Адказны за сваё пакліканне. Факты з жыцця айца Аляксандра Надсана
Яшчэ пры жыцці ён меў тытул «духоўнага лідара беларускай эміграцыі». Аказаўшыся ў выгнанні, ён фактычна адзін рабіў і прасоўваў беларускую справу — культурную, грамадскую, але найперш — духоўную. 8 жніўня 1926 года нарадзіўся айцец Аляксандр Надсан.
Грэка-каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, рэдактар шматлікіх часопісаў, ініцыятар і стваральнік разнастайных камітэтаў і інстытуцый. А яшчэ педагог, публіцыст, гісторык, перакладчык… Гэтым не абмяжоўваецца дзейнасць а. Аляксандра на ніве беларускай справы. Досыць трапна пра свайго настаўніка выказалася філосаф Ірына Дубянецкая: «Айцец Аляксандр Надсан — найвялікшы чалавек нашай эпохі. Дзесяцігоддзямі гэты чалавек — можа, адзіны ў свеце — штодня маліўся за Беларусь і па-беларуску».
Сапраўды, за гады жыцця а. Аляксандрам было зроблена шмат, ён быў чалавекам у сваім пакліканні — дзейнічаць на дабро Бацькаўшчыны. За сваё пакліканне ён быў адказны, імпульсу ад вынікаў духоўнай і культурнай працы хопіць яшчэ не на адно будучае пакаленне. Зробленае — застанецца, але за дасягненнямі, бывае, губляецца чалавек. Якім было жыццё а. Аляксандра Надсана?
Сын Слуцкага паўстанца
Айцец Аляксандр Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў мястэчку Гарадзея, якое знаходзіцца недалёка ад Нясвіжа. Якраз у гэтых мясцінах у 1920-я адбываліся знакавыя падзеі, звязаныя з узброеным змаганнем супраць бальшавікоў за ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі. Гаворка пра знакаміты Слуцкі збройны чын.
Сапраўднае прозвішча а. Аляксандра — Бачко. Ён сын прафесійнага вайскоўца Антона Бачко, які ў лёсавызначальны для Беларусі час стаў у шыхты тых, хто змагаўся за незалежную Беларусь. Антон Бачко — настаўнік, якому прыйшлося брацца за зброю, калі грымнула Першая Сусветная вайна.
Спачатку выпускнік Віленскага настаўніцкага інстытута давучваўся ў віленскім пяхотным вучылішчы. У часе вайны Бачко быў афіцэрам, спраўна ваяваў на Паўднёва-Заходнім фронце, быў паранены ў Галіцыі, узнагароджаны шматлікімі ордэнамі. Як настаўнік, быў звольнены ў запас у снежні 1917-га.
Што праўда, настаўнічаць доўга не прыйшлося. Так склалася, што А. Бачко аказаўся ў віры падзей.
У 1920 годзе ён жыў у Слуцку, дзе выкладаў у рэальным вучылішчы. 1 лістапада 1920 года, як дасведчаны вайсковец, Антон Бачко быў абраны ў склад новага Слуцкага Беларускага нацыянальнага камітэта разам з Арсенем Паўлюкевічам і Янам Мацэлем. Потым — узброенае змаганне, вір барацьбы, паражэнне… Пасля ўсяго Бачко жыў у Клецку, працаваў настаўнікам, а ў 1923 годзе пераехаў у Гарадзею, дзе выкладаў матэматыку. Там у яго нарадзіўся сын Аляксандр.
Праўдападобна, што любоў да Бацькаўшчыны і інтэлектуальныя здольнасць будучы пастыр пераняў ад бацькі — настаўніка і вайскоўца.
Ваяваў на поўначы Італіі
Юнацкія гады а. Аляксандра азмрочыла Другая Сусветная вайна. Калі на беларускіх землях усталяваўся нацысцкі акупацыйны рэжым, ён ужо навучаўся у Нясвіжы, дзе пачала дзейнічаць беларуская настаўніцкая семінарыя. Па яго словах, нясвіжскія выкладчыкі далі не толькі грунтоўныя веды, але зрабілі перакананым беларусам на ўсё жыццё. Па яе заканчэнні Надсан атрымаў дыплом настаўніка матэматыкі.
А потым былі ўцёкі ад немцаў… Сам а. Аляксандр казаў: «Я ўцёк з Беларусі праз Польшчу, калі мне споўнілася 18 гадоў. Афіцыйна мы былі польскімі грамадзянамі. Я ўцякаў ад немцаў, трапіў у польскае войска».
Гаворка пра 2-гі Польскі корпус генерала Андэрса, які ў маі 1944 года прымаў удзел у бітве пад Монтэ-Касіна. У ліпені 1944 года Армія Андэрса на ўзбярэжжы Адрыятычнага мора вызваліла Анкону, ваявала за Апеніны… Там, на поўначы Італіі, ваяваў і а. Аляксандр, які перад гэтым партызаніў у Францыі ў Руху Супраціўлення. Падчас баявых дзеянняў быў паранены і ўзнагароджаны за мужнасць.
Эміграцыя: матэматык становіцца святаром
Калі скончылася вайна, нават думак не было, каб вяртацца ў савецкую Беларусь. Такі крок роўны самагубству. Адназначна, там яго чакалі б арышт, допыты, крымінальная справа і ў лепшым выпадку — доўгае зняволенне ў сталінскіх лагерах. Жыццёвы шлях прывёў у Англію, дзе а. Аляксандр атрымаў стыпендыю на вучобу. Асвоіўшы за некалькі месяцаў англійскую мову, Надсан паступіў на факультэт матэматыкі ў Лонданскі ўніверсітэт, які паспяхова скончыў у 1953 годзе.
Што праўда, адразу па сканчэнні ўніверсітэта прыняў радыкальнае рашэнне прысвяціць сваё жыццё служэнню святаром. Туманы Англіі змяняюцца на сонечную Італію.
У 1953 годзе а. Аляксандр паехаў у Рым, дзе шэсць гадоў вывучаў багаслоўе ў Грэцкай калегіі. Прыкладам для яго быў біскуп Чэслаў Сіповіч, з якім ён сустрэўся ў Рыме яшчэ ў 1945 годзе. Уладыка нарадзіўся ў Друі. Спачатку вучыўся на багаслоўі ў Вільні, а калі трапіў у Рым, вырашыў стаць святаром усходняга абраду.
Там, у Грэцкай калегіі, сярод студэнтаў з розных краін, якія ўсе мелі — як нешта само сабой зразумелае — літургіі на родных мовах, у будучага святара Надсана паўстала сур’ёзнае пытанне: чаму беларусы не маюць магчымасці славіць Бога ў сваёй мове? Яму будзе наканавана выправіць гэтую хібу, але пазней.
23 лістапада 1958 года, з навуковай ступенню магістра багаслоўя, а. Аляксандр прыняў святарскія сан.
Удзельнічаў у набыцці славутага Беларускага дома
Адразу як а. Аляксандр аказаўся ў Англіі, яшчэ ў 1946-м годзе былі зроблены крокі, каб наладзіць жыццё эмігранцкай супольнасці. Шмат беларусаў пасля падзей Другой Сусветнай вайны аказалася ў выгнанні, трэба было рабіць захады, каб выжыць і застацца беларусамі, самаарганізавацца так, каб не растварыцца.
Пачынаецца дзейнасць! 22 верасня 1946 года ў Лондане на сходзе ініцыятыўнай групы вырашана было заснаваць Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі, а ў 1948 годзе набываецца дом — Беларускі дом. Гэта быў наогул першы грамадскі беларускі дом за мяжою: ні ў Амерыцы, нідзе не было грамадскага беларускага дома.
Лонданскі дом стаўся сапраўдным цэнтрам грамадскага жыцця, куды прыязджалі беларусы, жылі — пакуль знойдуць працу, сталае жыллё… Там жа адбываліся і ўсе беларускія мерапрыемствы.
Айцец Аляксандр быў адным з чатырох фармальных уласнікаў дома нароўні з Жук-Грышкевічам, Базылём Варганам, Уладзімірам Курылам. Справа ў тым, што арганізацыя «Звяз беларусаў Вялікай Брытаніі» была тады незарэгістраванай,і таму не магла быць уласнікам дома. Але дом трэба было купіць. Выйсцем было запісаць ва ўласнікі прыватных асоб. Як толькі арганізацыя была зарэгістравана, а. Аляксандр з іншымі адмовіліся ад сваіх уласніцкіх правоў — дом стаў належаць арганізацыі.
Галоўным пытаннем у набыцці дому былі грошы. Адкуль браліся сродкі, згадвае сам Надсан: «Мы ішлі на працу, зараблялі. Скажам, заробіш 5 фунтаў на тыдзень, пакінеш сабе тры фунты, каб пражыць, а два фунты — у арганізацыю даеш. Была ахвярнасць у людзей. Мы сабралі, безумоўна, не ўсю суму патрэбную, але каб можна было атрымаць пазыку ў банку. Бо калі не маеш нічога — не атрымаеш пазыкі. Сабралі, разумееце. Была вялікая ахвярнасць усіх беларусаў у Вялікай Брытаніі».
Настаўнік і душпастыр
Калі а. Аляксандр вярнуўся ў Лондан з Рыма, то, акрамя спраў Беларускага дома, ён бярэцца, так бы мовіць, за «працу па спецыяльнасці».
На той час пры Каталіцкай місіі ў Лондане была заснавана беларуская школа імя Кірылы Тураўскага, у якой вучыліся дзеці беларусаў з розных краін. Айцец Аляксандр пачаў працаваць у школе спачатку настаўнікам, а затым — дырэктарам (з 1964 года). У школе выкладалася беларуская мова і літаратура, вывучалася гісторыя Беларусі.
Працу ў школе Надсан сумяшчаў з арганізацыяй і правядзеннем публічных лекцый, пісаў шмат артыкулаў, перакладаў.
Узбагачаў бібліятэку і музей
З 1971 года Аляксандр Надсан кіраваў Беларускай бібліятэкай-музеем імя Ф. Скарыны. Ён нястомна папаўняў бібліятэчныя фонды друкаванымі скарбамі беларускай культуры, што хутка зрабіла Бібліятэку найбуйнейшым беларускім кнігазборам за межамі Беларусі, які прывабліваў даследчыкаў з усяго свету. Некаторыя асобнікі з бібліятэчнага збору немагчыма знайсці больш нідзе — у тым ліку і ў Беларусі. Пры Бібліятэцы быў створаны музей, дзе сабраны матэрыяльныя сведкі пакручастай гісторыі Беларусі.
30 чэрвеня 1986 года а. Аляксандр быў прызначаны на пасаду апостальскага візітатара для беларусаў-каталікоў у замежжы, а літаральна за некалькі дзён да гэтага адбылася трагедыя: выбух на Чарнобыльскай АЭС.
Першы візіт у Беларусь — з-за Чарнобыля
Фактычна а. Аляксандр стаў першым чалавекам з заходняга свету, хто прыехаў у Беларусь з грузам лекаў для ахвяр радыяцыі. Гэта ж быў і ягоны першы візіт на Бацькаўшчыну пасля 1944-га года.
Першы раз з гуманітарнай дапамогай Надсан прыехаў у Беларусь у сакавіку 1990 года. Галоўнай мэтай было пазнаёміцца з дактарамі, наведаць медыцынскія ўстановы, атрымаць спісы неабходных лекаў, пабачыць на ўласныя вочы становішча пасля Чарнобыльскай катастрофы.
Паездка айца ўразіла і падштурхнула дзейнічаць: ён стварыў Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі, ездзіў па ўсім свеце і дзе мог выступаў у друку, на тэлебачанні з аповедамі пра трагедыю Беларусі — і людзі адгукаліся. У выніку ўтварылася некалькі самастойных арганізацый, якія — ужо без удзелу айца — дапамагаюць беларусам пераадольваць наступствы Чарнобыля.
Але дзейнасць гэтая не засталася незаўважанай пільным вокам тады яшчэ камуністычнай улады. Першы сакратар Хойніцкага райкама партыі ў мясцовай газеце аб дзейнасці а. Аляксандра пісаў: «Ездят тут всякие иностранцы, вынюхивают, заразу привозят…», а часам чуліся словы: «хіба магчыма прасіць дапамогу на Захадзе, яны ж фашысты, палілі нашы вёскі...». У «фашысты» прэса запісала і айца Аляксандра Надсана, падкрэсліваючы яго мінулае і сувязі з апазіцыйным народным фронтам.
Юбілей святарства адзначаў на Радзіме
Пасля падзення камуністычнага рэжыму наведваць Беларусь стала магчыма. Прэса пісала, што кожны прыезд а. Аляксандра на Бацькаўшчыну з’яўляецца значнай падзеяй у духоўным, культурным і грамадскім жыцці Беларусі. Людзі цягнуцца да светлага чалавека, святара, ахвярнага рупліўца, які прысвяціў ім сваё жыццё.
Асабліва важным быў візіт а. Аляксандра ў 2008 годзе, калі адзначалася 50-годдзе яго святарскага служэння. Тады 23 лістапада ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены адбылася святая Імша — падзяка за 50 гадоў святарства. Святую літургію цэлебраваў сам юбіляр разам з Архімандрытам Сяргеем (Гаекам), Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі, і настаяцелямі мінскіх грэка-каталіцкіх парафій.
Візіты а. Аляксандра ў Беларусь былі значныя для Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, бо ў асобе айца Аляксандра ўніяты мелі пераемнасць ад вялікіх айцоў: біскупа Чэслава Сіповіча, біскупа Уладзіміра Тарасевіча, архімандрыта Льва Гарошкі, айца Язэпа Германовіча, айца Тамаша Падзявы. Гэта была вялікая духоўная падтрымка.
Спадчына
Акрамя дзейнасці грамадскай і духоўнай а. Аляксандр быў навукоўцам. І яго навуковыя дасягненні былі адзначаны ганаровым Дактаратам, які даў яму ў Вільні Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Гэта высокае прызнанне.
Даследчая навуковая бібліяграфія Надсана складаецца з дзвюх з паловай сотняў публікацый. Дзякуючы надзвычай шырокай асвеце і валоданню многімі жывымі і класічнымі мовамі ён быў найлепш кваліфікаваны для разблытвання многіх навуковых загадак.
Калі коратка, то ён вызначыў год выдання Скарынавай «Малой падарожнай кніжкі», расчытаў аль-кітабы беларускіх татар ды ўвёў іх у сусветны навуковы ўжытак, яго праца пра Кірылу Тураўскага дагэтуль застаецца найлепшым аналізам жыцця, служэння і творчасці гэтага самага яркага беларускага святога і пісьменніка.
Апошнія гады а. Аляксандр прысвяціў даследаванню гісторыі беларускага Хрысціянства ХХ стагоддзя. Вынікам сталі кнігі, якія асвятлялі патрэбныя і малавядомыя тэмы.
Ірына Дубянецкая адзначыла, што «ён адзіны рабіў гэтулькі, колькі не зрабілі цэлыя інстытуты».
І ўсё гэта — па сваёй уласнай добрай волі, без абавязку і часта без падзякі, маючы адзіным рухавіком сваё сумленне. Гэта называецца жыць і працаваць згодна са сваім пакліканнем.