Школьнікаў 8-9 класаў будуць вучыць «асновам духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» паводле БПЦ
Тэмамі факультатыўных заняткаў, у прыватнасці, з'яўляюцца «сціпласць, змірэнне, пакорлівасць». Сярод іншага прасоўваюцца такія наратывы, як «грэх ухілення ад доўгу вайсковай службы».

Мітрапаліт Веніямін. Ілюстрацыйны здымак
Міністэрства адукацыі зацвердзіла вучэбную праграму факультатыўных заняткаў «Асновы духоўна-маральнай культуры і патрыятызму» для школьнікаў 8-9 класаў. Дакумент апублікаваны 21 жніўня на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале, піша «Позірк».
Адзначаецца, што вучэбная праграма распрацавана ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве паміж дзяржавай і Беларускай праваслаўнай царквой, якая «выступае у якасці найважнейшага сацыяльнага інстытута, чый гістарычны вопыт, духоўны патэнцыял і шматвяковая культурная спадчына аказвае істотны ўплыў на фармаванне духоўных, культурных і нацыянальных традыцый беларускага народа».
Адначасова ў дакуменце падкрэсліваецца, што «пры вызначэнні зместу факультатыўных заняткаў з'яўляецца неабходным улік свецкага характару адукацыі і прытрымліванне адпаведных нарматыўных прававых актаў».
Глядзіце таксама

Праграма факультатыва прысвечана хрысціянскім каштоўнасцям, вывучэнню жыцця ўшанаваных БПЦ святых. Тэмамі факультатыўных заняткаў, у прыватнасці, з'яўляюцца "сціпласць, змірэнне, пакорлівасць", "міласэрнасць, спачуванне, дабрыня, сумленнасць, праўдалюбнасць", "сумленне, раскаянне", "служэнне, мужнасць, гонар", "духоўнае краязнаўства", "захаванне і памнажэнне духоўнай спадчыны як праяўленне любові да Радзімы”.
У праграме ўвогуле не пералічваюцца святыні іншых, акрамя праваслаўнай, канфесій у Беларусі.
Сярод іншага прасоўваюцца такія наратывы, як "грэх ухілення ад доўгу вайсковай службы".
Глядзіце таксама

Праваслаўе ў Беларусі лічыцца дамінуючай хрысціянскай канфесіяй. Руская праваслаўная царква лічыць беларускую зямлю сваёй кананічнай тэрыторыяй. Беларускі экзархат РПЦ ацэньвае колькасць вернікаў у чатыры мільёны. Па стане на 1 студзеня 2024 года праваслаўная царква ў Беларусі налічвала 1.737 прыходаў у 15 епархіях, было адчынена 1.878 храмаў, на этапе будаўніцтва знаходзілася 147.
РПЦ адкрыта падтрымлівае Расію ў развязанай ёю вайне супраць Украіны. Найбольш актыўны ў Беларусі — мінскі Свята-Елісавецінскі манастыр, гісторыя якога вывучаецца ў рамках праграмы. Парафія рэгулярна арганізуе і ўдзельнічае ў акцыях, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію.
БПЦ заключае дамовы аб супрацоўніцтве з Мінадукацыі з 1994 года. Цяпер рэалізуецца праграма супрацоўніцтва на 2020-2025 гады.
У лістападзе 2022 года міністр адукацыі Андрэй Іванец адзначыў важнасць і педагагічную значнасць супрацоўніцтва БПЦ у маральным выхаванні моладзі: "Намаганні Беларускай праваслаўнай царквы, скіраваныя на духоўна-маральнае выхаванне моладзі, захаванне духоўных асноў беларускай культуры, блізкія і зразумелыя дзяржаўным інстытутам, у тым ліку і Міністэрству адукацыі".
3 красавіка паведамлялася, што міністэрства адукацыі зацвердзіла вучэбную праграму факультатыўных заняткаў "Азбука маральнасці" для школьнікаў 2–3 класаў.