Італьянец у Магілёве аформіў свой рэстаран па-беларуску, а беларусы — у асноўным па-руску
У Магілёве італьянец Джавані Сконда назву свайго рэстарану падаў на беларускай і італьянскай мовах. На пешаходнай вуліцы Ленінскай, якая патанае ў моры рускамоўных шыльдаў, ягоны рэстаран адразу кідаецца ў вочы.
Джавані лічыць: напісаўшы на шыльдзе па-беларуску, ён
падкрэсьлівае сваю павагу да беларускай культуры.
Тым часам тутэйшыя ўладальнікі крам і кавярняў пазбягаюць ужываць беларускую мову ў назвах і афармленні інтэр’ераў. Беларускамоўных шыльдаў у цэнтры гораду няшмат.
Беларускі варыянт назвы рэстарану — «Італіец». На шыльдзе да назвы дададзенае беларускае слова «забавы» і інтэрнацыянальнае беларускім правапісам — «піцца». Рэстаратар запэўнівае, што наведнікі заўважаюць у назьве беларускую мову, і гэта ім падабаецца.
«Паколькі я італьянец і прыехаў у Беларусь, то падача назвы рэстарана на беларускай і італьянскай мовах — падыход абсалютна слушны. Беларускамоўным варыянтам назвы падкрэсліваецца мая павага да беларускай культуры і яе носбітаў — беларусаў», — кажа Джавані Сконда.
Тое, што беларусы не гавораць на сваёй мове, італьянцу незразумела, і яго гэта бянтэжыць. Прызнаецца, што пакуль ведае няшмат беларускіх слоў. Тыя, што чуў, на ягоную думку, падобныя да рускіх. Па-руску Джавані гаворыць кепска.
Адкрыць жа рэстаран у Беларусі ён задумаў, бо ўзаемадачыненні між італьянцамі і беларусамі даўнія і дужа добрыя. Італьянскія сем’і, кажа ён, ахвотна прымалі на аздараўленьне беларускіх дзяцей пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, і цяпер італьянцы дапамагаюць беларусам.
«Італія адна з першых еўрапейскіх краін пачала прымаць дзяцей з Беларусі пасля Чарнобыля. Дзеці жылі ў італьянскіх сем’ях, і цяпер яны кажуць, што ў Італіі ў іх ёсць другія мамы і таты. За прамінулы час да нас наведалася блізу 800 тысяч беларусаў, — кажа Джавані і дадае:
«Цяпер 47 італьянцаў рамантуюць шпіталь пад Гомелем. Матэрыялы для рэканструкцыі лякарні і ўвесь комплекс прац аплачваюцца італьянскім бокам».
Для Джавані Беларусь — еўрапейская краіна
«У Еўропе Беларусь выглядае найбольш прыбранай ды чыстай, — кажа ён. — У вашай краіне спакойна, няма крыміналу. Спакойныя, прыязныя людзі. Мне думаецца, што Беларусь будзе паступова развівацца. Сваім знаёмцам я шмат апавядаю пра вашу краіну. Запрашаю іх сюды прыяжджаць. Тут я нічога і нікога не баюся».
У аздабленьні рэстарану беларушчыны няма. Персанал вітае наведнікаў на італьянскай мове.
«І сапраўды, напісана па-беларуску, — здзівіўся мінак ля рэстарану італьянца.— Хоць замежнік нам нагадае, што ў беларусаў ёсць свая мова».
«Ну, напісаў тры словы па-беларуску, во ўжо радасці», — адрэагавала наступная суразмоўніца.
Беларуская мова ў Магілёве бывае… рускай
«А ці ёсьць наогул тая беларуская мова? Толькі па радыё яе і чулі, — разважаючы, дадала жанчына. — Мне ўжо даўно за пяцьдзясят, але я памятаю, як нас у горадзе вучылі беларускай мове. Вы здзівіцеся: па-рску. Толькі вершы вучылі па-беларуску. А беларуская мова мне падабаецца, калі правільна на ёй гавораць».
Вітрына крамы «Мясны майстар» аформленая таксама па-беларуску. Яе гаспадыня Ірына ня ўтойвае, што беларушчына вылучае гандлёвы аб’ект з расейшчыны, якая пануе наўкола. Разам з тым, заўважае яна, як надумаліся незвычайна для Магілёва аформіць вітрыну, то па-за ўвагай не застаўся і складнік патрыятызму.
«Каб наведнікі крамы і мінакі згадалі, што мы жывём у Беларусі і варта трымацца беларускай мовы. І што назваць краму ў Беларусі па-беларуску — гэта нармальна, патрыятычна», — кажа Ірына.
«Хаця, па шчырасьці, людзі ідуць да нас больш па недарагую прадукцыю, а не таму, што ў нас беларуская вітрына, — з усмешкай дадае суразмоўніца. — Але тое, што мы вылучаемся, — гэта праўда. Мінак ідзе, звяртае ўвагу на вітрыну дый думае: „Зайду ды пагляджу!“, а зайшоўшы, нешта купіць у нас. Крамаў, аформленых па-беларуску, у Магілёве, на жаль, пакуль няшмат. Можа, мы і станем заснавальнікамі такой традыцыі».
На думку Ірыны, тэндэнцыя да беларускамоўя ўсё ж паволі будзе змушаць гандляроў рабіць выбар на карысць мовы беларусаў, і крамаў, па-беларуску аформленых, будзе станавіцца болей.
У самой жа краме афармленне рускамоўнае. Прадаўцы таксама гавораць з пакупнікамі на рускай мове.
«Мне ўсё роўна, на якой мове прадаюць тавар, абы ён недарагі быў. Хаця ў вочы на ўваходзе мне кінулася беларуская мова — гэта праўда. Выглядае незвычайна!», — адрэагавала адна з наведніц крамы на пытанне журналіста пра беларускую мову.
«Так, вы маеце рацыю, для Магілёва беларуская мова ў гандлі, дый наогул у сферы абслугоўвання — гэта, хутчэй, дзіва, — выказаўся яшчэ адзін наведнік. — Во каб яшчэ прадаўцы па-беларуску гаварылі, дык гэта наагул была б сенсацыя. Хаця з імі ж таксама гавораць па-руску пакупнікі, таму чаго ім напружвацца».
Жыхарка Магілёва, наведніца курсаў «Мова Нанова» Анастасія Ранчанка год таму ўзялася беларусізаваць кавярню «Залаты ключык». Ва ўпадабаным моладдзю месцы беларускамоўнае мэню, некаторыя з элемэнтаў аздаблення кавярні — таксама на беларускай мове.
Эканамічнага эфэкту ад ужывання беларускай мовы, кажа Анастасія, не назіраецца. Паводле яе, беларускамоўе ў кавярні хутчэй адыгрывае асветніцкую ролю. Наведнікі заўважаюць мову і ўжо не здзіўляюцца ёй, як гэта было напачатку.
«Нямала наведнікаў звяртаюць увагу і за беларушчыну дзякуюць. Многім падабаецца, калі замест «спасибо» чуюць «дзякуй», — кажа суразмоўніца.
Анастасія не прыкмеціла, каб у Магілёве за апошні час паболела крамаў ці кавярняў з беларускімі назвамі.
Апошнім часам у Магілёве паадкрывалася нямала невялікіх кавярняў, асабліва ў цэнтры гораду. Назвы іхнія — па-руску.
«Горад гаворыць па-руску, таму і ў нас назва напісаная на рускай мове. Здзіўляцца тут няма чаму, — адказаў на пытанне пра мову барыста адной з кавярняў.
«Каб назваць кавярню па-беларуску ды аформіць яе з выкарыстаннем беларускай мовы, трэба пераадолець, відаць, комплекс непаўнавартасці, — дадае яшчэ адзін барыста. — Цяжка змусіць сябе выхаваным у рускамоўным асяроддзі, каб перайсці ў іншае моўнае поле. Прасцей назваць кавярню па-англійску, чым па-беларуску. Патрэбная смеласць».
Паводле Радыё Свабода