Лукашэнка плішчыцца ў перамовы па Украіне, бо не давярае Маскве і хоча легітымнасці
Лукашэнка імкнецца вярнуць суб’ектнасьць і легітымнасьць праз геапалітыку. Паводле яго, безь Беларусі стварыць стабільную сыстэму рэгіянальнай бясьпекі немагчыма. Удзел у перамовах па Ўкраіне ён хоча ператварыць у інструмэнт прызнаньня сябе прэзыдэнтам, мэханізм вяртаньня суб’ектнасьці Беларусі.
Ніякіх перамоваў у справе спыненьня баявых дзеяньняў ва Ўкраіне пакуль няма, а ажыятаж вакол гэтай тэмы ўжо ўзьнік. Вось і Аляксандар Лукашэнка вырашыў пэўным чынам папіярыцца, піша на «Свабодзе» палітолаг Валер Карбалевіч.
17 кастрычніка падчас сустрэчы з удзельнікамі антарктычных экспэдыцый ён раптам загаварыў пра тэму перамоваў па Ўкраіне і сваё жаданьне ўдзельнічаць у іх. Аргумэнтаваў тым, што трэба абараніць інтарэсы Беларусі, каб ня страціць беларускія тэрыторыі. Пры гэтым, як заўсёды, быў супярэчлівы. Ён заявіў:
«Так, яны там не „адцяпаюць“ да Гомля Палесьсе, ня ў гэтым справа. Але яны могуць прыняць такія рашэньні, што заўтра палову краіны давядзецца аддаць».
Дык «адцяпаюць» ці не «адцяпаюць»? Гаварыць, выкарыстоўваючы узаемавыключныя тэзы, — гэта фірмовы палітычны стыль Лукашэнкі.
Але ўзьнікае іншае пытаньне. Ключавым гульцом на меркаваных перамовах будзе Расея — галоўны саюзьнік Беларусі. Са словаў Лукашэнкі вынікае, што Масква ня толькі не гарант беларускай бясьпекі, а можа нават здаць хаўрусьніка, ахвяраваць ім дзеля сваіх інтарэсаў. Дык навошта патрэбны такі саюзьнік? То бок Лукашэнка не давярае Расеі і кажа пра гэта публічна.
Але калі глядзець на сытуацыю стратэгічна, то пытаньне пра ўдзел Беларусі ў будучых мірных перамовах цалкам лягічнае. Бо вырашаць гэтую драматычную сытуацыю давядзецца комплексна. Гэта будуць перамовы ня столькі пра мір ва Ўкраіне, колькі пра рэгіянальную бясьпеку, пра новую сыстэму эўрапейскай бясьпекі. Таму ўдзел у іх Беларусі быў бы рацыянальным рашэньнем.
Дарэчы, тэма гэтая ня новая. Яшчэ ў красавіку 2022 году Лукашэнка ўздымаў пытаньне пра ўдзел у расейска-ўкраінскіх перамовах, якія ў той час праходзілі ў Стамбуле.
«Ніякіх сэпаратных, за сьпінай Беларусі, дамоўленасьцяў быць ня можа», — казаў ён тады.
Таксама пазыцыю афіцыйнага Менску пацьвярджаў тагачасны міністар замежных спраў Уладзімер Макей: «Мы перакананыя, што інтарэсы і гарантыі бясьпекі павінны быць прадугледжаныя ня толькі адносна Ўкраіны і Расеі, але і Беларусі як аднаго з трох славянскіх народаў».
То бок і тады беларускае кіраўніцтва мела падазрэньне, што РФ гатовая да ўгоды за сьпінай Менску і на шкоду беларускім інтарэсам.
Але якраз тут паўстае праблема, пра якую Лукашэнка імкнецца ўголас не гаварыць. Справа ня толькі ў тым, што міжнародная супольнасьць лічыць Беларусь суагрэсарам. Статус агрэсара не перашкаджае той жа Расеі прэтэндаваць на ролю асноўнага перамоўніка. Больш важная праблема ў тым, што Захад зь вялікім сумневам ставіцца да міжнароднай суб’ектнасьці Беларусі. Там лічаць краіну расейскай марыянэткай, сатэлітам, а Лукашэнку — васалам Пуціна, ад якога нічога не залежыць.
Другі момант. На Захадзе (і, дарэчы, ва Ўкраіне) не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі. Несуб’ектнасьць (ці сумнеўная суб’ектнасьць) дзяржавы і нелегітымнасьць яе кіраўніка падмацоўваюць адна адну і становяцца вялікай перашкодай да магчымага ўдзелу Беларусі ў меркаваных будучых перамовах.
Лукашэнка разумее гэтую сытуацыю і фактычна пацьвярджае яе. «Асабліва Лукашэнкі на перамовах быць не павінна», — агучвае ён пазыцыю сваіх праціўнікаў. І абвінавачвае ва ўсім лідэраў апазыцыі ў замежжы. І тым самым імкнецца дыскрэдытаваць іх. Маўляў, яны здраднікі, а вось ён — сапраўдны абаронца Беларусі.
Аднак, канстатуючы, што пазыцыю Захаду вызначае беларуская дэмакратычная апазыцыя, Лукашэнка тым самым значна павялічвае яе палітычную вагу. І тут узьнікае пытаньне пра эфэктыўнасьць і прадуктыўнасьць афіцыйнай дыпляматыі. Калі Сьвятлана Ціханоўская вызначае пазыцыю Захаду па беларускім пытаньні, то навошта тады існуе МЗС Беларусі?
У такой сытуацыі вінаваты сам Лукашэнка. Абвясьціўшы палітычную, ідэалягічную, дыпляматычную вайну Захаду, арганізаваўшы атаку на суседзяў з выкарыстаньнем мігрантаў, ён сьвядома спальвае масты ў заходні бок. Маўляў, нам ня страшная ізаляцыя ад Эўропы, мы цяпер паварочваемся на Ўсход, сябруем з Глябальным Поўднем. Ну дык і зьвяртайцеся туды па падтрымку дзеля вырашэньня пытаньня бясьпекі ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы.
Але, падаецца, такім арганізацыям, як ШАС ці БРІКС, мала цікавыя праблемы ўсходнеэўрапейскага рэгіёну. У іх свае, зусім іншыя клопаты. Тут Беларусь у крытычны момант важных перамоваў пра рэгіянальную бясьпеку засталася адна, без саюзьнікаў, бо амаль з усімі суседзямі пасварылася. А Расея, як цяпер высьвятляецца, — ненадзейны хаўрусьнік. Такі вынік дыпляматычнай «мудрасьці» афіцыйнага Менску.
І цяпер Лукашэнка імкнецца неяк выправіць сытуацыю, вярнуць суб’ектнасьць і легітымнасьць праз геапалітыку. Маўляў, безь Беларусі стварыць стабільную сыстэму рэгіянальнай бясьпекі немагчыма. Інструмэнтам прызнаньня Лукашэнкі прэзыдэнтам, мэханізмам вяртаньня суб’ектнасьці Беларусі мог бы стаць удзел у перамовах. А прэзыдэнцкія выбары 2025 году маглі б быць добрай нагодай для перамены пазыцыі Захаду адносна афіцыйнага Менску.