Беларуска-ангельскі гумар: як жартаваў айцец Аляксандр Надсан

Сёлета спаўняецца дзевяць год, як ня стала айца Аляксандра Надсана. Гэтым разам хацелася б прыгадаць адзін падзабыты ці менш вядомы бок дыяспарніка — гумар. Апрача таго, што ён быў сур’ёзным дасьледнікам, адданым сьвятарам і няўрымсьлівым кніжнікам, усе памятаюць яго яшчэ і як жартаўніка, які ўмеў і любіў пасьмяяцца і пакпіць нават з рэчаў, падаецца, сур’ёзных.

1713174726101blob.jpg

Бяз гэтага партрэт вялікага дыяспарніка ня будзе поўным. Зрэшты, многія сябры і знаёмыя айца Аляксандра (Арнольд Макмілін, Ніна Баршчэўская, Караліна Мацкевіч, Джым Дынглі, Ірына Дубянецкая і іншыя) ва ўспамінах і інтэрвію прыгадваюць ягоную жвавасьць і жартаўлівасьць.

Цікава, што і мая першая стрэча зь ім пачалася з пакепліваньняў. Даведаўшыся, што я зь Віцебску, айцец Аляксандар адразу адзначыў напаўсур’ёзна, напаўжартам: «Пасьля забойства Язафата Кунцэвіча я вельмі асьцярожны зь віцеблянамі».

Потым перапрасіўшы за пакепліваньне, ён праверыў, ці я сапраўдны віцеблянін — я прайшоў своеасаблівы моўны тэст: назваў самае віцебскае слова — «малец», а яшчэ ён спытаў, як сказаў бы віцебскі малец на «адчыненыя насьцеж дзьверы». Ня думаючы, сто разоў чуўшы аб бабуляў, я адказаў «напята» — прайшоў і гэты тэст.

Пазьней айцец Аляксандар распавёў, што слова «напята» ён вельмі палюбіў і пачуў у Лёндане ад яшчэ аднаго віцебляніна, ромска-беларускага паэта і перакладніка Вальдэмара Калініна.

Усім вядомая сапраўдная гісторыя, як айцец Аляксандар навучыў свайго сабаку Бэна рэагаваць-брахаць на палітычныя тэмы, у прыватнасьці на імёны некаторых беларускіх палітыкаў. Бэн любіў далучацца да размоваў пра Беларусь, ён скакаў і брахаў, і ня ўсе разумелі прычыны. Аказалася, што такая была ягоная рэакцыя на прозьвішча кіраўніка беларускай дзяржавы. 

Глядзіце таксама

Цікавым жартам-прыпамінам падзялілася спадарыня Ніна Баршчэўская. У адным зь лістоў за 1987 год да ейнага мужа Алеся Барскага (літаратурны псэўданім Аляксандра Баршчэўскага) айцец пісаў: «Я думаў, што Табе была патрэбная машынка, каб на ёй пісаць і каб мне не трэба было кожны раз бегаць з Тваімі лістамі ў ягіпецкі аддзел Брытанскага музэя...». Бо спадар Алесь Барскі пісаў вельмі неразборліва. 

Дасьціпнасьць айца Аляксандра цудоўна падкрэсьлівала ягоны жвавы і крытычны розум. Да ўсяго з шматлікіх лістоў і прыпамінаў людзей, якія ведалі яго, вынікае цікавы сплаў беларускага-ангельскага гумару айца. Ягоная жартаўлівасьць выдатна накладалася на ангельскую рэальнасьць, у выніку айцец Аляксандар натуральна ўпісваўся ў брытанскае жыцьцё. Так, Арнольд Макмілін, калега і сябра айца Аляксандра і Скарынаўкі адзначае, што спачатку знаёмства якраз гумар айца выклікаў імгненную прыхільнасьць. Вядома, ня ўсе разумелі і пагатоў ацэньвалі гумар, таму былі ў атачэньні айца і тыя, каго жарты айца хутчэй насьцярожвалі.

У дзень памяці айца хочацца прыгадаць у чарговы раз ня толькі ягоную калясальную працу на ніве беларусікі, але і на ніве крохкай чалавечнасьці, аздобленай каліўкамі гаючага гумару.