Як сілавікі рэкламуюць школьнікам свае прафесіі

У беларускіх школах адкрываецца ўсё больш спецыялізаваных класаў пры падтрымцы розных дзяржаўных ведамстваў — пракуратуры, ДАІ, Следчага камітэта і іншых. Генпракурор Андрэй Швед упэўнены, што такія класы выхуюць у дзецях «патрыятызм, пачуццё абавязку і адданасці свайму народу». 

"Пракурорскі клас". Фота moiro.by

"Пракурорскі клас". Фота moiro.by

«Медыязона» даведалася, дзе адкрыліся такія класы і чаму там будуць вучыць.

Пракуроры

Упершыню клас "Юны пракурор" для старэйшых школьнікаў (10 і 11 класы) з'явіўся летась у Магілёве. Потым такія ж класы адкрылі ў Гродне, Дзяржынску і іншых гарадах, а сёлета - у гомельскай гімназіі № 51. Генпракуратура плануе адкрыць класы "Юны пракурор" "у кожным рэгіёне Беларусі".

«Немалаважна, што школьнікі атрымаюць магчымасць з прававога пункту гледжання, па-пракурорску даваць ацэнку падзеям паўсядзённага жыцця, няхай гэта будзе паездка ў грамадскім транспарце або паход у краму», — казаў на адкрыцці пракурорскага класа ў Магілёве намеснік генеральнага пракурора Сяргей Хмарук.

Вучні такіх класаў носяць форму, падобную да касцюмаў работнікаў пракуратуры. Яны наведваюць судовыя паседжанні па крымінальных і грамадзянскіх справах, сустракаюцца з супрацоўнікамі пракуратуры і наведваюць мерапрыемствы ведамства.

«Дзеці, магчыма, у далейшым звяжуць свой лёс са службай на дзяржаву, у тым ліку ў органах пракуратуры. Гэта робіцца не толькі для таго, каб растлумачыць і расказаць школьнікам што такое праца пракурора, з чым яна спалучана. Для нас вельмі важна, каб праз гэтыя спецыялізаваныя класы як мага больш данесці да нашых дзяцей любоў да радзімы. Патрыятызм, пачуццё абавязку, пачуццё адданасці свайму народу», — казаў у лістападзе 2023 года Генпракурор Андрэй Швед.

Следчыя

Профільныя класы Следчага камітэта ёсць у Магілёве, Мінску, Віцебску, Бабруйску, Лідзе. Яны з'явіліся ў Беларусі яшчэ ў 2017 годзе. Спецыялізаваны клас адкрыты для вучняў 10-х і 11-х класаў.

Дзеці ў некаторых профільных класах СК таксама носяць форму, а акрамя асноўных прадметаў вывучаюць «азы крымінальнага права, крыміналістыкі, самаабароны». Па суботах са школьнікамі часам займаюцца следчыя. Ім распавядаюць, напрыклад, аб «расследаванні розных катэгорый крымінальных спраў», «схемах і хітрасцях» злачынцаў, аб ужыванні фота і відэаздымкі ў крымінальным працэсе.

«Важна развіваць і ўмацоўваць сувязі навучэнскай моладзі, прафесійна арыентаваць выпускнікоў школы на наступнае навучанне ў ВНУ юрыдычнага профілю і службу ў падраздзяленнях Следчага камітэта. Фармуючы такія класы, мы рыхтуем будучае пакаленне следчых», — лічыць начальнік УСК па горадзе Менску Яўген Архірэеў.

Глядзіце таксама

Супрацоўнікі ДАІ

У верасні ў віценскай сярэдняй школе нумар 7 адкрылі прававы клас пры падтрымцы Дзяржаўтаінспекцыі.

Як піша прэс-служба Віцебскага ДАІ, вучні класа "будуць вывучаць усе тонкасці прававой сферы, што асабліва важна для тых, хто ў будучыні марыць звязаць сваё жыццё са службай у ДАІ". На фота, апублікаваных прэс-службай, вучні апрануты ў касцюмы, падобныя на форму супрацоўнікаў ДАІ.

Мытнікі

Профільныя класы адчыняе і Мытны камітэт. Яны ёсць як мінімум у Магілёве, Гомелі і Мінску. Яшчэ ў 2018 годзе па ўсёй краіне іх было дзесяць.

У мінскай школе №28 у мінулым навучальным годзе былі адкрыты два мытныя класы — пяты і сёмы. Дзеці ў мытных класах паглыблена вывучаюць матэматыку, раз у месяц для іх праводзяць спецыяльныя заняткі — «уводзіны ў прафесію».

Гомельскія школьнікі ходзяць у музей мытні і наведваюць афіцыйныя мерапрыемствы "патрыятычнай накіраванасці" накшталт "Урачыстай гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана".

Па словах старшыні ДМК Уладзіміра Арлоўскага (ён выступаў на лінейцы ў мытным класе ў Магілёве), многія з выпускнікоў магілёўскай школы №21 сталі супрацоўнікамі мытных органаў.

Размаўляючы са школьнікамі з мытнага класа, Уладзімір Арлоўскі адзначыў, што многія выпускнікі сярэдняй школы нумар 21 г. Магілёва выбралі для сябе шлях па абароне эканамічных інтарэсаў краіны, стаўшы супрацоўнікамі мытных органаў, і выказаў упэўненасць, што многія з гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак папоўняць шэрагі беларускіх мытнікаў.

Ратавальнікі

Профільныя класы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях існуюць ужо шмат год. Яны ёсць у Менску, Бабруйску, Пінску і іншых гарадах. У некаторых школах патрапіць туды можна ўжо з 5-га класа. Школьнікі ў профільных класах МНС носяць форму, пасля ўрокаў займаюцца пажарным спортам, працуюць у "агітбрыгадах", удзельнічаюць у "палявых зборах".

З класа МНС могуць выключыць, напрыклад, за «падбухторванне да амаральных дзеянняў», «уцягванне таварышаў у амаральныя ўчынкі», «праяўленне баязлівасці і маладушнасці» або грэблівае (неахайнае) стаўленне да адметнага знака класа МНС».

Будучыя работнікі Дзяржкантролю

КДК (да якога адносіцца і Дэпартамент фінансавых расследаванняў) і Гродзенская гімназія імя Дубко падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў верасні 2024 года. Тамака плануюць адкрыць профільны клас для будучых супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Пакуль жа супрацоўнікі кантралюючага ведамства праводзяць з дзецьмі "прафарыентацыйную працу". Там школьнікам расказваюць пра спецыяльнасць «Дзяржаўны аўдыт», дзе рыхтуюць у тым ліку будучых супрацоўнікаў КДК.