929-ты дзень поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны: расійцы ўзялі сяло Вадзяное і зноў абстралялі Кіеў
Курская аперацыя па-ранейшаму дазваляе ўкраінцам утрымліваць ад захопу Пакроўск, але расійцы паступова прасоўваюцца ў іншых месцах Данецкай вобласці.
***
Эксперты амерыканскага «Інстытута вывучэння вайны» (ISW) прааналізавалі заявы дырэктара Цэнтральнага выведвальнага ўпраўлення Уільяма Бернса адносна пагроз Расіі ўжыць ядзерную зброю.
Бернс перасцярог Захад ад трывог наконт стандартнага бразгання расійскай ядзернай зброяй, якую ISW ужо даўно вызначыў як частку намаганняў Крамля па ўплыве на ключавыя моманты ў палітычных дэбатах Захаду па падтрымцы Украіны.
Бернс заявіў падчас дыскусіі з кіраўніком сакрэтнай выведвальнай службы Вялікабрытаніі Рычардам Мурам, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін будзе працягваць перыядычна пагражаць прамой канфрантацыяй Захаду, але гэтыя пагрозы не павінны запалохаць Захад.
Ён таксама дадаў, што паводле ацэнак ЦРУ, расійскія войскі маглі разглядаць магчымасць прымянення тактычнай ядзернай зброі ва Украіне восенню 2022 года і што ён кантактаваў з гэтай нагоды з дырэктарам Службы замежнай выведкі Расіі Сяргеем Нарышкіным.
Ацэнка ЦРУ адносна магчымай гатоўнасці Расіі ўжыць тактычную ядзерную зброю ва Украіне восенню 2022 года супала з актывізацыяй расійскай рыторыкі аб ядзерным супрацьстаянні на фоне паспяховых украінскіх контрнаступальных аперацый у Херсонскай і Харкаўскай абласцях.
Гэтая рыторыка, хутчэй за ўсё, была часткай стандартнай інфармацыйнай аперацыі, накіраванай на стрымліванне заходняй дапамогі Украіне ў сферы бяспекі, чым паказчыкам расійскай гатоўнасці ўжыць ядзерную зброю.
Крэмль неаднаразова звяртаўся да дрэнна завуаляваных пагроз ядзернага супрацьстаяння паміж Расіяй і Захадам у ключавыя моманты заходніх палітычных дыскусій наконт далейшай ваеннай дапамогі Украіне, напрыклад, восенню 2022 года, каб выклікаць страх у тых, хто прымае рашэнні.
Паводле ацэнак ISW, Расія наўрад ці прыменіць ядзерную зброю ва Украіне ці дзе-небудзь яшчэ.
***
На ўсходзе Латвіі ўпаў расійскі ваенны беспілотнік, які заляцеў з Беларусі. Пра гэта паведаміла ўчора Міністэрства абароны Латвіі, у яго заяве гаворыцца, што беспілотнік упаў у раёне Рэзэкнэ.
«На дадзены момант улады, уключаючы паліцыю, расследуюць абставіны здарэння, але папярэднія даныя паказваюць, што гэта ваенны БПЛА Расійскай Федэрацыі, і, згодна з наяўнай у нацыянальных Узброеных сіл інфармацыі, ён увайшоў у нашу паветраную прастору з Беларусі», — гаворыцца ў заяве латвійскага ведамства.
Пра які тып беспілотніка ідзе гаворка, міністэрства не ўдакладняе.
Інцыдэнт пракаментаваў іх літоўскі калега, кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. Ён перакананы, што дроны РФ пачалі падаць на тэрыторыі NATO праз бяздзейнасць краін-чальцоў альянса:
«Нішто не павінна падаць на Украіну, або Латвію, або дзе-небудзь на тэрыторыі NATO, але гэта новая рэальнасць, да якой прывяла наша бяздзейнасць».
Ён дадаў, што Літва, вядома, будзе падтрымліваць «рашучы адказ» саюзнікаў.
***
Аналітыкі праекта «Deep State» уначы 9 верасня абнавілі мапу баявых дзеянняў ва Украіне, адзначыўшы, што расійцы захапілі сяло Вадзяное ў Данецкай вобласці.
«Вораг захапіў Вадзяное і прасунуўся ў Гродаўцы», — пракаментавалі яны.
***
У Кіеўскай ГВА паведамілі пра пятую атаку расійскіх дронаў на ўкраінскую сталіцу з пачатку верасня, СПА знішчыла ўсе БпЛА, якія ўяўлялі пагрозу для Кіева, адзначыў кіраўнік гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко.
Пятая паветраная атака на Кіеў з пачатку верасня!
«Гэтай ноччу расійская армія зноў ужыла ударныя БПЛА, папярэдне "Shahed", запушчаныя з тэрыторыі Курскай вобласці.
На Кіеў баражуючыя боепрыпасы заходзілі пасля паўночы, некалькімі хвалямі».
Папкоў адзначыў, што паветраная трывога ў сталіцы працягвалася больш за гадзіну.
Паводле яго слоў, сіламі і сродкамі СПА усе расійскія ўдарныя дроны, што пагражалі Кіеву, былі знішчаныя на подступах да сталіцы Украіны.
Паводле папярэдніх звестак, у горадзе абышлося без разбурэнняў і пацярпелых.
***
Расійскія акупанты за мінулыя суткі атакавалі па ўсёй лініі фронту, але больш за ўсё варожых штурмаў было на трох кірунках, усяго за суткі адбылося 164 баявыя сутыкненні, гаворыцца ў зводцы Генштаба УСУ.
«Паводле ўдакладненай інфармацыі, за ўчора праціўнік нанёс па пазіцыях украінскіх падраздзяленняў і населеных пунктах 73 авіяцыйныя ўдары (задзейнічаў, у прыватнасці, 94 КАБы), здзейсніў 4 770 абстрэлаў, больш за 190 з іх — з рэактыўных сістэм залпавага агню.
Агрэсар наносіў авіяўдары, у прыватнасці, у раёнах населеных пунктаў Петрапаўлаўка і Глушкаўка Харкаўскай вобласці; Дружба, Вадзяное, Новаданецкае і Александропаль Данецкай вобласці; Каменскае, Лабкова Запарожскай вобласці і Адрадакаменка на Херсоншчыне».
За мінулыя суткі УСУ абясшкодзілі 1 150 захопнікаў, 26 артылерыйскіх сістэм і 3 танкі. Агульныя баявыя страты РФ з 24.02.22 па 09.09.24 арыенціровачна склалі :
- асабістага саставу — каля 626 410 (+1 150) чалавек;
- танкаў — 8 639 (+3) адз.;
- баявых браніраваных машын — 16 906 (+9) адз.;
- артылерыйскіх сістэм — 17 830 (+26) адз.;
- РСЗА — 1 180 (+0) адз.;
- сродкаў СПА — 942 (+0) адз.;
- самалётаў — 368 (+0) адз.;
- верталётаў — 328 (+0) адз.;
- БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню — 14 897 (+33) адз.;
- крылатых ракет — 2 588 (+0) адз.;
- караблёў / катэраў — 28 (+0) адз.;
- падводных лодак — 1 (+0) адз.;
- аўтамабільнай тэхнікі і аўтацыстэрнаў — 24 262 (+44) адз.;
- спецыяльнай тэхнікі — 3 049 (+2) адз.
У ноч на 9 верасня расійскія войскі атакавалі Украіну трыма кіраванымі авіяцыйнымі ракетамі «Х-59/69» з паветранай прасторы Курскай вобласці і акупаванай Данецкай вобласці і 8-мю ўдарнымі БПЛА тыпу «Shahed» з Курска. Сілам супрацьпаветранай абароны ўдалося збіць дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты «Х-59/69» і 6 ударных БПЛА.
Паведамляецца, што два варожыя беспілотнікі лакальна страчаныя на тэрыторыі Украіны (верагодна, упалі пад уздзеяннем сродкаў РЭБ).
Таксама ў выніку актыўнага процідзеяння адна з ракет «Х-59/69» не дасягнула сваёй цэлі.
Супрацьпаветраная абарона працавала ў Кіеўскай, Чаркаскай, Сумскай і Днепрапятроўскай абласцях.
***
16-гадовае дзіця загінула і яшчэ тры чалавекі атрымалі раненні ў выніку расійскіх абстрэлаў горада Нікапаль, што ў Днепрапятроўскай вобласці, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Сяргей Лысак у Telegram.
«Праз артабстрэл расійцаў у Нікапалі загінула 16-гадовая дзяўчынка. Работнікі ДСНС дасталі яе з-пад завалаў пашкоджанага дома...
Тры чалавекі пацярпелі. У пацярпелых аскепкавыя раненні. 79-гадовы мужчына дастаўлены ў бальніцу. Стан — сярэдняй цяжкасці».
Яшчэ двое параненых — 74-гадовы мужчына і 66-гадовая жанчына — атрымалі дапамогу і ад шпіталізацыі адмовіліся.
Лысак удакладніў, што акупанты выпусцілі па Нікапалі амаль дзясятак снарадаў. У горадзе ёсць разбурэнні, пашкоджаныя прыватныя дамы.
***
Раніцай 9 верасня расійскія войскі ўдарылі FPV-дронам па Купянску Харкаўскай вобласці, у выніку чаго атрымалі раненні двое мужчын, гаворыцца ў паведамленні Харкаўскай абласной пракуратуры.
«Паводле даных следства, 9 верасня каля 8:00 акупанты ўдарылі FPV-дронам па г. Купянск. Атрымалі раненні двое мужчын ва ўзросце 71 і 49 гадоў. Медыкі аказалі дапамогу пацярпелым».
Пракуратура пачала дасудовае расследаванне па факце парушэння законаў і звычаяў вайны (ч.1 арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны).
***
У выніку удараў авіябомбамі па Харкаве на месцы аднаго з прылётаў узнік пажар, паведаміў мэр горада Ігар Церахаў.
Паводле папярэдняй інфармацыі, ніхто не пацярпеў.
«У выніку пападання кіраванай авіябомбы па Кіеўскім раёне Харкава пашкоджаны прыватныя жылыя дамы. Адбылося ўзгаранне гаража і расліннасці вакол месца пападання. Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяр няма. Профільныя службы працягваюць абследаванне месца здарэння», — напісаў ён у «Тэлеграме».
Таксама расійцы ўдарылі па горадзе Дзергачы Харкаўскай вобласці. Загінула 78-гадовая жанчына і пацярпелі яшчэ 13 чалавек. Пра гэта паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Паводле слоў Сінягубава, удар быў нанесены днём з ракетнай сістэмы залпавага агню, пашкоджаны як мінімум восем дамоў. Сінягубаў сцвярджае, што ўдар прыйшоўся па жылых дамах.
***
У выніку расійскага абстрэлу горада Ачакаў у Мікалаеўскай вобласці загінула 70-гадовая жанчына, паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Кім.
«Увечары расійцы абстралялі Ачакаў са ствольнай артылерыі, забілі 70-гадовую жанчыну ва ўласным доме», — напісаў ён у «Тэлеграме».
***
Расія выпусціла дзве ракеты ў напрамку горада Днепр і суседняга Паўлаграда. Адтуль паведамілі пра выбухі, але інфармацыі пра наступствы пакуль няма.
Украінскія маніторынгавыя каналы паведамілі пра выбухі ў раёне Паўлаграда і пра тое, што ракеты «спынілі існаванне», але якім менавіта чынам спынілі і якія наступствы, пакуль не ўдакладнілі.
***
Вось ужо больш за месяц частка тэрыторыі Курскай вобласці знаходзіцца пад кантролем украінскай арміі. Расійскі філосаф Вадзім Штэпа адзначае на «Радыё Свабода»:
«Апошнія 10 гадоў прапаганда прывучала расійцаў да таго, што нейкія рэгіянальныя праблемы могуць узнікаць толькі ў іншых краінах. Напрыклад, ва Украіне Крым, а потым — Данецкая і Луганская "народныя рэспублікі". А Расія — "адзіная і непадзельная".
Але пасля двух гадоў поўнамаштабнай вайны раптам выявілася, што Расіі самой трэба абараняць памежныя вобласці. А можа, і не толькі памежныя? Калі ківач вайны пайшоў у адваротны бок, то, можа быць, неўзабаве расійскае Мінабароны створыць ваенныя групы "Хабараўск" і "Уладзівасток" — для ўтрымання тэрыторыі гістарычнага Зялёнага Кліну?
Сёння Украіна заяўляе, што яна кантралюе дзясяткі населеных пунктаў і больш за тысячу квадратных кіламетраў у Курскай вобласці. І гэта таксама беспрэцэдэнтны факт у постсавецкай гісторыі.
Зразумела, дзяржава-агрэсар павінна ўсведамляць, што яна ўрэшце атрымае "адказ", як Германія ў дзвюх сусветных войнах. Проста многія не чакалі, што падзеі пойдуць з такой хуткасцю».