«Беларускіх вайскоўцаў на вайну трэба будзе адпраўляць цяпер. А Пуцін гарантаваў камусьці бяспеку калі-небудзь потым»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» — пра неверагодную зброю, прывід бацькі Асада і «гарантыі для гаранта».

1636109360_rossija_belarus.jpg

«Ну що, синку, допомогли тобі твої москалі?», — мог бы спытаць прывід бацькі Асада. Калі б у прывіда бацькі Асада было пачуццё гумару, ён бы абавязкова менавіта так і спытаў, піша тэлеграм-канал.

Як ты разумееш, гэта я таму, што Пуцін і гарант стабільнасці ўчора падпісалі дамову аб гарантыях бяспекі гаранту. Атрымалася вельмі сіметрычна да іншай учорашняй навіны. Пра тое, што расійскія ўлады сказалі сваім сірыйскім хаўруснікам, каб сірыйскія хаўруснікі на іх не вельмі разлічвалі. Таму што ў расійскіх уладаў ёсць цяпер больш важныя прыярытэты.

Ну, то-бок адказалі саюзнікам па класіку: «Вы трымайцеся там. Вам усяго добрага, настрою добрага, здароўя». Хоць, дарэчы, здароўя маглі і не жадаць. Таму што здароўе расійскім хаўруснікам у Сірыі хутка ўсё роўна ўжо не спатрэбіцца.

А расійскім грамадзянам расійская амбасада параіла эвакуявацца з краіны куды далей. Расійскім вайскоўцам хтосьці, мабыць, параіў куды далей яшчэ раней. Таму што расійскія капітаны ўжо да гэтых парадаў пачалі выводзіць свае ваенныя караблі з базы ў Тарсусе.

Вось і гаранту стабільнасці Пуцін таксама ўчора паабяцаў абараніць яго канстытуцыйны лад. Як я разумею, самымі бязлітаснымі вербальнымі інтэрвенцыямі супраць любога неверагоднага праціўніка.


Глядзіце таксама

Ну, то-бок не горш, чым ён абараняе цяпер свайго сірыйскага хаўрусніка. А месцамі нават, можа, і лепш. Таму што камусьці Пуцін паабяцаў яшчэ і новую неверагодную зброю. А сірыйскім саюзнікам ён неверагоднай зброі не абяцаў. А камусьці паабяцаў. А чаму не паабяцаць неверагодную зброю, калі яе ўсё роўна няма? Калі б у мяне не было неверагоднай зброі, я б таксама мог яе каму-небудзь паабяцаць. І нават зусім бескарысліва. У абмен на абсалютна ўмераную плату.

Чым канкрэтна гарант будзе плаціць за абяцанні гарантаваць яму бяспеку, саюзнікі не ўдакладнілі. Але асобныя экстрэмісты пішуць, што дамова прадугледжвае, што гарантыі будуць узаемнымі. І сёй-той па гэтай дамове павінен гарантаваць Пуціну яго тэрытарыяльную цэласнасць адпраўкай беларускіх вайскоўцаў у зону ваенных дзеянняў. І не ў тую зону ваенных дзеянняў, якая ў тэлевізары.

І калі гэта праўда, то ніякія гарантыі бяспекі камусьці лішнімі не будуць. Ну, і нездарма, атрымліваецца, сёй-той вырашыў паспяшацца са сваёй датэрміновай электаральнай кампаніяй. Таму што адпраўка ў зону сапраўдных, а не віртуальных ваенных дзеянняў, можа сёе-тое памяняць у вектары лаяльнасці нават у беларускіх генералаў. Прынамсі, у тых, якім давядзецца выйсці з тэлевізара.

Але беларускіх вайскоўцаў у зону ваенных дзеянняў трэба будзе адпраўляць ужо цяпер. А Пуцін гарантаваў камусьці бяспеку калі-небудзь потым. А калі-небудзь потым у Пуціна могуць зноў выявіцца іншыя, больш прыярытэтныя яму інтарэсы.