«Я тэрарыст». Прапаганда апублікавала зварот Мікалая Швеца, затрыманага за дыверсію ў Мачулішчах
Прапагандысцкія тэлеграм-каналы 23 траўня апублікавалі відэазварот да «ўладаў Украіны і прэзідэнта Зяленскага», запісаны затрыманым за падрыў расійскага самалёта А-50 ў Мачулішчах Мікалаем Швецам. Ён паведаміў, што знаходзіцца ў СІЗА КДБ і ягоным лёсам «ніхто не цікавіцца», распавядае «Л*стэрка».
Мікалай
Швец распавёў, што знаходзіцца ў зняволенні з 4 сакавіка. На камеру яго
прымусілі сказаць, што ён дзейнічаў па ўказцы Службы бяспекі Украіны і «да
канца выканаў заданне ўкраінскай дзяржавы — пашкодзіў расійскі самалёт А-50 у
Мачулішчах».
— Цяпер мне
пагражае смяротнае пакаранне. Для беларусаў я тэрарыст. З 4 сакавіка я
знаходжуся ў СІЗА КДБ Рэспублікі Беларусь, якое знаходзіцца ў Мінску. За гэты
час ніхто мной не цікавіўся, ніхто са мной не выходзіў на сувязь. З гэтага я
раблю выснову, што ўлада ад мяне адмовілася, — сказаў у відэа
Мікалай Швец на ўкраінскай мове.
Затрыманага
таксама прымусілі сказаць, што відэа дыверсіі, якія ён адправіў СБУ, «былі
апублікаваныя беларускімі апазіцыянерамі, якія прысвоілі сабе» выкананае ім
заданне.
— Мэта і
маштабы аперацыі, мая падрыхтоўка, колькасць людзей, якія былі задзейнічаныя ў
акцыі, — ні ў каго не выклікаюць сумневу, што гэта аперацыя ўкраінскіх
спецслужбаў, — кажа ў роліку Швец.
У відэа затрыманы таксама звярнуўся да прэзідэнта Украіны
Уладзіміра Зяленскага з просьбай паспрыяць яго вызваленню.
Адзначым,
што Служба бяспекі Украіны афіцыйна не пацвярджала дачыненне да дыверсіі на
аэрадроме ў Мачулішчах. Аднак амерыканскае выданне The Economist раней пісала
са спасылкай на сакрэтныя звесткі Пентагона, што ўстанова выявіла факт
датычнасці сваіх супрацоўнікаў да інцыдэнту. З дакументаў амерыканскай выведкі
вынікае, што агенты СБУ, датычныя да дыверсіі на аэрадроме, дзейнічалі
насуперак загадам свайго камандавання, піша выданне.
Разам з тым менавіта B*POL апублікаваў відэа, на якім бачна, як дрон без перашкод далятае да расійскага самалёта ў Мачулішчах і даследуе яго перад тым, як зладзіць дыверсію.
Раніцай 26 лютага ў ваколіцах вайсковага аэрадрома 50-й змяшанай базы Вайскова-паветраных сіл Беларусі ў Мачулішчах (Мінскі раён) мясцовыя жыхары пачулі некалькі выбухаў. Паводле інфармацыі B*POL, яны сталі вынікам атакі дрона беларускіх партызан на расійскі ваенны самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛА) А-50. Як заявіў кіраўнік аб'яднання былых сілавікоў Аляксандр Азараў, самалёт, які браў удзел у карэкціроўцы расійскіх ракетных удараў па тэрыторыі Украіны, быў пашкоджаны.
У чацвер, 2
сакавіка, беларускія дзяржСМІ апублікавалі відэа самалёта А-50 з бартавым
нумарам 43, на які, верагодна, 26 лютага здзейснілі атаку беларускія партызаны.
Прапагандысты паведамілі, што борт «цэлы і нясе службу ў звычайным
рэжыме» і ў адпаведнасці з планам «здзейсніў аблёт дзяржаўнай мяжы ў групе і
суправаджэнні іншых самалётаў». Тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі і зусім
заявіў, што А-50 суправаджаў «борт № 1». Аднак паводле інфармацыі
тэлеграм-канала «Б*ларускі Гаюн», пашкоджаны самалёт пакінуў паветраную
прастору Беларусі і адправіўся на рамонт
у Таганрог.
Як высветліла «Л*стэрка», самалёт знаходзіцца на
рамонце на 325-м авіяцыйным рамонтным заводзе, які ўваходзіць у склад
Таганрогскага авіяцыйнага навукова-тэхнічнага комплексу імя Берыева. 7 сакавіка
Лукашэнка пацвердзіў інфармацыю, што самалёт знаходзіцца ў Расіі, а таксама сам
факт атакі ў Мачулішчах. У гэты ж дзень стала вядома, што па гэтай справе
затрыманы Мікалай Швец і іншыя фігуранты.