Зжарэ і не падавіцца. У Крамлі перапісваюць беларускую гісторыю — пад сябе
«Старэйшаму брату» не падабаецца гісторыя Беларусі, якая была да ў нас да захопу беларускіх земляў Расійскай імперыяй. Крамлёўскія гісторыкі вырашылі стварыць сваю версію — больш прарасійскую і антыпольскую.
Перапісаць гісторыю Беларусі ў сваіх інтарэсах. Такую мэту ставяць перад сабой расійскія чыноўнікі на бліжэйшы час, вынікае з сакрэтных дакументаў, якія аказаліся ў распараджэнні «Бюро». Расследавальнікі атрымалі копіі аналітычнага агляду і аналітычных запісак за 2022-2024 гады па гістарычнай палітыцы Беларусі, падрыхтаваных Расійскім інстытутам стратэгічных даследаванняў (РІСД). Гэты аналітычны цэнтр пры адміністрацыі Уладзіміра Пуціна дапамагае федэральным органам фармаваць дзяржаўную палітыку ў сферы нацыянальнай бяспекі. РІСД узначальвае былы прэм'ер і кіраўнік Службы знешняй выведкі Міхаіл Фрадкоў, піша «Зеркало» са спасылкай на «Бюро».
Сакрэтныя дакументы
Дакументы апісваюць расійскі погляд на мінулае Беларусі і яе нацыянальных герояў. Як адзначаюць крамлёўскія аналітыкі, асноўная тэма судакранання — савецкае мінулае, галоўным чынам падзеі Другой сусветнай вайны, па трактоўцы якіх у дзвюх краін амаль няма разыходжанняў. Але, як лічаць у РІСД, для нацыянальнай самасвядомасці значна большае значэнне маюць перыяды «старой гісторыі», таму што на аснове трактовак той эпохі вызначаецца месца краіны сярод іншых народаў і цывілізацый. І тут у Беларусі і Расіі значна больш разыходжанняў.
«Змешчаная ў беларускіх падручніках і культурна-гістарычных праграмах версія гэтай гісторыі ["старой гісторыі"] радыкальна разыходзіцца з прынятай у Расіі, працягваючы фармаваць ідэнтычнасць беларусаў на, па сутнасці, антырасійскіх прынцыпах», — сказана ў аналітычнай запісцы за гэты год.
Аўтары запіскі крытыкуюць навукоўцаў з Акадэміі навук Беларусі за нацыяналістычны падыход пры тлумачэнні гісторыі беларускай дзяржаўнасці, згодна з якім «беларуская нацыя сфармавалася ў адзінстве з палякамі і барацьбе з Расіяй». У процівагу такому падыходу адзначаецца важнасць працы з беларускімі гісторыкамі, якія з'яўляюцца «прадаўжальнікамі ідэй заходнерусізму і вядомыя сваёй прарасійскай арыентацыяй».
Карэнны злом
Да нядаўняга часу беларускія ўлады не так актыўна выкарыстоўвалі гісторыю ў сваіх прапагандысцкіх мэтах, хіба што за выключэннем перыяду Другой сусветнай вайны. Аляксандр Лукашэнка часам падлашчваўся з нацыяналістычнай трактоўкай беларускай гісторыі, хоць ён відавочна імкнецца да прарасійскіх поглядаў. Усё змянілі масавыя пратэсты ў Беларусі.
«У 2020 годзе палітычныя пратэсты прынялі такі маштаб, якога ніхто не чакаў. Гэта стала выклікам для палітычнай сістэмы. Аказалася, што мадэль лаяльнасці, якая будавалася і прасоўвалася раней, не эфектыўная і не працуе. Большая частка насельніцтва крытычна ставіцца да беларускіх уладаў. Гэта запатрабавала радыкальнага перагляду палітыкі ідэнтычнасці. І пасля 2020 года ў гістарычнай палітыцы Беларусі адбыўся радыкальны пералом», — адзначыў у размове з «Бюро» акадэмічны дырэктар «Беларускага інстытута публічнай гісторыі» Аляксей Ластоўскі.
2022 год быў абвешчаны ў Беларусі «Годам гістарычнай памяці». Лукашэнка стварыў пры сваёй адміністрацыі Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы. У ВНУ з'явілася новая дысцыпліна — «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Масавае знішчэнне беларусаў нацыстамі і іх памагатымі падчас Другой сусветнай вайны афіцыйна прызналі «генацыдам беларускага народа». Генеральная пракуратура Беларусі пачала расследаванне адпаведнай крымінальнай справы. За адмаўленне генацыду можна трапіць за краты.
Антыпольскі ўхіл
Новыя тэндэнцыі ў гістарычнай палітыцы заўважныя і ў адносінах да Рэчы Паспалітай. Лукашэнка назваў гэты перыяд беларускай гісторыі «акупацыяй беларускай зямлі палякамі» і «этнацыдам беларусаў». Кіраўнікі антырасійскіх паўстанняў Тадэвуш Касцюшка і Кастусь Каліноўскі больш не праслаўляюцца як нацыянальныя героі Беларусі праз сваю польскасць.
«Палітычная кан'юнктура патрабуе стварэння вобразу ворагаў, супраць якіх можна было б мабілізавацца. І такімі зручнымі ворагамі сталі палякі, з якімі ідзе палітычная канфрантацыя», — адзначыў акадэмічны дырэктар «Беларускага інстытута публічнай гісторыі».
Паказальным у гэтым плане з'яўляецца знішчэнне магіл жаўнераў польскай Арміі Краёвай у Беларусі. Устанаўленне новага дзяржаўнага свята («Дзень народнага адзінства» святкуецца ў Беларусі 17 верасня) у дзень далучэння Заходняй Беларусі да БССР у 1939 годзе, на думку аналітыкаў, мае таксама антыпольскую скіраванасць.
Расія аб'ектыўна зацікаўленая ў новай гістарычнай палітыцы Лукашэнкі, бо яна прадугледжвае «скасаванне антырасійскай і радыкальна прапольскай версіі гісторыі», адзначаюць крамлёўскія аналітыкі.
«Пры гэтым важна ўключаць гэтыя ідэі ў кантэкст расійскай гістарычнай палітыкі, у першую чаргу на аснове сфармуляваных прэзідэнтам Расіі паняццяў "рускага свету", "краіны-цывілізацыі" і "адзінага народа". У інтарэсах Расіі фармаванне гістарычнай самасвядомасці беларусаў як прадстаўнікоў адной з рускімі цывілізацыі, а не як тых, хто жыве паміж Усходам і Захадам», — сказана ў аналітычнай запісцы за мінулы год.
Рэальная пагроза
Агулам падрыхтаваныя РІСД аналітычныя запіскі ствараюць адчуванне небяспекі — як быццам у Беларусі ўсё дрэнна і неабходна ўмяшанне з боку Расіі, пракаментаваў «Бюро» Аляксей Ластоўскі, які азнаёміўся з дакументамі мазгавога цэнтра пры пуцінскай адміністрацыі.
Каб ліквідаваць гэтую «пагрозу», крамлёўскі інстытут падрыхтаваў інструкцыю да дзеяння, як перапісаць гісторыю Беларусі ў сваіх інтарэсах і яшчэ больш уцягнуць нашу краіну ў расійскую арбіту. Некаторыя рэкамендацыі ўжо рэалізаваны на практыцы.
Да прыкладу, у 2023 годзе быў створаны экспертна-кансультатыўны расійска-беларускі савет па гісторыі, а ў 2024 годзе — і Міждзяржаўная камісія па гісторыі, каб «абмяркоўваць на міжурадавым узроўні змест школьных і ўніверсітэцкіх падручнікаў, канцэпцыі музейных экспазіцый, планаў па рэстаўрацыі гістарычных помнікаў». Сёлета ў расійскіх і беларускіх студэнтаў з'явіўся адзіны падручнік па гісторыі Саюзнай дзяржавы.
«Усё, што прыведзена ў запісках у якасці рэкамендацый, рэалізуецца на практыцы. Гэта ўжо было адчувальна, проста мы цяпер разумеем, што ўсё гэта было спланавана загадзя і пад гэтым стаіць канкрэтная задача — уцягванне Беларусі культурна і інтэлектуальна ў плане разумення гісторыі і ідэнтычнасці ў так званы "рускі свет"», — адзначыў Ластоўскі.
Але ў Крамлі не маюць намеру спыняцца на дасягнутым. Яны плануюць рыхтаваць спецыялістаў па гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі і адкрываць навуковыя і аналітычныя цэнтры для іх далейшага працаўладкавання. Падобная арганізацыя ў Беларусі ўжо ёсць — расійскі фонд «Гістарычная памяць» на чале з адыёзным гісторыкам Аляксандрам Дзюкавым, які, па сутнасці, вядзе ў Беларусі інфармацыйную вайну па ўказцы з Крамля.
У РІСД лічаць важным працягваць працу з беларускімі гісторыкамі, вядомымі сваёй прарасійскай арыентацыяй. У якасці такіх гісторыкаў у дакументах называецца генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін. У аналітычным цэнтры пры адміністрацыі Пуціна лічаць мэтазгодным «аказваць такім гісторыкам падтрымку ў выглядзе грантавых праграм, мэтавага фінансавання спецыялізаваных выданняў, грамадска-інфармацыйных праектаў, забеспячэння доступу да СМІ, а таксама аплаты стажыровак для працы ў расійскіх архівах і навуковых установах».
Дарэчы, доктар гістарычных навук і дэпутат Ігар Марзалюк крытыкуецца ў дакументах РІСД за «радыкальна прапольскія погляды» на беларускую гісторыю.
Акрамя таго, расійскія стратэгі прапануюць увесці новае свята — Дзень адзінства. У прыватнасці, адзначаць трэці падзел Рэчы Паспалітай, пасля якога 24 кастрычніка 1795 года беларускія землі канчаткова ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Тым больш, у наступным годзе будзе 230-гадовая гадавіна гэтай падзеі, якая «адзначыла аднаўленне гістарычнага адзінства Беларусі з Расіяй».
Акадэмічны дырэктар «Беларускага інстытута публічнай гісторыі» лічыць выкладзеныя расійскімі аналітыкамі планы небяспечнымі для Беларусі.
«Тое, як мы бачым і інтэрпрэтуем гісторыю, наўпрост уплывае на сучаснасць. Гэта не проста акадэмічная дыскусія. У гэтых планах расійцаў ёсць канкрэтная ідэя паступова нівеляваць усе тыя моманты, якія дазволілі б беларусам праз гістарычную палітыку бачыць сябе ў суверэннай дзяржаве. Гэта рэальная пагроза. Знікненне Беларусі і далучэнне яе да Расіі — адзін з найгоршых сцэнарыяў, якога можна было б чакаць», — адзначыў Ластоўскі.
У прэс-службе РІСД адмовіліся каментаваць падрыхтаваныя імі дакументы па гістарычнай палітыцы Беларусі.