«Хто цяпер прыйшоў да ўлады, сірыйцам цяпер абсалютна ўсё роўна. Галоўнае, каб не было вайны»
Што адбываецца ў Сірыі цяпер? І якое водгулле сірыйскіх падзей далятае да афіцыйных залаў Масквы і Мінска?
Грамадзянская вайна ў Сірыі пачалася больш за 13 гадоў таму на фоне незадаволенасці жыхароў краіны праўленнем аўтарытарнага кіраўніка Башара Асада. Апошнія некалькі гадоў канфлікт быў быццам бы пастаўлены на паўзу, але напрыканцы лістапада гэтага года паўстанцы перайшлі ў наступ і дамагліся свайго. Асад пакінуў краіну. Што цяпер будзе? Як тое, што адбылося, можа адбіцца на свеце і ці паўплывае на Беларусь? «Зеркало» паразмаўляла з усходазнаўцам і журналістам Русланам Сулейманавым.
— Што цяпер адбываецца ў Сірыі?
— Там заканчваецца ўзброенае супрацьстаянне супраць рэжыму Башара Асада, які нязменна кіраваў краінай з 2000 года. Да гэтага яшчэ 30 гадоў ва ўладзе знаходзіўся яго бацька Хафез Асад — з 1971 года. Супрацьстаянне клану Асадаў пачалося яшчэ ў 2011 годзе, на хвалі так званай «арабскай вясны». Па ўсёй Сірыі праходзілі паўстанні, якія Асад даволі жорстка душыў, ужываючы ў тым ліку і хімічную зброю.
Асад паклікаў на дапамогу сваіх саюзнікаў у асобе Ірана і Расіі, якія яго актыўна падтрымалі, і дзякуючы ім Асаду ўдалося ўтрымацца ва ўладзе. Але апошнія гады — ні для каго не сакрэт — Расія занятая зусім іншымі справамі: яна ўгразла ў вайну ва Украіне. Краіна, якая вымушана шукаць вайскоўцаў у Паўночнай Карэі, ужо насамрэч не можа падтрымліваць сірыйскага дыктатара так, як гэта было, ва ўсялякім выпадку, 10 гадоў таму. Іран, у сваю чаргу, патрапаны супрацьстаяннем з Ізраілем, і яму таксама цяпер, мякка кажучы, не да выратавання Асада і яго рэжыму.
Шмат у чым Асад вінаваты сам, таму што яму прапаноўвалі нейкія варыянты кампрамісу, здзелкі з апазіцыйнымі сіламі. Той жа прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган прапаноўваў сустрэцца і дамовіцца. Але Асад быў непахісным і настойваў на тым, што Турцыя павінна вывесці свае войскі.
Асад лічыў сябе трыумфатарам, лічыў, што ўсё ў мінулым, усё ззаду, ён пераадолеў самае страшнае, яму вярнулі Лігу арабскіх дзяржаў, у рэшце рэшт. Але гэтая самаўпэўненасць яго падвяла.
— Хто цяпер прыйшоў да ўлады ў Сірыі і якая ў іх ідэалогія?
— Склад узброеных груповак, якія зрыналі Асада, неаднастайны. Гэта вельмі розныя і часта не падобныя адно на аднаго ўзброеныя фарміраванні. Але першую скрыпку там грае групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» — гэта выхадцы з «Ісламскай дзяржавы». Прама скажам, галаварэзы і прыхільнікі даволі радыкальнага ісламу.
Тым не менш, апошнія гады баевікі «Хаят Тахрыр аш-Шам», якія базаваліся ў паўночна-заходняй правінцыі Ідліб, спрабавалі дэманстраваць нейкую ўмеранасць, добразычлівасць да іншаверцаў. Але ім мала хто верыць дагэтуль, таму незразумела, якую Сірыю яны хочуць будаваць.
Характэрна, што яны рухаюцца, акрамя ісламскіх сцягоў, са сцягам той Сірыі, якая была да рэжыму Асада. Але што яны плануюць распачаць, якая форма кіравання будзе ў Сірыі, пакуль наогул незразумела.
— Як сілы, якія выступаюць супраць Башара Асада, змаглі аб'яднацца?
— Апошнія гады ў Сірыі захоўваўся адносны спакой у выніку таго, што яна была падзеленая на сферы ўплыву, на так званыя «зоны дээскалацыі». Канкрэтна правінцыя Ідліб, дзе заставаліся сканцэнтраваныя сілы баевікоў «Хаят Тахрыр аш-Шам» і апазіцыйнай Сірыйскай нацыянальнай арміі, была зонай адказнасці Турцыі.
Турцыя не хавала, што ў яе ёсць свае назіральныя пункты, што яна аказвае лагістычную і фінансавую падтрымку. У асобных рэгіёнах нават уводзілася ў абарот турэцкая ліра. Усё гэта неяк змацоўвала групоўкі, не падобныя адна на адной у ідэалагічным плане, але аб'яднаныя агульнай мэтай зрынуць Асада. Наяўнасць гэтай агульнай мэты — тое, што іх гуртавала і дапамагала ісці наперад.
Як яны цяпер будуць дамаўляцца, як яны будуць дзяліць «нарабаванае», як яны будуць дзяліць уладу — гэта пакуль адкрытае пытанне.
— Але чаму Турцыя падтрымлівае гэтыя сілы?
— Калі толькі пачаўся канфлікт у Сірыі, Эрдаган, нягледзячы на шматгадовае сяброўства з Асадам, падтрымаў узброеную апазіцыю, будучы упэўненым, што яму застаецца нядоўга, што яго рэжым хутка абрынецца, як [у 2011 годзе] абрынуўся і рэжым Муамара Кадафі ў Лівіі, Хосні Мубарака ў Егіпце, Зін эль-Абідзіна Бен Алі ў Тунісе.
Турцыя тады была надзвычай папулярнай на арабскім Усходзе. Здавалася, што гэта мадэль, арыенцір, спалучэнне дэмакратыі і ісламу. Вядома, Эрдагану хацелася замацавацца ў Сірыі. Яму здавалася, што, падтрымліваючы ўзброеную апазіцыю, ён зможа стварыць мясцовы лаяльны рэжым. Але не атрымалася: расійскае і іранскае ўмяшанне зблыталі яму карты — Эрдагану давялося змірыцца са сваёй паразай, з тым, што яму не ўдасца прыехаць у Дамаск і прачытаць намаз у мячэці Амеядаў (дынастыя арабскіх халіфаў. — Заўв. рэд.), як ён тады абяцаў.
Ці атрымаецца ў яго гэта цяпер, таксама вялікае пытанне, таму што «Хаят Тахрыр аш-Шам» — гэта джыхадзісты, якія не падкантрольныя Анкары ў той ступені, у якой ёй падкантрольная апазіцыйная Сірыйская нацыянальная армія. < ... > Але ў любым выпадку Эрдаган бачыць у джыхадзістах сваіх хаўруснікаў — гэта ўжо сапраўды не праіранскія сілы, гэта ўжо сапраўды не Расія, якія падтрымлівалі Асада. Так што чыста фармальна Эрдаган можа назваць сябе трыумфатарам і пераможцам.
Але паўтаруся: ці будуць гэтыя джыхадзісты падпарадкоўвацца яму, слухацца яго — таксама пакуль не зусім зразумела.
— Наколькі папулярныя тыя, хто цяпер прыйшоў да ўлады ў Сірыі? Мясцовыя жыхары іх падтрымліваюць?
— Вядома, ніхто не праводзіў ніякіх сацапытанняў у Сірыі. Мяркуючы па тых кадрах, якія мы атрымліваем, па сваім досведзе кантактаў з сірыйцамі, я бачу, што людзям усё роўна, хто цяпер будзе ва ўладзе, ім важна тое, што ўлада мяняецца. Ёсць велізарная стомленасць ад Асада і ад хлусні, ад нейкай неўладкаванасці, эканамічнага крызісу, разрухі, ад таго, што наогул няма ніякай альтэрнатывы.
Нагадаю, што літаральна тры гады таму Асад перамог на безальтэрнатыўных выбарах, набраўшы больш за 95% галасоў. Але дзе гэтая падтрымка? Дзе гэтыя 95%? Мяркуйце самі.
Трэба зыходзіць з таго, што Асад страціў падтрымку — гэта быў калос на гліняных нагах. А ўжо хто прыйшоў да ўлады, сірыйцам цяпер абсалютна ўсё роўна. Галоўнае, каб не было вайны, каб спыніліся баявыя дзеянні і наступіла хоць нейкая праславутая стабільнасць.
Больш за ўсё, вядома, занепакоеныя алавіты — гэта шыіцкая меншасць, якую прадстаўляў Асад. Занепакоеныя і курды, у якіх свае рахункі з джыхадзістамі і агулам паўстанцамі.
— Што будзе далей адбывацца ў Сірыі?
— Ёсць верагоднасць таго, што наступіць мір, таму што ў Сірыі велізарная стомленасць ад вайны, а ўлічваючы, што хаўруснікі Асада, мякка кажучы, скарацілі сваю прысутнасць, ніякага сур'ёзнага супраціву паўстанцам не прадбачыцца. За выключэннем курдаў — там яшчэ будзе, я думаю, даволі сур'ёзная драматычная развязка, таму што яны здавацца не збіраюцца. Але ў іх свой інтарэс: яны ваююць за сябе, а не за Асада.
На большай частцы сірыйскай тэрыторыі будзе ўсталяваны новы рэжым — нейкае падабенства эмірата (форма кіравання ісламскай дзяржавай, узначаленай эмірам. — Заўв. рэд.) у асобна ўзятай краіне.
Акрамя «Хаят Тахрыр аш-Шама» ў гэтым працэсе, думаю, будуць удзельнічаць і іншыя паўстанцы. Але ці гатовыя яны дзяліцца ўладай, вялікае пытанне.
— Чаму Расія не падтрымала рэжым Асада?
— Для Уладзіміра Пуціна Сірыя ўжо не прыярытэт: ён заняты зусім іншымі справамі і змагаецца, па сутнасці, за выжыванне. Не толькі на фоне цяжкай сітуацыі ва Украіне, але і праз праблемы ў той жа расійскай эканоміцы. Да Крамля, відавочна, дайшло, што бясконца марнаваць грошы на сірыйскую авантуру немагчыма.
Калі апошнія 2,5 гады лёс і Расіі, і Пуціна вырашаецца на франтах украінскай вайны, мякка кажучы, не да таго, каб клапаціцца яшчэ і пра лёс сірыйскага дыктатара.
— Як падзенне рэжыму Асада можа паўплываць на іншых сяброў Уладзіміра Пуціна — напрыклад, на Аляксандра Лукашэнку?
— У любым выпадку, падзенне Асада — гэта велізарны іміджавы ўдар для Пуціна. Можа быць, самы вялікі знешнепалітычны ўдар за ўсю яго кар'еру.
Пуцін уклаў [шмат] грошай, рэсурсаў і энергіі ў тое, каб Асад выстаяў, каб Расія замацавалася на Блізкім Усходзе. [На нейкі час] гэта сапраўды ёй удалося, і гэта прызнавалі ўсе ў арабскім свеце: у ім нішто не прызнаюць так, як сілу. Тады Расія змагла прадэманстраваць сілу сваёй зброі, хоць пад абстрэламі, пад бомбамі апынуліся і мірныя жыхары Сірыі. Для Крамля ўсё гэта, вядома, было абсалютна абыякава — важна, што велізарным коштам, але ўдалося адстаяць Асада.
Сёння Расія «кінула» Асада — думаю, той жа Лукашэнка будзе некалькі разоў думаць, перш чым ісці на нейкія саступкі Пуціну або перш чым атрымліваць ад яго нейкія гарантыі ці нейкія абяцанні. Гэта вельмі сур'ёзны сігнал для ўсіх тых, хто спадзяецца на падтрымку Пуціна. Асад прадэманстраваў, што гэтая падтрымка не вечная.