Беларусь на пярэдняй лініі супрацьстаяння з Захадам. Навошта Лукашэнку «Арэшнік»
Галоўны вынік візыту высокай расейскай дэлегацыі ў Менск — рашэньні ў сфэры бясьпекі: падпісаньне Канцэпцыі бясьпекі Саюзнай дзяржавы і двухбаковай Дамовы аб гарантыях бясьпекі паміж Беларусьсю і Расеяй. Найбольш важным выглядае плянаванае разьмяшчэньне ў Беларусі найноўшай расейскай сыстэмы «Арэшнік» у другой палове 2025 году. Што можа рэзка абвастрыць ваенна-палітычную сытуацыю ў рэгіёне.
![Фота ТАСС Фота ТАСС](/img/v1/images/347327955957168.webp?f=f&h=396&o=0&u=1733555888&w=528)
Фота ТАСС
Уладзімір Пуцін другі раз за год прыехаў у Беларусь. Бывалі гады, калі Пуцін наведваў Менск і часьцей, піша на «Свабодзе» палітолаг Валер Карбалевіч. Але тое былі паездкі на розныя саміты (СНД, АДКБ, ЭАЭС). А вось сёлета прэзыдэнт Расеі двойчы прыяжджаў у Беларусь адмыслова зь візытамі, не прымяркоўваючы іх да самітаў нейкіх інтэграцыйных аб’яднаньняў. І абодва разы для прыезду былі адмысловыя нагоды.
Першы візыт Пуціна ў Беларусь сёлета ў траўні насіў дэманстратыўны характар. Справа ў тым, што ў траўні 2024 году ён чарговы раз быў пераабраны прэзыдэнтам РФ. Паводле міжнароднай традыцыі, новаабраны кіраўнік дзяржавы ладзіць першы візыт у краіну, якая найбольш важная з гледзішча нацыянальных інтарэсаў. Гэта дэманстрацыя прыярытэту ў замежнай палітыцы. Апошнія чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнты Расеі адразу пасьля абраньня першы візыт, як правіла, ладзілі ў Менск. Больш за тое, нават расейскія прэм’ер-міністры пасьля прызначэньня найперш наведвалі беларускую сталіцу.
Гэтым разам пасьля інаўгурацыі Пуцін паехаў найперш у Кітай. Відавочна, у Крамлі зыходзілі зь лёгікі, што Беларусь нікуды ня дзенецца: Лукашэнка крыўдаваць ня будзе, яму няма куды ўцякаць з падводнай лодкі. А ад пазыцыі Кітаю для Масквы цяпер шмат што залежыць.
А вось другі візыт Пуціну трэба было ладзіць у Менск, іншых варыянтаў тут не было. Інакш яго не зразумелі б ня толькі ў Беларусі, але і ў самой Расеі, у блізкім замежжы.
Для сьнежаньскага візыту была іншая нагода. Гэта паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы. Менавіта таму Пуцін прыехаў сюды не адзін. У Менск прыляцела ўсё вышэйшае кіраўніцтва Расеі, уключна з прэм’ерам Міхаілам Мішусьціным і сьпікерам верхняй палаты парлямэнту Валянцінай Матвіенкай. (Старшыня Дзярждумы Вячаслаў Валодзін захварэў.) Бо яны ўваходзяць у склад гэтага самага Вышэйшага дзяржсавету.
Паводле рэглямэнту Вышэйшыя дзяржсаветы павінны праводзіцца раз на год, каб зацьвердзіць бюджэт гэтага інтэграцыйнага саюзу, вырашыць іншыя працэдурныя пытаньні. Звычайна яны праводзяцца ў Расеі.
Але сёлета паседжаньне дзяржсавету асаблівае: яно прымеркаванае да юбілею. 25 гадоў таму была створаная Саюзная дзяржава. І таму ўрачыстае паседжаньне вырашылі правесьці ў Менску.
У цэлым гэтыя візыты носяць палітыка-сымбалічны характар, выглядаюць як дэманстрацыя добразычлівасьці Пуціна да свайго адзінага саюзьніка. Бо саюзьнік падчас вайны дорага каштуе і ў палітычным, і ў фінансавым сэнсе. У выніку абодва бакі атрымалі піяраўскія дывідэнды.
Глядзіце таксама
![Ці паглыне Расія нашу краіну? Паглынанне Расіяй: мяккая версія](/img/v1/images/1020402773_0_0_3000_2013_1440x900_80_0_1_5a771fe2741175abc33db1fbaa0e47a2.jpg.webp?f=c&h=360&o=0&u=1733492096&w=660)
Выкажу, магчыма, трохі парадаксальную думку. На тле размоваў, алярмісцкіх прагнозаў наконт магчымага аншлюсу Беларусі Расеяй сам факт таго, што прэзыдэнт РФ двойчы на год прыяжджае ў Беларусь, аб’ектыўна ўмацоўвае фармальны беларускі сувэрэнітэт. Бо расейскія афіцыйныя асобы, дзяржаўныя мэдыя падкрэсьліваюць, што гэта замежныя візыты. Беларусь — не губэрня РФ. Напрыклад, куды-небудзь у Варонескую ці Цьвярскую вобласьць Пуцін ня езьдзіць з афіцыйнымі ці рабочымі візытамі. І Абхазію ці Паўднёвую Асэтыю не наведвае. А ў Беларусь прыяжджае. І гэта падштурхоўвае да высновы, што нейкіх плянаў хуткага далучэньня краіны да РФ у Крамля пакуль няма. Але што тычыцца рэальнага сувэрэнітэту, тут сытуацыя іншая.
Галоўны вынік візыту высокай расейскай дэлегацыі ў Менск — гэта рашэньні ў сфэры бясьпекі, падпісаньне Канцэпцыі бясьпекі Саюзнай дзяржавы і міждзяржаўнай Дамовы аб гарантыях бясьпекі паміж Беларусьсю і Расеяй. Зьмест апошняга дакумэнту невядомы. Але, мяркуючы па ўсім, гаворка ідзе пра зьмену расейскай ядзернай дактрыны, паводле якой Расея можа прымяніць ядзерную зброю ў выпадку нападу на Беларусь.
Самае важнае рашэньне — гэта разьмяшчэньне ў Беларусі найноўшай расейскай сыстэмы «Арэшнік» у другой палове 2025 году на просьбу Лукашэнкі. У выніку цяпер на беларускай тэрыторыі, акрамя ядзернай зброі, будуць яшчэ і новыя ракеты — паводле ацэнак экспэртаў, яны сярэдняй далёкасьці.
Мэта Пуціна зразумелая. Ён імкнецца ўзмацніць стратэгічныя пазыцыі РФ напярэдадні меркаваных перамоваў аб міры ва Ўкраіне, каб дзейнічаць з пазыцыі сілы. Пуцін падвышае стаўкі.
І адначасова Расея поўнасьцю ангажуе Беларусь у сваю ваенную палітыку, геапалітычны канфлікт з Захадам.
Менш зразумелая лёгіка Лукашэнкі. Беларусь апынаецца на пярэдняй лініі фронту ў геапалітычным супрацьстаяньні з Захадам. Магчыма, ён думае, што гэта ўзмацняе палітычную вагу краіны. Але насамрэч ён гэтым замацоўвае ўяўленьні ў сьвеце пра свой статус як расейскага васала. І моцна пагаршае любыя магчымасьці размарожваньня адносін з ЗША і ЭЗ. У пэўным сэнсе спальвае масты на Захад. Зрэшты, магчыма, што ён цяпер ужо ў такім стане, што і ня здольны пярэчыць Пуціну.