«60% бацькоў шукаюць варыянты бюджэтныя». Колькі каштуе апрануць дзіця ў школу?
Ва ўсіх сярэдніх школах краіны «па ўзгадненні з навучэнцамі і іх бацькамі» ўжо прынятыя рашэнні па каляровай гаме школьнага адзення і вызначаны яе «адзіныя элементы». Пра тое, колькі каштуе апрануць школьніка або школьніцу да новага навучальнага года, распавяла кансультантка адной з беларускіх крамаў.
Паводле папярэдніх падлікаў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ), сярэдні кошт адзення для вучняў пачатковых класаў будзе складаць сёлета ад 120 да 600 рублёў, для сярэдніх класаў — ад 180 да 580, а для старшакласнікаў — ад 170 да 620. Універмагі, дзе максімальна прадстаўлена ўся лінейка школьнага адзення, паабяцалі прадастаўляць скідкі ад 15 да 30% і нават 50% на калекцыі мінулых гадоў, піша BGmedia.
Апрануць школьніка
Напрыклад, пінжак можна купіць за 57 рублёў, але склад тканіны будзе 55% бавоўны, 42% поліэстэру і 3% лайкры. Пінжакі з гарнітурнай тканіны будуць даражэй — ад 92 да 222 рублёў. Цана на іх залежыць ад памеру: чым старэйшы і вышэйшы школьнік, тым даражэй абыдзецца гэты элемент школьнай формы.
Але купляць пінжак неабавязкова, сёння іх прапануюць замяніць больш зручнымі бомберамі, кошт якіх стартуе ад 39 і даходзіць да 106 рублёў.
Штаны да іх можна набыць за 50-85 рублёў, але іх кошт зноў жа залежыць ад вытворцы, памеру і складу тканіны.
Таксама можна купіць адразу касцюм, але ён абыдзецца амаль у 300 рублёў, 160 з якіх прыпадае на пінжак і амаль 70 — на штаны, або за 188 рублёў (127 рублёў — пінжак і 61 рубель — штаны). Калі захочацца сабраць «касцюм-тройку», даплаціць давядзецца мінімум 36 рублёў. Столькі каштуе адзін з бюджэтных варыянтаў камізэлек з гарнітурнай тканіны, а самы дарагі — больш за 95 рублёў. Пры гэтым за трыкатажныя камізэлькі ў сярэднім прыйдзецца аддаць рублёў 40.
Кошт кашуляў пачынаецца прыкладна ад 32 рублёў з тканіны, у складзе якой 65% бавоўны і 35% поліэстэру, і даходзіць да 105 рублёў, дзе ўтрыманне бавоўны значна вышэй — 80%. Замест кашулі можна набыць вадалазку, цэны на іх вар'іруюцца ад 14 да 45 рублёў.
А для халоднага часу года спатрэбіцца джэмпер, але з-за «несезону» іх выбар яшчэ невялікі. Тыя варыянты, якія былі прадстаўленыя ў краме, каштавалі ад 32 да 61 рубля.
Гальштук для хлопчыка можна купіць за 7-13 рублёў, а «бабачку» — у сярэднім за 11.
Такім чынам, самы бюджэтны варыянт школьнай экіпіроўкі (пінжак, камізэлька, штаны, кашуля) для хлопчыка можа абысціся ў суму, роўную амаль 158 рублям, а самы дарагі — за 530 рублёў. Але паколькі адной кашулі школьніку звычайна мала на тыдзень, то гэтая сума будзе значна вышэйшай.
Апрануць школьніцу
Як распавяла кансультантка крамы, у гэтым сезоне школьніцы ў асноўным выбіраюць больш свабодныя і зручныя мадэлі. А бацькі звяртаюць увагу на практычнасць адзення з пункту гледжання нашэння і аддаюць перавагу варыянтам са шчыльнай і гладкай тканіны, каб нічога не чаплялася за парты.
«Хоць у краме і прадстаўлены вялікі выбар штаноў класічнага крою, дзяўчынкі ў асноўным аддаюць перавагу штанам-палацо, яны вельмі модныя ў гэтым сезоне. Для маладзейшых дзяўчынак бацькі часцей выбіраюць кюлоты — гэта скарочаны варыянт штаноў, якія зручна насіць у халодную пару года, калі трэба ўжо пераабувацца», — сказала яна.
Многія выбіраюць для школы камізэлькі, але трыкатажныя, бо яны таннейшыя. Хоць з гарнітурнай тканіны ў гэтым годзе прадстаўлены «вельмі прыгожыя разнастайныя мадэлі», дадала кансультантка.
«Многім падабаецца адразу купляць поўны камплект, так званую дзявочую “тройку” — жакет, штаны і спадніцу. Але сёлета больш аддаюць перавагу збіраць мінімальныя камплекты — спадніца, блузка і камізэлька», — адзначыла яна.
Што тычыцца блузак, то іх выбар залежыць ад пераваг школьніц: бяруць як оверсайзы, так і варыянты з элементамі дэкору, рушамі і валанамі.
«Сарафаны таксама ў топе ў гэтым сезоне, таму што гэта вельмі зручна і практычна, можна хутка пераапрануцца на фізкультуру або заняткі танцамі. Шорты ў гэтым годзе не карыстаюцца попытам, хоць у мінулым былі вельмі актуальныя», — распавяла суразмоўца.
Што тычыцца агульнага кошту мінімальнага гатовага камплекту для дзяўчынкі (спадніца, блузка і камізэлька), то, па інфармацыі прадавачкі-кансультанткі, самы бюджэтны варыянт будзе каштаваць 200 рублёў. А калі разглядаць больш якасныя тканіны, напрыклад, тэкстыль або гарнітурную, а не трыкатаж, то будзе на 100 рублёў даражэй.
«Калі ўзяць яшчэ жакет, камізэльку з гарнітурнай тканіны, штаны, плюс сарафан і сукенку, то гэта ўсё абыдзецца рублёў у 500. Але на сёння 60% бацькоў шукаюць варыянты больш бюджэтныя, а 40% — глядзяць прыдатную дзіцяці мадэль і склад тканіны», — распавяла яна.
Разам з тым кансультантка рэкамендуе звяртаць больш увагі на якасць тканіны, бо ад гэтага залежыць камфорт дзіцяці, якое амаль цэлы дзень знаходзіцца ў школе.
Што тычыцца непасрэдна коштаў, то блузкі можна купіць за 53-119 рублёў, трыкатажныя каштуюць крыху танней — 24-73 рубля. Кошт штаноў вар'іруецца ад 17 да 91 рубля, спадніц — ад 25 да 120 рублёў, а шорт — 85. Самы бюджэтны варыянт жакета абыдзецца ў 39 рублёў, а найбольш дарагі — 192 рублі.
Сарафаны каштуюць ад 50 да 150 рублёў, а сукенкі — у сярэднім 100. Камбінезон можна купіць амаль за 125 рублёў.
Трыкатажныя камізэлькі ў сярэднім прадаюцца па 40 рублёў, а з гарнітурнай тканіны значна даражэй — ёсць варыянты і за 130. Таксама ў краме ёсць нядрэнны варыянт джэмпера з каўнерыкам-падманкай, яго будзе зручна насіць, калі пахаладае, але варта ён больш 107 рублёў.
Такім чынам, калі палічыць кошт мінімальнага, сабранага самастойна, камплекта школьнага адзення для дзяўчынкі (спадніца, блузка і камізэлька), то самы бюджэтны абыдзецца бацькам амаль у 120 рублёў, а самы дарагі — у 370.