасяджэннях, раней неаднаразова галасаваў за падтрымку ваеннай дапамогі Украіне.
У шэрагу сенатараў і сам Зяленскі, і воля ўкраінскага народа змагацца і абараняць сваю краіну дагэтуль выклікаюць захапленне, але ў іншых колах візіт украінскага прэзідэнта сустрэлі з гневам праз тое, што некаторыя рэспубліканцы заявілі, што ён, маўляў, прадэманстраваў прыхільнасць дэмакратам і адміністрацыі Байдэна падчас выбарчага сезону.
25 верасня спікер Майк Джонсан запатрабаваў ад Зяленскага адклікаць украінскага амбасадара ў ЗША праз арганізацыю яго паездкі на завод боепрыпасаў у Скрэнтане ў штаце Пенсільванія, які абяцае стаць самым бурным штатам на прэзідэнцкіх выбарах.
У той жа дзень рэспубліканец ад штата Кентукі і кіраўнік Камітэта нагляду Джэймс Р. Комер пачаў расследаванне, ці не злоўжывала адміністрацыя Байдэна дзяржаўнымі сродкамі, адправіўшы Зяленскага на вайсковым самалёце для наведвання завода.
***
За мінулыя суткі на 11 кірунках фронту адбылося 187 баявых сутыкненняў, самая гарачая сітуацыя была на Пакроўскім кірунку, дзе ў цэлым сілы абароны адбілі 78 штурмаў расійскіх войскаў, гаворыцца ў штодзённай зводцы Генштаба УСУ.
У ноч на 27 верасня расійцы выпусцілі па Украіне 32 дроны-камікадзэ, ударылі балістычным «Іскандэрам» і двума крылатымі ракетамі Х-22, СПА знішчыла 24 «Шахеды».
Праціўнік атакаваў балістычнай ракетай «Іскандэр-М/KN-23» з акупаванага Крыма, двума крылатымі ракетамі Х-22 з бамбавікоў Ту-22М3 з акваторыі Чорнага мора. Таксама акупанты выпусцілі па Украіне 32 ударныя БпЛА тыпу «Shahed» (раён пускаў: Прыморска-Ахтарск, РФ).
Да адбіцця паветранага нападу праціўніка прыцягваліся зенітныя ракетныя войскі, мабільныя агнявыя групы і падраздзяленні РЭБ Сіл абароны Украіны.
У выніку супрацьпаветранага бою было збіта 24 ударных БпЛА. Адзін беспілотнік увайшоў у паветраную прастору Румыніі, яшчэ тры варожыя БпЛА былі лакальна страчаныя ў выніку процідзеяння РЭБ Сіл абароны Украіны.
Супрацьпаветраная абарона працавала ў Днепрапятроўскай, Мікалаеўскай і Адэскай абласцях.
За мінулыя суткі Расія страціла 1 370 акупантаў, 58 артылерыйскіх сістэм, 48 ББМ і 21 танк. Агульныя баявыя страты расійцаў з 24.02.22 па 27.09.24 арыенціровачна склалі:
- асабістага саставу — каля 649 170 (+1 370) чалавек;
- танкаў — 8 846 (+21) адз.;
- баявых браніраваных машын — 17 396 (+48) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 18 678 (+58) адз.;
- РСЗА — 1 199 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 961 (+2) адз.;
- самалётаў — 369 (+0) адз.;
- верталётаў — 328 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 16 031 (+85) адз.;
- крылатых ракет — 2 608 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 25 411 (+58) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 192 (+2) адз.
***
Расійцы на 50 адзінках тэхнікі распачалі спробу маштабнага штурму на Купянскім кірунку ў раёне Пясчанага, абаронцы Украіны варожую атаку адбілі, знішчыўшы і пашкодзіўшы 40 адзінак тэхнікі, паведаміў камандзір батальёна ўдарных БпАК «Ахілес» Юрый Федарэнка.
«26.09.2024 праціўнік распачаў спробу механізаванага штурму на Купянскім кірунку ў раёне Пясчанага. У бок Калеснікоўкі і Круглякоўкі рухалася каля 50 адзінак расійскай браняванай тэхнікі з дэсантам.
Батальён ударных "Ахілес" 92 знішчыў і разбіў 40 адзінак ваеннай тэхнікі».
Паводле яго слоў, знішчылі 14 адзінак тэхнікі, у прыватнасці, 5 БМП, 3 танкі, 1 БТР, 1 МТЛБ, 2 «Уралы», 1 «бохан», 1 квадрацыкл.
Таксама байцы разбілі 26 адзінак тэхнікі: 10 танкаў, 10 БМП, 2 БРЭМ, 3 МТЛБ, 1 «Урал».
Паводле звестак «DeepState», не менш за 9 адзінак ваеннай тэхнікі акупантаў рухалася ў кірунку Круглякоўкі і блізу 40 — у кірунку Калеснікоўкі. Частка мела дэсант на борце.
«Асноўная маса варожай тэхнікі была знішчаная, астатнія адкацілася», — паведамілі аналітыкі.
***
Тры чалавекі загінулі і яшчэ 14 пацярпелі ў выніку ранішняга ўдару расійцаў па горадзе Ізмаіл у Адэскай вобласці. Пра гэта напісаў кіраўнік АВА рэгіёна Алег Кіпер у Telegram.
«Пад раніцу вораг звярнуўся да маштабнага тэрору Ізмаіла. Расійцы запусцілі ўдарныя беспілотнікі па поўдні нашай вобласці. Праца сіл супрацьпаветранай абароны працягвалася доўга і напружана. На жаль, у выніку атакі загінулі тры чалавекі: дзве жанчыны 1934 і 1955 гадоў нараджэння і 73-гадовы мужчына. Пацярпелі 11 чалавек, сярод якіх — адно дзіця».
Пазней у ДСНС паведамілі, што пацярпелі прынамсі 12 чалавек. Офіс генпракурора піша пра 14 параненых, сярод якіх — трое дзяцей.
«Цяпер вядома пра 3 загінулых і 14 пацярпелых, сярод іх трое дзяцей: двое хлопчыкаў 3 і 13 гадоў і 14-гадовая дзяўчынка. Інфармацыя пра іншых пацярпелых удакладняецца», - паведамілі ў Адэскай АВА.
У выніку атакі пашкоджаныя прыватныя і шматкватэрныя дамы, надворныя пабудовы, будынкі, машыны.
***
Расійскія акупанты ўначы 27 верасня нанеслі ракетны ўдар па Дняпры, у выніку чаго ёсць пашкоджанні на тэрыторыі прамысловага аб'екта, успыхнуў пажар, напісаў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак у Telegram.
«Пасля паўночы расійская армія нанесла ракетны ўдар па Дняпры. Ёсць разбурэнні на тэрыторыі прамысловага аб'екта. Узнік пажар, які ратавальнікі патушылі. Людзі не пацярпел»і.
Білі захопнікі таксама па Нікапалі і Марганецкай грамадзе. У прыватнасці, ужывалі дрон-камікадзэ і цяжкую артылерыю. У выніку атакі пашкоджаная інфраструктура, але абышлося без пацярпелых.
***
4 чалавекі загінулі і яшчэ 11 атрымалі раненні ў выніку расійскіх абстрэлаў Данецкай вобласці 26 верасня, заявіў кіраўнік АВА Вадзім Філашкін у Telegram.
«За 26 верасня расійцы забілі 4 жыхароў Данецкай вобласці: 2 у Траецку і па 1 у Часавым Яры і Северску. Яшчэ 11 чалавек у вобласці за суткі атрымалі раненні».
Паводле слоў Філашкіна, захопнікі білі па Пакроўскім, Краматорскім і Бахмуцкім раёнах.
У Северску загінуў адзін чалавек, пашкоджаны 2 дамы, у Тарэцку 2 чалавекі загінулі і 2 параненыя, пашкоджаны дом. У Часавым Яры 1 чалавек загінуў і 3 параненыя, пашкоджаныя 11 дамоў, шматпавярхоўка і нежылое памяшканне.
У Курахоўцы расійцы паранілі чалавека, пашкодзілі 10 дамоў, у Зернаградзе паранілі чалавека, пашкодзілі 7 дамоў, у Пакроўску паранілі 2 чалавек і пашкодзілі адмінбудынак. Былі акупанты і па Курахове, Рабочым, Дачным, Далёкім і Сонцаве.
У Новым разбурылі 3 дамы, у Крывым Луку пашкодзілі 2, у Азёрным — 1. У Райгарадку расійцы разбурылі 8 дамоў і пашкодзілі яшчэ 75. У Тарасаўцы пашкодзілі 10 аб'ектаў, у Канстанцінаўцы – 5 прыватных дамоў і 2 інфраструктурныя аб'екты, у Вералюбаўцы — дом і лінію электраперадач.
«За суткі расійцы 27 разоў абстралялі населеныя пункты Данецкай вобласці. Эвакуяваныя 1548 чалавек, у тым ліку 51 дзіця», — падсумаваў Філашкін.
***
Расійскія войскі раніцай 27 верасня ўдарылі па Херсоне і абласным горадзе Інгулец, у выніку чаго пацярпелі пяцёра жыхароў, сярод якіх — двое дзяцей 4 і 15 гадоў.
Паведамляецца, што ў выніку ўдару ў Дняпроўскім раёне Херсона пацярпеў 47-гадовы мужчына — ён атрымаў выбуховую траўму і раненне галавы. Пацярпелага даставілі ў бальніцу для аказання меддапамогі.
Таксама каля пятай гадзіны раніцы расійская авіяцыя скінула КАБы на Інгулец, пацярпелі чатыры чалавекі, сярод якіх двое — дзеці.
4-гадоваму хлопчыку, які атрымаў выбуховую траўму і кантузію, брыгада «хуткай» на месцы аказала меддапамогу.
15-гадовага хлопца і дзвюх жанчын, 51 і 68 гадоў, даставілі ў бальніцу. Папярэдне, у іх выбуховыя траўмы. Медыкі праводзяць абследаванне і дапамагаюць пацярпелым.
Акрамя таго, у Шырокай Балцы 71-гадовы мужчына наступіў на супрацьпяхотную міну «Пялёстак». У выніку дэтанацыі ён атрымаў выбуховую траўму, раненне галёнкі, а таксама ампутацыю ступні. Пацярпелага шпіталізавалі.
***
Сёння ўранку расійскія войскі нанеслі ракетны ўдар па Крывым Рогу Днепрапятроўскай вобласці, папалі па ўпраўленні Нацпаліцыі.
«Каля 9:15 вораг нанёс ракетны ўдар па раённым упраўленню паліцыі, пакуль вядома, што ў выніку пападання ёсць пацярпелыя», — гаворыцца ў паведамленні Нацпаліцыі Украіны. Паведамляецца, што пад заваламі могуць знаходзіцца людзі.
У выніку пападання ракеты разбурэнню падвергнуўся адміністрацыйны будынак, пашкоджаны прыватныя дамы, размешчаныя побач.
Пазней старшыня Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысакпаведаміў, што ў Крывым Рогу ўжо чацвёра пацярпелых мужчын, двое з іх шпіталізаваныя ў стане сярэдняй цяжкасці. А ў ДСНС паведамілі, што колькасць пацярпелых дасягнула 6 чалавек, верагодна, пад заваламі яшчэ могуць знаходзіцца людзі.