«Крэмль плаўна падвёў Лукашэнку да падпісання вельмі небяспечных для Беларусі дакументаў»

Аналітык Ігар Тышкевіч — пра дамоўленасці паміж Лукашэнкам і Пуціным і іх адваротны бок.

Карыкатура Сяргея Ёлкіна, DW

Карыкатура Сяргея Ёлкіна, DW

Дамова аб «гарантыях бяспекі» паміж РФ і Беларуссю, «адзіны рынак» электраэнергіі, «зняцце супярэчнасцяў» у падатковай і мытнай сферах — агульныя словы, якія гучалі 6 снежня на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, піша Ігар Тышкевіч.

У рэальнасці можна канстатаваць, што тактыка «пахаладання» перад электаральнай кампаніяй 2025 года дала патрэбны Крамлю эфект. У імкненні правесці «безпраблемныя выбары» Лукашэнка пачаў здаваць пазіцыі, па якіх раней упіраўся доўга і жорстка.

Масква спяшаецца максімальна завязаць на сябе Мінск, разумеючы, што:

1. Узмацненне ўплыву Кітая на падзеі ў Беларусі можа прывесці да паступовага «выцякання» саюзніка да больш магутнага партнёра. Тым больш, што прыклад Казахстана, прэзідэнт якога ўсё больш актыўна дэманструе Пуціну яго месца, перад вачыма.

2. Пасля «выбараў» Лукашэнка зноў можа паспрабаваць пайсці на кантакт з краінамі ЕС і ЗША. І, улічваючы фактар Трампа, адсутнасць адзінай стратэгіі на беларускім кірунку, можа нават быць паспяховым. Тады да кітайскага балансіра дадасца еўрапейскі.

3. Але Лукашэнка занадта любіць уладу. Таму дэманстрацыя «халоднага стаўлення» да яго жадання кампенсаваць псіхалагічную траўму 2020 года можа спрацаваць. Галоўнае — не перагнуць палку. Бо, Лукашэнка занадта любіць уладу.

Такім чынам Крэмль плаўна падвёў атачэнне Лукашэнкі да падпісання вельмі небяспечных для Беларусі (як самастойнай дзяржавы) дакументаў.


Глядзіце таксама

Мяркуйце самі.

Падаткі. Эканоміка РФ мае сыравінную аснову. Беларусі — прамысловую. Адзіныя падыходы да падаткаабкладання пры такой сітуацыі пазбаўляюць аднаго з партнёраў шанцаў на апераджальнае развіццё. Гэта значыць, пакідаюць месца «эканамічнага прыдатка», які заўсёды будзе больш слабы, чым асноўны партнёр.

Мытня. Памятаем папярэдні пункт, а таксама транзітны статус Беларусі. Ну, і спецыфіку мытных ільгот для рэзідэнтаў СЭЗ і тэхнапаркаў. Апошняе асабліва важна, але для Беларусі. Але не для РФ. Гэта значыць, далейшы рух у бок каардынацыі мытных рэжымаў можа прывесці да дэканструкцыі базы, якая і забяспечвала хоць якое тэхналагічнае развіццё краіны.

Дагавор аб «гарантыях бяспекі». Тут важна глядзець што ўнутры. Пуцін педалюе тэму «ядзернай зброі» і т.зв. комплексу «Арэшнік». Гэта спроба дэманстрацыі што пры любых варыянтах развіцця сітуацыі ў Беларусі зацікаўленыя бакі вымушаныя будуць кантактаваць з Крамлём. Пры гэтым, натуральна, што нават калі ЯЗ у Беларусі ёсць і нават калі разрэкламаваная Пуціным ракетам з'явіцца ў краіне, кантроль над ужываннем будзе ў Маскве і толькі ў Маскве. Чаму? А таму што «Лукашэнка занадта любіць уладу».

І гэта двайны сігнал. З аднаго боку спроба дэманстрацыі Пекіну, што той не паспявае са сваім уваходам у беларускія працэсы.

З іншага — узняцце ставак перад краінамі Захаду і, у першую чаргу, ЗША. Дэманстрацыя гатоўнасці пашыраць патэнцыйную зону нестабільнасці, калі (і тут успамінаем нядаўнія заявы Пуціна і Лаўрова) толькі не будзе кампрамісу па Украіне, які задавальняе РФ.

У астатнім варта пачакаць з'яўлення тэксту дамовы (прынамсі яе адкрытай часткі). У Мінску такія дакументы традыцыйна будуць страшнай таямніцай. А вось у Маскве апублікуюць. І калі там ёсць пункт, аналагічны п. 4 з «Дамовы аб стратэгічным партнёрстве паміж РФ і КНДР», то Рэспубліка Беларусь рукамі Лукашэнкі зрабіла каласальны скачок да ўдзелу ў вялікай вайне.

Сам Лукашэнка, цалкам верагодна, спадзяецца «дачакацца выбараў» і «адпятляць», як ён гэта шмат разоў ужо спрабаваў з рознай ступенню паспяховасці. Але новы піруэт, улічваючы комплекс падпісаных дамоваў, пракруціць будзе вельмі складана. Калі толькі не з'явіцца якая-небудзь знешняя сіла, здольная падаць руку. Прыклад Казахстана і Узбекістана пакідае трохі месца для аптымізму.