Неспадзяванка. Аперацыя УСУ ў Курскай вобласці можа сапсаваць шашні Лукашэнкі з Захадам

Беларускі дыктатар намагаецца аднавіць хаця б частку легітымнасці ў выніку «выбараў» 2025 года, але сітуацыя на вайне складваецца не на яго карысць.

Фотаа ukrinform.ua

Фотаа ukrinform.ua

У пошуках страчанай легітымнасці

Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка вядзе гульню з Захадам. Памалу вызваляе палітзняволеных. Робіць нібыта прымірэнчыя заявы на адрас як еўрапейскіх краін, так і Украіны. Сказаў быў пра адвод войскаў ад паўднёвай мяжы — маўляў, па-добраму дамовіліся з Кіевам, мы ж суседзі, а не ворагі.

«Галубамі міру» спрабуюць выглядаць і лукашэнкаўскія памагатыя. Аб гатоўнасці да дыялогу з Варшавай гаварыў, напрыклад, новы міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. А часовы павераны ў справах Беларусі ў ЗША Павел Шыдлоўскі дык увогуле заявіў аб неабходнасці «канструктыўнага ўзаемадзеяння» з Вашынгтонам.

Усё гэта было ў ліпені, і адной з магчымых прычын гэтай неспадзяванай «міралюбнасці» эксперты палічылі падрыхтоўку да выбарчай кампаніі 2025 года.

Сапраўды, на прэзідэнцкія «выбары» рэжым робіць вялікую стаўку. Для Лукашэнкі гэта шанец калі не перазагрузіць адносіны з Захадам, то нанова паставіць пытанне аб сваёй легітымнасці.

Можна не сумнявацца, што беларускія ўлады зробяць усё, каб «пераабраць» свайго куміра максімальна «элегантна», як той казаў, без шуму і пылу. Як гэта будзе выглядаць, вялікага сакрэту няма.

Да галасавання дапусцяць толькі лаяльных кандыдатаў, якія падчас выступаў на тэлебачанні будуць хваліць дзейны курс. Ніякіх незалежных назіральнікаў на гарматны стрэл не дапусцяць да выбарчых участкаў. Не будзе не толькі альтэрнатывы, але і намёку на пратэсныя праявы. Усё будзе ціха і лагодна — як у 2015-м.

Уласна, будзе як у Расіі, дзе Пуцін даўно ўжо зразае альтэрнатыўных кандыдатаў на стадыі рэгістрацыі. Нават такіх бяскрыўдных, як Барыс Надзеждзін — памятаеце сістэмнага ліберала, якому спачатку яўна ўзгаднілі ў Крамлі вылучэнне на «выбарах»? Потым паглядзелі на чэргі ў пунктах збору подпісаў і вырашылі: не, усё ж лепш без яго.

Тэхналогію рэжым ужо спрактыкаваў — у лютым, калі метадам кантраляванай электаральнай спецаперацыі прызначалі дэпутатаў так званага «парламента». Муха не праляцела, камар носа не адтачыў. Захад, праўда, тыя «безвыбары» не прызнаў, але нічога: прэзідэнцкая кампанія — нашмат больш важная падзея, ну і ёсць час папрацаваць над памылкамі.

І вось тут вельмі дарэчы будзе як вызваленне палітвязняў, так і агульная разрадка адносін з дэмакратычным светам. Спачатку на ўзроўні рыторыкі, а потым і з міграцыйным крызісам разбярэмся, і мілітарызм прыбяром, і, можа, нават Анджэя Пачобута вызвалім. Адно толькі прызнайце Аляксандра Рыгоравіча легітымным кіраўніком Беларусі.

Глядзіце таксама

Навошта Лукашэнку легітымнасць пасля ўсяго, што ён нарабіў? Тым больш што эканамічныя санкцыі праз гэта ніхто не здыме — санкцыі завязаныя на вайне, і пакуль яна працягваецца, зручны хаб для Крамля для абыходу абмежаванняў заходнія краіны ствараць не будуць.

Але ж легітымнасць — гэта каштоўнасць сама па сабе. Амбасадары вернуцца, можна будзе весці з імі адкрыты дыялог. Гэта канчаткова абясцэніць апазіцыйныя штабы за мяжой. Дыхаць стане лягчэй, што асабліва важна ў кантэксце аперацыі «Пераемнік», якую Лукашэнка ўжо непрыхавана анансуе. Так і кажа: я не вечны, хутка адыду ад спраў, пацярпіце яшчэ крыху.

Прыкладна такую гульню вёў Мінск даволі працяглы час, як раптам Узброеныя сілы Украіны зайшлі ў Курскую вобласць і ўзялі пад кантроль там сотні квадратных кіламетраў.

Чарговая клятва вернасці Крамлю

Заляцанні Лукашэнкі да Захаду наўрад ці прыводзілі ў захапленне Крэмль, але тут, выглядае, мінскі хаўруснік дзейнічаў у рамках свайго васальнага мандата. Пэўнай аўтаноміяй ён усё ж валодае, а да таго ж хіба дрэнна, калі ў яго зноў будзе легітымнасць? Пуціна вунь Захад прызнае, нягледзячы на вайну, то хай прызнае і Лукашэнку.

Неспадзяваны наступ УСУ ў Курскай вобласці можа сапсаваць беларускаму рэжыму ўвесь сцэнар.

Украінскія вайскоўцы ўварваліся на тэрыторыі Расіі 6 жніўня. Некалькі дзён пасля гэтага Лукашэнка разгублена маўчаў. Маўчалі таксама і яго наменклатура, і сілавікі. І прапагандысты. У той жа самы час расійскія Z-блогеры зацята крытыкавалі Мінск за нібыта здзейснены адвод войскаў ад мяжы з Украінай. Маўляў, Зяленскі кінуў пад Курск якраз тыя падраздзяленні, што стаялі насупраць беларусаў на мяжы.

Толькі праз тры дні ў Мінску адрэагавалі на падзеі. Спачатку выступіў з заяваў тутэйшы «галоўнакамандуючы»: распавёў пра міфічныя ўкраінскія дроны, нібыта збітыя недзе над Касцюковічамі на шляху ў РФ. Потым уключыўся са сваім асуджэннем МЗС, падцягнулася прапаганда… І панеслася.

Дайшло ў выніку да інтэрв’ю на тэлеканале «Расія», у якім Лукашэнка апраўдваўся перад Расіяй, запэўніваў Крэмль у сваёй лаяльнасці і гатоўнасці, як заўжды, сядзець з Пуціным у адным акопе.

Не засталося нават сляда і ад міралюбівай рыторыкі на адрас Захаду і Украіны. Тамтэйшыя палітыкі ў вачах мінскага стратэга зноў пераўтварыліся ў «звяроў», «вар’ятаў» і «нацыстаў». Урэшце, ён сказаў, што вяртае да мяжы вайскоўцаў — ажно «траціну арміі».

Глядзіце таксама

І хаця ніхто той «траціны» ў вочы не бачыў, а ў Кіеве дык наўпрост заявілі аб адсутнасці хоць якога перасоўвання войскаў, пастаўленую Масквой задачу Лукашэнка выканаў. На ўсю вялікую Расію пакляўся Пуціну ў сваёй спрадвечнай вернасці.

Гэта дэманстратыўны адкат на зыходныя пазіцыі кажа пра дзве рэчы: Крэмль па-ранейшаму трымае свайго «малодшага брата» на кароткім ланцужку і ў такой сітуацыі прэтэндаваць на легітымнасць у вачах дэмакратычнага свету надзвычай цяжка. Спецаперацыя па прызнанні «прэзідэнта Лукашэнкі» пад пагрозай.

Пры гэтым нельга выключаць, што гісторыя яшчэ зусім не скончаная. Што Лукашэнка зноў салідарызаваўся з Расіяй — вядома, добра для Крамля. Але ж гэта толькі словы. Шмат хто ў Маскве хацеў бы пераходу да справы, бо бачна, што асабістага складу для супрацьстаяння ўкраінцам у Курскай вобласці ў расійцаў не хапае.

Пакуль, наколькі можна зразумець, Пуцін не патрабуе ад Лукашэнкі дапамогі войскамі. Але час тут гуляе не на карысць двух дыктатараў. Калі УСУ будуць пашыраць зону кантролю на расійскай тэрыторыі, ці нават проста трывала там замацуюцца, сітуацыя пачне выглядаць зняважліва для Крамля. І невядома, якія думкі там пачнуць абмяркоўваць, каб яе неяк вырашыць.

Для Лукашэнкі варыянт уступлення ў вайну ўласнай арміяй — гэта прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца ў кантэксце крытычнай залежнасці яго рэжыму ад Расіі. Адначасова гэта можа нанесці па рэжыме такі ўдар, у параўнанні з якім і 2020 год падасца дзіцячай прыгодай. Бо вядома, што ў беларускім грамадстве існуе магутны кансэнсус наконт неўдзелу сваёй арміі ў вайне.

Тым часам аперацыя УСУ на расійскай тэрыторыі працягваецца і мае падтрымку заходніх краін. Магчыма, галоўныя рызыкі ў гэтай гісторыі для Лукашэнкі яшчэ наперадзе.