Апошні цвік у труну беларускай адукацыі

Чыноўнікі вынаходзяць усё новыя і новыя спосабы, як вырасціць з дзяцей тых, хто ім патрэбны — не асоб з крытычным мысленнем, а паслухмяны статак. І апошнія «новаўвядзенні» толькі пагаршаюць гэтую сітуацыю.

_belarus_szkola_adukacyja_vuczni_2023_fota_novy_czas_1_logo.jpg

— На апошнім педсавеце Лукашэнка сказаў: больш ніякага рэфармавання, нічога істотнага больш мяняць не будзем, — нагадала Таццяна Шчытцова ў эфіры «Обычного утра». — Але ніякага істотнага рэфармавання за 30 гадоў у беларускай сістэме адукацыі і не было.

Нічога істотнага ў плане адукацыйных тэхналогій, акадэмічнай аўтаноміі, у плане камунікатыўнай культуры з дзецьмі, метадаў, якія выкарыстоўваюцца, таго, што дало б настаўнікам свабоду ў тым, як карыстацца навучальнымі матэрыяламі — нічога падобнага не адбывалася, цытуе Шчытцову «Салідарнасць».  

Кажу гэта, грунтуючыся на выніках зусім нядаўніх навуковых даследаванняў, у якіх і сама прымала ўдзел. Мы праводзілі інтэрв'ю з беларускімі настаўнікамі, і яны пацвярджалі.


Глядзіце таксама

Некаторыя так і кажуць — нібыта нешта змянялася, але гэта было больш падобна да нейкай мітусні: то зрабілі 12 класаў, то вярнулі назад, перайшлі на 10-бальную сістэму…

Не магу сказаць, што ўсе рашэнні, якія спускаліся з міністэрства за 30 гадоў, былі дрэннымі.

Важна іншае: агулам, сістэмна, сапраўднай рэформы адукацыі ў краіне не адбылося.

Пры гэтым галоўнай праблемай беларускай сістэмы адукацыі, на думку Шчытцовай, з'яўляецца жорстка вертыкальная мадэль кіравання.

— Ад гэтай жорсткай іерархіі сістэма адукацыі пакутуе больш за ўсё. Гэта тое, як выбудоўваецца камунікацыя, напрыклад, паміж Міністэрствам адукацыі, прамежкавымі звёнамі абласнога і раённага ўзроўню і дырэктарамі школ.  

Далей — як выбудоўваецца камунікацыя паміж, адпаведна, дырэктарамі школ і выкладчыкамі. І, нарэшце, як выбудоўваецца адукацыя паміж настаўнікамі і дзецьмі.

І гэта вельмі жорсткая аўтарытарная мадэль, таму навучанне — гэта такі аўтарытарны стыль правядзення заняткаў. Гэта значыць, проста зверху ўніз спускаецца інструкцыя, і дзіця павінна пасіўна засвоіць веды, якія транслюе настаўнік, — патлумачыла Шчытцова.

Яна адзначыла, што такі аўтарытарны прынцып у адукацыі мае вельмі негатыўныя наступствы.

— Гэтая вертыкальная мадэль прывяла да таго, што, з аднаго боку, беларускія школьнікі добра засвойваюць матэрыял, гэта значыць яны выходзяць з ведамі, якія ім трансляваў настаўнік.


Глядзіце таксама

Але праблема ў тым, што яны застаюцца вельмі слабымі ў плане выканання больш складаных аналітычных задач, для якіх патрабуюцца крытычныя навыкі мыслення і гнуткасць мыслення.

Гэта значыць здольнасці ўяўлення беларускія школы не развіваюць. Наадварот, у нас такая мадэль, якая перашкаджае таму, каб у дзяцей развівалася крытычнае і аналітычнае мысленне.

Паводле даследавання 2018 года, менавіта па гэтым паказчыку — крытычнае мысленне, навыкі аналізу складаных тэкстаў і г. д. — беларускія дзеці вельмі моцна саступалі, напрыклад, украінскім. Я ўжо не кажу пра іншыя краіны.  

Гэта значыць, праблема была відавочная яшчэ ў 2018 годзе. І вось 2024-ты год — і міністр адукацыі Іванец пасля таго самага педсавета, прадстаўляючы нейкі падручнік, кажа, што ў ім перагледзелі і па-новаму падалі не толькі факты і гістарычныя матэрыялы, але, што вельмі важна, у падручніку ўжо ўтрымліваюцца ацэнкі падзей.

Дапусцім, як мы ацэньваем Вялікую Айчынную вайну, падзеі 2020 года.

То-бок чыноўнік падкрэсліў: дзяцей цяпер вучаць не проста вывучыць нейкі матэрыял, але адразу ў школе засвоіць адзіную ацэнку падзей, якую, мабыць, гэтыя чыноўнікі і лічаць правільнай. І іншых ацэнак, відавочна, быць не можа.

Можна сказаць, што забіты апошні цвік у перспектывы развіцця навыкаў крытычнага мыслення ў беларускіх школах. Сітуацыя пагаршаецца.