Асобная думка. Настаўнікі і вучні
Літаральна на кожным тыдні ёсць свята нейкай прафесіі. Будаўніка, юрыста, бухгалтара ці нават бровара. Але ж Дзень настаўніка вельмі адрозніваецца ад усіх іншых і адзначаецца як практычна аніводнае іншае прафесійнае свята. Магчыма таму, што ў кожнага з нас у жыцці быў свой Настаўнік, а то і не адзіны.
Я дагэтуль памятаю сваю першую школьную Настаўніцу, і не думаю, што гэта нейкі выключны выпадак. Дзеці вельмі добра памятаюць добрае і хутка забываюцца на кепскае. Відавочна, нашая Нона была досыць добрым і чуллівым чалавекам, калі я амаль праз паўстагоддзе яе памятаю. Ці будуць сённяшнія дзеці ганарыцца сваімі першымі Настаўнікамі? Час пакажа, і таму я зараз не хачу згадваць усё тое, што адбылося з настаўніцкім колам цягам апошніх 10-15 гадоў. Вы гэта і самі ведаеце, бо кожны з нас тым ці іншым чынам сутыкаецца са школай і ўсім тым, што адтуль зараз плыве.
Я вельмі добра памятаю сваю Настаўніцу рускай літаратуры, якая яшчэ падчас усёмагутнага ды ўсюдыіснага КДБ спрабавала з намі, старшакласнікамі, разабраць учынкі «герояў» раману «Тихий Дон» з пункту гледжання маралі, дабрыні і чалавечнасці. Я таксама памятаю, як другая настаўніца рускай літаратуры, па сумяшчальніцтву дырэктарка школы, раўла благім матам на мае разважанне на тэму гэтага клятага раману, дзе я ненавідзеў камунізм і ягоных правадыроў. Сёння яна была б досыць запатрабаваная. Але ж чамусьці толькі сталую, прыгожую, абапіраючуюся на кіёчак, з вельмі такім аксамітным інтэлігентным голасам Настаўніцу Святлану я буду заўсёды прыгадваць самым добрым словам.
Пералічванне добрых Настаўнікаў маіх дзяцінства і юнацтва можа заняць шмат месца і часу, як і ў кожнага з вас. І гэтак будзе з кожным прадстаўніком кожнага пакалення. Добрыя людзі ёсць заўсёды і паўсюль. Толькі вось, бывае, часам здаецца, што іх значна менш, чым тых, каго хацелася б каб было менш. Тут трэба адрозніваць Настаўнікаў ад тых, хто займае пасаду ў адпаведнасці са штатным раскладам. Прыкладна як адрозніваць тых, хто працуе, ад тых, хто ходзіць на працу. Ва ўсе часы былі тыя, хто засяроджваўся на выкладанні сваіх прадметаў, і былі тыя, хто нават на біялогіі ці геаграфіі падмешваў куфаль адданасці існуючай ўладзе ў контурныя мапы карысных выкапняў.
Класа да 7-га я не любіў аніводнага настаўніка, бо ну як гэта можа быць — яны дакалупваюцца да кожнай літаркі, задаюць вялізарныя «дамашкі» і ўвогуле, гэта пякельны вораг чалавецтва ў дзіцячым узросце. Асабліва, калі гэты чалавек яшчэ пытаецца, стоячы пад партрэтам Леніна: «А ты любишь Родину? А на что ты ради неё готов?» Ды ні на што я не гатовы! Мне 13 гадоў і хачу гуляць! А гэтыя Леніны з усімі незразумелымі суворымі дзядзькамі на партрэтах у калонах на Першамай ваш увогуле да аднаго месца! Дзеці не павінны нікога любіць, акрамя сваіх бацькоў. Нават і іх не павінны — розныя абставіны бываюць. Што тут казаць аб нейкіх там казачна-ідыёцкіх персанажаў, якія коштам свайго жыцця здабылі чарговую звышпланавую тону вугля ці затрымалі небараку-перабежчыка на мяжы... Каханне, шанаванне і любоў у гэтым узросце — рэч вельмі тонкая і нярвовая. Не трэба да іх лезці са сваімі брудна-чырвонымі рукамі. Настаўнікі гэта разумелі, тыя, хто толькі займаў пасаду, на жаль, не.
Дзеці пераходзяць у юнацтва досыць хутка, і вось ужо класе ў 8-м у мяне былі ўлюбёныя Настаўнікі — да іх урокаў я рыхтаваўся, мы спрачаліся, Настаўнікі гадавалі ў нас культуру спрэчак, як зараз кажуць — былі мадэратарамі. Я бязмежна ўдзячны ім за гэты досвед, які потым стаў падмуркам у стасунках з людзьмі, што маюць іншае меркаванне. Тыя, хто толькі займалі пасаду настаўніка, выкладалі сваё безальтэрнатыўна, і пасталеўшы хлопчык Валодзя задаволена пазіраў на іх з пыльнай паперы пад шклом на сцяне над дошкай.
Мы раслі і з кожным месяцам разумелі, хто ставіцца да нас са шчырасцю і жаданнем даць асноўную базу ведаў ды інструменты дзеля далейшага жыццёвага шляху, а хто бязглузда паўтарае наратывы, кшталту «жила бы страна родная и нету других забот». Так, на выпускным былі і вогненныя прамовы дырэктаркі пад ужо збянтэжаным позіркам былых правадыроў, былі і дзяжурныя пажаданні шчасця і светлых шляхоў. Але ж самым каштоўным былі кароткія асабістыя прамовы ўлюбёных Настаўнікаў ды іх аўтографы на нашых выпускных стужках. Мы абіралі самі тых, чые пажаданні хацелі б бачыць на гэтых апошніх артэфактах школьнага жыцця.
Праз некалькі гадоў на развітанні з Васілём Быкавым я сустрэў некалькі сваіх школьных Настаўнікаў, іншыя былі ўжо за мяжой. Мы спачатку стрымана павіталіся, але ж праз хвіліну шчыра абняліся, бо спачатку яшчэ адчувалася нейкае такое пачуццё дыстанцыі, якое вельмі хутка знікла, калі мы ўсе асэнсавалі, што больш няма вучняў і настаўнікаў. Ёсць Мы! І я ніколі не забуду словы адной з іх: «Я ведала, што кагосьці з вас тут убачу!» Мы прайшлі разам да Усходніх могілак, і для мяне быў вялікі Гонар ісці побач з імі.
Прайшло яшчэ шмат часу, я пасябраваў з іншымі людзьмі, якія абралі сваім шляхам Настаўніцтва. І я спачатку пашкадаваў, што яны не былі маімі Настаўнікамі, але потым зразумеў, што мець Настаўнікаў ніколі не позна. Нават калі табе ўжо за 40 і ты лічышся ўжо адбыўшымся грамадзянінам. Не трэба ўяўляць, што ты ўжо ўсё пазнаў і пабачыў. Заўсёды знойдзецца Настаўнік, які мякка і, магчыма, незаўважна, дасі табе новыя веды і досвед. Трэба толькі ўдзячна прыняць іх і ўсвядоміць, што табе гэта патрэбна.
Мы ўсе разляцеліся па свеце як восеньскае лісцё па ветрыку — хто дзе. Ізраіль, хай бароніць яго Пан, Польшча, ЗША, Германія... Але ж я ў гэты дзень патэлефаную сваім Настаўнікам. Ганне ды яшчэ адной Ганне, Наталлі. Астатніх ужо, на жаль няма. Павіншую і ў чарговы раз выкажу сваю шчырую падзяку за тое, што яны былі і ёсць на маім жыццёвым шляху.
А ці ёсць каго павіншаваць вам?