Беларусы і паветраны тэрарызм. У Польшчы вынеслі прысуд па справе «Ryanair»
Траіх грамадзян Беларусі неўзабаве будзе шукаць Інтэрпол. І гэта не палітычна матываваны пераслед з боку рэжыму, а міжнароднае правасуддзе — за захоп самалёта кампаніі «Ryanair».
Траім грамадзянам Беларусі выстаўленыя абвінавачанні ў прымусовай пасадцы самалёта «Ryanair» у Мінску, паведаміла ў пятніцу пракуратура Польшчы.
У ведамстве заявілі, што пра гэта былі праінфармаваныя Еўраюст — агенцтва Еўрапейскага Саюза па супрацоўніцтве ў крымінальна-прававой сферы — і сумесная следчая група, што каардынуецца гэтым агенцтвам, піша літоўскі партал ltr.lt.
У гэтым расследаванні польскія пракуроры прад'явілі абвінавачанні траім грамадзянам Беларусі, якія на момант інцыдэнту займалі высокія пасады ва ўстановах, звязаных з дзяржаўнай бяспекай і паветранай навігацыяй.
Паводле звестак Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, абвінавачанні выстаўленыя былому кіраўніку Агенцтва паветранай навігацыі Беларусі Леаніду Хуро, начальніку змены кіравання палётамі ў Мінску Яўгену Цыганову і афіцэра КДБ.
Гэтыя асобы абвінавачваюцца ў незаконным пазбаўленні волі 132 пасажыраў і членаў экіпажа з розных краін, учыненым у рамках тэрарыстычных дзеянняў з мэтай запалохвання асоб, якія выступаюць супраць беларускага рэжыму. Паводле даных польскіх праваахоўных органаў, абвінавачаныя знаходзяцца па-за межамі Польшчы, таму пракурор не змог уручыць ім абвінаваўчыя дакументы. Пракурор падаў запыт у суд аб заключэнні пад варту, каб пачаць нацыянальны і міжнародны вышук абвінавачаных.
5 верасня Варшаўскі суд Цэнтральнай акругі вынес пастанову аб трохмесячным заключэнні ўсіх абвінавачаных пад варту.
У бліжэйшыя дні польскі пракурор накіруе ў суд запыт на выдачу еўрапейскіх ордэраў на арышт гэтых асоб і звернецца ў Інтэрпол з просьбай пачаць іх вышук.
Паводле даных праваахоўных органаў, у рамках расследавання гэтага інцыдэнту, які выклікаў значны міжнародны рэзананс, літоўскія і польскія следчыя правялі дэталёвы агляд самалёта, які вярнуўся ў Літву, вывучылі абсталяванне на борце і запісы размоў пілотаў, справаздачы членаў экіпажа, прадастаўленыя авіякампаніяй «Ryanair», тэхнічныя даныя палёту з «чорных скрынь».
Таксама былі вывучаны відэазапісы, аўдыёзапісы і фотаздымкі, зробленыя пасажырамі ў Мінску, праведзены допыты дзясяткаў сведак, уключаючы чальцоў экіпажа і пасажыраў, атрыманы заключэнні экспертаў з розных абласцей і адказы з замежных краін, сабраны іншыя важныя доказы.
Паводле звестак следства, уся сабраная інфармацыя дазваляе абгрунтавана меркаваць, што ілжывае паведамленне пра бомбу і патрабаванне неадкладна пасадзіць самалёт у аэрапорце Мінска былі аперацыяй беларускіх спецслужб, мэтай якой было дэманстратыўнае затрыманне апазіцыйнага актывіста Рамана Пратасевіча, які знаходзіўся на борце.
Самалёт авіякампаніі «Ryanair», зарэгістраваны ў Польшчы, які выконваў рэйс з Афін у Вільню са 132 пасажырамі на борце, быў прымусова накіраваны ў Мінск 23 траўня 2021 года.
Пілоты былі вымушаныя здзейсніць аварыйную пасадку ў Мінску пасля таго, як мінскі Цэнтр кіравання палётамі паведаміў пра бомбу, што нібыта знаходзілася на борце і пагражала выбухам, і запатрабаваў неадкладнай пасадкі.
Пасля выканання гэтага патрабавання беларускія ўлады затрымалі пасажыраў самалёта — Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцу Соф'ю Сапега, а астатніх пасажыраў на некалькі гадзін утрымлівалі ў ахоўнай зоне аэрапорта пад кантролем узброеных сілавікоў.
Самалёту было дазволена працягнуць палёт у Вільню амаль праз восем гадзін.
Паводле заявы польскай пракуратуры, захоп кіравання самалётам падманным шляхам разглядаецца як тэрарыстычны акт, які ўяўляе прамую пагрозу жыццю і здароўю людзей, а таксама як незаконнае абмежаванне свабоды экіпажа і пасажыраў самалёта.
Пасля гэтага інцыдэнту расследаванні былі пачаты ў Літве і Польшчы, была створаная міжнародная супольная следчая група, дзейнасць якой каардынуе Еўраюст. Паводле слоў праваахоўных органаў, пракуроры дамовіліся засяродзіць папярэдняе расследаванне ў Польшчы, працягваючы супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.
Нагадаем, рэйс Ryanair «Афіны — Вільня» быў прымусова пасаджаны ў Мінску 23 траўня 2021 года пасля паведамлення пра нібыта закладзеную бомбу. Пасля пасадкі падчас кантролю былі затрыманыя блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка Соф'я Сапега, якая атрымала шэсць гадоў калоніі па абвінавачанні ў «адміністраванні тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі"». Пратасевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам і супрацоўнічае з праўладным цэнтрам «Сістэмная праваабарона».
Летась ICAO апублікаваў даклад аб гэтым акце тэрарызму рэжыму Лукашэнкі. Пасля разгляду завершаных вынікаў праверкі фактаў Савет ICAO прызнаў, што пагроза выбуху бомбы ў дачыненні да рэйса FR4978 «Ryanair» была заведама ілжывай і пагражала яго бяспецы. Акрамя таго, «пагроза была даведзеная да ведама лётнага экіпажа па ўказанні вышэйшых службовых асоб урада Беларусі».