Аляксандр Надсан — апошні апякун беларушчыны
Сёння айцу Надсану споўніўся б 91 год. Ужо больш за два гады, як асірацела дыяспара, а разам з ёй і ўся Беларусь. Але калі ў беларусаў Беларусі застаецца сама краіна, то ў беларусаў дыяспары са сконам айца знікла моцная повязь з радзімай.
Без такога арыенціра дыяспара сутыкнулася са складаным выпрабаваннем на далейшыя кансалідацыю і выжыванне.
Чалавек шматмоўны, чалавек сапраўды еўрапейскі, беларус, які праз сваю эрудаванасць і культуру апярэдзіў усю Беларусь ды і Еўропу ў справе адкрытасці, беззабабоннасці, у манеры і маштабе мыслення ў фармаце супольнай Еўропы, супольнага свету. Чалавек з кагорты такіх, як Скарына, які натхняў і будзіў айца і стаўся светачам, арыенцірам для беларусаў свету. І няма сумневу, што сёння ў постбрэксітным Каралеўстве праеўрапейскі айцец Аляксандр быў бы ў скрусе праз адмову вялікай часткі брытанцаў ад найбольшай каштоўнасці — адкрытасці, бязмежнасці, безбар’ернасці ўнутры Еўропы.
Пра спадара Аляксандра напісана шмат, пасля смерці пачалі пісаць яшчэ больш тыя, хто ведаў яго добра, хто сябраваў з ім. Я ж ведаў яго ўрыўкамі і толькі ў апошнія пяць гадоў жыцця апекуна беларушчыны, як госць Скарынаўкі, як госць спадара Аляксандра.
З першай стрэчы шармаваў ён мяне сваёй жвавасцю, хапатлівасцю, адкрытасцю і гумарам. Прыжмураныя гарэзлівыя вочы і дасканалае веданне Беларусі прыручалі кожнага наведвальніка — і ў Лондане дзякуючы яму кожны пачуваўся нібы дома. Думаю, не я адзін буду памятаць усё жыццё ягоныя экскурсіі па Скарынаўцы, якія ён ладзіў для ўсіх гасцей.
У першы прыезд у Лондан мне пашанцавала, і айцец зладзіў мне індывідуальную экскурсію. Паралельна па вымове ён адразу выявіў маё віцебскае паходжанне, распавёў гісторыйкі, звязаныя з Віцебскам, і падзяліўся ўражаннямі ад ранейшага Віцебску, не цяперашняга. А яшчэ пакпіў, што калісьці віцябляне забілі Язафата Кунцэвіча.
Надалей падчас працы ў бібліятэцы айцец дапамагаў слушнымі парадамі як у пытанні тарашкевіцы, так у пытанні французска-беларускага перакладу. Айцец Аляксандр цудоўна валодаў і гэтай мовай.
Як жвава і аптымістычна ён успрыняў наш праект па стварэнні беларуска-французскага слоўніка! Бо ў кнігі і слоўнікі айцец верыў аддана, слоўнікі лічыў за лепшую зброю супраць невуцтва і імперскасці. І зусім не здзівіўся таму, што ў Францыі не знайшлося падтрымкі гэтаму праекту, моўчкі і амаль натуральна за яго ўзялася беларуская дыяспара Вялікабрытаніі. Хоць і вельмі любіў айцец Аляксандр французскую мову (доказам таму шматлікія кнігі па-французску ў яго ўласнай бібліятэцы), да свецкай Францыі ж ставіўся з падазрэннем, да Францыі, у якой, як цудоўна ведаў айцец, беларусам не ўдалося замацавацца — яны асімілявалі, зніклі, а парэшткі былой беларускай прысутнасці ў Парыжы на чале з Л. Гарошкам ён сам перавёз у Скарынаўку.
З айцом Аляксандрам і вернік, і бязвернік-беларус пачуваліся ўтульна. Як хрысціянін-гуманіст айцец не ствараў межаў і забабонаў па лініі веры, толькі адна лінія заўсёды дамінавала і вызначала ўсё — Беларусь.
Але Беларусь не бутафорна-абстрактная, а вельмі канкрэтная, прынцыповая. Айцец быў простым у жыцці, але вельмі складаным, патрабавальным у сваёй беларускасці. Беларусь была для яго толькі беларускамоўнай.
Насуперак сумнай моўнай статыстыцы, рэчаіснасці Беларусі айцец даводзіў простую праўду: факт такі, што руская мова дамінуе цяпер у краіне, але нельга забываць другі факт — так сталася ў выніку гвалтоўнай палітыкі. Каб захаваць крытычнасць розуму, лепей наогул памяняць месцамі гэтыя факты. Факт адзін: мову згубілі беларусы ў выніку гвалтоўнай палітыкі Расіі, Саветаў, а цяпер у выніку патурання сучасных уладаў — кропка.
І хоць быў айцец Надсан не лінгвістам, а матэматыкам па адукацыі і святаром па пакліканні, тым не менш яшчэ пры жыцці ён стаўся ўзорам асучасненай тарашкевіцы. Бо ён не прымаў знявечанай і русіфікаванай беларускай мовы Беларусі, пісаў, перакладаў на тарашкевіцу, адзіную дакладную версію мовы, на яго думку.
Яго тэксты і пераклады цікавыя не толькі вернікам, але і навукоўцам, лінгвістам, напрыклад. Ён усяляк мінімізаваў разнабежыцу, зачастую сапраўды ўласцівую сімпатызантам і карыстальнікам тарашкевіцы, удакладняў недапрацаваныя ці праігнараваныя моманты ў класічнай граматыцы. Усяляк дапаўняў лакуны класічнага правапісу (напрыклад, у напісанні французскіх ці англійскіх імёнаў уласных і інш.)
Аляксандр Надсан не абыходзіў фактаў, не хлусіў сабе, а проста размаўляў ды жыў з беларускай мовай. З вельмі прыгожай, між іншым, мовай, што захавала чысціню і пэўны рэтрафлёр, уласцівы тым, хто ведаў і вывучаў мову, якую не паспелі сапсаваць русіфікатарскія рэформы ды загады. Можа дзякуючы гэтаму ён і быў такі прынцыповы, патрабавальны і зацяты ў мове, бо на вачах, увушшу ў яго адбывалася трагедыя — ён са скрухаю канстатаваў, чуў выраджэнне, русіфікацыю мовы.
Беларусы, якія прыязджалі да яго ў Лондан, як заўважаў ён сам, размаўлялі хоць па-беларуску, але адначасова не — фанетычна зусім не па-беларуску. І часта казаў у размове: «Яны там у Менску больш не ведаюць мовы».
Цікава, што даведаўшыся ў мяне аб тым, што я працую ў ЕГУ, айцец Аляксандр суняўся і сказаў: «Калі ў ЕГУ выкладаюць беларускамоўныя хлопцы, як вы, тады я не маю жаднай крытыкі ў бок гэтага ўніверсітэту».
Святарскі самотны лад жыцця разам з рамантызмам і ідэалізмам айца сталіся, на маю думку, цудоўнай зброяй супраць рацыяналізму і абыватальства, якія змірылі бальшыню беларусаў са стратамі сябе, мовы, культуры, повязі з мінулым. Зброя, якая дапамагла волату давесці лінію да завяршэння і не здрадзіць уласным ідэалам.
Выразна прыгадваю, што ў дзень, калі памёр апошні апякун беларушчыны, у закутку Фінчлі ў Лондане так урачыста і кідка дацвітала магнолія, пакідаючы на асфальце вялікія ружаватыя расцярушаныя шматкі. І з таго часу вобраз айца Аляксандра ды і беларускага Лондану назаўжды знітаваныя для мяне з такой экзатычнай, але ўжо сталай беларускай магноліяй.