Хронікі рэпрэсій. BySol прапануе «хатнім хімікам» тэрміновую эвакуацыю
Асуджаных да «хатняй хіміі» масава вінавацяць у парушэнні рэжыму і адпраўляюць у калоніі. З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі факты рэпрэсій за сёння, 19 жніўня.

У апошнія месяцы вырасла колькасць выпадкаў, калі прысуджаным да «хатняй хіміі» (абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу) робяць больш жорсткім пакаранне і пераводзяць у калонію, паведамляюць праваабаронцы.
З пачатку чэрвеня ў судах ужо разгледзелі або збіраюцца разгледзець 15 спраў аб замене абмежавання волі ў дачыненні да асуджаных па «пратэсных» артыкулах. Амаль усе такія справы разглядаюцца ў мінскіх судах. Вядома, што суды праходзяць нават над тымі, хто з'ехаў з Беларусі пасля прысуду.
Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра ціск на «хатніх хімікаў»: да іх прыязджаюць з праверкамі ўначы, абмяжоўваюць іх у вольным часе, адпраўляюць на «суткі» за парушэнні. За тры парушэнні чалавека могуць прызнаць злосным парушальнікам і зрабіць больш жорсткім адбыванне пакарання.
У сувязі з гэтым сузаснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак заклікаў асуджаных на «хатнюю хімію» звяртацца ў службу эвакуацыі. «Не чакайце, пакуль вас зачыняць за высокім плотам», — напісаў ён.
* * *
Суд Кастрычніцкага раёна Гродна задаволіў пазоў пракуратуры аб прызнанні несапраўднай здзелкі аб продажы кватэры падазраванай па «экстрэмісцкім» артыкуле. Пра гэта паведамляецца на сайце Генпракуратуры.
Паводле версіі пракурораў, жанчына «садзейнічала экстрэмісцкай дзейнасці» ў 2021-2023 гадах. У снежні 2023 года ў дачыненні да яе была ўзбуджаная крымінальная справа, яна з'ехала з Беларусі.
«Разумеючы проціпраўнасць сваіх дзеянняў і няўхільнасці пакарання за іх, яна яшчэ ў красавіку 2021 года аформіла даверанасць на свайго брата для продажу кватэры, якая знаходзіцца ў яе ўласнасці. Мужчына ў сакавіку 2023 года заключыў дагавор куплі-продажу кватэры, якая належыць сястры, са сваім бацькам. Як вынік — жылое памяшканне было прададзена за тры тысячы рублёў. Названыя абставіны сведчаць пра фіктыўны характар заключанай здзелкі, якая была здзейсненая з мэтай пазбягання спагнання на маёмасць абвінавачанай», — паведамілі ў пракуратуры.
У выніку пракуратура звярнулася ў суд, які задаволіў яе пазоў. Рашэнне суда ўступіла з законную сілу. Следчы камітэт наклаў на кватэру арышт у мэтах «забеспячэння магчымых маёмасных спагнанняў, спагнання даходу, атрыманага злачынным шляхам, забеспячэння спецыяльнай канфіскацыі».
* * *
Глядзіце таксама

* * *
За пратэсты асудзілі экс-басіста легендарнага гурта «Крама» і, верагодна, сябра УВК, якая сумленна палічыла вынікі выбараў. Вядомага мінскага бас-гітарыста Руслана Праўду, удзельніка легендарнага блюз-рок-гурта «Крама» вынеслі прысуд паводле ч. 1 арт. 342 КК — «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па гэтым артыкуле звычайна судзяць шараговых удзельнікаў шматтысячных мірных маршаў пратэсту 2020 года.
Руслан праўда быў басістам «Крамы» з моманту яе стварэння ў 1991-м і ў першыя гады існавання гурта Ігара Варашкевіча. Таксама з 2004 года праўда выступаў як музыка калектыву The Little Blues Band.
Прысуд Руслану Праўдзе вынеслі нядаўна (верагодна, у чэрвені ці крыху раней) у судзе Маскоўскага раёна Мінска. Беларускі ПЭН-цэнтр паведамляў, што мужчыну прызначылі «хатнюю хімію» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову), але тэрмін невядомы. Сам артыкул прадугледжвае ад двух да пяці гадоў абмежавання або да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Разам з Праўдам па справе праходзілі яшчэ два мінчукі: Віталь Краўцоў і Ігар Лысечка. Якое пакаранне ім прызначылі, таксама невядома.
Імаверна, што Віталь Краўцоў у 2020 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў быў сябрам участковай выбарчай камісіі ў школе №203 у сталічным раёне Уручча. Прынамсі, сярод членаў УВК (яна складалася не з работнікаў школы) быў яго поўны цёзка, у якога з ім супадаюць прозвішча, імя і імя па бацьку.
Гэтая камісія палічыла сапраўдныя вынікі выбараў па ўчастку і вывесіла для публічнага агляду несфальсіфікаваны выніковы пратакол. З амаль дзвюх тысяч тых, хто прагаласаваў, Святлана Ціханоўская набрала 1051 голас, а Аляксандр Лукашэнка — толькі 683.
Цяпер жа Руслан Праўда, Віталь Краўцоў і Ігар Лысечка падалі апеляцыю. Яе будуць разглядаць 20 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе. Весці справу прызначаная Святлана Чарапанава, вядомая вялікай колькасцю палітычна матываваных прысудаў.
* * *
Глядзіце таксама

* * *
Сілавікі апублікавалі чарговае відэа з затрыманым. Беларус пагутарыў з украінскім блогерам Rusha Goodbye ў чат-рулетцы, відэа з ім выйшла восем месяцаў таму. Падчас стрыму ён па-беларуску разважаў пра «сітуацыю ў свеце» і крытыкаваў рэпрэсіі ў нашай краіне.
У знятым сілавікамі роліку мужчына кажа, што не ведаў, што гэта быў блогер. У яго ў кватэры знайшлі бел-чырвона-белы сцяг і медаль з надпісам «23.34» (адсылка да старога артыкула 23.34 КаАП аб парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Таксама яго прымусілі сказаць, што ён беспрацоўны. Што канкрэтна інкрымінуюць мінчуку, невядома.
* * *
19 жніўня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся працэс па гучнай справе аб дыверсіі ў Мачулішчах. Дванаццаць чалавек — большасць з якіх завочна — абвінавачваюцца па 11 артыкулах КК, у тым ліку «тэрарыстычны акт» (ч.3 арт. 289 КК) і «здрада дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК).
Іх абвінавачваюць у правядзенні дыверсіі ў Мачулішчах у лютым 2023 года, падчас якой быў пашкоджаны расійскі самалёт А-50. Валянціна Зянкевіч разглядае справу ў закрытым рэжыме.
Галоўны фігурант справы і, на думку афіцыйных органаў і прапагандыстаў, выканаўца дыверсіі — Мікалай Швец — быў вызвалены ў чэрвені шляхам абмену з Украінай. Але, нягледзячы на гэта, справа разглядаецца, а яго памочнікам у Беларусі пагражаюць працяглыя тэрміны зняволення. Самога Швеца судзяць завочна.
Глядзіце таксама

* * *
У ліпені праваабаронцы зафіксавалі значны рост колькасці грамадзян, супраць якіх быў распачаты крымінальны пераслед па палітычных матывах. Гэта адбылося праз правядзенне групавых працэсаў над удзельнікамі пратэстаў 2020 года ў раёнах Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей.
Паводле папярэдніх звестак, у ліпені былі асуджаныя 170 чалавек, з іх 36 жанчын і 134 мужчыны. Варта таксама адзначыць, што працэдура спецыяльнай вытворчасці стала прыкметна больш актыўна выкарыстоўвацца судовай сістэмай — толькі за ліпень былі асуджаныя не менш за 28 чалавек.
* * *
Затрыманы ксёндз Павел Ярашэвіч. Аб затрыманні настаяцеля мясцовай парафіі Успення Прасвятой Багародзіцы (Пінскай дыяцэзіі) Паўла Ярашэвіча паведамляе Хрысціянская візія.
Вядома, што ксёндз знаходзіўся пад вартай з пятніцы, 16 жніўня. Клірыка судзілі за падпіскі на «экстрэмісцкія» медыя (арт.19.11 КаАП). Па выніках суда яму далі штраф у 1200 рублёў і канфіскавалі тэлефон.
* * *
У Гродзенскім абласным судзе 19 жніўня пачаўся завочны судовы працэс над Вадзімам Саранчуковым, выканаўцам абавязкаў старшыні Партыі БНФ (у Беларусі дэ-юрэ зліквідаванай). Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 361 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Справу разглядае суддзя Аляксандар Козел.
Спецвытворчасць у дачыннні да Саранчукова распачалі ў сакавіку.
* * *
Глядзіце таксама

* * *
Евангельскую веруючую Надзею Пташынскую прысудзілі да «хатняй хіміі» па «народным» артыкуле. Надзея Пташынская — верніца адной з мінскіх евангельскіх цэркваў, шматдзетная маці. Была затрыманая па артыкуле 342 КК і ўтрымлівалася пад вартай да суда. Пасяджэнне адбылося сёння, 19 жніўня 2024 года, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Паколькі Надзея атрымала «хатнюю хімію», яе вызвалілі ў зале суда. На які тэрмін яна асуджаная, не паведамляецца.
* * *
Фельчарка хуткай медыцынскай дапамогі са Жлобіна Аліна Галінская ў жніўні 2020 года трапіла пад асаблівую ўвагу супрацоўнікаў праваахоўных органаў, была пад адміністрацыйным пераследам, прайшла праз штрафы, арышты і прафілактычныя гутаркі.
Калі Аліна зразумела, што ўсё можа скончыцца крымінальнай справай, разам з мужам прыняла рашэнне з'ехаць з Беларусі.
Сёння стала вядома, што суддзя Сяргей Багінскі завочна прысудзіў Аліне Галінскай два гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму па артыкуле аб «распальванні варожасці».
Глядзіце таксама

* * *
19 жніўня 2024 года Гродзенскі абласны суд пачаў разгляд крымінальнай справы супраць жыхаркі Брэста Наталлі Жыгар 1956 года нараджэння. Паводле звестак праваабаронцаў, яе абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Суддзя па справе — Валерый Раманоўскі.
Праваабаронцы мяркуюць, што справа Жыгар звязаная з падтрымкай людзей, якія знаходзіліся ў СІЗА.
У апошнія месяцы па аналагічных артыкулах 361-4 КК былі асуджаныя брэстаўчанка Ірына Пагадзева і Наталля Малец. Іх абвінавачвалі ў грашовых пераводах палітвязням, за што абедзве атрымалі тэрміны: 3 гады і 3,5 гады калоніі адпаведна.