Заплаціць за Варшаву

Ці не ўпершыню падчас урачыстасцяў з нагоды гадавіны Варшаўскага паўстання 1 жніўня 1944 года было агучана патрабаванне рэпарацый за разбурэнне нямецкімі жаўнерамі польскай сталіцы.

483688_854869_756x425.jpg

Тэма выплаты нямецкіх рэпарацый для Польшчы перыядычна вяртаецца ў грамадскую польскую дыскусію ў гадавіны, звязаныя з Другой сусветнай вайной, і выклікае ў тым ліку ўздым антынямецкіх настрояў. Цалкам верагодна, што менавіта гэтая з’ява прымусіла нямецкае пасольства напярэдадні чарговай гадавіны Варшаўскага паўстання даслаць польскаму грамадству своеасаблівы сігнал прымірэння. На старонцы пасольства ў Twitter з’явіўся допіс, што сцягі перад дыпламатычнай установай будуць прыспушчаныя ў знак «глыбокага болю і сораму» за ўчынкі немцаў падчас вайны на тэрыторыі Польшчы.

Рэакцыя на акцыю пасольства ФРГ была яўна не той, на якую разлічвалі дыпламаты. Намеснік міністра дзяржаўных актываў, чалец кансерватыўнай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS) Януш Кавальскі апублікаваў рэзанансны запіс: «Немцы разбурылі Варшаву. Яны забілі сотні тысяч яе жыхароў. Праца па знішчэнні горада была завершаная савецкімі захопнікамі. У 2004 годзе матэрыяльныя страты краіны ацэньваліся ў 45 мільярдаў долараў! Да сённяшняга дня немцы не заплацілі Польшчы рэпарацый і таксама не заплацілі за разбурэнне Варшавы», — напісаў палітык.

Ён таксама паведаміў, што мае намер у размове з прэм’ер-міністрам Маравецкім падняць пытанне, як рэалізуецца рэзалюцыя Сейма ад 10 верасня 2004 года, якая абавязвае ўрад «прыняць захады па выплаце рэпарацый за знішчэнне польскай дзяржавы Германіяй падчас вайны».

Тэму рэпарацый за Варшаву аператыўна падхапіла вуліца. На мерапрыемствах 1 жніўня, якія арганізавалі правыя партыі, таксама гучалі патрабаванні рэпарацый.

У чымсьці такую пазіцыю можна зразумець. Нямецкія акупанты ў час вайны заўсёды крыва глядзелі на Варшаву, разглядаючы яе як цэнтр польскага супраціву нацысцкаму «новаму парадку». І хаця ў генеральным губернатарстве (так называлася акупаваная нацыстамі частка Польшчы) былая сталіца мела статус правінцыйнага горада, Варшава заўсёды заставалася цэнтрам польскага палітычнага, інтэлектуальнага і культурнага жыцця. Тут таксама знаходзіўся цэнтр каардынацыі структур руху супраціву.

Яшчэ 15 ліпеня 1940 года генерал-губернатар Ганс Франк заявіў: «У выпадку з Варшавай фюрэр вырашыў, што рэканструкцыя гэтага горада як польскага мегаполіса абсалютна немагчымая. Фюрэр хоча, каб Варшава стала правінцыйным горадам». Пазней у так званым «плане Пабст» меркавалася, што насельніцтва Варшавы будзе скарочанае да 130 тысяч чалавек, а плошча — да 15 квадратных кіламетраў. У паўднёва-заходнім напрамку ад цэнтра сталіцы планавалася пабудаваць «Новы нямецкі горад Варшава» (Die neue Deutsche Stadt Warschau).

Катастрофы Трэцяга рэйху на франтах перашкодзілі ажыццяўленню «плану Пабст». Таму нацысцкія лідары ўспрынялі пачатак паўстання як выдатнае апраўданне для вырашэння праблемы Варшавы. 21 верасня 1944 года рэйхсфюрэр СС Генрых Гімлер дакладваў Гітлеру, што пасля адыходу нямецкіх фарміраванняў «сталіца 16–17 мільёнаў палякаў будзе знішчаная». Разбурэнне Варшавы Гімлер нават называў гістарычным рашэннем пытання прарыву Германіі на Усход.

Сапраўды, два месяцы жудасных вулічных баёў прынеслі Варшаве велізарныя матэрыяльныя страты. 25% будынкаў на левым беразе горада былі разбураныя. Стары горад быў знесены амаль на цалкам (у 1945 годзе толькі адзін будынак у гэтым раёне быў прыдатны для выкарыстання). Прычым разбурэнні былі выкліканыя не толькі артылерыйскімі абстрэламі і паветранымі налётамі, але і наўмыснымі падпаламі з боку нямецкіх войскаў, якія разглядалі спальванне цэлых кварталаў як законны метад ваенных дзеянняў.

Ці можна атрымаць кампенсацыі за апісаныя злачынствы Вермахту? На думку большасці спецыялістаў у міжнародным праве, сумнеўна. У тым ліку таму, што пасляваенная сацыялістычная Польшча, афіцыйным нашчадкам якой з’яўляецца цяперашняя Рэч Паспалітая, ад кампенсацый з боку ГДР адмовілася. У крайнім выпадку, немцы заўсёды могуць прапанаваць разглядаць у якасці кампенсацыі землі ў Сілезіі і Балтыі, якія атрымала Польшча пасля вайны. Напэўна таму, не разглядаючы тэму рэпарацый як сур’ёзную, нямецкая прэса нават не каментуе ваяўнічыя сентэнцыі Кавальскага.

У гэтым плане як старыя, так і апошнія спробы палітыкаў PiS актуалізаваць пытанне аб рэпарацыях прызначаныя, хутчэй, для ўнутранага палітычнага рынку. Гульня на антынямецкіх настроях часткі электарату стала для кансерватараў сродкам у барацьбе з лібераламі, за якімі, нібыта, тырчаць вушы Берліну.

Заявы Кавальскага можна таксама разглядаць у рэчышчы новага клінчу Варшавы і Бруселя з-за так званых «Зонаў, свабодных ад ЛГБТ». Свабоднымі ад ЛГБТ абвясцілі сябе шматлікія польскія муніцыпалітэты, дзе пры ўладзе знаходзіцца PiS. Такая практыка крытыкавалася ў тым ліку ў нямецкай прэсе, і прымусіла Еўракамісію абвясціць аб блакаванні еўрапейскіх сродкаў для мясцовых органаў улады, што прынялі рэзалюцыі аб Зонах. Усё той жа Януш Кавальскі, каментуючы ініцыятыву Еўракамісіі, заявіў пра неабходнасць прыняцця закона, што абвесціць усю Польшчу зонай, вольнай ад ЛГБТ. Такая канфрантацыйная заява абяцае нам новую серыю разборак, якія, натуральна, не абыдуцца без спасылак на падзеі мінулага.