Дзень ведаў — свята ідэалогіі ў беларускіх школах

«Праспаўшы» новыя пакаленні, якія выйшлі на вуліцы ў 2020 годзе, дзяржава актыўна ўзялася за цяперашніх вучняў і студэнтаў, якім прамывае мазгі ідэалогіяй і з якіх рыхтуецца вырасціць сваю «эліту».

Школа і ВНУ ператвараюцца ў «кузню кадраў» для ідэолагаў. Ілюстрацыйнае «фота НЧ»

Школа і ВНУ ператвараюцца ў «кузню кадраў» для ідэолагаў. Ілюстрацыйнае «фота НЧ»

Працэс падпарадкавання адукацыі дзяржаўнай вертыкалі ішоў вельмі павольна. У 2000 годзе Лукашэнка паставіў на від, што «вышэйшая школа не заўсёды ідзе ў нагу з патрэбамі краіны», у 2003 годзе даў распараджэнне стварыць ідэалогію беларускай дзяржавы, а ў 2007-м ужо быў уведзены курс дзяржаўнай ідэалогіі. Усе тыя гады сістэма адукацыі спрабавала супраціўляцца. Закладзены ў сярэдзіне 1990-х прынцып дэідэалагізацыі працягваў дзейнічаць, ды і віншаванні Лукашэнкі з пачаткам навучальнага года не неслі ў сабе ідэалагічна аформленых наратываў  у Дзень ведаў «у Беларусі навучэнцам і студэнтам жадалі поспехаў, настойлівасці і цярпення». 

Часцяком ідэалагічны складнік прысутнічаў хутчэй для галачкі: партрэт прэзідэнта на сцяне, дзяржаўны сцяг на падстаўцы, спробы загнаць вучняў у піянеры і БРСМ. Усё гэта часцей насіла фармальны характар і больш цікавіла чыноўнікаў у выглядзе лічбаў у справаздачах, піша «Media IQ».   

Сітуацыя рэзка змянілася пасля выбараў 2020 года і падаўлення пратэстаў. Грамадства абвінаваціла настаўнікаў у фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Дзяржаўная вертыкаль стала на абарону педагогаў як носьбітаў сваіх інтарэсаў. Дзяржаўная ідэалогія стала неад'емнай часткай адукацыі, у якой патрыятызм і лаяльнасць зрабіліся фактычна сінонімамі, а настаўнік — «чалавекам прэзідэнта».


Глядзіце таксама

Цяпер топавыя чыноўнікі абавязкова прысутнічаюць на першых лінейках, іх прамовы вывераныя і паўтараюць дзяржаўныя наратывы, трансляваныя Лукашэнкам — цяпер гэта не проста «Дзень ведаў», а «Дзень ведаў з Лукашэнкам».

«Адукацыя становіцца ключавой сферай, на якой засяроджана ўвага кіраўніцтва краіны — прэзідэнта, урада, іншых органаў улады».

Спачатку былі пазначаныя рамкі ўзаемаадносінаў паміж чыноўнікамі, школай, бацькамі і дзецьмі:  

Сіла ўлады: слухаць словы і трапятаць перад чыноўнікамі: «Хай ганаровых гасцей гэтыя хлопцы і дзяўчаты пакуль не ведаюць у твар, сказаныя на дарогу словы слухалі з асаблівым трапятаннем».

Абавязкі школы: школа павінна вырошчваць сапраўдных патрыётаў, але пры гэтым «быць па-за палітыкай». А гэта значыць — трансляваць дзяржаўнае разуменне падзей, якія адбываюцца. «Вырасціць тых, хто ўмее аналізаваць і параўноўваць, бачыць тое, што ўтоена, і не паддавацца на пустыя абяцанні, а яшчэ — сапраўдных патрыётаў». 

Патрабаванні да бацькоў і дзяцей: бацькоў прасілі: «Быць разам з дзецьмі, дапамагаць і быць разам са школай». Затым расказалі, што «кожны грамадзянін павінен ведаць гісторыю сваёй краіны і шанаваць слаўныя традыцыі яе продкаў», а «любоў да роднай краіны павінна стаць адпраўной кропкай у свет ведаў».

Былі зададзены, а пасля развіты — асноватворныя ідэалагічныя наратывы. Пры гэтым для кожнай ступені сярэдняй і вышэйшай адукацыі былі ўласцівыя свае. 

Ідэалогія, заснаваная на гісторыі

Так у сярэдняй школе асноўныя наратывы завязаныя на гісторыі краіны, галоўная частка якіх грунтуецца на падзеях Вялікай Айчыннай вайны: гэта і масавае адкрыццё памятных дошак, і прысваенне школам імёнаў Герояў Савецкага Саюза і іншае. Перад школай пастаўлена задача па працы над захаваннем «гістарычнай праўды».


Глядзіце таксама

Пры гэтым ідэолагі імкнуцца выйсці па-за апісальныя рамкі падзей вайны і гераізму беларускага народа ў пошуках унутраных і знешніх ворагаў. Наратыў «Перамога беларусаў у Вялікай Айчыннай вайне» трансфармаваўся ў «Генацыд беларускага народа. Без тэрміну даўніны». Пры гэтым ні чыноўнікаў, ні ідэолагаў не турбуе ўзніклая неспадзяванка: перамога ў вайне — гэта заўсёды роля пераможцы і абаронцы, а генацыд, як правіла, накіраваны супраць тых, хто не змог абараніцца, а значыць выконвае ролю ахвяры. 

Улада, якая захоўвае краіну

Чыноўнікі пераконваюць: «Суверэнітэт і гістарычнае мінулае Беларусі непарушныя». Гэта значыць, што любыя сумневы і іншыя версіі трактоўкі падзей будуць прыраўноўвацца «да спроб перапісаць гісторыю», а значыць накіраваныя супраць улады.

Школьнікаў навучаюць ідэі аб устойлівасці Беларусі і яе палітычнага ладу: свет на краі прорвы — уладзе ўдалося захаваць краіну як падчас пандэміі, так і падчас пратэстаў. 

Мілітарызацыя і ваенна-патрыятычнае выхаванне ў адукацыі

У школах уведзена ваенна-патрыятычнае выхаванне. Да 2020 года пра гэта нават гаворкі не ішло. На працягу двух гадоў ішла падрыхтоўка грамадскай свядомасці. Спачатку «вайскоўцы не застаюцца ўбаку і віншуюць настаўнікаў з іх прафесійным святам». Затым чыноўнікі нібыта між іншым згадваюць камсамол і заняткі па ваенна-патрыятычным выхаванні, а потым адкрыта рэкламуюць ідэолагаў (стаўкі былі ўведзеныя ва ўсіх установах адукацыі): «Я б іх назваў асноўнымі асобамі, якія адказваюць за бяспеку школы. Бяспека падобная і да патрыятычнага, і да ваенна-патрыятычнага выхавання. Вайсковец — як асноўны "вінцік" у гэтым асяроддзі. Дырэктар — галоўная дзеючая асоба ў школе па ваенна-патрыятычным выхаванні. А месца ваенрука трэба знайсці ў тым ліку і ў ваенна-патрыятычным выхаванні». Цяпер на лінейках маршыруе моладзь у вайсковай форме і з дзяржаўным сцягам, а колькасць кадэцкіх класаў пастаянна расце. Для гэтых дзяцей «ствараюцца ўсе ўмовы для камфортнай вучобы і развіцця», і лічыцца, што «паступленне ў ліцэй МУС — гістарычны момант у лёсе дзяцей»


Глядзіце таксама

Знешні свет 

Ідэалогія выходзіць па-за рамкі гістарычнага кантэксту, і для моладзі (на прыступках вышэйшай адукацыі) ствараюць вобраз знешняга ворага і варожага навакольнага свету. Спачатку становішча апісваецца як напружанае. Але затым фарбы згушчаюцца і, паводле слоў ідэолагаў, надыходзіць эпоха нявызначанасці і непрадказальнасці, бурацца асновы, Захад на чале з ЗША прэтэндуе на глабальнае дамінаванне, супрацьстаянне па восі ваяўніча настроены «Захад — Глабальны поўдзень», дэвальвуецца паняцце міжнароднага права, дэградуюць механізмы забеспячэння міру і бяспекі, пракочваецца хваля спроб «каляровых рэвалюцый». «Беларусь — мірная краіна, але мы будзем у поўнай меры выкарыстоўваць права на самаабарону і належным чынам адказваць на варожыя дзеянні з выкарыстаннем наяўных сіл, сродкаў і магчымасцей», існуе пагроза суверэнітэту і эканамічнай стабільнасці нашай краіны, ідзе інфармацыйная вайна, працягваецца ўмацаванне адносінаў з Расіяй і краінамі СНД, Кітаем.

Фармаванне эліты Беларусі

Чыноўнікі разумеюць, што ім на змену прыйдзе моладзь, і ўсімі сіламі імкнуцца замацаваць пераемнасць пакаленняў і традыцый. Забяспечыць пераемнасць дапамогуць маладыя кадры з Акадэміі кіравання і сілавы блок.


Глядзіце таксама

Менавіта ім прасоўваецца ідэя аб элітнасці: «Гэта пажаданне і нават дзесьці патрабаванне кіраўніка дзяржавы, каб кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў і партыйных структур прыходзілі ў нашу альма-матэр, дзе куюцца кіраўніцкія кадры, дзе сёння навучаюцца кіраўніцкія эліты нашай дзяржавы», «вялікі гонар — далучыцца да гэтай элітнай касты абаронцаў нашай радзімы».

Разлік на вынік

Школьнікам:«Вы патрэбныя сваёй краіне, ад вас залежыць будучыня Беларусі»

Студэнтам:«Тут вы атрымліваеце ўваходны квіток у дарослае жыццё. Але права на гэты квіток трэба заслужыць стараннем, упартасцю і працай. Перакананы, што вы прыкладзеце ўсе намаганні, каб дамагчыся выдатных ацэнак і вынікаў. А значыць — стаць годнымі грамадзянамі нашай любімай Беларусі».

У рэшце рэшт чакаецца, што ўзгадаванае на створанай ідэалогіі пакаленне «прыкладзе каласальныя намаганні для дасягнення пастаўленай перад дзяржавай мэты».


Глядзіце таксама

Па сутнасці, за перыяд 2020-2024 гадоў Дзень ведаў ператварыўся ў ідэалагічна аформленае мерапрыемства, дзе для кожнага ўзросту транслююць розны ўзровень дзяржаўных наратываў. У школах павінны ведаць гісторыю такой, як яе сфармулявалі ідэолагі, і шанаваць традыцыі, праяўляць грамадзянскую пазіцыю і патрыятызм — служыць сваёй дзяржаве. 

У вышэйшай школе, якая рыхтуе будучую дзяржаўную «эліту» кіраўнікоў — гэта дзяржаўнае разуменне знешняй палітыкі, а для элітнай касты абаронцаў — гэта «гонар быць сапраўдным патрыётам і сапраўдным грамадзянінам сваёй радзімы».  

Сёння адукацыя ў Беларусі наскрозь працятая ідэалагічнымі наратывамі. Як, што і пра што думаць, закладваецца ў дзецях з першых дзён у школе, а на выхадзе з ВНУ чакаецца адданасць, лаяльнасць і гатоўнасць выканаць дзяржаўны заказ.