Павел Латушка: Лукашэнка не зможа правесці свае фальшывыя «выбары» ў цішыні і без праблем

Паводле звестак BELPOL, прэзідэнцкая кампанія можа прайсці 23 лютага 2025 года. Нібыта такія планы ўжо распрацаваныя і прайшлі «абарону» ў аблвыканкамах. Што зможа супрацьпаставіць на гэтых выбарах апазіцыя? Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання (НАУ) Павел Латушка кажа, што і апазіцыя таксама гатовая да гэтых выбараў.

fota_aryny_sjankevicz__1__1.jpg

Прэзідэнцкая кампанія можа прайсці 23 лютага 2025 года — на паўгода раней устаноўленага тэрміну (не пазней за 20 ліпеня 2025 года). «Падрабязныя планы “выбарчай кампаніі” ўжо распрацаваныя, у пачатку жніўня 2024 года ва ўсіх аблвыканкамах Беларусі прайшла іх “абарона”, прычым мерапрыемствы былі зашыфраваныя пад “падрыхтоўку да новага навучальнага года”», — заяўляе BELPOL.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка ўхіліўся ад адказу, ці збіраецца рэжым правесці датэрміновыя выбары. Яго адказ зводзіцца да таго, што ведамства гатова правесці кампанію ў любы момант.

Якую стратэгію дэмсілы прапануюць у 2025 годзе? Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання (НАУ) Павел Латушкаабмаляваў першачарговыя задачы палітычнай апазіцыі.

Палітычная альтэрнатыва — самы вялікі выклік рэжыму Лукашэнкі

— Нам удалося пабудаваць сістэму дэмакратычных інстытутаў-палітычную альтэрнатыву рэжыму Лукашэнкі. Гэта прэзідэнт-элект, Аб'яднаны пераходны кабінет і каардынацыйны савет, і мы будзем працягваць іх умацоўваць.

Чаго больш за ўсё хоча рэжым напярэдадні фальшывых «выбараў»? Ён хоча, каб гэтай альтэрнатывы не існавала, ён хоча, каб мы самараспусціліся... Лукашэнка хоча, каб не было нікога, хто яму супрацьстаіць, ён хоча, каб Захад гаварыў з ім, а не з намі, ён хоча, каб яго прызналі, ён хоча, каб яму на паклон накіравалі еўрапейскіх паслоў…

Але ўпершыню за 30 гадоў дэмакратычныя сілы маюць існуючую сістэму дэмакратычных інстытутаў, якія ўплываюць на прыняцце рашэнняў па Беларусі. І якая здольная лабіраваць інтарэсы дэмакратычнай Беларусі — з аднаго боку, і ціснуць на рэжым Лукашэнкі — з другога.

Наяўнасць сістэмна працуючай палітычнай альтэрнатывы — самая вялікая праблема Лукашэнкі за апошнія 30 гадоў.

Што дэмсілы збіраюцца рабіць у 2025 годзе?

— Я думаю, падзяліцца такімі планамі было б падарункам для Лукашэнкі. Мы падрыхтуем для яго іншыя «падарункі», але яны яму не спадабаюцца.

Адзін з падарункаў — яго самалёт, які трапіў пад санкцыі. Частку з іх ён ужо атрымаў (самалёт да 9 жніўня), але іх будзе больш. Ён не зможа правесці свае фальшывыя «выбары» ў цішыні і без праблем.

Што тычыцца дзеянняў непасрэдна на выбарчых участках, то цяпер мы разглядаем варыянт пратэснага галасавання «супраць усіх». Існуе тры ключавыя напрамкі процідзеяння фальшывым «выбарам»: гэта палітызацыя беларускага грамадства, міжнароднае непрызнанне вынікаў «выбараў» і ўмацаванне інстытутаў дэмакратычных сіл.

Акрамя таго мы працуем над серыяй дадатковых удараў па рэжыме Лукашэнкі, дэталі якіх мы не збіраемся раскрываць. Так што мы дакладна не плануем спыняць сваю дзейнасць і самараспускацца.

Глядзіце таксама

Наша мэта — ордэр на арышт Лукашэнкі

— Для пачатку правядзем выразную мяжу паміж рэжымам Лукашэнкі і беларускім народам. Беларусы супраць вайны, гэта пацвярджаюць усе сацыялагічныя апытанні. Беларусы выйшлі на антываенныя пратэсты, як толькі пачалася вайна, беларускія партызаны рызыкавалі жыццём, каб спыніць прасоўванне расійскіх вайсковых эшалонаў…

Менавіта рэжым Лукашэнкі, а не беларускі народ з'яўляецца хаўруснікам Расіі ў вайне.

У чым менавіта заключаецца роля рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны? Першае: каб даць тэрыторыю Беларусі ў якасці ваеннага плацдарма.

Другое: роля Лукашэнкі палягае ў тым, каб дапамагаць у вытворчасці ўзбраенняў і абыходзе санкцый. Пакет санкцый Еўрасаюза, прыняты 29 чэрвеня, гарманізаваў санкцыі прыкладна на 60%, але 40-адсоткавая шчыліна застаецца — і яна таксама павінна быць закрытая.

Па-трэцяе, рэжым Лукашэнкі, як і Расія, здзяйсняе ваенныя злачынствы, дэпартуючы ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый. Прынамсі тры з паловай тысячы дзяцей былі дэпартаваныя рэжымам Лукашэнкі. Каманда НАУ актыўна працуе, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за гэтыя злачынствы. Летам і восенню мінулага года мы накіравалі ў Міжнародны крымінальны суд адпаведную камунікацыю.

Генеральная пракуратура Літвы вядзе крымінальную справу па факце здзяйснення ваеннага злачынства Лукашэнкі і яго саўдзельнікамі, звязанага з дэпартацыяй украінскіх дзяцей. Літаральна гэтымі днямі я даў паказанні на запыт пракуратуры.

Наша мэта — ордэр на арышт Лукашэнкі, выдадзены пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда. Лукашэнка не павінен сысці ад адказнасці за гэтае злачынства. Як і сысці ад адказнасці за агрэсію супраць Украіны. А таксама за злачынствы супраць чалавечнасці, учыненых супраць беларусаў. І ўся наша каманда актыўна працуе па ўсіх гэтых напрамках. І літаральна гэтымі днямі ў адной з еўрапейскіх сталіц у нас таксама прайшлі перамовы, на якіх мы вельмі актыўна прасоўваемся па галоўным пытанні — па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа.

Калі прашэнне дае шанец на датэрміновы выхад з турмы — пішыце прашэнні

— Лукашэнка ператварае Беларусь у краіну ГУЛАГ. Але заявы аб непрацуючых санкцыях і ціску на рэжым Лукашэнкі канцэптуальна памылковыя. Калі б ціск і санкцыі не працавалі, рэжым Лукашэнкі не прыкладаў бы столькі намаганняў для іх адмены.

Так, эфект ад ціску надыходзіць не так хутка, як хацелася б, але ён прыкметны. Нядаўна Лукашэнка вымушаны быў вызваліць каля 20 палітвязняў, у апошнія дні — яшчэ 12. Ён прымушае многіх палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні. Ён не можа проста так вызваліць іх, таму і абраў такі падыход.

Тут важна сказаць: дэмакратычныя сілы ніколі не асуджалі (і не будуць асуджаць), а заўсёды будуць падтрымліваць рашэнні палітвязняў напісаць такія прашэнні. Галоўнае-чалавечае жыццё.

Рэжым Лукашэнкі дзейнічае амаральна. Але калі прашэнне аб памілаванні дае магчымасць на выхад з турмы раней за тэрмін — выкарыстоўвайце яе.

Тэзіс, што ціск не працуе, — гэта тэзіс наадварот, на карысць рэжыму. Ён азначае наступнае: давайце спынім ціск на рэжым, давайце не будзем яго ні да чаго прымушаць, давайце прымем статус-кво. Але калі мы пойдзем па гэтым шляху, у рэжыму не будзе прычын ісці на саступкі, вызваляць людзей, мяняць сваю палітыку.

Цяпер ціск становіцца вельмі адчувальным для Лукашэнкі. Ён вымушаны нешта рабіць, ён вымушаны пасылаць такія сігналы: глядзіце, я магу вызваліць палітвязняў. Але адначасова ён не спыняе рэпрэсіі, ён не спыняе затрымліваць усё новых і новых беларусаў і саджаць іх у турмы.

Паводле BGmedia

Глядзіце таксама