Беларускі студэнт: Цяпер у мяне ёсць магчымасць набрацца досведу ў прафесіі і паглядзець свет
Камусьці эміграцыя даецца цяжка: даводзіцца пачынаць жыццё літаральна з нуля. І ў гэтым сэнсе маладым людзям, якія толькі пачынаюць свой дарослы шлях, значна лягчэй мяняць месца жыхарства.
З універсітэта адлічылі за ўдзел у пратэстах
Ілля з тых беларускіх студэнтаў, каго ў 2020 годзе за ўдзел у пратэстах адлічылі з Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Юнак разам з сябрамі падчас пратэстаў зрабілі відэа, у якім раскрытыкавалі тагачаснага міністра культуры.
— Мы рабілі інтэрпрэтацыю па матывах вядомых карцін у тагачасных беларускіх рэаліях. Да прыкладу, на «Расстрэле мадрыдскіх паўстанцаў» замянілі салдатаў на АМАП, а людзей, якіх расстрэльвалі, — на пратэстоўцаў. Зразумела, кіраўніцтву гэта вельмі не спадабалася. На наступны дзень у нас перасталі працаваць пропускі ва ўніверсітэт, і ў выніку нас адлічылі.
Суразмоўца «Польскага радыё» згадвае, што нават пасля адлічэння моцна не хваляваўся за сябе, бо тады яшчэ ў паветры лунала тая блізкая перамога — маўляў, потым нас усіх адновяць ва ўніверсітэце.
Хваляваўся больш за маму
— Тады я больш хваляваўся не за тое, што мяне адлічылі, бо ўжо ведаў пра праграму Каліноўскага, а значыцца быў варыянт, каб працягнуць вучобу. Тады я больш хваляваўся за рэакцыю мамы, бо яна вельмі хацела, каб у мяне была вышэйшая адукацыя. А мяне адлічылі з трэцяга курса, да атрымання дыплому заставаўся толькі год.
А потым да Іллі дамоў прыйшоў міліцыянт, шукаў яго. Рашэнне Ілля прыняў адразу і ўвечары з’ехаў да сяброў у Кіеў. Хаця, як згадвае, развітвацца з мамай давялося няпроста.
— У мяне цяпер ёсць магчымасць не толькі працягваць вучобу, але і набрацца досведу ў сваёй прафесіі, пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, паглядзець свет. І ў яе цяпер няма ніякага негатыўнага стаўлення да таго, што я тады з’ехаў. Цяпер, калі размаўляем з мамай, яна разумее, што я тады добра зрабіў, калі раптам сабраўся і з’ехаў.
Дзве розныя адукацыі
З Кіева Ілля пераехаў у Польшчу і пачаў навучацца па праграме Каліноўскага па сваёй ранейшай спецыяльнасці. Праўда, вучобу давялося пачынаць з першага курса. Параўноўваючы беларускую і польскую адукацыю ў сферы культуралогіі, хлопец кажа, што гэта дзве розныя адукацыі.
— Мне здавалася, калі я вучыўся ў Беларусі і маю нейкія веды, то будзе лягчэй. Але калі пачаў вучыцца, то стала зразумела, што давядзецца шмат працаваць. Беларускае культуразнаўства больш скіраванае на Усход, дакладней, вывучаецца расійская культура. Там нават не прадстаўлены вельмі вядомыя тэорыі, якія паўплывалі на сусветнае культуразнаўства. Мы, да прыкладу, не праходзілі тэорый Маргарэт Мід, Франца Боса і гэтак далей, а з гэтага, як я цяпер разумею, трэба было пачынаць вывучаць культуралогію. Таксама не хапала практычных прадметаў, хаця я б не сказаў, што і ў Польшчы іх шмат, але непараўнальна больш, чым гэта было ў Беларусі.
— Што вы маеце на ўвазе пад практычнымі прадметамі?
— Да прыкладу, тут у межах заняткаў мы робім праекты з аднагрупнікамі, часам нашы заняткі цалкам будуюцца на майстар-класах, дзе нас чамусьці вучаць. Вось цяпер такія заняткі праходзяць па тэатральным мастацтве. Мы збіраемся ў групы і ставім рознага кшталту тэатральныя перформансы. На жаль, у Беларусі гэтага так шмат не было. Тут мы вучыліся пісаць невялікія культурныя праекты на гранты і працавалі з картай думкі, праводзілі псіхалагічныя варштаты.
Тут сапраўды вымагаюць ведаў
А яшчэ Ілля, параўноўваючы адукацыю ў беларускай і польскай ВНУ, прыводзіць прыклад таго, што і колькі патрэбна было ведаць для здачы залікаў і экзаменаў.
— Там (у Беларусі) на экзамен нам трэба было вывучыць 120 прац, у тым ліку жывапіс, скульптуру, архітэктуру. Тут (у Польшчы) у нас было тры заліковыя працы, і да кожнай трэба было ведаць трыста толькі карцін. Тут сапраўды вымагаюцца веды. На экзамене будзе тры пытанні па карцінах і яшчэ два — па тэорыі. Своеасаблівая латарэя, але ведаць трэба ўсё.
Што датычыць матэрыяльнага боку, то хлопцу даводзілася ўвесь час падпрацоўваць, паколькі стыпендыі на ўсё не хапае. Ён і цяпер працуе ў фондзе, які займаецца падтрымкай культурніцкіх праектаў польскай, украінскай і беларускай культуры. Але гэта і плюс, бо цяпер універсітэцкую тэорыю ёсць магчымасць штодня замацоўваць на практыцы. «Польскае радыё» цікавіцца ў Іллі: чым, на яго погляд, розніцца культурны ўзровень палякаў і беларусаў?
Неабавязкова быць вядомым, галоўнае — прадставіць сапраўдны праект
Хлопец, трохі задумаўшыся, кажа, што ў Польшчы значна больш прасторы, каб выказваць праз мастацтва свае думкі, ідэі. Культура, паводле яго, падтрымліваецца не проста на словах, а і на справе. Існуе дзяржаўная падтрымка, мноства недзяржаўных фондаў, якія выдаткоўваюць сродкі на таленавітых маладых людзей.
Паводле яго слоў, тут не трэба быць вядомым і заслужаным, варта толькі прадставіць добры праект, які прымуць, — і ты зможаш паказаць яго на нейкім вернісажы.
— Мне здаецца, што ў Беларусі няма такой разбудаванай структуры недзяржаўных устаноў культуры. Іх адзінкі, і яны ўсё часцей закрываюцца. А тут нават я некалькі разоў хадзіў да кіраўніцтва ўніверсітэта і дамаўляўся на выставу зусім невядомага мастака. Дырэктар і дэкан паглядзелі працы і прапанавалі выставіцца на нашым факультэце. Яны прапанавалі прастору, арганізавалі вернісаж, запрасілі людзей, купілі печыва і сокі. І гэта робіць нават сам універ. Уяўляеце ў Беларусі такое?
Яшчэ як прыклад стаўлення да творчых людзей у Польшчы і іх працы Ілля расказвае пра свайго сябра з універсітэта.
— У мяне ёсць сябар, які зрабіў свой фотапраект, прыйшоў з ім у дэканат, прадставіў здымкі, іх паглядзелі і далі грошы на арганізацыю выставы. Я сапраўды сабе не ўяўляю, каб такое нешта адбывалася ва Універсітэце культуры ў Беларусі! Бо колькі я вучыўся, ніколі не бачыў, каб там ладзілі выставу нават сваіх студэнтаў.
Большасць палякаў мала што ведаюць пра беларускую культуру
— А наколькі палякі знаёмыя з беларускай культурай?
— Мне шкада, што ў палякаў пасля 2020 года беларуская культура пераважна асацыюецца з пратэстамі і арнаментам. Хаця беларуская культура значна больш разбудаваная, яна вельмі цікавая, і ў ёй шмат элементаў, пра якія палякі не ведаюць увогуле — як, да прыкладу, тыя самыя маляваныя дываны. Альбо скажы паляку, што Суцін і Шагал — гэта мастакі з Беларусі, — ён будзе здзіўлены. Мне гэта, канешне, баліць.
А яшчэ Ілля кажа, што вельмі сумуе па доме, блізкіх, сябрах, часам нават, пабачыўшы здымкі роднага горада, можа праслязіцца. І ўсё ж не губляе надзеі, што рана ці позна здолее наведаць родны горад.