Шпацыр пад купалам, цяжкі рок і шмат недаробкаў: як выглядае новае СІЗА ў Калядзічах
Сьледчы ізалятар у менскіх Калядзічах афіцыйна пачаў працу ўвесну. За гэты час празь яго ўжо пасьпелі прайсьці абвінавачаныя ў палітычна матываваных крымінальных справах. Нехта пасьля прысуду трапіў ў калёніі і турмы, а нехта ўжо вызваліўся.
Па словах былых сядзельцаў, новая турма ў нечым выйграе ў былой «Валадаркі». Але назваць умовы ўтрыманьня людзей там больш гуманнымі ўсё адно не выпадае, адзначае Свабода.
Новае СІЗА ў Калядзічах
Алена (імёны суразмоўцаў зьмененыя з пытаньняў бясьпекі. — РС) правяла ў новым СІЗА толькі тыдзень на пачатку чэрвеня. Але кажа, што ўражаньняў хапіла.
«Мяне пераводзілі з адстойніка ў камэру, з камэры ў адстойнік. Я не была на "Валадарцы”, толькі на Акрэсьціна і ў Жодзіне. Акрэсьціна гэта наагул жорстка, "hard level”, найгоршае месца, дзе я была. Але і паміж Жодзіна і Калядзічамі розьніца калясальная.
Як пажартавала мая адвакатка, праектаваў гэты новы комплекс чалавек з гігантаманіяй, бо ён вельмі прасторны. У корпусе, дзе я была, вельмі шырокія калідоры, нейкія вэстыбюлі, незразумела, навошта. Але хаця б воку прыемна бачыць сьветлыя, яшчэ не абшарпаныя сьцены. Падобна на звычайны адміністрацыйны будынак, кшталту новага шпіталя», — дзеліцца першымі ўражаньнямі ад новага СІЗА ў Калядзічах суразмоўца.
Яна трапіла ў камэру на восем чалавек. Нары двух’ярусныя. Але адна рэч прывяла дзяўчыну ў шок.
«У туалеце быў нармальны ўнітаз. Ня дзірка ў падлозе, а керамічны ўнітаз. І — не паверыце — бідэ! У мяне дома такога не было, а тут бідэ! Была, дарэчы, гарачая вада.
У нас у камэры быў тэлевізар. Новая «плязма» на сьцяне, гэта ня кубікі-”гарызонты" 1980-х гадоў, а даволі сучасны плоскі экран», — дзеліцца ўражаньнямі Алена. І дадае, што, магчыма, такая раскоша не ва ўсіх камэрах. Трансьлявалі ў новым СІЗА толькі дзяржаўныя тэлеканалы, кажа дзяўчына.
Неба над купалам з плястыку
Як толькі Алена трапіла ў новае СІЗА, пачула ад адвакаткі, што там прагулачны дворык на даху пад купалам, ёй пра гэта расказаў падабаронны.
«Ух ты!» — падумала я. А што насамрэч? Калі шчыра, гэта выглядае, як кадры з «Галодных гульняў», нейкі футурызм. Так, там сьветла, ня так, як ў «дзяцей падзямельля» ў іншых СІЗА, дзе ўсё ў цьвілі і абшарпанае. Выглядае нібыта цывілізавана і сучасна. Але вельмі дзіўна, бо там проста няма чым дыхаць! Я была там на пачатку чэрвеня, яшчэ не было асаблівай сьпякоты, але ў тым «дворыку» было настолькі душна, што доўга там не пагуляеш.
У Жодзіне альбо «Валадарцы» над табой краты, але там хаця б неба і сьвежае паветра. А ў новым СІЗА над табой плястыкавая столь, яна не празрыста-бясколерная, а танаваная. Ты нібыта і бачыш неба, але ў такім скажоным выглядзе, і гэта стварае проста «парніковы эфэкт». Як там пачуваюцца людзі цяпер, калі сьпякота за 30 градусаў, я баюся нават уявіць!» — не хавае эмоцый Алена.
Па словах суразмоўцы, на прагулках уключаюць музыку. Калі ў Жодзіне грала выключна беларускае радыё, то ў новым СІЗА ўключалі цяжкі рок.
«Дзіўны выбар музыкі. Нібыта ты ў сілоўні знаходзісься. Калі я сядзела ў адстойніку і чакала, калі мяне павязуць у суд, таксама гэтую музыку чула», — успамінае былая зьняволеная.
Што да ежы, якую прапануюць вязьням у Калядзічах, Алена называе яе брыдкай і неядомай.
«У Жодзіне ў параўнаньні з Калядзічамі наагул рэстарацыя была. Жахлівая ежа ў новым СІЗА, усё прэснае, вадзяністае, нясмачнае. Сьняданкі прыносілі са спазьненьнем, каша заўсёды халодная.
Праблемы былі і з атаваркай (магчымасьцю купляць неабходныя рэчы і прадукты ў самім СІЗА. — РС) і інтэрнэт-крамай. Там выбар прадуктаў і прадметаў гігіены зусім кепскі. У параўнаньні з Жодзіна вельмі абмежаваная колькасьць пазыцый. Абяцалі выправіць сытуацыю. Ці выправілася цяпер, я, на шчасьце, ня ведаю», — кажа дзяўчына.
«Вялікае перасяленьне вязьняў»
Пра «вялікае перасяленьне вязьняў» Свабодзе расказаў былы зьняволены Андрэй, які трапіў за краты ў крымінальнай справе і быў асуджаны на 3 гады «хіміі». Ён пасьпеў пабываць і на «Валадарцы», і ў Калядзічах.
«Дзесьці на пачатку красавіка «вертухаі» зрабілі грандыёзны «шмон». Перарывалі ўсе камэры, зрывалі шторкі з прыбіральняў, скідвалі палічкі са сьцен, проста грамілі ўсё вакол. А ў 20-х днях пачалося вялікае перасяленьне. Звозілі ў новае СІЗА народ партыямі, у асноўным уначы. Людзей выводзілі з камэр, пільна надглядалі, сажалі ў аўтазакі і калёнай везьлі ў прыгарад.
У Калядзічах зьняволеных прымалі 4-5 супрацоўнікаў і абавязкова з сабакам. Зноў пільна аглядалі, сабака абнюхваў кожнага. Сялілі ў новы рэжымны корпус», — расказвае Андрэй.
Ён таксама кажа, што ўбачыўшы вялізную тэрыторыю і комплекс будынкаў, запытаўся ў канваіра, на якую колькасьць сядзельцаў разьлічана новае СІЗА. Той адказаў, што прыкладна на 4 тысячы.
«Будаўнічае сьмецьце, рэшткі цэмэнту»
Паводле Андрэя, яму адразу кінулася ў вочы, што будаўнікі вельмі сьпяшаліся здаць аб’ект, было шмат недаробак.
«Не прыбралі нават будаўнічага сьмецьця, рэштак цэмэнту, клею, якія немагчыма ададраць без адмысловых сродкаў, паўсюль быў пыл, бруд.
Гарачая вада была ў кожнай камэры. Мы пасьля «Валадаркі», прабачце, «афігелі». Але кран на ракавіне трымаўся «на соплях», ён быў не сучасны, вэнтыльны, а рычажны, хтосьці пацягнуў яго ўгору — і той кран літаральна вырваўся. Мне падалося, выкарыстоўвалі самыя танныя матэрыялы, сантэхніку», — дзеліцца ўражаньнямі былы зьняволены.
Пра недаробкі кажа і былая палітзьняволеная Алена. «Мне здалося, усё зроблена цяп-ляп і трымаецца, прабачце, на соплях. Усе ручкі, краны, разэткі хісталіся. Мы чулі, як супрацоўнікі проста лаяліся непрыстойна, што зноў не працуюць разэткі, зноў не ўключаецца сьвятло, дзесьці штосьці паламалася», — успамінае яна.
Андрэй расказвае, што на «Валадарцы» сядзеў і ў камэры на 20 чалавек і ў сумнавядомым «шанхаі» ў сутарэньні, дзе былі трох’ярусныя нары і зьмяшчалася па 30 чалавек. У новым СІЗА ён трапіў у камэру на васьмярых, якая падалася пасьля Валадаркі вельмі сьветлай і прасторнай.
«Нары двух’ярусныя ўздоўж сьцен. Пасярэдзіне стол і лаўкі, якія былі прыкручаныя да падлогі, але моцна хісталіся. Нібыта на нарах і новыя матрацы, але вельмі тонкія. А мэталічныя пруткі на нарах на вялікай адлегласьці, матрац проста правальваўся ў гэтыя «квадрацікі», спаць было вельмі некамфортна.
Чуў, што ў некаторых камэрах паставілі ўнітазы. Але ў нас была дзірка ў падлозе. Прыбіральня закрывалася, былі дзьверы, а ня шторка. Праўда, са зламанай ручкай. Таму нам нават зручна было: бярэш плястыкавую бутэльку альбо тазік, наліваеш цёплую ваду і паліваеш сябе, стоячы над гэтай дзіркай у падлозе. Бо душавая кабіна хоць і была на некалькі камэр (як у блёку інтэрнату), але вадзілі ў душ раз на тыдзень, як і на «Валадарцы», — кажа Андрэй.
Відэаназіраньне
У СІЗА на Валадарскага відэаназіраньня хоць у камэрах не было, сьцьвярджаюць былыя сядзельцы. Таму ўпотай у камэрах удзень можна было спаць, хаця правіламі ўнутранага распарадку гэта забаранялася. А вось у новым СІЗА камэраў процьма.
«Відэаназіраньне паўсюль, камэры і гук пішуць. І рэальна за табой назіраюць, бо потым людзям часьцяком вымовы аб’яўлі — маўляў, спалі днём у «непаложаны» час», — сьцьвярджае Алена.
Андрэй дадае, што спачатку вязьні не зразумелі, адкуль такая вялікая колькасьць рапартаў і пакараньняў: нібыта людзі спалі ўдзень у камэры, курылі ня ў тых месцах. Потым здагадаліся, заўважыўшы паўсюль камэры.
«Я адноўчы праходзіў па адіміністрацыйным корпусе, мяне вялі «на кабінэты». Было вельмі горача, і дзьверы ў супрацоўнікаў былі адчыненыя. Дык я ўбачыў пакой з мноствам манітораў, падзеленых на «клетачкі», і апэратыўніка, які назіраў за экранамі.
Нам і прадольная казала. Маўляў, не правакуйце апэратара відэаназіраньня. Ён усё бачыць, што вы робіце. Ну і праўда, тыя апэратары пісалі процьму рапартаў, а людзей потым каралі за самыя дробныя правіны», — кажа Андрэй.
Разважаючы, у якім СІЗА было лягчэй, Андрэй мяркуе, што на «Валадарцы». Умовы ўтрыманьня ў новым СІЗА крыху лепшыя, але рэжым больш жорсткі, кажа суразмоўца. Да таго ж пачасьціліся так званыя «шмоны», праверкі, ператрусы рэчаў.
Былыя зьняволеныя расказваюць, што ў новым СІЗА ёсьць адмысловы спартовы комплекс. Мяркуючы па афіцыйных здымках, гэта трэнажорная заля, дзе можна займацца спортам, гуляць у валейбол.
«Я бачыў гэтыя фотачкі са спарткомплексу. Пазнаў пару супрацоўнікаў. Ну не падобныя гэтыя людзі ў сілоўні на вязьняў. На інфармацыйных стэндах мы чыталі і пра спартовы комплекс, і пра іншыя цікавыя рэчы, кшталту памяшканьня для малітваў. Праўда, я не зразумеў, што гэта такое», — кажа Андрэй.
Алена расказвае, што калі яе вялі на калідоры, нават бачыла шыльду на дзьвярах, дзе напісана, што гэта «пакой для малітвы». Сваякі яе сукамэрніц скардзяцца на праблемы зь ліставаньнем, лісты прыходзяць са спазьненьнем і часам па некалькі адразу. Калі людзі скардзіліся, ім адказвалі, што не хапае цэнзараў.
Перад судом Алена сустракалася з адвакаткай на «кабінэтах». Кажа, што выглядаюць яны звычайна, як паўсюль. Невялікі пакой, стол, пара крэслаў, відэаназіраньне. А вось у жаночай частцы новага СІЗА «прадольнымі» былі выключна жанчыны. На «Валадарцы» і жодзінскім СІЗА гэта правіла пастаянна парушалася: у «вочкі» жаночых камэр зазіралі дзяжурныя-мужчыны.
Вакансіі
Паводле назіраньняў сядзельцаў, кадраў у Калядзічах не хапае, хоць многія супрацоўнікі перайшлі сюды з «Валадаркі».
«Прынамсі, мае сукамэрніцы, якія пасьпелі пабываць на «Валадарцы», казалі, што гэта тыя ж людзі, якія былі ў старым СІЗА. Але пэрсаналу бракуе. Кажуць, што многія не пагадзіліся пераходзіць, бо гэта далёка за МКАДам, дабірацца вельмі нязручна», — расказвае Алена.
Гэта пацьвярджае і Андрэй, які расказаў, што і на Акрэсьціна, і на «Валадарцы» рэжым дня строга выконваўся, ежу прыносілі дакладна па раскладзе.
«А тут замест сёмай раніцы сьняданак прыносяць, а дзявятай. У мэдсанчастку да лекара няма каму адвесьці арыштантаў, таму, калі чалавеку зусім дрэнна, лекар сам прыходзіў у камэру. Ну, а прадольнымі часьцяком працавалі супрацоўнікі выхаваўчага ці іншых аддзелаў», — кажа былы сядзелец.
Паводле сайтаў працоўных вакансій, у новае СІЗА ў Калядзічах патрабуюцца кантралёры дзяжурнай службы і рэжымнага аддзелу — на заробак ад 1470 да 2000 рублёў на рукі. Бухгальтару прапануюць 1400 рублёў, кіроўцам, аўтамэханікам, загадчыку складу, камэнданту — да 1500 рублёў. Самы высокі заробак прапануюць лекару анэстэзыёлягу-рэаніматолягу — ад 2000 да 3500 рублёў.
А вось кіраўніцтва СІЗА № 1 засталося ранейшым. Начальнікам застаецца 46-гадовы палкоўнік Андрэй Цэдрык, які быў прызначаны на гэту пасаду ў лютым 2018 году. 12 гадоў таму на яго заводзілі крымінальную справу, Цэдрыка нават зьмешчалі ў СІЗА КДБ.
Намесьнік па рэжымнай частцы ў Калядзічах — Сяргей Бярэйшык, намесьнік па ідэалёгіі — Уладзімер Ірчыц. Абодва яны працавалі і на Валадарскага.