Стабільнасць стабільная, пакуль яе стабільнасць ніхто не правярае

Сірыйская стабільнасць была трывалейшай за беларускую на 15 працэнтных пунктаў, калі верыць вынікам апошніх сірыйскіх выбараў у 2021 годзе. Але пытанне: куды дзеліся трынаццаць з паловай мільёнаў сірыйцаў, якія тры гады таму прагаласавалі за Асада, разважае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі»

_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10___2_.jpg


Вось не буду хлусіць, не думаў я суботу, што праз тры дні зноў буду табе пісаць пра сірыйскую стабільнасць.

Яшчэ калі ў суботу ўвечары клаўся спаць, якая-ніякая стабільнасць у Асада ўсё ж такі была. А калі прачнуўся ў нядзелю — аказалася, што яна раптам скончылася. 

І атрымліваецца, што ў агулам ад поўнай стабільнасці ў прэзідэнцкім палацы да куплі кватэры ў Маскве для гуманітарнага прытулку Асаду спатрэбілася два тыдні. Хоць нават пасля Алепа за тры дні нішто не прадвяшчала, што сірыйская стабільнасць так хутка скончыцца.

Таму што ў стабільнасці ж было літаральна ўсё. Такая стабільнасць наогул рэдка ў каго бывае. Сірыйская стабільнасць была трывалейшай за беларускую на 15 працэнтных пунктаў, калі верыць вынікам апошніх сірыйскіх выбараў у 2021 годзе. А чаму б нам ім не верыць? Я лічу, што сірыйскія выбары былі такімі ж сумленнымі, адкрытымі і дэмакратычнымі, як беларускія. 

Я, праўда, не магу табе дакладна сказаць, куды дзеліся трынаццаць з паловай мільёнаў сірыйцаў, якія тры гады таму прагаласавалі за Асада. Ну, мабыць, прыкладна туды ж, куды дзеліся чатыры з паловай мільёны беларусаў, якія ў дваццатым годзе прагаласавалі за гаранта беларускай стабільнасці. І туды ж, куды падзенуцца два з паловай мільёны чалавек, якія за яго падпісаліся сёлета.

І брацкія гарантыі бяспекі ў Асада былі не горшыя, чым у сяго-таго. І армія сірыйская на сумесных манеўрах перамагала любога неверагоднага праціўніка. Можа нават яшчэ лепш, чым беларуская. 

Але потым аказалася, што сірыйская армія, як толькі пабачыла верагоднага праціўніка, дык, губляючы танкі, адразу перайшла да альтэрнатыўна-наступальных манеўраў. У адрозненне ад беларускіх, сірыйскім генералам даводзілася ўсё ж такі ваяваць не толькі ў сябе ў тэлевізары. Але, мабыць, ім гэта не вельмі спадабалася.

І вось хачу табе заўважыць, што чым далей, тым лепш я разумею беларускія ўлады. У сэнсе навошта яны так баяцца сваёй уласнай электаральнай кампаніі.

Таму што яны ж сваю стабільнасць ведаюць лепш, чым мы з табой. І разумеюць, што стабільнасць стабільная, пакуль яе стабільнасць ніхто не правяраў. 

А з якога боку стабільнасць могуць праверыць — тое беларускія ўлады не ведаюць. Таму нервуюцца. Таму распавядаюць у тэлевізары, што да стабільнасці лепш блізка не падыходзіць. Таму што інакш стабільнасць за сябе не адказвае. 

І я хачу табе нагадаць, што ў сірыйскім тэлевізары стабільнасць таксама трымалася да апошняга. Вось ужо ў прыгарадах Дамаска стабільнасць скончылася, а ў тэлевізары ўсё было як заўсёды стабільна.

Ты мне можаш, вядома, сказаць, што ў сірыйскіх паўстанцаў ёсць зброя, а ў нас няма нават паўстанцаў. А я табе скажу, што ўсе стабільнасці стабільныя аднолькава, а заканчваецца кожная па-свойму. 

Вось некаторым трэба спачатку страціць Алепа за тры дні… А іншым можа аказацца дастаткова сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыкі і Цапкалы.