Уніфікацыя асобы, форма чыгуначнікаў і «сур’ёзны патрыятычны кампанент». Што сёлета чакае школьнікаў?
Рэжым Лукашэнкі ў Беларусі працягвае нарошчваць уплыў на ўстановы сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Падручнікі, правілы ўнутранага распарадку і стаўленне да вучняў усё мацней насычаюцца рысамі аўтарытарызму. Сабралі галоўныя новаўвядзенні для беларускіх школьнікаў на 2024–2025 навучальны год.
Школьная форма
Сёлета частка беларускіх школ пераходзіць да ўніфікацыі прадметаў адзення — 20 сталічных устаноў сярэдняй адукацыі ўжо ўстанавілі адзіную форму па каляровай гаме, спыніўшыся на сінім колеры. Робіцца гэта нібыта для таго, каб аблегчыць жыццё бацькам школьнікаў, скарачаючы час на пошук адзення. Хаця, вядома, не ўсе бацькі задаволены зацверджанай абновай праз жаданне свабоды выбару дзіцяці і яго візуальнага самавыказвання, альбо банальна немагчымасці набыць прадукцыю вышэйшай якасці.
Эксперыментальная форма «Беллегпрам», якая ўжо шыецца для мінскіх школ, на нашую думку, вельмі нагадвае форму Беларускай чыгункі! Вось як яна выглядае.
Сыходзячы з таго, што пераважная частка пакуль працягне набываць форму самастойна, праўладныя медыя разгарнулі праграму па прасоўванні адзення вытворчасці беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, збудаваную на трох кітах. Беларускае — гэта пілотныя тэхналогіі, беларускае — гэта піск моды, за беларускім цягнуцца замежнікі.
— Спецыяльна да школьнага сезона прыязджаюць госці з Літвы, Латвіі, Эстоніі. Нядаўна замежнікі з Амана купілі адразу шэсць пар абутку, — расказвае супрацоўніца мінскага ГУМа агенцтву «Мінск-Навіны».
«Піскам моды» ў матэрыяле прапагандысцкага выдання называецца адзенне з карункамі, якое сярод моладзі асацыюецца ў першую чаргу з савецкай вульгаршчынай, разрэзы па баках, маланка з серабрыстым бляскам і джэмпер-вадалазка ў стылі «локшына». У мужчынскім вобразе гальштук «надасць разыначку і нават створыць аўру элітарнасці».
«Пілотныя тэхналогіі» — штаны з вечнымі стрэлкамі, якія не трэба прасаваць, і жакет з элементамі спартыўнага стылю і падшэўкай, як у класічным пінжаку. Кіраўніца аддзела гандлю нехарчовых тавараў ГУМа Аксана Галай характарызуе новую школьную калекцыю як лаканічную, стрыманую і вельмі элегантную.
Згодна з Дзяржаўным школьным стандартам, у выпадку, калі школа не мае адзінай формы, дзіця абавязана насіць эмблему, прынятую ў адпаведнай установе адукацыі. Узімку камплект можна дапоўніць трыкатажным швэдарам альбо камізэлькай.
На занятках забаронена знаходзіцца ў яркіх, «з задзірлівым малюнкам» прадметах адзення, з біжутэрыяй, пірсінгам, «экстравагантным макіяжам, незвычайным колерам валасоў і экзатычнымі неардынарнымі фрызурамі». Акрамя таго, не месца ў школьным вобразе і аксесуарам, якія «адлюстроўваюць сімволіку музычных груп і розных напрамкаў маладзёжнай субкультуры і спартыўных клубаў». Забаронена перабываць у навучальных кабінетах у спартыўным адзенні і абутку, прызначаным для фізічнай культуры.
Новы прадмет з «сур’ёзным патрыятычным кампанентам»
З 1 верасня ў беларускіх школах з'явіцца новы прадмет — «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі», які сумяшчае ў сабе «Гісторыю Беларусі» і «Сусветную гісторыю». У Міністэрстве адукацыі раней заяўлялі, што інтэграваны курс павінен дапамагчы школьнікам убачыць гістарычны працэс цэласна.
«Праграмы абсалютна адэкватна адпавядаюць нашым сучасным рэаліям. Там з'явіцца вельмі сур'ёзны патрыятычны кампанент, бо мы фактычна змянілі падыходы да тых тэкстаў, якія там выкарыстоўваюцца. /…/ Яго можна прачытаць літаральна за адзін дзень, не адрываючыся. Бо тое, як ён выкладзены, па-сапраўднаму прывівае цікавасць да нашай гісторыі і гонар за нашу гісторыю», — расказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Ён дадаў, што сёння ёсць тыя, каму выгадна перапісаць гісторыю і падагнаць факты пад пэўнае бачанне, і таму важна, каб школьнікі добра арыентаваліся ў гісторыі. Улічваючы той факт, што ў цяперашнім падручніку «Гісторыі Беларусі» зроблены моцны ўхіл на гісторыю ВКЛ, прысутнічае герб «Пагоня» і пытанні пра яго, а таксама звяртаючы ўвагу на непасрэдна рыторыку Іванца, можна зрабіць выснову, што рэжым задумаў цалкам сцерці гісторыю і прадставіць упэўненага канкурэнта прадстаўленаму ў Расіі «падручніку гісторыі» для 11 класа.
Разам з тым, сёлета пачынае функцыянаванне факультатыў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму». Веды, атрыманыя на факультатыве, накіраваныя на «выхаванне маральна сталай, духоўна развітой асобы, здольнай усведамляць адказнасць за лёс сваёй Айчыны».
«Пілотнае» харчаванне
Паводле таго ж Іванца, З 1 верасня 2024 года ўсе школы Беларусі пяройдуць на новую сістэму арганізацыі харчавання, ужо пратэставаную ў некаторых беларускіх школах цягам мінулага навучальнага года. «Пілотнымі» стравамі стануць пельмені са смятанай або кетчупам, запечанае курыныя галёнкі, хот-догі і іншая ежа.
Для таго, каб не расцягваць прыёмы ежы на ўсе перамены, а сканцэнтраваць іх у рацыянальны час, ва ўстановах адукацыі ўводзіцца яшчэ адно «пілотнае» рашэнне — павелічэнне ўмяшчальнасці абедзенных залаў.