Паглынанне Расіяй: мяккая версія

Сёння ў Мінск прыляцела вялікая дэлегацыя імперскіх чыноўнікаў на чале з Пуціным. Хтосьці з аналітыкаў паспеў ужо заявіць, што Масква збіраецца паставіць кропку ў размове пра інтэграцыю і канчаткова паглынуць Беларусь. Тым больш, што ёсць нагода: 25 гадоў той самай дамове аб так званай «Саюзнай дзяржаве».

Расійскія сцягі на вуліцах Мінска. Фота: sputnik.by

Расійскія сцягі на вуліцах Мінска. Фота: sputnik.by

Гэты выпуск «Пульса Леніна-19» прымеркаваны да 25-годдзя дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, якая была падпісана 8 снежня 1999 года ў Маскве, і ўяўляе сабой развагі над тым, што гэта было і навошта.

З такой юбілейнай нагоды ў Мінску сабраўся на пасяджэнне Вышэйшы дзяржсавет з удзелам прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, чый прыезд для ўладаў у Беларусі заўсёды падзея, падобная да дзяржэкзамену. Пры гэтым такое пасяджэнне праводзіцца штогод і традыцыйна прыкладна ў гэты час напераменку ў сталіцах нашых краін, піша Павел Мацукевіч.

Парадак дня бягучага пасяджэння да апошняга не афішаваўся, што таксама традыцыя, але прасочваўся.

Самыя інтэнсіўныя двухбаковыя адносіны Беларусі (а больш важнага партнёра ў нашай краіны аб'ектыўна пакуль няма і не прадбачыцца), развіваюцца амаль у рэжыме сакрэтнасці, у якім, праўда, нічога ў выніку не застаецца таямніцай.

Працэс ўзгаднення і ўстаноўкі інтэграцыйных абнаўленняў ажыццяўляецца за зачыненымі дзвярыма, таму ёсць складанасці вызначыць дакладны працэнт прагрэсу.

Разам з тым, ёсць красамоўныя прыкметы, якія выдаюць агульны стан спраў. Па іх звычайна нескладана зразумець, калі Аляксандр Рыгоравіч адлыньвае ад інтэграцыі ці нават здае назад, а калі не падманвае расійскіх надзей.

Цяпер падобна, што не падманвае.

Пры гэтым складваецца адчуванне, што на гэтым гістарычным этапе начальніка Беларусі з боку Расіі як быццам не прыспешваюць.

Масква ўважлівая да яго просьбаў і ідзе насустрач пажаданням. І эканамічным, і ваенным — размясцілі ядзерную зброю і дазваляюць ёю рытарычна размахваць, а яшчэ і ўзялі пад ядзерны «парасон».

Асаблівых прыкмет інтэграцыйнага байкоту з боку Мінска ў наяўнасці няма.

Інакш не растлумачыць, чаму дзесьці пад расійскай лавай іржавее сякера мясной і малочнай вайны.

Расспажыўнагляд ці то адвёў вочы ўбок, ці то набраў у рот байкальскай вады, але ўжо і блізка не выяўляе парушэнняў у беларускім экспарце з той частатой і ў тых маштабах, як бывала раней. Прозвішча галоўнага санітарнага ўрача Расіі больш не на слыху ў Беларусі.

І нават на расійскіх федэральных каналах пра Аляксандра Рыгоравіча цяпер кажуць альбо добра, альбо ніяк (як пра нябожчыка Сталіна прыкладна). За крытыку на яго адрас сёння ў РФ можна і «прысесці».

Словам, часы такія, што Расію, падобна, усё задавальняе — і Аляксандр Лукашэнка таксама.

Куды складаней растлумачыць настрой самога Аляксандра Рыгоравіча: ці тое гэта, пра што ён марыў, калі чвэрць стагоддзя таму ў Георгіеўскай зале Крамля ставіў подпіс пад дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы?

Для яго самога быццам як нічога не змянілася — дзе быў, там і застаўся, але вось, напрыклад, з пункту гледжання заходняй супольнасці — змянілася нават вельмі многае.

Тады ў замежных вачах ён быў суверэнам, і гэта неяк зусім нідзе і нікім не аспрэчвалася, а цяпер — усё і ўсюды (акрамя сяброўскай «далёкай дугі» і СНД) адкрыта і безапеляцыйна паўтараюць, што ён — расійская марыянетка.

Хоць сёе-тое змянілася і для яго самога, не лічачы лаяльнага стаўлення расійскіх СМІ.


Глядзіце таксама

Неяк раніцай два месяцы таму Аляксандр Рыгоравіч прыехаў у Крэмль. На ім была паўспартыўная куртка і такі ж паўспартыўны абутак. Калі што — гэта не анекдот у працяг папярэдняга пратакольнага «Пульса». Гэта быль, якая, магчыма, пралівае трохі святла на становішча начальніка Беларусі ў расійскім царстве.

Андрэй Калеснікаў з «Коммерсанта», які складае летапіс пра Пуціна, гадаў пра прычыны, чаму ж Лукашэнка ў такім выглядзе прыехаў у Крэмль на галоўнае ўзнагароджанне ў сваім жыцці (ордэн Андрэя Першазванага): «Баяўся па дарозе запэцкаць новы касцюм? Хацеў даць зразумець, а то і пераканаць навакольных, і ў тым ліку самога сябе, што гэта яго другі дом, а калі трэба, то і першы, і што цяпер — вось так, так? Нешта іншае?»

Лукашэнка пераапрануўся ў касцюм проста ў Крамлі. «І трэба разумець, што цяпер у свеце два чалавекі, якія могуць сабе гэта дазволіць», — іранічна заўважыў на гэты конт Калеснікаў, але факт застаецца фактам.

Зрэшты, свая гардэробная ў Крамлі — слабое суцяшэнне для таго, хто 25 гадоў таму мог марыць стаць там аднаасобным гаспадаром.

Справа ў тым, што дамова аб Саюзнай дзяржаве была вяршыняй цэлага пакета інтэграцыйных дакументаў канца 1990-х. Ім прадугледжвалася стварэнне прататыпа адзінай дзяржавы з характэрнымі атрыбутамі дзяржаўнасці (сцяг, герб, гімн), Канстытуцыяй, наднацыянальнымі органамі, адзінай валютай, рэгулятарамі (эмісійны цэнтр, напрыклад) і гэтак далей. Не выключалася нават магчымасць адзінага сяброўства ў міжнародных арганізацыях, акрамя ААН.    

Ставячы подпіс пад такім дакументам і ўсімі гэтымі абмежавальнікамі суверэнітэту Беларусі, Лукашэнка скарачаў сваю ўладу — уласнаручна аддаваў любімую, якую не аддаюць. З чаго раптам?

Вельмі праўдападобна, прымаючы пад увагу яго апетыты да ўлады, асабліва ярка праяўленыя ў 2020-м, што тады, у 1999-м, гэта сапраўды быў трук, каб асядлаць двухгаловага арла, пасунуўшы Ельцына, які пачаў трухнець.

Аднак Барыс Мікалаевіч мімаволі сапсаваў зборку гэтага пасьянса, раптам адмовіўшыся ад улады на карысць Уладзіміра Пуціна. З яго з'яўленнем энтузіязм да палітычнай інтэграцыі з Расіяй у Мінску бясследна знік і дагэтуль не паказваецца.

Цікава ў гэтай гісторыі цяпер вось што: калі Ельцын раптам ашаламіў жыхароў Зямлі навагодняй аб'явай «я сыходжу ў адстаўку», а гэта здарылася апоўначы праз 23 дні пасля падпісання саюзнай дамовы, яму было 68 гадоў.

У такі паварот на той час верылася з цяжкасцю, але Ельцын змог здзівіць і нават абнадзеіць сваім учынкам. Момант-то быў ва ўсіх сэнсах гістарычны, бо наступалі адразу і Новы год (2000-ты), і новае стагоддзе (21-е), і новае тысячагоддзе (3-е).

Аляксандру Лукашэнку ў гэты гістарычны момант было ўсяго 45. Сёлета яму споўнілася 70, і ён, у адрозненне ад калегі, дакладна пакуль не збіраецца сыходзіць.

Праўда, Аляксандр Рыгоравіч у свае 70 у значна лепшай фізічнай кандыцыі, чым Барыс Мікалаевіч у свае тагачасныя 68, але «злыя языкі» ўсё часцей і ўсё азартней варожаць на яго медыцынскіх картах. Здаецца, што не без падстаў, але пакуль і без перспектыў.


Глядзіце таксама

Што яшчэ можна сказаць пра саюз з таго, што дакладна не будзе сказана афіцыйнымі ўладамі з абодвух бакоў у дні пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета і 25-гадовага юбілею дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы?

Напэўна тое, што гэты саюз нікому з іншых краін не цікавы, а гэта, між іншым, адзін з ключавых крытэрыяў (не)паспяховасці любога аб'яднання.

Дамова, якая адзначае чвэрць стагоддзя, фармальна адкрытая да далучэння новых удзельнікаў, але чаргі да юбіляра не было і няма.

Пакуль цікавасць выяўляла толькі непрызнаная ў свеце Абхазія (можа, хтосьці яшчэ да яе падобны), але яна і да яе падобныя не лічацца — праз свой міжнародны статус.

Нават краіны СНД, якія бліжэй за ўсё да саюза Беларусі і Расіі і залежныя ад апошняй, энтузіязму з яе нагоды ніколі не дэманстравалі.

Яны цалкам абыходзяцца двухбаковымі фарматамі і іншымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі вакол РФ, якія не маюць палітычнага складніка. Шлях, на які Беларусі варта было б звярнуць увагу замест марнай рэкламы свайго.

Пра далёкае замежжа і яго цікавасць да гэтага саюзу — і зусім казаць няма чаго.

Усім у гэтым свеце ўжо ў прынцыпе відавочна, што функцыя гэтай Саюзнай дзяржавы — паступовае паглынанне Беларусі Расіяй. Такая мяккая інтэграцыйная версія. Жорсткая адбываецца ва Украіне.