Амаль кожны дзясяты: як рэжым Лукашэнкі арыштоўвае ксяндзоў
Са жніўня 2020 года і да сёньняшняга дня былі затрыманыя, арыштаваныя прынамсі 32 рыма-каталіцкія і грэка-каталіцкія сьвятары ў Беларусі. Некаторым зь іх пагражае да 15 гадоў калёніі, нехта пасьля вызваленьня быў вымушаны пакінуць родную краіну і сваіх парафіянаў. Склалі поўны чорны малюнак рэпрэсіяў.
«Я ня мог дазволіць сабе маўчаць, бо маўчаньне — гэта згода з чымсьці. Пан Езус не маўчаў, калі бачыў зло. Гэта было ня супраць уладаў, а супраць зла, якое адбывалася»
такія словы прамовіў ксёндз Анджэй Бульчак, які адсядзеў і быў вымушаны выехаць з нашай краіны.
Тэкст падрыхтаваны з дапамогай рэсурсу «Хрысьціянская візія», які штодзень вядзе маніторынг перасьледу хрысьціянскіх вернікаў у нашай краіне.
Павел Ярашэвіч
Ксёндз Павел Ярашэвіч знаходзіўся ў ізалятары з пятніцы, 16 жніўня 2024 года. Суд над ім адбыўся ў панядзелак. Ксёндз Ярашэвіч зьяўляецца пружанскім дэканам і пробашчам мясцовай парафіі Ўнебаўзяцьця найсьвяцейшай Панны Марыі.
Вырак суда: штраф у 1200 рублёў і канфіскацыя тэлефона. Лукашэнкаўскі суд абвінавачваў яго ў распаўсюдзе «экстрэмізму».
Анджэй Юхневіч і Павел Лемех
8 траўня 2024 года былі затрыманыя сьвятары ордэна Місіянэраў Аблатаў Беззаганнай Марыі, якія служаць у дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне (Віцебская вобласьць) ксяндзы Анджэй Юхневіч OMI і Павел Лемех OMI. Затрыманьне адбылося пасьля ўдзелу абодвух у сустрэчы сьвятароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі, якая прайшла ў іх храме. Сьвятароў абвінавачвалі ў «дывэрсійнай дзейнасьці на шкоду беларускай дзяржаве». Да суду яны ўтрымліваліся ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Віцебску. Сьвятароў напачатку асудзілі па скайпе: Юхневіча — на 15, а Лемеха — на 10 сутак.
Айцец Анджэй Юхневіч займае высокую пасаду ў беларускім Касьцёле. Ён зьяўляецца прадстаўніком усіх манаскіх супольнасьцяў (а ня толькі аблатаў) у Беларусі. Гэта выбарная пасада. На яе чалавека выбіраюць самі манахі і сёстры законныя.
«Выбар кагосьці сьведчыць аб аўтарытэце і даверы сярод тых, хто выбірае. У адрозьненьне ад таго, як прызначаецца біскуп. Бо яго прызначае зьверху Ватыкан. Ня кожны біскуп мае такі аўтарытэт сярод духавенства, якое працуе ў Беларусі, як мае Юхневіч», — ананімна пракамэнтаваў Радыё Свабода адзін каталіцкі сьвятар.
Пасада называецца «старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцьця». Айцец Юхневіч займаў яе са студзеня 2022 года. Рада пры гэтым касьцельным органе, са словаў ксяндза-суразмоўцы, «ня мае адміністрацыйнай улады, але мае свой маральны аўтарытэт». На ягоную думку, рэжым Лукашэнкі «ламае апошні аўтарытэт Касьцёлу».
Раней стала вядома, што Анджэю Юхневічу паставілі ў віну зьмяшчэньне ў facebook фотаздымкаў са сваёй выявай з бел-чырвона-белым сьцягам і сьцягам Украіны. Гэта стала падставай для прыцягненьня клірыка па ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэньне ўсталяванага парадку правядзеньня пікетаваньня).
Да гэтага часу ксёндз Юхневіч застаецца за кратамі ўжо з абвінавачваньнем па крымінальнай справе. Яго брат па манаскай супольнасьці Павел Лемех вызваліўся пасьля свайго арышту.
Павел Гедройць
14 сакавіка 2024 года адміністрацыйны перасьлед ужылі супраць каталіцкага сьвятара Паўла Гедройця, пробашча Крыжаўзьвіжанскага касьцёла ў вёсцы Галынка і Касьцёла Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі ў вёсцы Перстунь Гродзенскага раёна. Сьвятара прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» і канфіскавалі мабільны тэлефон. Яго таксама абвінавацілі, што ён любіць сьпяваць «гарныя бандэраўскія песьні». Ксяндза аштрафавалі на 1200 рублёў, — паведаміла «Хрысьціянская візія».
Генрых Акалатовіч
Генрых Акалатовіч — сьвятар з Валожына. Ксяндза затрымалі ў лістападзе 2023 года. На момант затрыманьня яму было 70 гадоў. Ён перанёс інфаркт, і нядаўна яму была зробленая апэрацыя на страўніку ў сувязі з анкалягічным захворваньнем, ён мае патрэбу ў медыцынскім назіраньні і пастаянным прыёме лекаў. Яго ўтрымліваюць у СІЗА КДБ. Да зьмены статусу для яго адмаўляліся прымаць цёплыя рэчы і прадукты. У першы час пасьля затрыманьня сьвятару ўдалося перадаць толькі прадметы гігіены, бялізну і пігулкі. Раней паведамлялася, што ксяндзу інкрымінуюць «здраду дзяржаве» (арт. 356 Крымінальнага кодэкса).
Арыштаваны быў не толькі пробашч, але і двое парафіянаў. Гэта гаспадыня, якая гатавала ежу для сьвятара, а таксама пэнсіянэр — былы камандзір мясцовай ваеннай часткі, які ў апошнія гады працаваў у сельгаспрадпрыемстве, быў дэпутатам, дапамагаў парафіі. Вайсковая частка і касьцёл знаходзяцца побач.
«На жанчыну, як мы чулі, ціснуць, каб яна дала паказаньні. Бо доказаў віны ксяндза Генрыха няма. Гэта паважаны, заслужаны сьвятар. Нездарма менавіта яго арыштавалі. Праз яго справу ціснуць на ўвесь Касьцёл», — выказалі меркаваньне вернікі.
Па абвінавачваньні ў здрадзе дзяржаве пробашчу пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.
Суд, які ўжо хутка адбудзецца, будзе закрытым – туды не змогуць трапіць сваякі і парафіяне, па выніках суда ніякіх зьвестак пра справу таксама не зьявіцца. Усё як пры Сталіну.
Але журналістам удалося даведацца ад вернікаў, знаёмых з сітуацыяй, некаторыя зьвесткі. Сьвятара абвінавачваюць у тым, што ён быццам бы перадаў камусьці нейкую таемную інфармацыю.
Паводле зьвестак, якія дайшлі да вернікаў, шкоду, нібыта нанесеную дзяржаве дзеяньнямі сьвятара, ацэньваюць у вельмі буйную суму і патрабуюць яе сплаціць. У размовах называецца сума каля 1 мільёна эўра ў эквіваленце (болей за 3 мільёны рублёў). У кошт спагнаньня гэтай сумы намераны ўключыць грошы, якія канфіскавалі пры арышце ксяндза Генрыха – яго асабістыя зьберажэньні і ахвяраваньні парафіі, мяркуюць вернікі. Што тычыцца яшчэ двух мясцовых жыхароў, якіх затрымлівалі па справе ксяндза, то яны ўжо вызваленыя з-пад варты – яны на волі, але нічога не могуць распавядаюць пра сутнасьць справы.
Вячаслаў Пялінок
22 лістапада 2023 года быў затрыманы каталіцкі ксёндз Вячаслаў Пялінок, які служыць у парафіі Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Берасьці. Пялінок быў затрыманы карнымі органамі пасьля ранішняй імшы, быў праведзены агляд у плябані, дзе жывуць сьвятары парафіі, канфіскаваны мабільны тэлефон і ноўтбук. 30 траўня 2024 года сталі вядомыя падрабязнасьці адміністрацыйнага перасьледу ксяндза. У дачыненьні да сьвятара былі распачатыя два адміністрацыйныя працэсы па ч. 2 арт. 19.11 ("распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"). Першы суд, які разглядаў справу аб рэпосьце паведамленьня, зьмешчанага ў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале, адбыўся 27 лістапада 2023 года. Гэты рэпост быў выяўлены карнымі органамі 24 лістапада.
Так званы суд пастанавіў падвергнуць Пялінка штрафу ў памеры 555 рублёў з канфіскацыяй мабільнага тэлефона, але без канфіскацыі інфармацыйнай прадукцыі. Другі суд адбыўся 8 сьнежня 2023 года, справа разглядалася ў адсутнасьць сьвятара. Ён таксама тычыўся рэпоста паведамленьня ў тэлеграме. Суд зноў пастанавіў аштрафаваць ксяндза на 15 б. в. (555 рублёў) і зноў канфіскаваць той жа тэлефон. Клоўнская сістэма.
Ксёндз Пялінок быў першым асабістым сакратаром кардынала Клаўдыё Гуджэроцьці, які служыў Нунцыем Папы Рымскага ў Беларусі.
Мікалай Ліпскі
У кастрычніку 2023 года пасьля праверкі мабільнага тэлефона быў затрыманы ксёндз Мікалай Ліпскі, пробашч парафіі сьвятой Марыі Магдаліны ў Новалукомлі (Чашніцкі раён, Віцебская вобласьць). На яго склалі пратаколы па ч. 1 арт. 24.23 аб несанкцыянаваным пікетаваньні і па ч. 2 арт. 19.11 КаАП аб распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацсетках, — пісала «Хрысьціянская візія».Двое сутак ён правёў у ізалятары. 27 кастрычніка 2023 года судзьдзя Чашніцкага раёна А. С. Сьмірнова пакарала сьвятара штрафам у памеры 1850 рублёў і пастанавіла канфіскаваць у яго тэлефон.
Антоні Адамовіч
13 жніўня 2023 года адбылося затрыманьне пробашча Касьцёла Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа ў Першамайску Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласьці. Ксёндз Антоні Адамовіч сам з Гарадзеншчыны, выпускнік мясцовай духоўнай сэмінарыі. Ён прыняў сьвятарскі сан у лістападзе 2009 года.
Карныя органы спрабавалі затрымаць ксяндза ў самім касьцёле, але людзі не дазволілі. У плябані касьцёла правялі ператрус. Як стала вядома, яшчэ напярэдадні ксяндза выклікалі ў сельсавет, там яго дапыталі і забралі на праверку тэлефон. Затрыманьне, імаверна, і стала наступствам гэтай праверкі.
Вядома, што Каталіцкі касьцёл у Беларусі падчас і пасьля выбараў прэзідэнта, з моманту пачатку рэпрэсій беларусаў, выказваў ясную пазіцыю, што вылілася ў перасьлед ксяндзоў і біскупаў.
Ксяндза Адамовіча падверглі адміністрацыйнаму перасьледу і прызначылі арышт за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП).
Андрэй Зноска
У ліпені 2023 года ў Лідзе быў затрыманы ксёндз Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасьці. Затрыманьне адбылося 19-га ліпеня. Прычыны і месца знаходжаньня сьвятара былі невядомыя. Ксёндз зьяўляўся кансультантам Канфэрэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі па юрыдычных пытаньнях і экспэртам у кананічным праве.
Роўна праз год 19 ліпеня 2024 года Ватыкан зрабіў вельмі прыгожа: апублікаваў імя новага біскупа для Каталіцкага касьцёла ў Беларусі. Ім стаў той самы вядомы сьвятар з Ліды Андрэй Зноска.
Сымбалічна, што гэта адбылося роўна праз адзін год пасьля таго, як 19 ліпеня 2023 года, ксяндза затрымлівалі слугі рэжыму Лукашэнкі.
Андрэй Зноска ўдзельнічаў у беларускім перакладзе Кодэкса кананічнага права.
Юры Жэгарын
Ксёндз Юры Жэгарын зьяўляецца пробашчам касьцёла сьв. Міхала Арханёла ў Наваградку.
Прарэжымны тэлеграм-канал прыцягнуў увагу да таго, што ў 2021 годзе ксёндз зрабіў рэпост публікацыі Радыё Свабода ад 2016 года аб рэканструкцыі Наваградзкага замка. За гэта на яго быў складзены пратакол па арт. 19.11 "распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў". 17 ліпеня 2023 года адбыўся суд, ксёндз быў падвергнуты штрафу ў памеры 555 рублёў.
Юры Рашатко і Валеры Доўгуль
13 ліпеня 2023 года ў плябаніі архікатэдральнага касьцёла Найсьвяцейшага Імя Панны Марыі ў Менску супрацоўнікамі ГУБАЗіКу быў праведзены ператрус у двух сьвятароў, якія там пражывалі — ксяндза Юрыя Рашатко, сьвятара дадзенага касцёла, і ксяндза Валерыя Доўгуля, вікарыя парафіі сьвятых Сымона і Алены (Чырвоны касьцёл). Сьвятары былі затрыманыя, падвергліся допыту і пагрозам. парафіяне, якія бачылі ксяндза Доўгуля пасьля допыту, адзначалі, што ў яго на твары былі сьляды зьбіцьця. Абодва сьвятары вымушаныя былі выехаць з Беларусі.
Аляксандар Шаўцоў
25 траўня 2023 года быў затрыманы грэка-каталіцкі сьвятар Аляксандар Шаўцоў з Полацку. 26 траўня адбыўся суд, сьвятару ставіўся ў віну артыкул 19.11 ч.2 КаАП, які прадугледжвае адказнасць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Правапарушэньнем палічылі перапосты незалежных СМІ ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте». У выніку на яго было накладзена адміністратыўнае спагнаньне тэрмінам на 15 сутак. 2 чэрвеня 2023 года адбылося яшчэ адно судовае паседжаньне па артыкулах 19.11 і 24.23 КаАП, па якіх ён атрымаў яшчэ 30 сутак арышту. Агулам сьвятар правёў у зьняволеньні 45 сутак. Падвяргаўся катаваньням. Пасьля быў змушаны зьехаць з Беларусі.
Андрэй Кулік і Вячаслаў Адамовіч
25 траўня 2023 года былі затрыманыя два рыма-каталіцкія сьвятары з Мёрскага дэканата. Гэта ксёндз Андрэй Кулік, пробашч парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах, ён правёў у статусе затрыманага 3 сутак, а таксама ксёндз Вячаслаў Адамовіч, пробашч парафіі Найсьвяцейшай Панны Марыі Шкаплернай у Ідолце (Мёрскі раён Віцебскай вобласьці), ён падвергся арышту тэрмінам на 7 сутак за пасты ў сацсетках: па арт. 19.11 КаАП, за перапост са старонкі незалежнага СМІ, прызнанага экстрэмісцкім, а таксама па арт. 24.23 (удзел у масавых мерапрыемствах) за зьмяшчэньне бел-чырвона-белага сьцяга і герба "Пагоня" на яго профільным малюнку ў фэйсбуку. Ксяндзу Куліку таксама ставіліся ў віну пасты ў сацсетках, аднак справа аб яго адміністрацыйным правапарушэньні была скіраваная на дапрацоўку.
Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч зьвяртаўся наконт справы ксяндза Андрэя Куліка да прадстаўнікоў рэжыму і ў апостальскую нунцыятуру.
Яўген Учкуроніс
Пробашча парафіі сьвятога Яна Паўла ІІ у Смаргоні Яўгена Ўчкуроніса абвінавацілі ў распаўсюдзе «экстрэмісцкага матэрыялу» за рэпосты інфармацыі ў фэйсбуку са старонак беларускіх незалежных СМІ, якія перасьледуюцца рэжымам як «экстрэмісцкія», 8 ліпеня 2022 года на яго быў накладзены штраф у памеры 20 базавых велічыняў (640 рублёў). Гэта самы распаўсюджаны від рэпрэсіяў, як паведаміла «Хрысьціянская візія».
Ігар Кандрацьеў
Пробашч грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў Андрэя і Пятра ў Берасьці Ігар Кандрацьеў быў затрыманы 2 лістапада 2022 года. У ягоным доме, а таксама ў грэка-каталіцкай царкве, у якой служыць Кандрацьеў, і ў парафіяльным доме прайшоў ператрус. Судзьдзя Андрэй Грушко прызначыў Кандрацьеву адміністратыўнае спагнаньне ў выглядзе арышту на тэрмін 12 сутак.
Віталь Чабатар
Каталіцкі сьвятар Віталь Чабатар, якога затрымала міліцыя 17 лістапада 2022 года, быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 41-гадовы (на той час) айцец Віталь — віцэ-дэкан Магілёўскага дэканату, належыць да Ордэну клярэтынаў і служыць у Магілёве на працягу апошніх 15 гадоў.
Мяркуючы па ўсім, нагодай для арышту сьвятара сталі яго дзеяньні ў сацыяльных сетках. Духавенства Магілёўскага дэканату заклікала да малітвы за сьвятара, які церпіць за кратамі.
Аляксандар Баран
У жніўні 2022 года
ксяндза Аляксандра Барана з Лынтупаў зноў асудзілі да сутак. Стала вядома, што
ксяндза Аляксандра Барана асудзілі да 17 сутак арышту паводле народнага
артыкула 24.23 КаАП.
Сьвятара ў сакавіку ўжо затрымлівалі і асуджалі да 10 сутак. Зрэшты, у той раз ксёндз адседзеў толькі 8 сутак з 10 — яго выпусьцілі напярэдадні Вялікадня.
Андрэй Вашчук
Ксёндз Андрэй Вашчук SDS, пробашч парафіі Сьвятога Духа ў Віцебску, 18 ліпеня 2022 года быў асуджаны на 15 сутак.
Суд адбыўся ў закрытым рэжыме. Віцебская дыяцэзія таксама «Заахвочвала памятаць аб сьвятары ў малітве, каб Бог даў яму сілы вытрымаць гэтае выпрабаваньне». Сьвятар быў затрыманы, меркавана за рэпост у сацыяльных сетках.
Біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі на сваёй старонцы ў Facebook зьвярнуўся са зваротам да вернікаў, а таксама да сьвятароў з нагоды арышту віцебскага ксяндза Андрэя Вашчука.
«Хачу папрасіць усіх неабыякавых людзей аб малітве за каталіцкага Сьвятара, ксяндза Андрэя Вашчука, сальватарыяніна, які знаходзіцца за кратамі. Гэта Сьвятар (я сьвядома пішу гэта слова зь вялікай літары ў дачыненьні да айца Андрэя) паводле Божага Провіду і высакародны Чалавек. Айцец Андрэй цалкам адданы Богу, Касьцёлу і людзям. Служыць усім, аддаючы сябе без рэшты. Мы молімся за ўсіх, каму патрэбна Божая дапамога падчас выпрабаваньняў, асабліва ў часе перасьледу і рэпрэсій. Наша малітва — гэта сіла і моц, гэта тая «добрая частка», якая не адымецца ў нас (пар. Лк 10, 38-42)».
Таксама біскуп Касабуцкі дадаў:
«Заахвочваю сьвятароў, якія прачытаюць гэты пост, да цэлебрацыі Сьвятой Імшы ў інтэнцыі нашага брата ксяндза Андрэя Вашчука, у панядзелак, 18 ліпеня 2022 года. Няхай гэта будзе нашым сьвятарскім абавязкам».
У выніку ксёндз Вашчук атрымаў два арышты па 15 дзён за «несанкцыянаванае пікетаваньне», а таксама 320 рублёў штрафу за «экстрэмісцкія матэрыялы». Быў вымушаны пакінуць Беларусь.
Ігар Лашук
20 красавіка 2022 ксяндзу са Стоўпцаў Ігару Лашуку была дадзеная позва аб пачатку адміністрацыйнай справы па артыкуле 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). На яго старонках у сацсетках дбайныя міліцыянты знайшлі рэпосты з Радыё Свабода і Белсат. У ксяндза канфіскавалі тэлефон, а 30 красавіка Ігар Лашук быў асуджаны да штрафу ў памеры 30 базавых велічыняў. Як казаў сам ксёндз Ігар, яго бацьку камуністы ў свой час асудзілі да растрэлу, потым замяніўшы прысуд 25 гадамі.
Андрэй Кеўліч
18 красавіка 2022 быў затрыманы ксёндз з Горак Андрэй Кеўліч, адразу пасьля імшы. На ксяндза быў складзены адміністрацыйны пратакол па артыкуле 19.11 (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Тэлефон быў канфіскаваны на карысьць дзяржавы. Ксёндз Андрэй у сваіх сацсетках выказваўся супраць вайны ва Ўкраіне. На наступны дзень ужо быў прызначаны суд, куды прыйшоў падтрымаць ксяндза біскуп Аляксандар Яшэўскі. Суд двойчы пераносіў разгляд справы, пакуль у выніку не прысудзіў 12 траўня штраф у памеры 20 базавых велічыняў.
Ксёндз Андрэй пазьней распавёў акалічнасьці справы, яна падаецца вельмі зьмястоўнай, таму падаем яе цалкам:
«Сябры, я пакуль не маю магчымасьці карыстацца мабільным тэлефонам, таму сувязь са мной складнаватая. Вучуся карыстацца хатнім тэлефонам. Што магу сказаць па сутнасьці таго, што адбываецца? Паколькі не маю аніякай забароны аб інфармаваньні пра тое, што адбываецца (не падпісваў нічога такога, ды і ніхто пра гэта і не казаў), думаю, што варта трошкі праясьніць сітуацыю.
18 красавіка прыкладна ў 17.40 да касьцёла ў Горках пад’ехала міліцыя. Мне паведамілі, што я павінен праехаць ў РАУС для размовы. Паколькі а 18.00 у нас сьвятая Імша, я папрасіў узгадніць з кіраўніцтвам магчымасьць самастойна прыехаць у РАУС пасьля таго, як адслужу багаслужэньне. Калі я прыехаў у РАУС, у мяне запатрабавалі мабільны тэлефон. Паколькі я яго з сабой не браў (мяне не папярэдзілі, што я павінен яго ўзяць), на міліцэйскай машыне мы вярнуліся да парафіяльнага дома і ўзялі мабільны тэлефон. Як вяліся дагляд і допыт? Здаецца, больш-менш адэкватна. Хамства з боку міліцыі я не заўважыў, ніхто са мной на “ты” не пераходзіў, нават паказалі на маю просьбу службовыя пасьведчаньні.
Пэўныя замаруджаньні меліся з тлумачэньнем мне маіх правоў і абавязкаў, я трошкі настойліва папрасіў большай дакладнасьці. Адносна беларускай мовы пайшлі на кампраміс — я адказваў па-беларуску, міліцыянт перакладаў і дакумэнтаваў адказы па-расейску. Асаблівых праблемаў не было, адно што паўсталі цяжкасьці з разуменьнем, што за месяц “березень” (у маім мабільным тэлефоне Facebook функцыянуе ва ўкраінскай мове, бо няма опцыі “беларуская”. Прыйшлося тлумачыць, што гэта сакавік — месяц, калі ажывае прырода і бруяе бярозавы сок.
Мне доўга не маглі сфармуляваць абвінавачваньне. Нарэшце, сказалі, што гэта ч. 2 арт. 19.11 (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданьне, захоўваньне альбо перавозка з мэтай распаўсюджваньня такой інфармацыйнай прадукцыі).
Падставай для абвінавачваньня зьявіўся рапарт ад 18.04.22, у якім адлюстраваная наяўнасьць на маёй старонцы ў Facebook матэрыялаў з “экстрэмісцкіх крыніцаў”.
Пры мне ў маім мабільніку зайшлі ў Facebook і прадэманстравалі матэрыялы. Гэта здымак шклянога слоіка з надпісам на ўкраінскай мове аб просьбе вярнуць пасьля перамогі, а таксама відэа, у якім украінская бабуля, што перажыла Другую сусьветную вайну, заклікае спыніць баявыя дзеяньні ва Ўкраіне.
Праглядаючы маю старонку падрабязна, іншых спрэчных матэрыялаў не пабачылі. Мяне папрасілі іх выдаліць, я пагадзіўся. У пратаколе я падкрэсьліў, што пагаджаюся з формай абвінавачваньня, але не з сутнасьцю. Пасьля мне паведамілі, што наўпрост зараз затрымліваць мяне не будуць, хаця, паводле працэдуры, “гэта трэба было б зрабіць”. Папрасілі прыехаць у аддзел РАУС на наступны дзень у 9.00.
Вярнуўшыся дахаты, сабраў “трывожны заплечнік”, паклаўшы ў яго брэвіярый і іншыя кнігі. Пазваніў да сястры, каб не перажывала, як штосьці даведаецца (так атрымалася, што 18 красавіка — дзень яе нараджэньня). Заснуць атрымалася хіба на гадзінку. Ранкам прыехаў падтрымаць мяне біскуп Аляксандар, разам мы пайшлі ў аддзел, там, праз гадзіну чаканьня, нас скіравалі ў раённы суд (знаходзіцца недалёка РАУС).
У судзе спачатку не маглі зразумець мэты нашага “візыту”. Пасьля патлумачылі, што я пакуль магу быць свабодны, бо яшчэ судом не атрыманыя матэрыялы справы і ўзялі для сувязі нумар біскупа Аляксандра. Яшчэ праз гадзіну на гэты нумар патэлефанавалі, запрасілі прыйсьці, бо матэрыялы атрыманыя, але “пасяджэньня сёньня, хутчэй за ўсё не будзе”. Запісаўшы мой хатні нумар і мабільны нумар біскупа Аляксандра для сувязі, сказалі “не перажываць”.
У другой палове дня я пазваніў у канцылярыю суда і пачуў, што адказная асоба, якая будзе весьці справу, яшчэ не пазнаёмілася з матэрыяламі справы.
Праз пэўны час прыехаў кс. Міхал са Шклова, мы разам памаліліся, выпілі кавы. Ранкам 20 красавіка я патэлефанаваў у суд пасьля 9.00 і пачуў, што пакуль няма тэрмінаў вырашэньня працэдуры. На пытаньне — ці магу я выязжаць у горад і займацца заплянаванымі парафільнымі справамі, сказалі, што так. Каб аблегчыць сувязь са мной, даў ім нумар верніцы нашай парафіі, якая жыве блізка касьцёла. У другой палове дня адказалі, што нічога новага паведаміць не могуць.
21 красавіка ў канцылярыі суда паведамілі, хто займаецца справай, і сказалі чакаць. Яшчэ раз спытаўся, ці магу свабодна перамяшчацца, пацьвердзілі, што ніякіх абмежаваньняў няма. Таму паціху вяртаюся да працягваньня звычайнага душпастырскага служэньня. Хоць у прынцыпе я ж яго і не перарываў. Усё будзе добра. Гэта ўсё ў перспэктыве вечнасьці — такая дробязь, што не варта і замарачвацца. Будзем жа трымацца Хрыста, а ўсё іншае — дадасца».
Васіль Ягораў
25 сакавіка 2022 у Віцебску быў затрыманы грэка-каталіцкі сьвятар Васіль Ягораў за налепку на яго аўто «Украіна, прабач». Ён правёў тры дні ў СІЗА, а пасьля на судзе прысуджаны яшчэ да 50 базавых велічыняў штрафу.
Аляксандар Баран
25 сакавіка 2022 быў арыштаваны ксёндз Аляксандар Баран з Лынтупаў. У жніўні 2020 разам з парафіянамі ўдзельнічаў у акцыях супраць фальсыфікацый на выбарах. Яго выклікалі ў карныя органы Паставаў, як потым казаў ксёндз, проста паразмаўляць. Але ўжо на месцы затрымалі і пасадзілі ў СІЗА. Праз 72 гадзіны яму прад'явілі новае абвінавачваньне і пакінулі без суда на яшчэ тры дні. Ксёндз Аляксандар сказаў, што адносіны да яго былі хамскія, аж да моманту, калі адвакату дазволілі зь ім спаткацца. Па сканчэньні 6 дзён ксяндза выпусьцілі з прадпісаньнем зьявіцца на суд 4 красавіка.
Яго судзілі па артыкуле 24.23 (былы 23.34) за наяўнасьць у яго профілі здымкаў з бел-чырвона-белым сьцягам, а таксама з украінскім сьцягам, які ён дадаў у дзень разьвязаньня вайны Расеяй супраць Украіны 24 лютага. Іншае абвінавачваньне датычылася лайкаў і камэнтароў ксяндза ў 2020 на рэсурсах, якія потым так званыя суды прызналі экстрэмісцкімі. Ксёндз адкрыта заявіў, што якая б ні была ўлада, Каталіцкі касьцёл заўжды будзе абвяшчаць адно — праўду Эвангельля Божага, а не палітыку якіх-небудзь партый, і што рэжым жадае закрыць рты. На суд 4 красавіка прыйшоў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Сьвятара прысудзілі да 10 дзён арышту. Ён правёў за кратамі яшчэ 2 дні, пасьля чаго раптоўна за два дні да канца тэрміну быў выпушчаны.
Анджэй Бульчак
25 сакавіка 2022 судзілі ксяндза Анджэя Бульчака з Паставаў. Суд даслаў справу на дапрацоўку, пад час якой ксёндз Анджэй быў вымушаны пакінуць Беларусь і вярнуцца ў Польшчу пасьля 14 гадоў служэньня ў Беларусі. Справа датычылася YouTube-каналу парафіі, які вёўся ксяндзом і моладдзю. Аматары ютубных ролікаў з рэпрэсіўных органаў паглядзелі на канале выпуск ад 7 сакавіка, дзе ў форме ліста беларускі да жыхароў Польшчы, па-польску апісваецца непрыняцьце вайны ва Ўкраіне беларусамі, а таксама вядзецца гаворка аб тым, што не варта разглядаць беларусаў праз прызму рэжыму Лукашэнкі.
У роліку лунаюць нацыянальныя беларускія сьцягі, а на адным з фотаздымкаў было лога Белсата. 24 сакавіка ксяндзу Анджэю ў міліцэйскім аддзеле пагражалі завядзеньнем крымінальнай справы і зьняволеньнем. У сьвятара канфіскавалі кампутар на карысьць дзяржавы. Ксяндза завочна асудзілі 13 траўня да штрафу ў памеры 960 рублёў. Сьвятар пагадзіўся выплаціць штраф — на карысьць Украіны.
Віктар Жук і Аляксей Варанко
8 сьнежня 2020 былі арыштаваныя два віцебскія сьвятары — рыма-каталіцкі святар Віктар Жук і грэка-каталіцкі сьвятар Аляксей Варанко. Іх абвінавацілі ў зьдзяйсьненьні адміністрацыйнах правапарушэньняў па «народным» артыкуле 23.34. Ксёндз Віктар Жук напярэдадні езьдзіў на суд да «калегі-экстрэміста» ксяндза Вячаслава Барка. А айцец Аляксей Варанко браў удзел у народных акцыях супраціву.
Як выявілася, на пляцоўцы перад крамай у Віцебску, куды сьвятары прыйшлі памаліцца за Беларусь, іх убачыў міліцыянт, які быў не пры выкананьні, але паведаміў калегам, што сьвятары стаяць з ружанцам і бел-чырвона-белым палатном. 9 сьнежня адбыўся суд, які даслаў справу на дапрацоўку, а напярэдадні Раства 24 сьнежня на другім паседжаньні вынес сьвятарам папярэджаньні. Падтрымаць Божых слугаў прыйшоў віцебскі біскуп Алег Буткевіч, іншыя сьвятары і вернікі.
Віталь Быстроў
30 лістапада 2020 адбыўся суд над грэка-каталіцкім сьвятаром з Івацэвічаў Віталём Быстровым. Яго абвінавачвалі па «народным» адміністрацыйным артыкуле 23.34 за ўдзел у акцыі супраціву напярэдадні. На пачатку паседжаньня судзьдзя спытаў у сьвятара, ці давярае той судзьдзі, на што Віталь Быстроў адказаў рашучае «Не». Сьведка міліцыянт прасіў далучыць да справы фота, відэа акцыі, а таксама характарыстыку на сьвятара ў наступным выглядзе: «Быстроў зьяўляецца актыўным карыстальнікам мэсэнджэра тэлеграм і знаходзіцца ў чаце з назвай «Салідарнасьць Івацэвічы». Сьвятара асудзілі на 10 дзён за кратамі.
Вячаслаў Барок
12 лістапада 2020 ксёндз з Расонаў — Вячаслаў Барок быў выкліканы ў Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі. На месцы ж выявілася сутнасьць такіх запрашэньняў і тых, хто запрашае — ксяндза паставілі перад фактам праверкі і экспэртызы яго YouTube-канала і старонкі ў Instagram. 1 сьнежня пачаўся судовы працэс, на якім Вячаслава Барка абвінавацілі па адміністрацыйным артыкуле 17.10 — «Прапаганда і (або) публічнае дэманстраваньне, выраб і (або) распаўсюджваньне нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі», за пост у інстаграме, дзе ксёндз выставіў твор беларускага мастака Ўладзімера Цэслера «Стоп лукашызм!».
Вячаслава Барка асудзілі на 10 дзён за кратамі. Пасьля адсідкі, 29 студзеня ксяндзу паведамілі, што адбываецца праверка яшчэ па 8 відэароліках, разьмешчаных на YouTube-канале. 1 ліпеня 2021 ксяндза зноў выклікаюць у органы, каб паведаміць, што распачаты новы адміністрацыйны працэс адносна кантэнту, які ён выкладвае сьвятар. 5 ліпеня Вячаслаў Барок праз пагрозы перасьледу пакінуў Беларусь, зараз служыць у парафіі «Трох крыжоў» у Варшаве на запрашэньне кардынала, арцыбіскупа Казімежа Ныча.
Дзьмітры Прыступа
11 жніўня 2020 у Баранавічах карнымі органамі быў здзейсьнены напад на ксяндза Дзьмітрыя Прыступу з Ляхавічаў, калі ён знаходзіўся ва ўласным аўто. Міліцыянты білі яго машыну, і калі, спрабуючы вырвацца ад нападу, ксёндз Дзьмітры закрануў бакавым шклом аднаго з нападнікаў, той потым заявіў аб «цялесных пашкоджаньнях у выглядзе ўшыбу ніжняй траціны правага сьцягна. а таксама аб фізычным болю». Ксяндза абвінавацілі па крымінальным артыкуле 364 — гвалт у адносінах да супрацоўніка органаў, па якім прадугледжваецца да 6 гадоў пазбаўленьня волі. Сьвятар пасьпеў выехаць з Беларусі ў бясьпечнае месца.
Дзе жыць і чым займацца ў Польшчы беларускаму сьвятару, вырашаў галоўны ксёндз манаскага ордэну. Спачатку ён адправіў беларуса на адпачынак у Закапанэ. Потым Дзьмітрыя зь ягонай згоды скіравалі служыць у горад Бэлхатаў каля Лодзі, а пазьней ён перавёўся ў Лодзь. Цяпер выкладае рэлігію ў сярэдняй школе, адпраўляе набажэнствы на беларускай мове, займаецца справамі парафіі, адпявае памерлых, вянчае маладых. Дзень звычайна заняты з 7-й гадзіны да 21-й.
«Сьвятар, які праходзіць па крымінальнай справе ў Беларусі, вучыць рэлігіі і маральнаму жыцьцю ў Польшчы», — усьміхаецца ксёндз Дзьмітры падчас інтэрвію Радыё Свабода.
Эдуард Сінкевіч і Аляксандар Фядотаў
10 жніўня 2020 у Баранавічах асудзілі адразу дваіх ксяндзоў — Эдуарда Сінкевіча з Паставаў і Аляксандра Фядотава з Гародні на 10 і 8 дзён за кратамі адпаведна. Іх затрымалі 9 жніўня ў вечар пасьля выбараў прэзыдэнта падчас акцый супраць фальсыфікацыяў.