Сірыйская апазіцыя: Дамаск вызвалены, Башар аль-Асад зрынуты
Сірыйская апазіцыя ў нядзелю зрабіла сваю першую заяву для грамадзян краіны ў эфіры дзяржаўнага тэлебачання. Гэта азначае, што войскі супраціву ўзялі Дамаск. Кіраўнік Сірыі Башар Асад — невядома дзе.
«Горад Дамаск вызвалены, — сказаў у эфіры сірыйскага ТБ чалавек, апрануты ў грамадзянскую вопратку. — Тыран Башар аль-Асад зрынуты. Усе зняволеныя былі вызваленыя з турмаў Дамаска. Мы жадаем усім нашым байцам і грамадзянам захаваць і падтрымаць здабытак дзяржавы Сірыя. Няхай жыве Сірыя», — цытуе заяву Аl Jazeera.
Reuters са спасылкай на сірыйскага афіцэра піша, што камандаванне арміі Сірыі ў нядзелю апавясціла афіцэраў: 24-гадовае кіраванне прэзідэнта Башара Асада скончылася.
Са слоў дзвюх вайсковых крыніц, Асад вылецеў з Дамаска ў невядомым кірунку раней. Паўстанцы заявілі, што ўвайшлі ў сталіцу, не выявіўшы ніякіх прыкмет разгортвання арміі.
Паводле звестак сайта Flightradar, борт кампаніі Syrian Air вылецеў з аэрапорта Дамаска прыкладна ў той час, калі сталіца была захопленая паўстанцамі. Самалёт спачатку ляцеў у бок прыбярэжнага раёна Сірыі, але затым здзейсніў рэзкі разварот і некалькі хвілін ляцеў у процілеглым кірунку, пасля чаго знік з карты. Reuters не ўдалося высветліць, хто знаходзіўся на борце.
Прэм'ер-міністр Мухамед Газі Аль-Джалалі заявіў, што гатовы падтрымаць пераемнасць праўлення і супрацоўнічаць з любым кіраўніцтвам, абраным сірыйскім народам.
7 снежня ў гатэлі Sheraton у Досе сустрэліся міністры замежных спраў шэрагу арабскіх краін сустрэліся з калегамі з краін, якія ўдзельнічаюць у Астанінскім працэсе, каб абмеркаваць сітуацыю ў Сірыі. У сустрэчы прынялі ўдзел міністры замежных спраў Катара, Саудаўскай Аравіі, Іарданіі, Егіпта і Ірака ад арабскіх краін, а таксама міністры замежных спраў Ірана, Турцыі і прадстаўнік Расіі.
Удзельнікі падкрэслілі ў сумеснай заяве, што працяг сірыйскага крызісу ўяўляе сабой небяспечнае развіццё падзей для бяспекі краіны, рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі. Міністры адзначылі неабходнасць спынення ваенных дзеянняў для падрыхтоўкі да пачатку ўсёабдымнага палітычнага працэсу.
У канцы сустрэчы ўдзельнікі заслухалі брыфінг спецыяльнага прадстаўніка Генеральнага сакратара ААН па Сірыі Гейра Педэрсена і пацвердзілі сваю падтрымку намаганням ААН па дасягненні палітычнага рашэння сірыйскага крызісу ў адпаведнасці з рэзалюцыяй 2254 Савета Бяспекі ААН.
Нагадаем, сутычкі паміж сіламі рэжыму сірыйскага дыктатара Башара Асада і апазіцыйнымі ўзброенымі групамі пачаліся 27 лістапада ў сельскай мясцовасці правінцыі Алепа на поўначы Сірыі.
28 лістапада паведамлялася, што ў Сірыі апазіцыйныя войскі пачалі маштабнае наступленне і рухаліся ў напрамку горада Алепа, ім удалося захапіць 34 населеныя пункты.
29 лістапада група Хаят Тахрыр аш-Шам зайшла ў горад Алепа.
30 лістапада сірыйскія вайскоўцы заявілі, што дзясяткі іх жаўнераў загінулі падчас атакі паўстанцаў, што прымусіла войска перадыслакавацца. Заява сірыйскіх вайскоўцаў стала першым публічным прызнаннем, што паўстанцы ўвайшлі ў Алепа. У той жа дзень Сірыйская абсерваторыя па правах чалавека, якая базуецца ў Вялікабрытаніі, заявіла, што Хаят Тахрыр аш-Шам і саюзныя групоўкі ўзялі пад кантроль большасць гарадоў, урадавых цэнтраў і турмаў рэгіёну.
Таксама 30 лістапада краіна-агрэсар Расія ўпершыню з 2016 года нанесла авіяўдары па Алепа.
СМІ паведамлялі, што 1 снежня апазіцыйныя групы ў Сірыі цалкам захапілі горад Алепа.
2 снежня ў ГУР Мінабароны Украіны паведамілі, што расійскі вайсковы кантынгент у Сірыі бяжыць з некалькіх буйных гарадоў, пакідаючы вайсковыя базы са значнымі арсеналамі ўзбраенняў і тэхнікі.
6 снежня Reuters паведаміла, што паўстанцкія сілы Сірыі наблізіліся да буйнога горада Хомс у цэнтры Сірыі, які адкрывае шлях да сталіцы Дамаска. У той жа дзень курдскія Сірыйскія дэмакратычныя сілы захапілі горад Дэйр-эз-Зор, які кантралявалі войскі Асада.
7 снежня сірыйскія паўстанцы заявілі, што ўзялі пад кантроль паўднёвы горад Дар'а, што стала чацвёртым буйным населеным пунктам, які войскі Асада страцілі за тыдзень.
Таксама 7 снежня медыя паведамілі, што сірыйскія ўрадавыя войскі пакінулі Пальміру. Паводле звестак турэцкага агенцтва Anadolu, кантроль над горадам ужо перайшоў да падраздзяленняў Сірыйскай свабоднай арміі.
Пра тое, што сірыйскія ўрадавыя войскі больш не кантралююць Пальміру заявілі і расійскія «ваенкары», адзначаючы, што праціўнікі прэзідэнта Сірыі Башара Асада пры наступе на горад захапілі, у ліку іншага, склады боепрыпасаў.
7 снежня з’явіліся паведамленні, што паўстанцкія сілы атачаюць Дамаск.