«Будучыні ў гэтай краіне і ў гэтай краіны няма». Маладыя беларусы — пра эміграцыю і вучобу за мяжой

Сітуацыя ў Беларусі і тое, што ўлады робяць з адукацыяй, не пакідаюць моладзі выбару — хлопцы і дзяўчаты з'язджаюць вучыцца за мяжу, маючы ў планах намеры застацца там. Так здарылася і з Іванам і Міхаілам — будучымі айішнікамі, з якімі паразмаўляла devby.io.

15_72_logo.png

Іван: «Я прыняў для сябе, што шляху назад у мяне няма»

— Сёлета паступіў у польска-японскую акадэмію камп'ютарных тэхналогій, спецыяльнасць — «Інфарматыка». 

ВНУ знаходзіцца ў Варшаве. Першапачаткова я хацеў паступаць у Кракаў у Ягелонскі ўніверсітэт, але прайшоў сумоўе (самае абсурднае ў маім жыцці) туды — і мяне не ўзялі. 

Кракаў — прыемны, спакойны горад, даволі вялікі, і там у мяне сваякі, — але ў Варшаве ў мяне значна больш сяброў і знаёмых, а таксама мне больш падабаецца атмасфера сталіцы. Так што я змяніў свой выбар на Варшаву.

Я планаваў вучыцца ў дзяржаўнай ВНУ, таму што ў мяне ёсць «карта паляка» і высокі ўзровень валодання польскай. Але аказалася, што без ЦТ па фізіцы (а я адмовіўся здаваць гэты прадмет, бо не збіраўся звязваць з ім сваю будучыню) мой выбар універсітэтаў у Варшаве моцна звузіўся — з дзяржВНУ застаўся толькі Варшаўскі ўніверсітэт. А гэта топ-1 у краіне і ва Усходняй Еўропе.

Варшаўскі ўніверсітэт славіцца тым, што там вельмі цяжка вучыцца, — а я не хацеў бы «патануць» у вучобе (маю на ўвазе «захлынуцца», а не рупліва вучыцца). Плюс конкурс там аграмадны — гэта ж топ-1 ВНУ ў краіне і ва Усходняй Еўропе. Так што ідэю вучыцца бясплатна давялося кінуць — я стаў глядзець, што там засталося з прыватных устаноў адукацыі. 


Глядзіце таксама

Польска-японскую акадэмію камп'ютарных тэхналогій абраў, таму што гэта практыкаарыентаваны ўніверсітэт, заточаны пад сферу ІТ яшчэ пры яго стварэнні — вельмі сучасны і ідзе ў нагу з часам. Паколькі ВНУ прыватная, яго стваральнікі мелі права змяніць некаторыя рэчы ў праграме і падачы інфармацыі. Таму акадэмія моцна адрозніваецца ад сумных і сканцэнтраваных на тэорыі дзяржаўных ВНУ. Таксама там шмат «плюшак», якімі не могуць пахваліцца дзяржаўныя ўстановы адукацыі. У акадэміі вучыцца шмат маіх знаёмых, ім вельмі падабаецца.

Спецыяльнасць я абраў яшчэ чатыры гады таму: я захапіўся геймдэвам (распрацоўка камп'ютарных гульняў.Заўв. рэд.), а пазней стаў вывучаць С# і пісаць на ім праграмы. У маёй ВНУ няшмат напрамкаў, таму ты вывучаеш базу на «Інфарматыцы», а пасля можаш узяць дадатковыя прадметы.

У мяне вялікія чаканні ад вучобы, я вельмі хачу пайсці ва ўніверсітэт і вучыцца таму, пра што марыў. Хачу займацца больш. Ведаю, што будзе цяжка, але таксама крута і цікава.

Рашэнне вучыцца ў Польшчы я прыняў яшчэ ў 9 класе, тады ж пачаў вучыць мову. На той момант у студэнтаў замежных ВНУ яшчэ была адтэрміноўка ад службы ў войску. Цяпер — не.

Так, я думаў пра тое, што не змагу вярнуцца больш дадому — да сваіх сваякоў і сяброў. Хутчэй за ўсё, больш не ўбачу сваіх прабабуль і прадзядуляў, не змагу часта бачыцца з бацькамі. Але ўсё ж я разумею, што будучыні ў гэтай краіне і ў гэтай краіны няма. Дакладней яна ёсць, але абсалютна бесперспектыўная, найлепшыя гады, а то і наступнаё жыццё пройдзе міма мяне. 

Я зразумеў, што трэба ўмець адпускаць мінулае і рухацца далей, бо, калі жывеш у камфорце, ніякага прагрэсу не будзе. І, стварыўшы самому сабе дыскамфорт, можна рухацца далей і расці, тым больш у Еўропе. Я прыняў для сябе, што шляху назад у мяне няма.

Што трэба было для паступлення ў Акадэмію:

  • атэстат і сертыфікаты ЦТ і ЦЭ;
  • а таксама моўнае сумоўе (паколькі ў мяне «карта паляка», то мне не трэба было яго праходзіць).

На аснове атэстата ствараецца конкурс, выбіраюць з тых, хто паступае. Мой бал атэстата — 9,6; ЦЭ па рускай я здаў на 93 балы, па матэматыцы — на 83, бал ЦТ па англійскай — 73. Паступіць было нескладана, кажуць, што ўсё вырашаецца ўжо падчас вучобы: за першы год шмат людзей альбо пакідаюць факультэт, альбо адсейваюцца.


Глядзіце таксама

Навучанне ў акадэміі платнае, Кошт — 5000 еўра за год. 

Я думаў пра тое, кім буду пасля заканчэння акадэміі, — мяне прыцягвае сфера бэкенд у вэб-распрацоўцы, можа быць я стану .Net-распрацоўшчыкам. А можа, падчас навучання яшчэ нешта для сябе адкрыю.

Міхаіл: «Думаю застацца ў Польшчы, пакуль у Беларусі не зменіцца палітычнае становішча»

— Паступіў сёлета ў польска-японскую акадэмію ІТ, спецыяльнасць, якую абраў, — «Інфарматыка». 

Гэта прыватная ВНУ. Мой выбар быў абумоўлены тым, што для паступлення ў іншыя ВНУ, напрыклад, палітэхніку або ўніверсітэт у Варшаве, патрабуюцца вынікі ЦТ або ЦЭ па матэматыцы, фізіцы або інфарматыцы — а гэтага ў мяне няма. 

Я скончыў школу яшчэ ў 2020 годзе, і мне для паступлення патрэбныя былі хімія і біялогія. Я адвучыўся 3 курсы ў беларускай ВНУ, а потым вымушаны быў з'ехаць у Польшчу. 

Паспрабаваўшы сябе ў практычнай біялогіі, я зразумеў, што мне гэта не вельмі падабаецца, хоць сам прадмет быў мне цікавы. У 2021 годзе я зацікавіўся кібербяспекай. Цяпер вучуся на курсах ад «Hack The Box» і трохі на «TryHackMe». Калісьці яшчэ купляў курсы ад «Skillbox» па напрамку кібербяспекі, але па якасці яны не вельмі.


Глядзіце таксама

Польска-японская акадэмія, наколькі я ведаю, з'яўляецца адной з найлепшых тэхнічных ВНУ краіны — таму, думаю, магчымасці перада мной адкрываюцца нядрэнныя. Плюс на сайце ўніверсітэта перыядычна выкладваюць гісторыі поспеху выпускнікоў.

Яшчэ ў мяне быў варыянт паступіць ва Уроцлаўскую палітэхніку на спецыяльнасць «Кібербяспека» — там таксама не патрабуюцца сертыфікаты аб здачы ЦТ. Але я адмовіўся ад гэтай ідэі, бо жыву ў Варшаве — навошта ўскладняць сабе жыццё, калі ёсць альтэрнатыва? І яшчэ: без сертыфікатаў аб здачы ЦТ там лёгка прайграць у гонцы пры падліку балаў.

Для паступлення ў Польска-японскую акадэмію ІТ мне патрэбны быў стандартны набор дакументаў:

  • школьны атэстат і яго апастыль;
  • пара даведак са школы, якую я скончыў, — пра пройдзеныя тэмы па прадметах і пра тое, што школа рыхтуе да паступлення ў ВНУ;
  • пераклады ўсіх дакументаў. 
  • настрыфікацыю можна зрабіць у Kuratorium Oświaty.

Беларускія школы даведкі даюць не вельмі ахвотна, часам ігнаруюць запыты. І, наколькі ведаю, беларусам часта прыходзяць адмовы аб выдачы гэтых даведак. Але Міністэрства адукацыі Польшчы дазволіла падаваць пераводы адмоваў, калі яны прыйдуць, замест даведак. Я асабіста, каб атрымаць даведкі, пісаў праз форму для звароту грамадзян. Што школа рыхтуе да паступлення — у выніку атрымаў. А па другой пакуль яшчэ чакаю якога-небудзь адказу. 

Кошт першага года навучання ў акадэміі — 4000 еўра, на другім-трэцім курсе навучанне будзе даражэй, калі я не памыляюся, а на чацвёртым — танней. 

Па заканчэнні акадэміі я хацеў бы працаваць у сферы кібербяспекі, у прыватнасці — тэстэрам на пранікненне/red team, мяне цікавіць «этычны хакінг».

Ёсць кампаніі, якія прадастаўляюць паслугі аўдыту бяспекі, — там можна наняць людзей, якія легальна ўзламаюць сістэмы тваёй кампаніі, знойдуць уразлівасці, напішуць справаздачы з апісаннем праблем і дадуць парады, як выправіць уразлівасці.


Глядзіце таксама

Таксама «этычны хакінг» — гэта ўдзел у праграмах «Bug Bounty»: любы жадаючы можа паспрабаваць сябе ў пошуку уразлівасцей у прадуктах кампаніі, якія яны выкладваюць на спецыяльных платформах. Потым гэтым жадаючым, калі кампанію задаволіць іх праца, заплацяць грошы. Сярод такіх пляцовак — «HackerOne».

Ну і я думаю застацца ў Польшчы — як мінімум да таго часу, пакуль у Беларусі не зменіцца палітычнае становішча. А там ужо буду глядзець па абставінах.